Фота: brestcity.com
На апошнім пасяджэнні веснавой сесіі Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні папраўкі ў закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Большасць паправак носіць тэхнічны характар і замацоўвае практыку, якая склалася ў гандлі за апошнія гады. Напрыклад, наяўны і безнаяўны кошт тавара не мусяць адрознівацца. Мы да гэтага ўжо даўно прызвычаіліся, а цяпер гэта будзе запісана ў законе.
Але ёсць і новае. Тэрмін бясплатнага рамонту тавару па гарантыі пасля ўнясення паправак у закон можа быць працягнуты да 30 дзён (але толькі па згодзе з пакупніком). А пры вяртанні тавару ў краму ў чалавека не могуць запатрабаваць пашпарт — цяпер афіцыйна дастаткова толькі касавага чэка. Дарэчы, само азначэнне дакумента, які засведчвае пакупку, змененае з улікам таго, што сёння людзі шмат чаго набываюць праз інтэрнэт.
На думку дэпутаткі Наталіі Жыбуль, якая прадстаўляла праект закона, прынцып “ці”: ці на рускай мове, ці на беларускай — больш адпавядае і інтарэсам вытворцаў, і абароне спажыўцоў:

“У законапраекце cказана, што наносіцца ці на беларускай, ці на рускай мове. Гэта не датычыцца мэблі, касметычнай прадукцыі. Мы праводзілі пасяджэнне круглага стала, на які былі запрошаныя прадстаўнікі бізнэсу. Яны казалі, што гэта выкліча пэўнае падаражэнне тавару. Я лічу, што тут мы павінны абараніць спажыўца, які зацікаўлены, у першую чаргу, у больш нізкім кошце.
Была, вядома, прапанова напісаць “рускі і беларускі”. Але ж мы гаворым не толькі пра гандаль, але і пра сферу паслуг. Уявіце сабе, напрыклад, нестыкўку: вы прыходзіце ў гатэль, і вам павінны сказаць “Добры вечар!”, а потым паўтарыць тое ж самае на іншай мове. Мне здаецца, для спажыўца больш важна, каб інфармацыя пра тавар ці паслугу была больш дакладнай, прыносіла яму бяспеку, абароненасць. Тэрміны прыдатнасці, шрыфты. Дарэчы, у праекце закону ўтрымліваецца норма, паводле якой цана пры продажы праз інтэрнэт павінна быць напісаная шрыфтам, што не больш, як у два разы, адрозніваецца па памеры ад самага вялікага шрыфта ў рэкламе тавару”.