• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
03.05.2017 | Грамадства Літаратура

“Праўда, што Андрусь у Мінску папулярны?” TUT.BY на тыдзень падмянiў пicьменнiка ў вёсцы

Прывітанне вам з Прудка! Таго самага ў Калінкавіцкім раёне, дзе жыве пісьменнік Андрусь Горват. Той самы Горват, які прыдумаў «Радзіва „Прудок“. Дзённік». На тыдзень карэспандэнты TUT.BY дамовіліся памяняцца з ім месцамі. І пакуль Андрусь па справах з’ехаў у сталіцу, мы вядзём свой рэпартаж з яго вёскі.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Для тых, хто крышачку не ў тэме. Тры гады назад Андрусь, які жыў і працаваў у Мінску, махнуў рукой на ўсю гэтую сталічную мітусню і з’ехаў у дзедаву хату ў вёску Прудок. Пасябраваў з мясцовымі, завёў казу Цёцю, курэй ды катоў і стаў пісаць пра сваё жыццё-быццё ў «Фэйсбуку». І так яно добра пісалася, што з пастоў атрымалася кніга «Радзіва „Прудок“. Дзённік» — пра людзей, свет і людзей у свеце. Карацей, такая, што першы тыраж разабралі за адзін дзень.

Цяпер Горвата чытаюць у кавярнях, цягніках, дораць замежным сябрам — а ён усё гэтак жа з казой і катамі жыве ў Прудку. Толькі часам ездзіць у сталіцу, неахвотна кантактуе з журналістамі. Наш прыезд, магчыма, бясцэннае выключэнне. Таму, пакуль сам Андрусь у Мінску, мы даглядаем казу і знаёмімся з героямі «Радзіва».

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

«Вярталіся з аператарам з камандзіроўкі з Хойнікаў, і зразумеў: хачу тут жыць»

У Прудку вясна, усё цвіце — прыгажосць, Андрусь насустрач на веліку каціць.

Хат у яго, як аказалася, ужо ажно дзве. Адна — знакамітая, дзедава, другая — суседская, нядаўна набыў. Абедзве стаяць у пачатку вёскі, да прыпынку ад іх ісці хвіліны тры.

— Важнае правіла Прудка, — расказвае Горват, — заўсёды і паўсюль кажыце: «Е».

У магазіне: «Малако е?», «А хлеб е?».

Скажаш «ё» — адразу зразумеюць: чужы. А ляпнеш «ёсць», то і зусім пішы прапала.

Хоць тут і так многія ведаюць, што прыехалі журналісты з Мінску: паведаміла «Радзіва «Прудок», а дакладней суседка Горвата — цётка Дуня. Як яно, канешне, было, не вядома. Кажуць, некага яна прыстрашыла, маўляў: «Не спіліце на могілках старое дрэва, прыедуць журналісты, я ім усё пакажу».

Ну, а далей пайшло-паехала.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY
Андрусь Горват

У вёсцы +17. Горват гарод яшчэ не пасадзіў, толькі на адной градцы цыбуля вожыкам зеляніцца. Кажа, летась нацешыўся: кожны дзень у зямлі. А зямлі тут у яго нямала — сотак дванаццаць, мо, больш. Затое гаспадар будуе плот. Пачынаем здалёк, але адразу атрымліваецца неяк па-свойску:

— А ты чаго ў вёску з’ехаў?

— Дык я ж пісаў, — дзівіцца, што не ведаю. — Працаваў журналістам, вярталіся з аператарам аўтаспынам з камандзіроўкі з Хойнікаў (ад Прудка да Хойнікаў недалёка. — Заўвага TUT.BY), і зразумеў: хачу тут жыць.

— А журналістаў чаму не вельмі любіш?

— Я і так шмат пра сябе ў «Фэйсбуку» пішу, павінна ж заставацца нешта асабістае.

А асабістае — вось яно, дзедава хата. Два пакоі: адзін жылы (ужо адрамантаваны), у другім — рамонт. Камора, дзе Андрусь жыў напачатку, крыху большая за грузавы ліфт. Зараз тут зерне, зёлкі і нават міні-бар. Жартуе, калі пашукаць, можна нават паўбутэлькі шампанскага нашукаць.

— Калі выйшла кніга, мне сталі лісты і паштоўкі адусюль прыходзіць, — паказвае скрыню. — Вось з Амерыкі, вось з Аўстраліі. Ёсць і вельмі пранікнёныя. Пісала, напрыклад, дзяўчына: «Радзіва» ёй брат даў. Чытала, расказвае, і плакала, успамінала хату свайго дзеда. А потым паехала ў вёску, дзе ён жыў, і якраз новыя гаспадары тую хату прадавалі.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

«Я абіжаюсь? А чаго абіжацца? Гэта ж «художественный вымысел»

Во як бывае, а зараз да справы.

Казу і курэй карміць у 8.00, у 20.00 — скаціну па «норах». Каза Цёця цяжарная — не забываць. Хочаш піць — ідзі да калодзежа, холадна — грубку тапі. Кошку Лялю з дома не выпускаць, катоў Ваню і Рыжага ў хату не пускаць. Калі бяда, бяжы да цёткі Дуні. На шчасце, недалёка.

— А чаму вырашыў гаспадарку чужым даверыць, а не ў цёткі папрасіць?

— Яна б і не супраць дапамагчы, але ж вельмі хацела расказаць журналістам пра вайну.

А вось, дарэчы, і цётка. Тая самая надзея і падтрымка. Бландзінка, вочы вялікія, блакітныя, прычоска — карэ. У «Радзіве «Прудок» яна цётка Дуня, у жыцці Надзея Леанідаўна. Для сваіх цётка Надзя, але гэтае «для сваіх» яшчэ трэба заслужыць.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

— Дык то праўда, што Андрусік у Мінску папулярны? — цікавіцца ў нас. — У Прудку яго, канешне, паважаюць, ніхто ў яго не крадзе. Забягу, бывае, а ў яго то вядро, то шчэ што ў двары стаіць. Кажу, хавай у хату, ён: «Навошта?». І стаіць жа, не чапаюць.

Надзея Леанідаўна жанчына вельмі цікавая, слухаць не пераслухаць. Вельмі просіць у тэксце пазначыць, што свет трымаецца на дабрыні.

— Паглядзі, які ён у нас зараз прыгожы, а як прыехаў толькі ў Прудок, гараваў, гараваў, — кажа яна пра Андруся. — Хату падымаў, жыў у каморы, света нават у яго не было. Першай сястра мая яму мёду прынесла, а потым ужо я з ім пазнаёмілася. То супу звару, то бабку спяку — і яго клічу. І мёдам я яго ўгашчала, а ён у кніжцы пра кіслую смятану напісаў. Не, ну прыдумаў жа, кіслую смятану прынесла. Я абіжаюсь? А чаго абіжацца? Гэта ж «художественный вымысел».

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

З цёткай Надзяй прыйшлі і навіны пра Прудок: моладзі тут, аказваецца, няшмат, але — жыве вёска. Людзі ў асноўным працуюць у гаспадарцы. Гаспадарка — другая ў раёне па паказчыках. Хата Андруся раней не была першай ад дарогі, да яе стаялі сталовая і клуб.

— Некалі, як бабулі не хацелася гатаваць, яна купляла ў сталоўцы катлеты, а дзеду казала, што сама пякла, — смяецца Андрусь.

— Нейкі ты сёння гаваркі, — звяртаемся да пісьменніка. — А пішуць, амаль заўсёды маўчыш.

— Не выспаўся проста, — адказвае.

— Ладна, слухайце сюды. Андрусь паедзе, вы на вячэру прыходзьце. Пакармлю вас, не магу, каб людзі гаравалі, дапамагаць трэба людзям. Добра, хопіць сядзець, вясной работы шмат, няма чаго рассіжвацца. Пайду плот рабіць, — слова бярэ цётка Надзя.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

А Андрусь — пешшу на Калінкавічы, а адтуль — на Мінск. Кажа, увесь тыдзень збіраецца сядзець у ванне і глядзець тэлевізар. І папярэджвае: у пятніцу з 17.00 да 19.00 будзе падпісваць кнігі ў касе Купалаўскага тэатра.

— А жыць ты ў Мінску дзе плануеш?

— У знаёмага, ён з сям’ёй зараз жыве ў Амерыцы. Я калі пра паездку ў «Фэйсбуку» напісаў, чалавек сорак адгукнулася. Сярод іх нават жанчына, якая жыве з дзіцёнкам у аднапакаёўцы. Прапаноўвала мне на тыдзень кухню ў сваёй кватэрцы.

— Любяць людзі цябе і «Радзіва», як мяркуеш, чаму?

— Не ведаю, бывайце.

– Пака.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

P. S.

У нядзелю фатограф з’ехаў, засталіся з казой удваіх. Пакуль пішу, куры за плот паўцякалі. От гаспадыня. Добра, цётка Надзя сітуацыю кантралюе, усіх назад вярнула ды яшчэ і яйкі з куратніка сабрала.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

— Ажно пяць?! — дзіўлюся. — А ўчора ў Андруся толькі два было.

— Мусіць, ты курам болей за Андруся нравішся. А нос што павесіла?

— Дык кошка ўцякла. Горват галаву адарве.

— Навошта, у яго ж яшчэ две кошкі е. Лепш скажы, ты ўжо напісала?

— Пачытаць?

— Ай, не. Не расказуй, мне нецікава, — адмахваецца. — Падажджы, вось што скажу. Тое, што Прудок наш стаў на ўвесь свет вядомы, — удача. Ёсць жа і вёскі прыгажэйшыя, і людзі цікавейшыя, але няма ў іх Андруся.

… Думаю ноччу над цётчынымі словамі, а самой так страшна. Нейкі жах прыйшоў з ноччу ў цёплую прудкоўскую хату.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Цётка, канешне, учора клікала да сябе спаць, і прадаўшчыца Ніна Аляксандаўна клікала. Але ж захацелася спаць у дзедавай хаце. Гляджу на мехдвор, ён недалёка. Там у будыначку вартаўніка агеньчык гарыць, не спіць Міхаіл Васільевіч. Абяцаў мне ў магазіне па начах за хатай прыглядваць, сказаў не баяцца.

І сапраўды, чаго гэта я? Дзве гадзіны, а я ўсё сяджу гляджу ў акно, а ў 8.00 — казу карміць.

Але ж заўтра таксама буду дома начаваць. Што ж датычыцца сакрэта Прудка, то ён, здаецца мне, не толькі ў Андрусю.

Працяг будзе.

Каза пакуль не нарадзіла.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Екатерина Пантелеева, фото — Иван Яриванович, TUT.by  

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ

Аляксей Гайдукевіч робіць для budzma.by агляд замежнай прэсы Пра крывавыя падзеі жніўня ў Беларусі першымі даведаліся нашы суседзі. СМІ ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах рэгіёна ў рэжыме анлайн інфармавалі...

valiancina_shauchenka
Праект Кірыла Стаселькі "Можам"

«Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, зніклых, забойства...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму

Знойдзен унікальны малюнак Беліцы 1845 года, паведамляюць Моцныя Навіны. Ён быў апублікаваны на сайце праекта Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў складзе карты Магілёўскай губерні першай паловы XIX стагоддзя. ...

valiancina_shauchenka
Афіша

Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня

Кампанія «Будзьма!» запрашае 20 студзеня а 19-й гадзіне на анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава, падчас якога прагучаць песні з альбома «Песьні выгнаньня» (1995) на вершы паэтаў, якія былі вымушаны...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»
    Гісторыя
    Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму
    Афіша
    Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня
    Грамадства
    МУС: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплачвалі штрафы затрыманых дэманстрантаў
    Літаратура
    Нарвежскі саюз пісьменнікаў: мы салідарныя з Беларуссю
    Грамадства
    Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб прызнанні палітвязнямі абвінавачаных па справе Прэс-клуба
    Грамадства
    Пісьменнік Саша Філіпенка напісаў другі адкрыты ліст Рэне Фазэлю
    Грамадства
    У «Дана Молл» выступіў «Вольны хор» з «Пагоняй» і вывесілі вялікі бчб-сцяг
    Грамадства
    Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха не выходзіць на сувязь
    Грамадства
    Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку звольненых з Акадэміі навук калег
    Грамадства
    Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій
    Грамадства
    «Цудоўня» распачала працу ў новым месцы
    Грамадства
    Ці стаў прыезд Фазэля правалам?
    Грамадства
    «Новы Час» больш не будзе прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM