• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
22.12.2016 | Літаратура

Паэтка Наста Кудасава: Быць паэтам — гэта хранічная хвароба

Не трэба быць моцным экстрасэнсам, каб ужо сёння прадбачыць, што ў рэйтынгу найлепшых паэтычных кніг гэтага года на адным з топавых месцаў абавязкова з’явіцца «Маё невымаўля» Насты Кудасавай з Рагачова. Паэтка нас сапраўды здзівіла сваім новым выданнем — шчырым, адкрытым, напісаным без аніякага крывадушша і масак. А яшчэ ўразіла здольнасцю ствараць новыя словы, якія гарманічна ўваходзяць у канву верша і мовы ў цэлым. Пра гэтае неймавернае ўменне, зайздрасць да ўдач калег і паэзію як пэўны стан існавання чалавека мы і гутарым сёння з Настай Кудасавай.

— Раней вы часта падкрэслівалі, што аддаяце перавагу камерным выступленням і не надта любіце вялікія аўдыторыі. Зараз жа часта чытаеце вершы ў клубах. Не страшна?

— Заўсёды страшна выступаць, перад любой аўдыторыяй. Я ў пэўны момант адзела на сябе «браню» і вырашыла, што мушу спрабаваць выходзіць са стану сацыяпатыі, які для мяне характэрны па жыцці. Трэба прыстасоўвацца. Таму, калі мяне некуды запрашаюць, я пагаджаюся, загартоўваю сябе. Насамрэч, калі чытаю вершы, то не бачу людзей. Проста ўваходжу ў нейкі стан, забываюся пра аўдыторыю. Калі не забудзешся, то добра чытаць не атрымаецца. І я чытаю вершы толькі на памяць, кожнае выступленне — пэўнага кшталту плынь. Калі гэта атрымліваецца, становіцца ўсё адно, сустрэча камерная ці масавая.

— Складана свае вершы вучыць на памяць?

— Яны самі запамінаюцца. Адзіная цяжкасць у тым, што іх зараз стала вельмі многа, і я часам забываюся, якія тэксты ў мяне ёсць. Таму, каб успомніць, што ёсць такі верш, мне трэба пагартаць кнігу. Але ў прынцыпе, я ўсе ведаю на памяць. Калі пішу, можа тысячу разоў кожны тэкст прагаворваю пра сябе, падбіраючы кожны гук. Я яго не магу не запомніць. Не разумею паэтаў, якія не ведаюць сваіх вершаў на памяць. Магчыма, мне прасцей іх запамінаць, бо пішу рыфмаваныя творы, яны — як песня. А тым, хто піша верлібры, сапраўды складаней іх запомніць.

— А як з усёй колькасці вершаў выбіраеце сэт-ліст на кожнае выступленне?

— Па настроі. Які ў мяне сёння настрой, так і складаю тэксты адзін за адным. У прынцыпе, кожнае выступленне — гэта імправізацыя, але прыкладны парадак вершаў ведаю. На самоце мне трэба крыху падумаць, якія вершы я сёння магу прачытаць. Быў выпадак, калі выбрала вельмі асабісты, цяжкі для мяне верш і не змагла яго прачытаць — камяк у горле перашкодзіў. Таму разумею, што больш так рабіць не буду.

— Кажаце, што досыць доўга пішаце кожны верш. У які момант разумееце, што ён гатовы, больш нічога дапрацоўваць не трэба?

— Па-рознаму бывае. Некаторыя вершы ты ўжо напісаў, табе ўсё падабаецца, а пазней пачынаеш глыбей разглядаць і перапрацоўваць. Так можна яшчэ варыянтаў 200 прыдумаць, а потым зноў вярнуцца да самага першага. Я ўвесь час сабе начытваю твор, калі мяне нешта чапляе. Гэта як у сталяра, які габлюе дрэва. Таму і чытаю-дапрацоўваю, пакуль не разумею, што верш стаў гладзенькі, як снежны камяк.

— Вас таксама называюць паэтам, які стварае новыя словы. Як яны прыходзяць?

— Наўмысна іх не прыдумваю, штучнай мовы не прымаю. Словы не мусяць выглядаць ненатуральна. Напрыклад, ёсць у мяне такі радок — «зарастае ўспаміннікам шчасце». А як па-іншаму такі стан можна назваць? Гэтае слова выглядае арганічна. Таксама як і вобраз «свет невыгаўкны» — калі ў чалавека ён невымоўны, то як можна сказаць пра сабаку? Толькі так. Ніякага эпатажу, наўмыснасці няма. Штуршком і натхненнем на стварэнне новых слоў стала знаёмства з паэтам і перакладчыкам Ігарам Куліковым. Ён мяне ўразіў сваёй свабодай у абыходжанні са словамі. Раней, калі да мяне прыходзіла новае слова, я правярала па слоўніку: калі яго там не знаходзіла, то вырашала не выкарыстоўваць, увесь час заганяла сябе ў нейкія межы. А вось Ігар разам з Міхасём Баярыным дапамаглі зразумець: абсалютна нармальна, калі мова жыве сваім жыццём, мае свае рэсурсы, словатворчы патэнцыял. Асабліва калі мы кажам пра паэзію.

— Кніга «Маё невымаўля» была досыць прыхільна сустрэтая публікай і крытыкамі. Чакалі такой рэакцыі?

— Водгукі мне не настолькі важныя. Істотна тое, як я сама ацэньваю сваю работу. Да гэтай кнігі я ставілася вельмі сур’ёзна, бо першыя дзве былі спантанныя, мне выпадкова прапаноўвалі іх скласці і выдаць. «Маё невымаўля» я выношвала гадамі і сапраўды хацела зрабіць кнігу такой, каб было не сорамна, каб з першага да апошняга радка я была ўпэўненая. Хоць цяпер усё адно нешта пачынае не падабацца. Калі б нават кнігу не сустрэлі прыхільна, я б ведала, што зрабіла яе такой, якой хацела. Што да папярэдніх дзвюх, то падчас выступленняў я цяпер фактычна не чытаю вершаў з іх. Яны не адгукаюцца ўва мне. У прынцыпе, тэксты неблагія, але цяпер я так не пісала б. Пакінула б літаральна некалькі радкоў.

— Верш «Горадзе наш» стаў песняй у выкананні гурта «Сон-трава». Як вы паставіліся да такой інтэрпрэтацыі і да самой ідэі пакласці гэты тэкст на музыку?

— Калі мне толькі прапанавалі і спыталіся дазволу на тое, каб напісаць кампазіцыю на мой верш, я была настроеная крыху скептычна. Лічыла, што песня ніколі не атрымаецца такой, як я задумала. Кожны аўтар бачыць па-свойму. Але ў выніку атрымалася ўсё нават лепш, чым магло быць. Калі я пачула песню, то зразумела: яна мусіць выглядаць акурат так, усё атрымалася вельмі маё. Наша знаёмства з «Сон-травой» — новы этап у творчасці, нейкае акрыленне. Я заўсёды хацела спяваць, займацца музыкай, але я гэтага не ўмею. З’явіўся чалавек, які можа мае вершы зрабіць песнямі, я вельмі рада гэтаму. Мы працягваем сумесную працу і маем ужо многа кампазіцый. Іх хопіць нават на альбом, рыхтуем і асобную канцэртную праграму.

— Ужо згадвалі паэта Ігара Кулікова. Каго яшчэ з сучасных паэтаў, празаікаў вы чытаеце, сочыце за іх творчасцю?

— Я прозы амаль не чытаю. Калі і чытаю, то вельмі рэдка на мяне нешта вельмі моцна ўздзейнічае. Што да паэзіі, шаную творчасць Віктара Жыбуля, ён для мяне вельмі глабальны паэт, геній. Такое ж адчуванне і ад вершаў Андрэя Адамовіча. Чытаю творы Таццяны Нядбай, Віталя Рыжкова, Марыі Мартысевіч. Многа добрых паэтаў, якія пішуць па-руску, напрыклад Георгій Барташ, Яўген Бясчасны, Сабіна Брыло, Ліна Казакова, Дзмітрый Строцаў. Вельмі радуюся, калі чытаю добрыя вершы. Удалы твор іншага паэта ўспрымаю як сваю перамогу.

— Няўжо няма зайздрасці, што гэты ўдалы верш напісалі не вы?

— Не. Святлана Бень неяк казала ў інтэрв’ю, што можа працаваць, толькі калі ўсё дрэнна, нічога цікавага не адбываецца. Калі ўсё добра, то проста атрымліваеш задавальненне, і самой не так і важна нешта рабіць — яно проста робіцца. Я не вельмі веру ў аўтара, яго «я». Думаю, што мы — толькі праваднікі-рэдактары, бяром ідэі з агульнага космасу і па-свойму іх перадаём. Наша асабістае — толькі тэмперамент, жыццёвы досвед, якія і складаюць аўтарскі стыль.

— Якія парады вы далі б маладому чалавеку, які хоча пісаць вершы?

— Трэба жыць. Калі ты паэт, ты мусіш пражыць напоўніцу сваё жыццё, да дробязяў. Тады і вершы пойдуць самі, ад іх нікуды не дзенешся. Стварэнне вершаў — амаль фізіялагічны працэс. Вершы проста выходзяць з цябе, немагчыма сябе прымусіць не пісаць. Трэба быць чалавекам пільным, уважлівым да людзей, да пачуццяў, ветру, кветачкі, матылька. Жыццё такое разнастайнае, што калі проста супакоіцца і яго назіраць — дзіву даешся. Каб быць паэтам — больш нічога не трэба. Гэта як хранічная хвароба, якая з табой заўсёды. Важна таксама любіць іншых і чытаць іншых аўтараў. І калі казаць пра паэзію, варта памятаць пра работу са словам. Іншыя паэты робяць нас чуллівымі да слова, амаль ювелірамі.

 

Марына ВЕСЯЛУХА, zviazda.by

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ

Аляксей Гайдукевіч робіць для budzma.by агляд замежнай прэсы Пра крывавыя падзеі жніўня ў Беларусі першымі даведаліся нашы суседзі. СМІ ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах рэгіёна ў рэжыме анлайн інфармавалі...

valiancina_shauchenka
Праект Кірыла Стаселькі "Можам"

«Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, зніклых, забойства...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму

Знойдзен унікальны малюнак Беліцы 1845 года, паведамляюць Моцныя Навіны. Ён быў апублікаваны на сайце праекта Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў складзе карты Магілёўскай губерні першай паловы XIX стагоддзя. ...

valiancina_shauchenka
Афіша

Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня

Кампанія «Будзьма!» запрашае 20 студзеня а 19-й гадзіне на анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава, падчас якога прагучаць песні з альбома «Песьні выгнаньня» (1995) на вершы паэтаў, якія былі вымушаны...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»
    Гісторыя
    Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму
    Афіша
    Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня
    Грамадства
    МУС: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплачвалі штрафы затрыманых дэманстрантаў
    Літаратура
    Нарвежскі саюз пісьменнікаў: мы салідарныя з Беларуссю
    Грамадства
    Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб прызнанні палітвязнямі абвінавачаных па справе Прэс-клуба
    Грамадства
    Пісьменнік Саша Філіпенка напісаў другі адкрыты ліст Рэне Фазэлю
    Грамадства
    У «Дана Молл» выступіў «Вольны хор» з «Пагоняй» і вывесілі вялікі бчб-сцяг
    Грамадства
    Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха не выходзіць на сувязь
    Грамадства
    Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку звольненых з Акадэміі навук калег
    Грамадства
    Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій
    Грамадства
    «Цудоўня» распачала працу ў новым месцы
    Грамадства
    Ці стаў прыезд Фазэля правалам?
    Грамадства
    «Новы Час» больш не будзе прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM