Сталічны сезон 2013–2014 завершаны. Калектывы ўжо сышлі на летнія вакацыі, адкуль вернуцца толькі ў верасні. Час падвесці вынікі сезона і акрэсліць як мінімум пяць тэндэнцый.
Год таму на “Будзьме” з’явіўся матэрыял, таксама прысвечаны тэндэнцыям тэатральнага сезона 2012–2013. Ад тых разважанняў і адштурхнемся. Бо калі параўноўваць гэтыя сезоны, дзве тэндэнцыі супадаюць. Яшчэ дзве – часткова (у адной назіраецца прагрэс, у другой – рэгрэс). А апошняя змянілася ледзь не цалкам.
Спектакляў мала. Амаль усе – “невыязныя”
Што ж засталося без змен? Як і раней, у Мінску адбываецца надзвычай мала прэм’ер. Прычым іх колькасць падышла да небяспечнай мяжы. Напрыклад, у Тэатры-студыі кінаакцёра, Лялечным і Рускім тэатрах паставілі па адным спектаклі, у Купалаўскім – два (апошнія два калектывы маюць статус “нацыянальных”). Між тым, пяць (ці хаця б чатыры) прэм’еры за сезон – гэта мінімальны паказчык, які дазваляе і трупу трымаць у творчым тонусе, і займаць у пастаноўках большасць акцёраў. Столькі новых спектакляў набіралася ўсяго ў трох калектываў: Музычнага тэатра (чатыры прэм’еры), РТБД (пяць новых пастановак). Зразумела, па-за канкурэнцыяй Оперны тэатр – ажно дзесяць прэм’ер! Галоўная прычына агульнай не надта вялікай актыўнасці – у памеры дзяржаўнай падтрымкі. Паколькі яна сціплая, вынік адпаведны.
Другая тэндэнцыя, што засталася без змен, – ігнараванне фестывальнага фармату. Са спектакляў, паказаных дзяржаўнымі калектывамі, за мяжу можна смела вывозіць хіба толькі “Дон Жуана”, пастаўленага ў Купалаўскім. З прыватных – пастаноўкі пластычнага тэатра “ІнЖэст” (напрыклад, “Рамонт”). Магчыма, на фестывалі ў перспектыве трапяць пастаноўкі, якія ствараліся ў фармаце дзвюх Лабараторый рэжысёрскіх праектаў (іх ладзіць Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры). Але большасць з іх пакуль знаходзіцца ў выглядзе незавершаных фрагментаў.
Граем у ранейшым складзе
Яшчэ дзве тэндэнцыі зведалі эвалюцыю. Адна – у адмоўны бок. Другая – у станоўчы.
У пазамінулым сезоне ўзнікла надзея, што са з’яўленнем новых калектываў сталічная тэатральная прастора павялічыцца. У Мінску распачалі сваю дзейнасць адразу некалькі прыватных тэатраў. Праўда, ужо тады ўзнікла лагічнае пытанне: ці надоўга хопіць імпэту ў арганізатараў і грошай у спонсараў? Рэальнасць аказалася сумнай. У мінулым сезоне тры тэатры не паказалі ніводнай прэм’еры. Праўда, цалкам з тэатральных даляглядаў яны не зніклі. У жніўні Яўген Карняг, стваральнік “KorniagTHEATRE”, анансуе пастаноўку спектакля “З іншага боку”. У верасні Анастасія Грыненка, арганізатар “Тэрыторыі мюзікла”, запрашае на мюзікл-аперэту “Сабака на сене”. “Тэатр Ч” заяўляў пра падрыхтоўку спектакля “Смутак сатаны”. Але ў любым выпадку гаворка ідзе ўжо пра наступны сезон. Такім чынам, імпэт нікуды не знік, але адчуваецца недахоп грошай.
Адзіным выключэннем з правіл зрабіўся музычны тэатр “Галерэя”. Але аналіз яго прадукцыі (“Музычная дуэль Павароці і Сінатры”, “Фантазіі Вольфганга Амадэя”, “Вікі. Крысціна. Барселона”), сведчыць: стваральнікі праекта аддаюць перавагу канцэртнаму фармату. Такім чынам, мінская тэатральная прастора, створаная прыватнымі калектывамі, застаецца не надта вялікай. А глядач, жадае ён таго ці не жадае, вымушаны наведваць дзяржаўныя тэатры.
Акно ў Еўропу зрабілася большым
Яшчэ адна мінулагодняя тэндэнцыя была сфармуляваная наступным чынам: “дамінаванне “сэканд-хэнду” сярод замежнай прадукцыі”. Падставай для такога сцверджання сталі шматлікія спектаклі такога ўзроўню, якія паказваліся асобнымі тэатрамі з Расіі, Літвы або Азербайджана. У апошнім сезоне такія пастаноўкі, на шчасце, адышлі на другі план. Іх месца заняла фестывальная прадукцыя.
Адзін з фэстаў сёлета прайшоў упершыню. Гаворка пра “Балетнае лета ў Вялікім”. Пакуль такі праект Опернага можна назваць асветніцкім. Грузінскі тэатр оперы і балета паказваў класічныя і неакласічныя пастаноўкі Джорджа Баланчына, Іржы Кіліяна і Фрэдэрыка Эштана, першыя паказы якіх часцяком датаваныя сярэдзінай і другой паловай ХХ стагоддзя. На больш высокі ўзровень выйшаў другі форум пластычных тэатраў “ПлаSтформа Мінск-2014” (у параўнанні з першым форумам меў месца конкурсны адбор).
Свой статус пацвердзіў традыцыйны Оперны форум з запрошанымі салістамі і “Балем-маскарадам” Міхайлаўскага тэатра. Міжнародны фестываль тэатраў лялек з найлепшымі айчыннымі і замежнымі спектаклямі (напрыклад, “Мантэкі і Капулеці” Беластоцкага тэатра лялек). А таксама зорны ІІІ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЕАРТ”, які сабраў у Мінску найлепшыя еўрапейскія спектаклі (ад “Ліра” Канстанціна Багамолава да “(А)палоніі” Кшыштафа Варлікоўскага).
Так, на еўрапейскай карце Мінск па-ранейшаму ўспрымаецца многімі як тэатральная правінцыя. Супакоім сябе тым, што акно ў Еўропу зрабілася шырэйшым. А старыя рамы пачалі змяняць на шклопакеты.
Знікае іерархія
Летась я паспрабаваў пабудаваць неафіцыйную іерархію сталічных тэатраў, якую можна ўявіць у выглядзе піраміды. Зверху знаходзіўся Лялечны, на другім месцы – Оперны, за трэцяе змагаліся Музычны і РТБД. Ніжэй знаходзіліся ўсе астатнія калектывы. Сітуацыя, якая склалася ў мінулым сезоне, цалкам разбурае такую канструкцыю.
Перш за ўсё, як ацэньваць тэатры з мінімумам прэм’ер? Напрыклад, цалкам паспяховы Рускі тэатр (яго адзіная пастаноўка “Хітрыкі Ханумы” – самы касавы спектакль сезона). Няўжо трэба паставіць гэты калектыў на першае месца? Што рабіць з Купалаўскім, дзе фестывальнаму “Дон Жуану” супрацьстаіць асветніцкі “Пан Тадэвуш”, супярэчлівы ў мастацкім плане?
Але нават тры калектывы з належнай колькасцю прэм’ер знізілі свой мастацкі ўзровень. РТБД пасля паспяховага пазамінулага сезона ўзяў курс на пастаноўку камедый. З Музычнага звольнілі найлепшага рэжысёра – Анастасію Грыненка, спектаклі якой вызначалі мастацкі ўзровень калектыву. Не ўсё проста ў Оперным. Балетная трупа тэатра, па сутнасці, засталася на ўзроўні апошніх гадоў. А вось оперная трупа зрабіла стаўку на запрашэнне замежных рэжысёраў з Германіі, Эстоніі і Балгарыі. Але вынік іх працы не заўсёды пераконвае.
У выніку таго, што большасць тэатраў арыентуецца на забаўляльную прадукцыю, падобную паміж сабой, знікае іх адметнасць. Нездарма з трох найлепшых лялечных пастановак сезону (гаворка пра ўсю Беларусь) дзве здзейсненыя не ў сваіх калектывах. Аляксей Ляляўскі паставіў “Самазванца” ў Брэсце. Аляксандр Янушкевіч увасобіў “Шматкі па закутках” у Маладзечне. І толькі Алег Жугжда (спектакль “Фаўст. Сны”) застаўся верны свайму Гарадзенскаму тэатру лялек. Таму тэатралам застаецца сачыць не за калектывамі, а за пэўнай асобай, акцёрам або рэжысёрам.
Дзяніс Марціновіч