• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
21.04.2017 | Грамадства

«Постпраўда, нягледзячы на яе выкрыцьцё, працягвае існаваць»

У амбасадзе Літвы прайшло чацьвёртае паседжаньне інтэлектуальнага клюбу нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Тэма лекцыі — «Постпраўда».

Постпраўда (рost-truth) стала словам 2016 году паводле вэрсіі Оксфардзкага слоўніка.

Гаспадыня імпрэзы Сьвятлана Алексіевіч прадставіла свайго госьця Аляксандра Марозава так:

«Я заўсёды запрашаю ў свой інтэлектуальны клюб тых людзей, якіх я вельмі люблю. Я вельмі люблю Аляксандра Марозава, мне вельмі падабаецца, як ён фармулюе свае думкі, з задавальненьнем чытаю ягоныя штодзённыя філязофскія дзёньнікі на сайце Colta.ru Ён дзесьці сказаў, што экспэрты сёньня церпяць паразу. Але экспэртнае меркаваньне існуе сёньня ў сваёй асобнай рэальнасьці. І застаецца адно — застаецца запісваць, занатоўваць, фіксаваць асабістую эмоцыю, каб пакінуць асабістае ўяўленьне, што з намі было».

Госьць клюбу — палітычны журналіст, аглядальнік, блогер Аляксандар Марозаў. Раней ён быў калюмністам выданьняў Forbes.ru, Сноб.ру, Colta.ru, Слон.ру (цяпер — Republic), аўтар газэты «Ведомости», часопіса The New Times. У 2011-2015 гг. быў шэф-рэдактарам «Русского журнала». У 2015-2016 гг. — супрацоўнік Deutsche Welle. Цяпер карэспандэнт часопісу Colta.ru ў краінах Балтыі.

«Постпраўда — гэта спроба прадставіць нейкія фэйкі як дакладную інфармацыю»

Перад пачаткам лекцыі галоўны рэдактар анлайн-газэты Аляксандар Старыкевіч коратка сфармуляваў сваё разуменьне тэрміну «постпраўда»:

«Гэта цікавы фэномэн, калі для нас большае значэньне маюць нашы погляды, чым факты^; ці факты падбіраюцца пад тое, у што мы верым. Бо цяпер прапановы інфармацыі значна перавышаюць попыт на яе. Я думаю, што цяпер адна з карэнных праблем Беларусі ў тым, што людзі мала зважаюць на тое, што ёсьць насамрэч, а фармуюць уласны сьветапогляд з таго, што ім падабаецца, і з таго, што ня надта падабаецца. У залежнасьці ад таго, пад якія ўплывы яны падпадаюць».

Экспэрт у адукацыі і культуры Лібэральнага клюбу Вадзім Мажэйка выказаў такую думку:

«Постпраўда — гэта цяпер моднае слова, але ж яно азначае тое, што мы даўно ведаем: гэта прапаганда, гэта спроба прадставіць нейкія фэйкі як дакладную інфармацыю, гэта маніпуляцыі інфармацыяй. І чалавеку непадрыхтаванаму вельмі цяжка адчуць тую грань, дзе рэальная інфармацыя, а дзе прапаганда. Таму мне здаецца, постпраўда — гэта тая тэма, пра якую варта размаўляць».

«Постпраўда — гэта калі абвергнутыя факты працягваюць працаваць»

​

Свабода прапануе фрагмэнты амаль трохгадзіннай лекцыі Аляксандра Маразова.

«Існуе вузкае і шырокае разуменьне таго фэномэну, які называецца тэрмінам „постпраўда“. Вузкае значэньне сфармавалася на пачатку 2015 году і ўвосень 2016 году было выкладзена ў праграмным артыкуле — маецца на ўвазе наўмыснае выкарыстаньне палітыкамі заведама непраўдзівай інфармацыі, якая, быўшы ўжо абвергнутай, працягвае выкарыстоўвацца ўнутры палітычнай стратэгіі.

І таму, калі кажуць „постпраўда“ ў вузкім значэньні, маецца на ўвазе сытуацыя падчас брытанскага рэфэрэндуму „Брэксыт“. Калі лічба „350 мільёнаў эўра страчвае Брытанія штотыдзень на сваім сяброўстве ў Эўразьвязе“ ўжо была абвергнутая і эканамістамі, і палітыкамі, але пры гэтым тыя палітыкі, якія выступалі за выхад Брытаніі з Эўразьвязу, працягвалі выкарыстоўваць яе. Нягледзячы на тое, што лічба ўжо была абвергнутая.

Постпраўду адрозьнівалі ад старых формаў дэзынфармацыі ці ад дыфамацыі, якія існавалі з часоў яшчэ Адама і Евы. Навізна сытуацыі ў тым, што постпраўда, нягледзячы на яе выкрыцьцё, працягвае існаваць далей».

«Фактоід замест факту»

«Зь сярэдзіны 2016 году слова „постпраўда“ стала ўжывацца больш маштабна, ахопліваючы ўвесь комплекс у сфэры камунікацый і мэдыя, куды трапляюць і шырокае выкарыстаньне ботаў і троляў у сеткавых зносінах, і новы спосаб выкарыстаньня відэа (у тым ліку і дыфамацыйнага відэа), туды трапляюць некаторыя формы сэмантычнай вайны, імкненьне мэтанакіравана напаўняць новым зьместам і сэнсам старыя паняцьці.

Тут закранутыя 3 рэчы. Першая (пра што найчасьцей пішуць мэдыяаналітыкі): мы знаходзімся ў той сытуацыі, калі сама дакладнасьць, аб’ектыўнасьць — тое, што раней называлася „фактамі“, — перасталі імі быць. Само слова фактоід (замест факт) было выкарыстана Норманам Мілерам яшчэ ў 1972 годзе пры напісаньні біяграфіі Мэрлін Манро. Уся яе біяграфія складаецца ня з фактаў, а з фактоідаў. Фактам зьяўляецца, паводле Мілера, ня тое, што было, а тое, што трапіла ў газэту і распаўсюдзілася. Фактоід мае некаторыя рысы праўдападобнасьці».

«Паўсюль ідзе бескампрамісная барацьба за ўвагу»

Пад пагрозай знаходзіцца ня толькі фактычнасьць, лічыць Аляксандар Марозаў:

«Мэдыя зьмяніліся за апошнія 10 гадоў і з прычыны пашырэньня аўдыторыі. І цяпер ўся мэдыядзейнасьць апісваецца як барацьба за ўвагу. Усе ўключаныя ў барацьбу за ўвагу. І паўсюль ідзе бескампрамісная барацьба. І гэтая бескампраміснасьць спарадзіла скарачэньне тэкстаў, новую сыстэму загалоўкаў, лідаў. І ўрэшце — іншую падачу матэрыялаў і жыцьця ў гэтых матэрыялах. І пакуль не відаць з гэтага ўсяго выйсьця. Барацьба за ўвагу працягваецца і будзе нарастаць далей».

«Раней аўтарам быў кваліфікаваны чалавек, цяпер кожны стаў аўтарам»

Зьмяніўся характар аўтарства — гэта трэці важны момант, на думку Аляксандра Марозава:

«Яшчэ 30 гадоў таму аўтарам быў кваліфікаваны чалавек, які прысьвяціў вывучэньню адной праблемы 10 тысяч гадзін. І калі ён выказаўся, аўдыторыя верыла, што ён ведае значна больш, чым ведае аўдыторыя. Цяпер разьвіцьцё сацыяльных мэдыя стварыла сытуацыю, калі аўтар ведае ўсё. Цяпер 100 тысяч гледачоў глядзяць расейскага відэаблогера Вячаслава Мальцава, які распавядае пра палітыку, пра жыцьцё, і ягоная думка важнейшая за меркаваньне экспэрта, які 10 тысяч гадзін вывучаў паліталёгію ў Калюмбійскім унівэрсытэце і цудоўна ведае, як уладкаваная тая ці іншая палітычная сыстэма, у тым ліку і расейская. Цяпер кожны стаў аўтарам».

«Крэмль маштабна і мэтанакіравана выкарыстоўвае магчымасьці постпраўды»

«Першая выснова зробленая ў кніжцы Пітэра Памяранцава „Всё няпраўда, і ўсё магчыма“ („Nothing Is True and Everything Is Possible: The Surreal Heart of the New Russia“). Яе назва ўвайшла ў даклад Мюнхенскай канфэрэнцыі пра бясьпеку 2017 году. Даклад так і называўся: „Постпраўда. Постпарадак. Постзахад“. Разьдзел, прысьвечаны постпраўдзе, вельмі важны. Там узьнятая тэма, на якой канцэнтруе ўвагу Пітэр Памяранцаў: што ва ўсясьветнай палітыцы ўзьнік суб’ект (і гэта Крэмль), які ўпершыню так маштабна і мэтанакіравана выкарыстоўвае магчымасьці постпраўды менавіта для стварэньня пэўнага тыпу палітычнай дзеі — для маніпуляцый, расхістваньня сьвядомасьці, дасягненьня пэўных палітычных інтарэсаў.

Другі бок праблемы ў тым, што, незалежна ад таго, дзейнічае так Крэмль ці не, паўстае пытаньне аб пазыцыі чалавека ў гэтым сьвеце. Калі меркаваць пра будучыню чалавека, перад тварам постпраўды чалавек будзе адступаць да сябе, яму няма на што будзе абаперціся ў якасьці праўды, ён будзе абапірацца на тое, што філёзафы называюць падзеяй.

Прынцыпы, якія застануцца дакладна для існаваньня чалавека ўнутры новага „паўстаньня масаў“: дакладна гэта імкненьне мінімізаваць гвалт^; дакладна гэта прынцыпова ўважлівае стаўленьне да Другога зь вялікай літары і дакладна гэта імкненьне абараніць сябе ад залішніх формаў калектыўнасьці. Гэта дакладна тыя рэчы, ад якіх чалавек будзе адгароджваць сябе супраць недакладнага сьвету, супраць сьвету новай няпэўнасьці».

«Цяпер мы перажываем другое „паўстаньне масаў“ — сеткавае»

Пасьля лекцыі разгарнулася вострая дыскусія, Аляксандар Марозаў адказаў прыкладна на тры дзясяткі пытаньняў гасьцей інтэлектуальнага клюбу — журналістаў, палітолягаў, філёзафаў, літаратараў.

Сьвятлана Алексіевіч запыталася, якое месца інтэлектуала ў гэтым сьвеце постпраўды?

Аляксандар Марозаў: «Яно зьмянілася, гэта факт. Відавочна, што доўгая мэрытакратыя („улада годных“), несумнеўная перавага высокаадукаваных людзей над людзьмі, якія не настолькі адукаваныя, будзе мяняцца. Як павінен працаваць калектыўны мозг? Ні ў кога няма адказу, як узьнікне новы цэнтар кіраваньня палётам.

Мы цяпер перажываем сеткавае „паўстаньне масаў“. Першае паўстаньне масаў было апісана ў 1929 годзе ў аднайменным эсэ Хасэ Артэгі-і-Гасэта. У значнай ступені кніга Оруэла была рэакцыяй на паўстаньне масаў. Для расейскага чытача „Сабачае сэрца“, напісанае ў 1925 годзе Міхаілам Булгакавым, таксама было водгукам на першае паўстаньне масаў.

А цяпер сацыяльныя тэарэтыкі кажуць, што далейшае разьвіцьцё сетак прыводзіць да другога „паўстаньня масаў“. Прычым, калі паглядзець на мінулы досьвед, маса спачатку маларухомая, яна дрэнна мабілізуецца. Але потым маса заўсёды факусуецца. І ў гэтым заключаецца вялікая праблема і небясьпека: мільярды людзей атрымалі магчымасьць гаварыць усё, што хочуць! Першае паўстаньне масаў закончылася дрэнна, прывяло да цяжкіх наступстваў для Эўропы…»

«Сеткавае „паўстаньне масаў“ — гэта паніжэньне цывілізацыі»

На думку Сьвятланы Алексіевіч, вось гэта новае сеткавае «паўстаньне масаў» — ня што іншае, як паніжэньне цывілізацыі:

«Што б мы не ўзялі сёньня, размытае адчуваньне: што ёсьць добрыя вершы, што ёсьць дрэнныя^; што ёсьць добры фотаздымак, што дрэнны^; што ёсьць глыбокая ацэнка, а што неглыбокая. Як мне здаецца, гэтая шырокая маса разрывае думкі на кавалкі. Мне здаецца, што гэта вялікія цывілізацыйныя праблемы».

Аляксандар Марозаў пагаджаецца, што існуе крызыс даверу старым інстытутам, у тым ліку і палітычным, глябальным інстытутам:

«Старыя мэдыя, газэты ўжо не ўспрымаюцца як крыніцы гарантаванай праўдзівай інфармацыі. Наадварот, людзі ўспрымаюць клясычныя мэдыя як інструмэнт вэрыфікацыі, то бок праверкі зьвестак. Атрымліваецца, што інфармацыю чалавек атрымлівае зь сетак, а калі ня верыць альбо сумняваецца, то ідзе паглядзець, што пра гэта напісана ў традыцыйных мэдыя. Вельмі няпростая сытуацыя».

«Цяпер хлусьня — гэта забаўна; гэта тое, з чым трэба гуляцца»

На думку Аляксандра Марозава, самае вострае і каварнае пытаньне яму задаў амбасадар Літвы ў Беларусі: «Як вы думаеце, ці застанецца месца хлусьні у сьвеце постпраўды?»

«Сама хлусьня ў гэтым сьвеце постпраўды становіцца прадметам псыхоляга-маніпулятыўнага выкарыстаньня. І мы пачынаем асьцерагацца гэтага моманту. З пункту гледжаньня палітычных мэтаў зразумела, што ёсьць праўда, што мана. Толькі для маральнага філёзафа, які імкнецца абаперціся на нейкія сыстэмы каштоўнасьцяў, мана адрозьніваецца ад праўды. Але нават з пункту гледжаньня матэматыка мана не зусім адрозьніваецца ад праўды. А з пункту гледжаньня палітычных мэтаў хлусьня можа быць прыемнай, вытанчанай, стройнай унутры любой камунікацыі такім чынам, што яна будзе працаваць.

У ХІХ, ХХ стагодзьдзях хлусьня ўспрымалася як выклік, на які трэба адказаць абавязкова, які трэба абвергнуць. А цяпер мы назіраем іншае стаўленьне: хлусьня — гэта забаўна, гэта тое, з чым трэба працаваць. Давайце далей яе падкідваюць ў паветры, разглядаць усе яе грані! І менавіта ў апошнія 7-8 гадоў на нашых вачах узьнікалі такія мэдыйныя групы ў Расеі, якія мэтанакіравана гуляюцца з хлусьнёй…

Раней гэта дапускалася толькі ў літаратуры — гаварыць ад імя нэгатыўнага, нават брыдкага пэрсанажа. Дастаеўскі мог дазволіць сабе гаварыць ад імя чалавека з падпольля, падаючы яго не як нэгатыўную, а як праблемную ці драматычную асобу. Але цяпер мы знарок канструюем мярзотніка і пачынаем ад яго імя гаварыць важныя рэчы, маніпулюючы людзьмі. Гэта вельмі тонкая гульня. Я падзяляю вашу трывогу».

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Ад «танку» гусітаў да рэвалюцыі рондаляў. Як у гісторыі ставілі на крэатыў і перамагалі

Многія перамогі ў гісторыі даваліся не столькі ахвярнасцю і упарствам, колькі арыгінальнасцю і крэатывам. Дайджэст нечаканых і арыгінальных перамогаў у адным матэрыяле. Войны З 1420...

valiancina_shauchenka
Культура

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на «Мову хаты»

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-этнаграфічную экспазіцыю «Мова хаты», каб добра і цёпла правесці час з сям’ёй, а таксама даведацца, як жылі нашы продкі і будавалі...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Паўла Севярынца ўзнагародзілі літаратурнай прэміяй «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага

Сёння ў Кіеве ўручаецца штогадовая ўкраінска-беларуская літаратурная прэмія «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага. Сёлета лаўрэатам стаў пісьменнік і грамадскі дзеяч, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Павел...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Гранты на расследаванні аб злачынствах супраць журналістаў. І ў Беларусі таксама (заяўкі да 14 сакавіка)

Фонд «Справядлівасць для журналістаў» адкрывае набор заявак на атрыманне грантаў на расследванні ў 2021 годзе. Заяўкі на ажыццяўленне журналісцкіх расследаванняў злачынстваў супраць работнікаў СМІ...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Ад «танку» гусітаў да рэвалюцыі рондаляў. Як у гісторыі ставілі на крэатыў і перамагалі
    Культура
    Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на «Мову хаты»
    Літаратура
    Паўла Севярынца ўзнагародзілі літаратурнай прэміяй «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага
    Грамадства
    Гранты на расследаванні аб злачынствах супраць журналістаў. І ў Беларусі таксама (заяўкі да 14 сакавіка)
    Кіно
    Да юбілею Купалаўскага тэатра за дзяржаўныя сродкі здымалася некалькі фільмаў. Што з імі цяпер?
    Грамадства
    Штраф за пасцілу і лампасы, суткі за чаяванні. Топ-10 самых абсурдных пакаранняў за апошнія месяцы
    Грамадства
    Больш едуць у Польшчу, менш — у Латвію. Колькі грамадзян пакінулі Беларусь з-за пратэстаў 2020 года
    Грамадства
    У Брэсце КДК прыйшоў да выдаўца і дырэктара гарадскога часопіса «Бінокль»
    Грамадства
    На сваім працоўным месцы затрыманы супрацоўнік Белдзяржфілармоніі
    Грамадства
    «Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?
    Грамадства
    У вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены: Ігар Лосік спыніў галадоўку
    Грамадства
    «Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты
    Навіны "Будзьма!" Літаратура
    «Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    Грамадства
    Інвестклімат Беларусі: ад абвалу рэйтынгу бяспекі да адмены чэмпіянату

Афіша

  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    • Як паводзіць сябе на допыце. 8 парадаў адваката
    • Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
    • Алена Анісім: Для беларускай мовы наступае чарговы выклік
    • «Заўважыў, што зло ўжо навісла над табой і плюе табе ў твар. Тады немагчыма трымаць вочы заплюшчанымі»

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM