• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
23.02.2018 | Гісторыя Крылы БНР

Падарожжа ў БНР. Беларуская ўлада паміж бальшавікамі і немцамі

Губэрнатарскі дом, Менск

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі – перадае Радыё Свабода.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Канец першых бальшавікоў

Калі 18 лютага 1918 году немцы пачалі наступ, бальшавіцкія ўлады ахапіла паніка. У ноч на 19-га Рада народных камісараў пастанавіла пакінуць Менск бяз бою і выехаць у Смаленск. Чырвоныя ўцякалі як толькі маглі, у бязладзьдзі, балагане, пярэпалаху, вазамі-коньмі, машынамі, санямі, кідаючы майно, праз галовы і целы, у поўнай дэзарганізацыі і дэмаралізацыі.

Тут сваю нацыянальную сьпеласьць выявілі чыгуначнікі — работнікі менскага дэпо Лібава-Роменскай чыгункі катэгарычна адмовіліся спрыяць бальшавіцкай эвакуацыі, патрабуючы выплаты заробкаў за тры месяцы. Нават штабны цягнік «глаўказапа» Мясьнікова ня мог выправіцца, і гэты камісар, праседзеўшы на станцыі каля сутак, здолеў выехаць у апошні момант санітарным цягніком.

«Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы. Дзе цяпер уласьць, што тут была, німа ведама…» — такімі словамі пачнецца прынятая празь дзень Першая Ўстаўная Грамата да народаў Беларусі.

21 лютага каля 10-й гадзіны раніцы ў горад Менск прыбылі перадавыя часткі немцаў, якія ўяўляў сабой эшалён 346-га пяхотнага палка. Паміж гэтымі двума пунктамі ў часе — ноч з 18 на 19-га і раніца 21-га — два дні, калі беларусы мелі рэальную ўладу на сваёй зямлі. І хоць улада гэтая пашыралася толькі на маленькі лапік зямлі — паўночна-заходнюю палову Менску, сэрцам якой быў Пляц Волі, — улада гэтая была не сымбалічная.

Першая Ўстаўная Грамата

Юнакі і дзяўчаты

21 лютага на вуліцах Менску зьявілася абвестка са складам Народнага Сакратарыяту Беларусі. Колькі гадоў было тым, хто рабіў беларускую нацыянальную рэвалюцыю?

Язэп Варонка — старшыня НС і народны сакратар міжнародных справаў — 26 гадоў.
Аркадзь Смоліч — народны сакратар прасьветы — 26 гадоў.
Яфім Бялевіч — справядлівасьці — 28 гадоў.
Іван Серада — народнай гаспадаркі — 38 гадоў.
Палута Бадунова — апекі — 32 гады.
Пётра Крачэўскі — кантролю — 38 гадоў.
Тамаш Грыб — земляробства — 22 гады.
Кастусь Езавітаў — упаўнаважаны вайсковых справаў — 24 гады.
Лявон Заяц — загадчык справаў — 27 гадоў.

У сьпісе былі яшчэ пяць народных сакратароў, але яны неўзабаве пакінулі Народны Сакратарыят, і зьвестак пра гады іх нараджэньня знайсьці не ўдалося. Сярэдні век астатніх — 29 гадоў!

Тут варта згадаць і пра віленскіх «патрыярхаў» беларускага руху: Антон Луцкевіч — 34 гады, Іван Луцкевіч — 36 гадоў, Вацлаў Ластоўскі — 34 гады. Яшчэ аднаму будучаму прэм’еру Ўраду БНР Аляксандру Цьвікевічу ў лютым 1918-га было 29.

Найстарэйшым дзеячом БНР у той момант быў скарбнік Народнага Сакратарыяту Васіль Захарка — 40 гадоў.

Мова — з Мэтрыкі і Статутаў ВКЛ

Падчас усіх абмеркаваньняў моўнага пытаньня на розных прадстаўнічых форумах, сходах і зьездах 1917–1918 гадоў амаль кожны аратар лічыць патрэбным адзначыць ролю беларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тэма слаўнай мінуласьці беларускае мовы праходзіць чырвонай ніткай праз усе грамадзка-палітычныя дыскурсы тых гадоў.

У рэзалюцыі Культурна-прасьветнай сэкцыі Ўсебеларускага Зьезду пра гэта гаворыцца так:

«З розных неспрыяльных гістарычных прычынаў наша народная беларуская мова, што ляжыць у аснове той пісьмовай мовы, якая служыла некалі ў Літоўска-Рускай дзяржаве літаратурнай і афіцыйнай мовай і на якой напісана мноства ацалелых літаратурных помнікаў, не магла аднак атрымаць належнага разьвіцьця, літаратурнай апрацоўкі і пашырэньня і на працягу многіх стагодзьдзяў заставалася толькі размоўнай мовай пераважна сельскага насельніцтва…»

Уся ўлада народам Беларусі

Узьнікненьне новай нацыянальнай улады не магло не турбаваць меншасьці. А ў палітычных элітах, мясцовых самаўрадах, у прыватнасьці ў Менскай гарадзкой думе нацыянальнай меншасьцю былі самыя беларусы.

Айцы БНР ставіліся да пытаньня карэктна і асьцярожна. У Першай Устаўной Грамаце дэкляравалася права меншасьцяў на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. «Да скліканьня Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам (не народу. — С. Ш.) якія на ёй жывуць».

Толькі што прынятую Грамату тут жа зачытаў у Гарадзкой думе яе гласны (дэпутат з правам голасу) Аркадзь Смоліч, ужо прызначаны народным сакратаром асьветы. Думе Грамата спадабалася, асабліва пункт пра нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Народнаму Сакратарыяту Беларусі абяцалася падтрымка, заадно яму было нагадана пра неабходнасьць «цеснай сувязі з дэмакратычнай Расеяй». Пратакол Гарадзкой думы засьведчыла яе сакратарка, перакладніца Марксавага «Капіталу» і ўплывовая бундыстка Яўгенія Гурвіч.

Нават два матацыклы

З адыходам бальшавікоў Народны Сакратарыят разьмясьціўся ў Губэрнатарскім доме.

«Нацыянальная рэвалюцыя, ўходзіла ў свае правы. Губэрнатарскі дом стаў як бы мініятураю таго, што год назад, у лютым 1917 году, выяўляў сабою Таўрыдзкі палац у Петраградзе. Сюды сьцягвалі розны хлам, зусім у доме Ўраду непатрэбны; шоколяда, шынка, цукер, шынялі, нейкія салдацкія ў нязьмерным ліку дзягі, кулямёты розных сыстэмаў, навет два мотоцыклі можна было бачыць у пакоях быўшага Губэрнатарскага дому», — успамінаў атмасфэру першых дзён іх актыўны ўдзельнік Макар Косьцевіч.

Немцы думаюць пра Беларусь

Немцы зайшлі ў Менск раніцай 21-га, аддыхаліся, разьмясьціліся, агледзеліся, а раніцай у панядзелак, 25 лютага, заняліся навядзеньнем парадку. У памяшканьне Народнага Сакратарыяту прыйшоў нямецкі камэндант і збройнай сілай выселіў беларускую ўладу, скінуў сьцяг.

Новыя акупанты забралі касу Сакратарыяту, дзе захоўвалася 341 тысяча рублёў, прыхапілі іншыя рэчы, што дрэнна ляжалі, улучна з друкавальнымі машынкамі (10 штук) і канцылярскімі прыладамі. Свае грошы і маёмасьць Народны Сакратарыят больш ніколі ня ўбачыць, хоць будзе змагацца за іх да апошняга дня нямецкай акупацыі.

341 тысяча царскіх рублёў — гэта шмат ці мала? На іх у Менску ў 1918 годзе можна было купіць 70 000 кг мукі, 20 000 кг цукру, 6 000 кг масла. За іх можна было выдаць 115 кніжак фармату зборніка Алеся Гаруна «Матчын дар». Стрэлачнік на чыгунцы зарабляў 60 рублёў, дарожны майстар — 125 рублёў, радны Рады БНР — 600 рублёў.

Чаму Менск — сталіца Беларусі

Як наагул Менск зрабіўся сталіцай БНР? Бо ж у кантэксьце новага беларускага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя Менск у нацыянальна-беларускім сэнсе быў глухой правінцыяй — ані беларускіх газэтаў, ані культурнай эліты, ані палітычных тусовак… Усё гэта жыло ў Вільні.

Сталіцаю Менск зрабілі немцы. Ну, вядома ж, яны пра гэта і не здагадваліся, але ўсё вызначыла лінія, на якой у верасьні 1915 году спыніўся нямецкі наступ. Гэтая лінія адрэзала Вільню ад этнаграфічнай Беларусі, і таму ў наступныя два гады беларуская палітычная фэрмэнтацыя перамясьцілася ў Менск.

Калі б немцы спыніліся на тыя пару гадоў — 1915–1918 — на захад ад Вільні, незалежнасьць Беларусі хутчэй за ўсё была б абвешчаная там, а незалежнасьць Літвы — у Коўне.

Мары пра Вільню

Яшчэ ў 1917-м ува ўсіх беларускіх рэзалюцыях, адозвах, мэмарандумах — у шырокім грамадзкім дыскурсе — Вільня лічылася сваёй, тагачасная беларуская грамадзкасьць не магла сабе ўявіць, што гэты горад можа зрабіцца «замежжам». Зь Вільняй зьвязваліся самыя розныя палітычныя, грамадзкія, культурныя пляны на «паваенныя часы».

Існавалі праекты аднаўленьня працы Віленскага ўнівэрсытэту — найвышэйшай навучальнай установы ў «сваім» краі. Ня вечна ж Вільня будзе заставацца пад нямецкай акупацыяй. Пакуль што, тымчасова, месцам працы адноўленага Віленскага ўнівэрсытэту прапанавалася зрабіць Полацак, які меў найдаўнейшыя ў Беларусі акадэмічныя традыцыі.

Праўда, як падзяліць Вільню зь іншымі на яе прэтэндэнтамі — перадусім літоўцамі — уяўлялася туманна, ідэі на гэты конт выказваліся вельмі асьцярожныя, яшчэ жылі спадзяваньні на магчымасьць стварэньня «новага ВКЛ» з супольнай сталіцай і — што немалаважна — з выхадам да мора.

Разьвітаньне з ВКЛ

Незалежнасьць Літвы была абвешчаная ў Вільні 16 лютага, Беларусі — у Менску 25 сакавіка. Якія думкі хадзілі ў галовах беларускай палітычнай эліты ў Вільні за гэтыя месяц зь нечым? Абраная ў канцы студзеня Віленская беларуская рада выклала гэтыя думкі ў лісьце Райхсканцлеру Нямеччыны:

«Рада <…> проситъ Ваше Превосходительство повергнуть к стопамъ Его Величества Германскаго Императора выраженіе глубокой благодарности белоруссовъ окупированныхъ областей за признаніе Литвы самостоятельнымъ свободнымъ государствомъ, усматривая въ этомъ признаніи первый шагъ къ осуществленію заветныхъ стремленій белорусскаго народа къ возстановленію свободнаго и самостоятельнаго Великаго Княжества Литовскаго…»

Да гэтай мэты, піша Антон Луцкевіч з паплечнікамі, «скіраваныя ўсе думкі і імкненьні беларускага народу па гэты і па той бок штучна створанай мяжы». Беларусы зварачалі ўвагу райхсканцлера на тое, што літоўцы ў Літве (у межах ВКЛ!) складаюць усяго каля 40% насельніцтва, а таму ня могуць лічыцца прадстаўніцтвам усяго краю.

…Райхсканцлер гэты ліст праігнараваў, нічога не зьмянілася, і гэтак надзея адраджэньня ВКЛ памерла апошняй, літаральна напярэдадні 25 сакавіка.

Шашка Менскага казначэйства

На ўзбраеньні БНР была і доўгаклінковая колюча-сякучая халодная зброя, пазначаная ў архіўных дакумэнтах як шашка Менскага казначэйства.

А 7-й гадзіне раніцы 21 лютага (у гэтыя два дні паміж бальшавікамі і немцамі, мабыць ніхто ў горадзе і ня клаўся спаць) у памяшканьне ўвайшоў прадстаўнік Рады БНР Сьцяпан Нямкевіч у суправаджэньні ўзброеных салдатаў і запатрабаваў аддаць яму касу для «дастаўленьня ў Раду».

Гэтаму патрабаваньню спрабавалі супраціўляцца службоўцы, якія ў гэты момант падлічвалі наяўныя грошы і каштоўнасьці, што засталіся ў казначэйстве пасьля ўцёкаў бальшавікоў. Аднак зброя ў руках беларускага патруля была больш пераканаўчым аргумэнтам. Каля дваццаці тысяч рублёў папоўнілі касу Народнага Сакратарыяту.

Заадно Сьцяпан Нямкевіч, чалавек просты і вайсковы, прыхапіў з сабой шашку — не для сябе, вядома, а для маладой беларускай улады. Шашка з усёй пашанай захоўвалася ў пакоях Народнага Сакратарыяту ў Губэрнатарскім доме і прапала разам з усім набыткам, калі ў дом прыйшлі новыя гаспадары — немцы — і забралі ўсё, што там знайшлі.

Казначэйства яшчэ спрабавала тузаць Народны Сакратарыят патрабаваньнем вярнуць шашку (мабыць, шашка была не абы-якая), але беларускі ўрад адаслаў былых гаспадароў да немцаў.

Рэч Паспалітая Бабруйская

Вялікім галаўным болем беларускіх незалежнікаў вясною 1918-га зрабілася польскае пытаньне. Створаны летам 1917 году ў яшчэ дэмакратычнай Расеі Першы польскі корпус пад камандай генэрала Доўбар-Мусьніцкага пасьля бальшавіцкага перавароту абвясьціў свой нэўтралітэт ва ўнутрырасейскіх закалотах і адмовіўся падпарадкоўвацца савецкай уладзе.

29 студзеня 1918-га корпус заняў Бабруйск, які стаў фактычнай сталіцай польскае квазідзяржавы ў межах трох паветаў — Бабруйскага, Рагачоўскага і Магілёўскага. Польская ўлада пратрымалася там да траўня, калі немцы вырашылі зь ёй пакончыць, расфармаваць корпус і выправіць яго ў Варшаву. Аднак за гэтыя пару месяцаў (яскрава апісаных у гістарычным трылеры Флярыяна Чарнушэвіча «Надбярэзінцы») польскія легіянэры займаліся рэквізыцыямі, рабункамі і гвалтам у дачыненьні да мясцовага беларускага і габрэйскага насельніцтва.

Легіянэры корпусу зьявіліся і ў Менску ў кароткім прамежку паміж бальшавікамі і немцамі і дзялілі ўладу зь беларускім Народным Сакратарыятам. Беларусы займалі паўночна-заходнюю частку гораду, палякі — паўднёва-ўсходнюю, мяжа праходзіла па Койданаўскім тракце і Захараўскай вуліцы. Аднак, маючы рэальную вайсковую сілу, палякі здолелі «нарэквізаваць» у Менску ўсё што толькі маглі, пакінуўшы беларусаў фактычна з пустымі рукамі.

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі

Сёння — 129-я гадавіна з дня нараджэння беларускага навуковага і грамадска-палітычнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча. Асоба стваральніка першай беларускай граматыкі вельмі спрэчная, адны лічаць яго выбітным...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Зіма ваша, вясна — наша». Вадзім Мажэйка пра сыход з унівэрсытэту фізкультуры і стратэгічную перамогу

Аналітык Вадзім Мажэйка тлумачыць «Свабодзе», чаму ён вырашыў звольніцца зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры, дзе чатыры гады выкладаў гуманітарныя дысцыпліны. Вадзім Мажэйка ...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча

Стартуе новы сезон літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Прэмія прысуджаецца за найлепшую дэбютную папяровую ці электронную кнігу на беларускай мове. Прымаюцца кнігі, выпушчаныя ў 2019 і...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Мінску развіталіся з Леанідам Лычом

Леанід Лыч пайшоў з жыцця 17 студзеня. Развітанне са знаным гісторыкам, прафесарам, доктарам гістарычных навук адбылося 19 студзеня ў памінальнай залі на Сямашка, 8/8, піша Новы Час. ...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    Грамадства
    «Зіма ваша, вясна — наша». Вадзім Мажэйка пра сыход з унівэрсытэту фізкультуры і стратэгічную перамогу
    Літаратура
    Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча
    Грамадства
    У Мінску развіталіся з Леанідам Лычом
    Грамадства
    Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА
    Замежжа
    ​​​​​​​«Забойства Шарамета будзе раскрытае», — былы спэцназавец Макар даў паказаньні ў Кіеве
    Каранавірус
    Сёння пачнуць вакцыянаваць медработнікаў, што знаходзяцца ў зоне рызыкі
    Грамадства
    «Залаты час жыцця, якім трэба карыстацца». Універсітэт Залатога Веку пачынае другі семестр: яшчэ можна паспець далучыцца
    Літаратура
    Як судзілі Святлану Алексіевіч
    Гісторыя
    «Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі
    Літаратура
    Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год
    Грамадства
    Стваральнік надпісаў «Жыве Беларусь» на мапе: «Я таксама быў апалітычны»
    Музыка
    Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі
    Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі
    Грамадства
    У Гомелі затрыманы праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • Што гэта за танцавальны флэшмоб «Іерусалім», да якога масава далучаюцца ўсё новыя беларусы?

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM