Апошнім часам людзей, якія ўдзельнічалі ў мітынгах і маршах, тэлефануюць супрацоўнікі міліцыі і запрашаюць «зайсці на размову».
«Наша Ніва» пацікавілася ў адваката, што рабіць у такіх выпадках.
«Тут у чалавека ёсць тры варыянты паводзінаў: не ісці ўвогуле, ісці аднаму ці ісці з адвакатам,» — кажа адвакат Антон Гашынскі.
Варыянт першы: не ісці. Павесткі не было, адпаведна, адказнасць за няяўку не прадугледжаная, можаце ігнорыць. Але ж да вас могуць прыехаць у кватэру. У такім выпадку трэба пазваніць адвакату, растлумачыць, што адбываецца і чакаць яго. Пакуль чакаеце, дзверы можаце не адкрываць — ламаць іх, хутчэй за ўсё не будуць, бо для гэтага патрэбная санкцыя пракурора. Калі адвакат прыедзе, ён раскажа, што рабіць.
Варыянт два: ісці ў міліцыю аднаму. Варыянт кепскі. Бо на вас могуць аказваць ціск, вы можаце даць паказанні не на сваю карысць: пад пагрозамі ці проста выпадкова. У выніку вас могуць і затрымаць, бо ад кожнага слова залежыць ваш лёс. Ды і калі будзе жаданне, супрацоўнікі могуць проста прыдумаць "непадпарадкаванне работнікам міліцыі", а гэта ўжо значыць пасадку на суткі. Калі вас затрымаюць, то і сваякам, і адвакату пасля будзе цяжка вас знайсці.
Варыянт тры: адразу скарыстацца паслугамі адваката. Гэты варыянт найлепшы. Калі вам тэлефануе міліцыянт, запішыце яго імя, прозвішча, пасаду і месца працы. Пасля тэлефануйце адвакату. Калі і ісці ў міліцыю, то лепш з адвакатам. Ён нейтралізуе ціск на вас і, калі што, зможа аператыўна падняць трывогу, падаць скаргу на дзеянні міліцыі.
Не трэба баяцца. Кожны грамадзянін мае канстытуцыйнае права на юрыдычную дапамогу».