• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
04.08.2017 | Літаратура

Невядомы Янка Брыль: чаму ён дзякаваў богу, што яго злавілі, чаму хацеў судзіць Набокава і як выбіў сабе вока

4 жніўня спаўняецца сто гадоў ад нараджэння народнага пісьменніка Янкі Брыля.

Гісторык і сябар Брыля Анатоль Сідарэвіч прыгадвае некаторыя эпізоды з жыцця пісьменніка. Пра тое, што прынёс на першае спатканне будучай жонцы Ніне Міхайлаўне, як падсмейваўся з Максіма Танка, якія меў звычкі і што лічыў галоўным у людзях.

Янка Брыль. Фота АК.

Знаёмства Сідарэвіча і Брыля

Быў 1963 год. Я тады жыў у Тамашоўцы Берасцейскага раёна, куды прыехалі тры пісьменнікі: Сяргей Грахоўскі, Павел Кавалёў і Аляксей Пысін. Самы цесны кантакт у мяне завязаўся з Сяргеем Іванавічам, — распавядае Анатоль Сідарэвіч. — У тым жа годзе дзесьці ў апошніх нумарах часопіса «Полымя» друкавалі раман Брыля «Птушкі і гнёзды». Перад гэтым яго праанансавалі, сам Янка Брыль чытаў фрагменты на беларускім радыё, і яны мяне зацікавілі. Таму раман я прачытаў і выказаў Сяргею Іванавічу Грахоўскаму сваю думку пра яго. А Сяргей Іванавіч напісаў мне ліст, дзе гаварылася, што будзе лепш, калі я ўсё гэта напішу самому Янку Брылю. І даў мне яго адрас. Я напісаў, і з таго часу ў нас з Іванам Антонавічам завязаўся завочны кантакт. Ужо ў лістападзе 1964 года мы пазнаёміліся асабіста. Тут, у Мінску, на вуліцы Карла Маркса, 36, дзе жылі Брылі.

Памятаю, як я, 16-гадовы пацан, іду ў кампаніі з двума Іванамі. Ды якімі! Іванам Антонавічам Брылём, старэйшым за мяне на 31 год, і Іванам Аляксеевічам Скрыганам, старэйшым аж на 42 гады. І аднаго, і другога я любіў як аўтараў. І вось пачынаецца асабістае знаёмства. Мы з вуліцы Карла Маркса крочым уніз, да парка Горкага, робім круг… Дарэчы, у Брыля, як у чалавека разумовай працы, шпацыр быў абавязковы.

Анатоль Сідарэвіч. Фота Настассі Роўды.

Голас у жыцці як на радыё

Адразу пасля асабістага знаёмства я адзначыў дзве рэчы. Па-першае, голас на радыё і голас у жыцці ў Янкі Брыля амаль такі самы. А па-другое, не мог не ўразіць яго грэнадзёрскі рост.

Масей Сяднёў і Янка Брыль. Фота АК.

Што найперш цікавіла ў людзях

Для Брыля было важным, наколькі чалавек надзейны. У Савецкім Саюзе ў 30-х гадах і па вайне стаяла пытанне выжывання. Што і каму можна сказаць? Што нельга? Грамадства ж было стукацкае.

Не прымаў савецкую сістэму, але званне «народны пісьменнік» усё адно прысвоілі

Наталля Пятроўна Машэрава, дачка Пятра Машэрава, аднойчы згадала, што калісьці яе бацька Пятро Машэраў дома ў размове сказаў пра Брыля: «Я ведаю, што ён не прымае нашу сістэму». І, ведаючы гэта, Пятро Міронавіч як першы сакратар Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі ўсё адно даў згоду на прысваенне Брылю звання народнага пісьменніка. Машэраў цаніў талент Брыля. І эстэтычныя меркаванні сталі ў яго вышэй за палітычныя.

Праўда, атрымаў званне Брыль у 1981-м, ужо пасля смерці Машэрава. Апошнім сярод пісьменнікаў сваёй творчай вагі. Нават Быкаў, якога савецкая ўлада таксама недалюблівала, меў званне Народнага з 1980-га.

Заставаўся беспартыйным

За кнігу, выдадзеную ў Лондане, Алега Бембеля выключылі з камуністычнай партыі і выкінулі з работы. Ён прыйшоў да Брыля і папрасіў падпісаць хадайніцтва перад ЦК КПБ аб аднаўленні яго ў камуністычнай партыі. Якое ж было здзіўленне Алега Бембеля, калі ён даведаўся, што Народны пісьменнік Беларусі — беспартыйны.

А адзін народны мастак у свой час напісаў на Брыля данос у ЦК за тое, што ў цэлым двухтомніку ніводнага разу не згадвалася камуністычная партыя.

Дарэчы, не былі ў КПСС і два іншыя вялікія беларускія пісьменнікі — Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.

Служыў у спецназе

Яшчэ адна прычыны падазрэнняў з боку ідэолагаў — біяграфія Брыля: заходнік, быў у нямецкім палоне, працаваў у акупаваным Мінску…

Пасля прызыву ў польскае войска, расказваў Янка Брыль, ён служыў простым жаўнерам у Халме на Валыні. Але ў 1939-м Польшча пачала ствараць новы род войскаў — марскую пяхоту. У яе адбіралі фактурных і адукаваных хлопцаў (каб за плячыма была як мінімум «школа повшэхна»). Брыль па ўсіх катэгорыях падышоў.

Яго перавялі служыць на балтыйскае ўзбярэжжа, у раён Гдыні. Ён успамінаў, што марскія пехацінцы жылі не ў казармах, а ў летніх катэджах багатых палякаў. Адчуваючы блізкую вайну, яны летам 1939-га не прыехалі адпачываць, і на іх дачах раскватаравалі войска.

Брыль успамінаў, як 1 верасня 1939 года яны дзівіліся, пабачыўшы ў біноклі Гданьск у чырвоных сцягах. Яны і не ведалі, што ў нацыстаў, якія рушылі ў наступ, таксама быў чырвоны сцяг, толькі са свастыкай.

Пасля некалькіх дзён баёў Брыль трапіў у нямецкі палон, з якога ўцякаў двойчы. Першы раз, у 1940-м, яго злавілі і вярнулі. Ён пасля дзякаваў лёсу за гэта: Барыс Рагуля, які шчасліва дабраўся да родных мясцінаў, трапіў з польскага палону ў савецкую турму.

Другі раз, у 1941-м, Брыль дабраўся дадому, і ўжо ў хуткім часе знайшоў сабе працу ў Мінску, у Гістарычным музеі, дырэктарам якога быў Антон Шукелойць. У часе мінскага побыту Брыль кантактаваў з Антонам Адамовічам, Наталляй Арсенневай. Памятаеце фота з Масеем Сяднёвым (стаіць вышэй у артыкуле)? Яны ж сустрэліся як даўнія, яшчэ з 1941-га, знаёмыя.

Але пасля Курскай дугі і Сталінграда Брыль, як і большасць беларусаў, зразумеў, што Германія будзе пераможаная. Ён уцёк з Мінска дахаты і пайшоў у партызаны. Хадзіў у разведку, рабіў партызанскую газету, меў добрыя характарыстыкі партызанскіх камандзіраў, але пасля вайны, аж да 1952-га, да атрымання Сталінскай прэміі, чакаў арышту.

У канцы жыцця выбіў сабе вока

Гэта адбылося ўжо ў ХХІ стагоддзі, у апошнія гады жыцця Брыля. 80-гадовы пісьменнік сек абрэзаныя ў садзе галінкі, сук адскочыў і трапіў у вока.

Апошнія гады жыцця Брыля, які памёр у 2006-м, перажыўшы жонку на тры гады, былі досыць самотныя. «Стаіць побач тэлефон — хоць бы адзін сабака пазваніў» — гэта яго словы. Дзеці не маглі наведваць штодня. Медыкі забаранілі пісьменніку глядзець тэлевізар, хадзіў ён з кійком, што таксама ўскладняла яго кантакты са светам.

Яго некралог не падпісала кіраўніцтва краіны

Брыль адмоўна ставіўся да аўтарытатнай улады, і стаўлення гэтага не хаваў.

«Брыль быў настаўнікам для нас, маладых: вучыў не хістацца на палітычных вятрах», — згадваў Рыгор Барадулін.

Пяць фактаў пра Янку Брыля

Наводзьце на маркеры на калажы ніжэй, каб пабачыць факты:

Сделано с помощью

УЗНАТЬ БОЛЬШЕ

Падсмейваўся з Максіма Танка

Беспартыйны, ён падсмейваўся з Максіма Танка, чалавека, які прайшоў партыйную муштроўку ў юнацтве. Казаў: «Для Максіма і прыбіральшчыца ў ЦК — вялікі аўтарытэт».

Лаяў Стральцова

З Міхасём Стральцовым у яго былі вельмі цікавыя адносіны. Ён любіў яго настолькі, наколькі і не выносіў. Калі бачыў Стральцова ў хвіліну яго слабасці, Брыля гэта выводзіла з сябе: «Уяві сабе: ідзе з сеткаю, а ў ёй пляшка. Ты толькі ўяві: гэта ідзе Стральцоў!» Не мог ён з гэтым змірыцца. Але Міхась Лявонавіч ведаў, што Брыль яго любіць. І калі лаецца, то гэта так, як бацька на сына: любячы.

Упэўніў Броўку памяняць тон

У літаратуру прыйшло новае пакаленне, гэтак званае «філалагічнае», і стала «ў рожкі» са старэйшымі пісьменнікамі. Пятрусь Броўка рыхтуе даклад і, карыстаючыся высокім становішчам, мае намер размазаць па сценцы некаторых франдзёраў. Брыль падыходзіць да Броўкі і, каб ніхто не чуў, кажа: «Пятро Усцінавіч, гэта нашы дзеці. Разумны бацька дзяцей па галаве не б’е». У выніку Броўка мусіў памяняць тон і выступіў памяркоўна.

Быў паклоннікам Талстога

Ён чытаў усё ці амаль усё, што публікавалася пра Льва Талстога. Неяк пажаліўся, што не чытаў ці то кнігу «Дачка», ці то кнігу «Бацька» Аляксандры Львоўны Талстой, і сказаў мне пра гэта. Я звярнуўся ў Нацыянальную бібліятэку да загадчыцы аддзела беларускай літаратуры Людмілы Мікалаеўны Рабок. Сказаў, што яе сябар, Янка Брыль, хоча пачытаць такую кнігу. І Людміла Мікалаеўна выпісала яе на сваё імя. Я аднёс кнігу Брылю і сказаў, што Людміла Мікалаеўна папрасіла вярнуць ці то праз 10 дзён, ці то праз 14. Ён кнігу прачытаў за лічаныя дні і патэлефанаваў: «Прыйдзі забяры». Я тады сказаў яму: «Вы сябе не шкадуеце. Куды вы спяшаліся?» Яму ж тады было ўжо каля 80 гадоў, а ён кнігу літаральна праглынуў. Пэўна, таму, што пра Талстога, і таму, што таленавіта напісаная.

Не цярпеў «заумь»

Калі выйшла кніга пра Максіміліяна Валошына, ён папрасіў мяне прынесці яе. Кнігу я прынёс. Брыль яе прачытаў і кажа: «І была б добрая кніга, калі б не гэтая «заумь». А там былі цэлыя літаратуразнаўчыя раздзелы, напісаныя адпаведным слэнгам. Вось гэтага Іван Антонавіч не любіў.

У яго была нават парачка моцных выразаў пра гэта, але іх пры даме паўтараць не буду. Калі ў нас пачыналіся такія размовы, ён казаў: «Зачыні дзверы». І Наталля Іванаўна, яго дачка, казала: «Ну што, ужо маты пачынаюцца?»

Казаў мне: «Паглядзі, якая класічная яснасць у Карскага, «заумі» гэтай няма». Класічную яснасць ён любіў. Калі прыгажосць стылю не на шкоду навуковасці, а навуковасць не адмаўляе добрага стылю. Гэта ён шанаваў у працах вучоных.

Лічыў, што Набокава трэба судзіць

Брыль казаў, што пісьменніка Уладзіміра Набокава за «Лаліту» трэба судзіць па артыкуле аб згвалтаванні непаўналетніх.

Што чытаў

«Дзеяслоў» ён выпісваў, а вось «ARCHE» насіў яму я. Там яго цікавіла наша гісторыя і літаратура, а таксама мастацкія пераклады. Ён са здзіўленнем глядзеў на мае пазнакі на паліталагічных, сацыялагічных тэкстах і пытаўся: «І ты ўсё гэта чытаеш?» Гэта яго не цікавіла. Ён з вышыні свайго ўзросту глядзеў на гэтыя рэчы скептычна.

Не любіў фантастыкі. Якое ж было маё здзіўленне, калі я дазнаўся, што ён чытаў Рэя Брэдберы. Пэўна, таму, што ў Брэдберы (прынамсі ў перакладах) добры стыль. І Брыль пачаў чытаць фантастыку Рэя Брэдберы.

Шмат чытаў мемуарыстыкі і дакументалістыкі.

Сярод яго любімых пісьменнікаў быў Рамэн Ралан з яго творам «Кала Бруньён» і Шолам-Алейхем. Аўтар «Ніжніх Байдуноў» любіў творы «калабруньёнаўскага» кшталту.

Што прынёс на першае спатканне з будучай жонкай

Ніна Міхайлаўна аднаго разу мяне вельмі рассмяшыла: «Ведаеце, што ён прынёс мне на спатканне?» І, не чакаючы, што скажу я, сама адказала на пытанне: «Крытыку чыстага розуму» Імануіла Канта». Смеючыся, Іван Антонавіч пракаментаваў: «Ты ж была гімназістка, дзяўчына граматная».

З Нінай Міхайлаўнай дружба доўжылася недзе 66 год. Такая працяглая — да самай смерці жонкі — была дружба са сваёю Любоўю Андрэеўнай і ў Максіма Танка.

Сямейны рытуал

Калі застаўся ўдаўцом, Наталля, малодшая дачка, тады працавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», што месціцца на праспекце Пераможцаў. А бацька яе жыў на цяперашнім праспекце Машэрава. Дык вось, у аўторак, у абедзенны перапынак, Наталля Іванаўна прыязджала да бацькі і прывозіла яму згатаванае на аўторак і сераду, у чацвер — згатаванае на чацвер і пятніцу. У суботу прыязджалі Наталля Іванаўна, старэйшая дачка Галіна Іванаўна і Андрэй Іванавіч з нявесткаю Нінай Піліпаўнай. Дзяўчаты, як называў іх Іван Антонавіч, прыбіраліся, гатавалі, а потым усе разам сядалі за стол абедаць. Гэта быў такі добры сямейны рытуал.

Што было галоўным у жыцці

Галоўным было не здзейсніць якога-небудзь нізкага ўчынку, быць прыстойным чалавекам. Не здрадзіць. Вельмі не любіў плеткароў.

За што балела сэрца

Сэрца балела за Беларусь. За будучыню Беларусі, а гэта значыць і за будучыню дзяцей, унукаў, праўнукаў. Ці застанецца Беларусь? Што гэта будзе за Беларусь? Зноў Паўночна-Заходні край ці ўсё ж такі нешта іншае?

Прыгадваецца сказ з запісаў Брыля, які чытаецца як верш-аднарадковік: «У сцягах нашых многа святла». Ён вельмі хацеў, каб над нашай краінай луналі нашыя сцягі.

Указальнік і магілы Янкі Брыля і яго жонкі Ніны Міхайлаўны на могілках у Калодзішчах пад Мінскам.

Запісала Настасся Роўда, СМ, Наша Ніва

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Асоба

Памёр гісторык Леанід Лыч

Сёння ад каранавіруса памёр гісторык Леанід Лыч. У лютым яму б споўнілася 92 гады. Апошнія тыдні ён знаходзіўся ў цяжкім стане ў бальніцы. Леанід Міхайлавіч шмат пісаў пра важнасць беларускай мовы і абароны...

valiancina_shauchenka
Грамадства

29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду

Яго называлі пратэжэ экс-міністра культуры Юрыя Бондара, піша Наша Ніва. minsknews.by Культуролаг Павел Сапоцька, які з’яўляўся дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пакідае...

valiancina_shauchenka
Грамадства

18-гадовы палітвязень узяў віну на сябе, але і яго сяброўку не вызвалілі. Зірніце, як ён малюе

Сярод чатырох соцень зняволеных за палітыку ў Беларусі — трое зусім маладых, 18-гадовых, піша Наша Ніва. Дваіх з іх, Сафію Малашэвіч з Мазыра і Ціхана Клюкача з Брэста, акурат цяпер...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Мастак з Плошчы пераменаў: Карціна «Ромка, выходзь» аб тым, каб хлопцы выходзілі гуляць у мяч, а не паміраць

Мастак Андрэй Дубінін кажа, што цяпер ён стаў актуальным, хоць не хацеў гэтага. Яго карціна аб расстрэлах 1937 году «Ноч паэтаў», што прагрымела некалькі гадоў таму назад, па сутнасці, стала успамінам...

Апошнія навіны

    Асоба
    Памёр гісторык Леанід Лыч
    Грамадства
    29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    Грамадства
    18-гадовы палітвязень узяў віну на сябе, але і яго сяброўку не вызвалілі. Зірніце, як ён малюе
    Мастацтва
    Мастак з Плошчы пераменаў: Карціна «Ромка, выходзь» аб тым, каб хлопцы выходзілі гуляць у мяч, а не паміраць
    Грамадства
    Вольскі: «Яны ня хочуць, каб большасьць палюбіла іхні сьцяг, герб, лідэра»
    Мастацтва
    Палессе стане адной з сусветных пляцовак, дзе пройдзе конкурс мастакоў
    Грамадства
    «Выйшаў па цыгарэты і знік». Малады рэжысёр пяць месяцаў сядзіць на Валадарцы
    Грамадства
    У Мінскім раёне бацьку семярых дзяцей судзілі за бел-чырвона-белыя жалюзі
    Спорт
    Беларускіх футбалістаў зрабілі невыязнымі. «Каб захаваць дзяржаўныя грошы ў дзяржаве»
    Маё права
    Аўдыё пра забойствы і лягеры для пратэстоўцаў. Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН
    Спорт
    Škoda адмаўляецца спансіраваць ЧС па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі
    Мастацтва
    У Полацку адкрылася выстава Канстанціна Вашчанкі
    Грамадства
    Лісты за краты. «Цісну рукі, абдымаю і веру ў хуткае вызваленне!»
    Грамадства
    Фазэль прызнаў, што зараз у Беларусі мала шанцаў прыняць ЧС па хакеі
    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM