• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
20.10.2017 | Гісторыя Літаратура

Расстраляныя літаратары. Платон Галавач, які перад расстрэлам напісаў: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Платон Галавач з жонкай Нінай і дачкой Галінай, 1933 год

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень нацыянальнай літаратуры. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў беларускага слова.

Платон Главач

Платон Главач

Ён быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ, намесьнікам наркама асьветы БССР, заўсёды заставаўся шчырым камуністам, але, калі пачалася першая хваля рэпрэсій у 1930 г., падаў заяву аб выхадзе з партыі (яе не задаволілі). Крытыкаваў Міхася Зарэцкага, у творчасьці ж быў яму вельмі блізкі. Адчуваў сябе няўтульна ў атмасфэры 30-х і не баяўся пра гэта выказвацца ў прозе, артыкулах, лістах. Незадоўга да арышту пісаў: «Трэба біць чужое, варожае, выганяць яго, але ж трэба ўмець і берагчы людзей…»

Лічыў, што лепш купіць на ўсю стыпэндыю творы Леніна, чым новыя шкарпэткі

​«Па вуліцы Карла Маркса , потым улева па Ленінскай, да каапэратыву. Управа кніжны магазын Наркамасьветы. У вітрыне /…/ „Ленина статьи и речи“, „РКП в резолюциях“. У вачох /…/ аганёк… На вуліцу з зьвязкай кніг, з паўрублём у кішэні /…/

— Наскі вось колькі каштуюць?

— 40 капеек.

— Гм, дарагавата…» (П. Галавач. «Партшколец» (Жыцьцёвы малюнак). // «Савецкая Беларусь», 1925, № 122).

Называў Фета, Бальмонта і Ахматаву «адрыжкамі мінулага»

«Фет, Бальмонт, Ахматава /…/ — адрыжкі мінулага, як старыя заляжалыя ўборы, сьмярдзяць нафталінам…» (П. Галавач, А. Звонак. «Сарваць маску!» // «Савецкая Беларусь», 1929, № 298).

Платон Галавач на старонках «Чырвонай зьмены»

Платон Галавач на старонках «Чырвонай зьмены»

Засмучаўся, што савецкі ўрад забываўся на патрэбы вёскі

«Разьвіць і палепшыць гаспадарку ёсьць моцнае жаданьне і ў сялянства, і ў беднаты. /…/ Але ў нас яшчэ многа непаваротлівасьці, неарганізаванасьці ў працы /…/ Пасьля сходу мне старык-селянін казаў: «у наш куток рэдка людзі заходзяць. За колькі год першы раз агранома бачым і просім яшчэ, каб вэтэрынар прыехаў» (П. Галавач. «У кутку». // «Савецкая Беларусь», 1929, № 4).

Змрочнасьць ягонай прозы параўноўвалі з пастаноўкамі БДТ-1

Платон Галавач. Карыкатура ў «Чырвонай зьмене». 1928, № 49

Платон Галавач. Карыкатура ў «Чырвонай зьмене». 1928, № 49

«Ёсьць пэўная падобнасьць паміж апавяданьнямі Пл. Галавача і няўдалымі пастаноўкамі Першым Беларускім тэатрам няўдалых п’ес нашых маладых драматургаў Шашалевіча і Ільлінскага („Змрок“ і „Лес цёмны“). І там, і там ценевыя бакі блізка што зусім засяняюць сьветлыя зьявы рачавістасьці; і там, і тут блізка што не выяўляюцца дадатныя бакі комуністычнага будаўніцтва ў вёсцы. /…/ Няможна ў працягу бітых шасьці-сямі гадзін чытаньня кніжкі даваць больш ценевыя бакі нашай рачавістасьці і толькі на 2-3 хвіліны выводзіць на сцэну ідэальных прадстаўнікоў новага ладу» (М. Байкоў. «Платон Галавач. „Дробязі жыцьця“». // «Полымя», 1927, № 3).

У сталінскія часы натхняўся творамі мінорнага і выразна трагічнага гучаньня

Пра гэта пісаў за год да арышту: «Навэлі Сэрвантэса каштоўныя элемэнтамі сумнай іроніі». Галавача захапляла, што ў фінале навэляў Мапасана «беспрасьветны адчай /…/, глыбокі пэсымізм». У творах Скрыгана «гучыць то ледзь улоўна, то больш моцна тужлівая нота. /…/ элемэнт трагічнага». Найлепшай навэлай Васіля Каваля называў «Нянавісьць» (1936 г.), бо там хвалюе «Незвычайны трагізм, якім насычаны зьмест… Уражаньне пасіляецца тым, што страляе ў бацьку сын» (Платон Галавач. «Ці патрэбна нам навела?» / Збор твораў. Т.1. 1958).

А. Сенкевич, О. Конокотин, П. Галавач, Ал. Салагуб. Классовая борьба в белорусской литературе, 1932

А. Сенкевич, О. Конокотин, П. Галавач, Ал. Салагуб. Классовая борьба в белорусской литературе, 1932

​Папярэджваў кіраўніцтва партыі, што яе палітыка выклікае скепсіс у камсамольцаў

«Скрыўленьні парткіраўніцтва параджаюць у актывістых комсамольцаў настроі перагляду сыстэмы парткіраўніцтва, такія настроі зьяўляюцца шкоднымі для комсамолу, такія настроі супроцьпастаўляюць комсамол партыі» (Прамова тав. Галавача. Парткіраўніцтва патрабуе палепшаньня. // «Чырвоная зьмена», 1928, № 57).

Лічыў, што тагачасная палітвучоба толькі шкодзіць

«Політвучобай мы часта сушым людзей, а не рэволюцыянэраў выхоўваем. Мінулую барацьбу рабочых і сялян выкладаем суха, схэматычна» (П. Галавач. «Вынікі Усебеларускага і Ўсесаюзнага зьездаў ЛКСМ». // «Чырвоная зьмена», 1928, № 57).

Называў зьняволенага Язэпа Пушчу клясавым ворагам, а ў той жа час брат Пушчы Ізыдор Плашчынскі станоўча ацэньваў кнігі Галавача

Язэп Пушча

Язэп Пушча

«В поэзии поэт Пушча с первых же шагов показал свое лицо национал демократа, и надо сказать, что за это его очень мало били. /…/ Перед Пушчей был поставлен вопрос: или — или. /…/ Но и после „Лістоў да сабакі“ Пушча не только не приблизился к нам, а наоборот:

Узносім перад сонцам чары І п’ем віно за сьлёзы продкаў. Калі зьбяруцца з громам хмары, Тады наноў расставім кропкі.

Это признание классового врага». (П. Галавач. «Пролетарская литература Белоруссии». / Классовая борьба в белорусской литературе, 1932 (зборнік, дзе былі і артыкулы А. Сянкевіча, А Канакоціна, А. Салагуба). У Ізыдора Плашчынскага знаходзім: «Пісалі пра колектывізацыю і бязбожна схэматызавалі яе процэс. /…/ Галавач нічога агульнага з такім падыходам ня мае, бо раскрывае зьяву ў яе праўдзівасьці. /…/ „Спалох на загонах“ — адзін зь лепшых твораў Галавача…» (І. Плашчынскі. «Пра аповесьць Платона Галавача „Спалох на загонах“». // «Узвышша», 1931, № 11-12).

Абвінавачваў «Узвышша» ў спэкуляцыі на сьмерці Паўлюка Труса

Паўлюк Трус

Паўлюк Трус

«…Зьяўляецца /…/ акрэсьлены, варожы акт. /…/ маем на мэце артыкул Ант. Адамовіча, прысьвечаны Паўлюку Трусу і зьмешчаны ў № 7 „Узвышша“. /…/ Гэты артыкул /…/ антысавецкага характару /…/. Рэдакцыя і ўсё аб’яднаньне салідарызуецца з гэтым выступленьнем. /…/ Адамовіч выкарыстаў сьмерць Труса для палітычнага машэньніцтва, яўна накіраванага супроць пралетарскае літаратуры, партыйнага кіраўніцтва. Даводзячы, што Трус вузка-нацыянальны поэта, гіронізуючы над яго інтэрнацыянальнасьцю, даводзячы, што Трус быў фактычна ўзвышэнцам, а не белаппаўцам, ганьбячы яго слаўную памяць, Адамовіч накіроўвае свой удар па пралетарскай літаратуры, па БелАПП’у як адзінай арганізацыі пралетарскіх пісьменьнікаў, імкнучыся апраўдаць варожыя выступленьні паасобных сяброў „Узвышша“ і ўсю дзейнасьць апошняга». /…/ Гэта зьяўляецца нахабнай маной, спэкуляцый над сьмерцю поэты…” (П. Галавач, А. Звонак. «Сарваць маску!» // «Савецкая Беларусь», 1929, № 298, 30-га чэрвеня).

За пяць гадоў да арышту пісаў пра незвычайна гуманнае стаўленьне супрацоўнікаў ГПУ да вязьняў

«На Беламорбудзе было сабрана некалькі дзесяткаў тысяч былых злачынцаў розных катэгорый. Да іх у лягеры АДПУ аднесьліся як да людзей, паказалі мэту, вартую вялікай адвагі і геройства, ім сказалі, што неабходна злучыць каналам два моры, не схаваўшы ад іх цяжкасьцей /…/ забясьпечылі вопраткай, харчамі, вучобай і навучылі працаваць. /…/ Перамагла праўда, якую расказалі гэтым людзям „страшныя“ чэкісты, пра якіх усе гавораць з пачуцьцём вялікай любові» (Платон Галавач. «Ад Мядзьведжай гары да Белага мора». 1934).

Калі быў галоўным рэдактарам «Чырвонай зьмены», то на яе старонках зьмяшчаліся матэрыялы, якія палохалі камсамольцаў наступствамі ананізму

Артыкул з «Чырвонай зьмены» 1929, № 125

Артыкул з «Чырвонай зьмены» 1929, № 125

«Ананізм, асабліва часты, вядзе да функцыянальных палавых растройлівасьцяй і нярэдка да імпотэнцыі. У ананістых вяласьць, пужлівы выгляд, незацікаўленасьць да вучобы /…/ паслабленьне памяці, /…/ галавакружэньне, галаўная боль, сапсаваньне зроку, шум у вушох /…/. Ананізм вядзе да душэўных захворваньняў»

(Доктар Левіцін. Ананізм. // «Чырвоная зьмена» 1929, № 125).

Дазваляў супрацоўнікам «Чырвонай зьмены» крытыкаваць жонку Міхася Чарота

«Ня прыходзіцца гаварыць аб тым, што дзякуючы дрэннаму мантажу, фільм недынамічны, не хвалюе і не захапляе /…/ „Артыстка“ Кудзелька зусім бездапаможна і бледна…» (Мік. Таўбэ. «Хвоі гамоняць». // «Чырвоная зьмена», 1929, № 152).

Засмучаўся, што ў беларускай літаратуры недаацэньвалі значэньне навэлаў

Былы сакратар ЦК ЛКСМБ А. Бараньнікаў і новы — П. Галавач. «Чырвоная зьмена» 1928, № 50

Былы сакратар ЦК ЛКСМБ А. Бараньнікаў і новы — П. Галавач. «Чырвоная зьмена» 1928, № 50

«Я хачу кінуць крытыцы і самім пісьменьнікам абвінавачаньне ў недаацэнцы значэньня ролі навэлі /…/ Гэта абвінавачаньне зусім законнае. Інакш чым жа вытлумачаць нашы крытыкі тое, што яны зусім не заўважылі, не сказалі ні аднаго слова пра /…/ Лынькова як навэліста, а не раманіста? Інакш чым жа вытлумачыць тое, што нашы пісьменьнікі /…/ аддаюць увагу навэле толькі паміж справаю, у часе паміж двума раманамі, калі адзін напісаны, а на другі яшчэ нестае матэрыялу. Інакш чым жа вытлумачыць тое, што гэтыя пісьменьнікі /…/ у навэлях /…/ слабей як майстры, чым у раманах і аповесьцях?» (Платон Галавач. «Ці патрэбна нам навэла?» / Збор твораў. Т.1. 1958).

Вярнуў Масею Сяднёву веру ў творчыя сілы

Польскі пераклад аповесьці «Спалох на загонах». 1933

Польскі пераклад аповесьці «Спалох на загонах». 1933

«У маёй душы сьпелі вершы, якіх бы ніхто і ніколі ў той час не надрукаваў. Больш таго, прачытаць іх каму-небудзь было б вар’яцтвам. Аднойчы ўсё ж я прачытаў паэту-камсамольцу Аркадзю Куляшову /…/ Куляшоў даў мне рэцэпт: „Табе, братка, трэба лячыцца! Ты захварэў на небясьпечную хваробу“. /…/ Як апечаны, пайшоў ад яго. /…/ Празь некалькі дзён я прачытаў гэтыя вершы Платону Галавачу. У яго я знайшоў падтрыманьне. У маіх вершах Платону Галавачу спадабалася „ўзвышанае, журботнае“. У яго было такое перакананьне, што мастак без гэтага — як без душы» (Масей Сяднёў. Выбраныя творы. 2014).

Незадоўга да арышту выступаў супраць сацрэалізму ў літаратуры

«У нас, на старонках газэт асабліва, можна знайсьці багата навэль не аб чым-небудзь, а па поваду „чаго-небудзь“. Вы знойдзеце навэлю пра лепшую даярку, пра лепшага сьвінара, конюха. З навэлі вы можаце, верачы словам аўтара, даведацца, што даярка і сьвінарка і конюх у калгасе амаль раней за ўсіх ідуць на працу і пазьней прыходзяць з працы, што ў іх сьвінарніку і ў хляве чыста, і што кожны дзень конюх чысьціць каня, і не даведаецеся вы ніколі затое таго, якія ж у герояў фізіяноміі, які ў іх склад мысьленьня, якія страсьці, жаданьні, пачуцьці, імкненьні. /…/ Часта рэдактары не глядзяць, ці ёсьць у апавяданьні думка, вобраз, пачуцьцё, а задавальняюцца тым, што ёсьць тэма. У нас часьцей гавораць пра добрыя тэмы і пра вялікія ідэі, а не пра добрыя творы» (Платон Галавач. «Ці патрэбна нам навэла?» / Збор твораў. Т.1. 1958).

Платон Галавач і Міхась Лынькоў

Платон Галавач і Міхась Лынькоў

У 1930-я гады заступаўся за пісьменьнікаў, якіх абвінавачвалі ў ідэалягічных памылках

Вокладка кнігі «Вінаваты», 1930

Вокладка кнігі «Вінаваты», 1930

Міколу Хведаровічу Платон Галавач скардзіўся, што «творы Зьмітрака Бядулі не атрымліваюць добрую ацэнку» і абзываў крытыкаў, якія ганяць Бядулю, «недаваранымі» (М. Хведаровіч. «Памятныя сустрэчы». 1977). Ян Скрыган успамінаў, што пасьля разгромнага артыкулу на ягоныя нарысы «Галавач /…/ безь ніякіх ваганьняў стаў на абарону. Ён увайшоў у камісію па вывучэньню справы і не адступіўся, пакуль не дамогся, каб давесьці, што ў рэцэнзэнта рукі нячыстыя». (Ян Скрыган. «Некалькі хвілін чужога жыцьця». 1990). У лісьце да расейскага літаратара Ўладзіміра Лідзіна Платон Галавач пісаў: «Ёсьць у нас пісьменьнік Сымон Баранавых. У час юбілею Янкі Купалы ён напісаў нацыяналістычную імпрэсію „Матчын сын“ /…/ Больш нацыяналістычных грахоў у С. Баранавых няма. /…/ Але ў нас вакол яго створана недапушчальная атмасфэра. Да напісаньня імпрэсіі ён здаў у Дзяржвыдавецтва кнігу „Муравейнікі“ /…/ Пасьля грэхападзеньня кнігу Бэндэ друкаваць забараніў і патрабуе з аўтара аванс, які той атрымаў. Яе чыталі некалькі рэдактараў. Ні адзін не сказаў, што кніга нявартая, але ні адзін не адважваецца , таму што Бэндэ яе зьняў /…/. вельмі здольны паэт. /…/ Яго зборнік, які быў ужо надрукаваны, затрымалі, таму што ў ім ёсьць 2-4 радкі, дзе ёсьць нібыта шкадаваньне да кулака. Другі зборнік „Глыбокае рэчышча“ быў дазволены, Клімковіч, як рэдактар, не дазволіў друкаваць па той прычыне, што многія вершы былі для яго незразумелыя… Зборнік перад тым рэдагаваў я. Ведаю, што ў зборніку нічога шкоднага няма. Ёсьць вершы, якія даступны толькі кругу кваліфікаваных чытачоў, дык іх, у крайнім выпадку, можна было б выкінуць /…/ Я раіў гэтак аўтару, і ён быў ужо згодны, але калі аўтар папрасіў у Дзяржвыдавецтва вярнуць яму зборнік для перагляду, Бэндэ не аддаў яго… Больш бяздушных адносін да чалавека цяжка прыдумаць…» (5 красавіка 1934 году, ліст да Уладзіміра Лідзіна. / Д. Бародзіч. Пісьмы Платона Галавача. // «Полымя», 1963, № 4).

У сваёй прозе шкадаваў «клясавых ворагаў» і пісаў на палітычна рызыкоўныя тэмы

Адзін з крытыкаў абурана адзначаў: «…уплыў дробнабуржуазнага аб’ектывізму, паглыбленьне ў індывідуалістычную псыхалёгію /…/ такі дэзэртыр у апавяданьні „Уцякач“. Гэты дэзэртыр нічым дрэнным не адрозьніваецца ад сваіх таварышаў-чырвонаармейцаў і калі ўцякае з фронту, то толькі пад уплывам „жахаў вайны“, якія ня можа вытрымаць яго „тонка арганізаваная псыхіка“. Мы бачым у ім простага чалавека, які пратэстуе супраць бессэнсоўнага зьніштажэньня сваёй асобы, які стыхійна любіць жыцьцё і ўсё жывое /…/ аўтар не выкрывае клясава-варожай існасьці дэзэртырства, і таму сам расстрэл зьяўляецца проста жорсткасьцю… У аповесьці „Вінаваты“ аўтар дае „трагэдыю“ партыйца, сацыяльна-чужога паходжаньня, выключаюць за соцыяльнае паходжаньне: бацька да рэвалюцыі служыў у ахранцы /…/ „Праблема“ не асабліва характэрная, а галоўнае, не асабліва значная для інтарэсаў клясавай барацьбы пралетарыяту. /…/ бацька-ахраньнік па ходу дзеяньня прадстаўлены ня дрэнным чалавекам, які толькі дзякуючы сваёй нявопытнасьці „паступіў на службу“ ў ахранку» (Б. Каваленка. «Платон Галавач» // «Маладняк», 1932, № 2-3).

Пераканаў каханую кінуць мэдыцыну і стаць пісьменьніцай, чым зламаў яе жыцьцё

Платон Галавач і яго жонка Ніна

Платон Галавач і яго жонка Ніна

Платон Галавач быў жанаты, пяшчотна ставіўся да жонкі, меў дваіх дзяцей, але разам з тым кахаў студэнтку мэдыцынскага факультэту Яўгенію Каплунову, якой «…пры кожнай сустрэчы казаў: „Тваё месца ў літаратуры, а не ў мэдыцыне, дзе ты выпадковы чалавек. /…/“. Дзякуючы Галавачу, перавялася ў пэдагагічны інстытут і вельмі шкадавала: „Якая нячыстая сіла пагнала мяне з мэдінстытута на літфак і загубіла ўсё маё жыцьцё?!! /…/ Вось так я прыйшла на сваю пагібель. /…/ Літаратара зь мяне не атрымалася, а выйшла пакутніца“. /…/ адной з прычын арышту сталі /…/ сяброўства і перапіска з „ворагам народу“ Платонам Галавачом» (Віктар Жыбуль. «Гэта склала б цэлы цікавы том…» Платон Галавач у згадках Яўгеніі Каплуновай. // «Роднае слова», 2013, № 4).

Ад сваіх паказаньняў супраць яго адмаўлялася каханая

Платон Галавач з дачкой

Платон Галавач з дачкой

«…на судзе 2 кастычніка 1937 г. Яўгенія Каплунова заявіла: «…я адмаўляюся ад падпісаных на сьледстве паказаньняў /…/ Сьледчыя абвінавачвалі ў нейкіх сувязях з Платонам Раманавічам Галавачом, былым сакратаром ЦК камсамола Беларусі, добрым і справядлівым пісьменьнікам. /…/ ён зусім не вораг народа, як гэта хацелі сьцьвердзіць сьледчыя» (Віктар Жыбуль. «Гэта склала б цэлы цікавы том…» Платон Галавач у згадках Яўгеніі Каплуновай. // Роднае слова, 2013, № 4).

Разам з Алесем Вечарам. Апошні прыжыцьцёвы здымак Платона Галавача. Жнівень, 1937 год

Разам з Алесем Вечарам. Апошні прыжыцьцёвы здымак Платона Галавача. Жнівень, 1937 год

​У 30-я гады добра адчуваў, што знаходзіцца «пад падазрэньнем»

«Пасьля зьезда ў нас мала што зьмянілася, больш падазронасьці ў адносінах да мяне, але мяне прывучылі ўжо да некаторай ізаляцыі» (13.1.1935, ліст да Уладзіміра Лідзіна. / Д. Бародзіч. «Пісьмы Платона Галавача». // «Полымя», 1963, № 4).

Васіль Дэ-Эм, Радыё Свабода

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?

«Ці можна мне вясной насіць сваё чырвонае паўпаліто і белую шапку, а летам белыя штаны і чырвоную кашулю?», запыт з такім пытаннем карэспандэнт НЧ накіравала да начальніка Слуцкага РАУС...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены: Ігар Лосік спыніў галадоўку

Ігар Лосік спыніў галадоўку пасля 42 дзён і звярнуўся да беларусаў. "Я решил прекратить голодовку. Почему я это сделал? Точно по собственному желанию. Я не принимал пищу...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты

Як склаўся лёс трох беларускіх студэнтаў, якія з натхненьнем успрынялі леташнюю выбарчую кампанію, далучыліся да пратэстаў і трапілі пад перасьлед уладаў — у публікацыі Свабоды. ...

valiancina_shauchenka
Навіны "Будзьма!" Літаратура

«Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча

Гэты ролік – працяг відэапраекта ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра «Словы мацней». Гэты праект – рэакцыя на пераслед людзей, якія неўзабаве пасля згаданых...

Апошнія навіны

    Грамадства
    «Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?
    Грамадства
    У вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены: Ігар Лосік спыніў галадоўку
    Грамадства
    «Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты
    Навіны "Будзьма!" Літаратура
    «Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    Грамадства
    Інвестклімат Беларусі: ад абвалу рэйтынгу бяспекі да адмены чэмпіянату
    Грамадства
    «Крымінальны» 2020-ты. Як і за што пратэстоўцы атрымлівалі тэрміны зняволення
    Грамадства
    Алена Анісім: Для беларускай мовы наступае чарговы выклік
    Мастацтва
    Леанід Шчамялёў ― летапісец эпохі, пясняр прыгажосці
    Грамадства
    Як паводзіць сябе на допыце. 8 парадаў адваката
    Грамадства
    Чыноўнікі прыдумалі, як замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу
    Музыка
    Nizkiz у інтэрв'ю Жыццё-маліна: Мы адназначна вырашылі — навошта маўчаць пра тое, што ў цябе ўнутры
    Каляндар
    Каляндар на 25-31 студзеня. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Музыка
    Беларускі фонд культурнай салідарнасці распачынае анлайн-фэст #АртыстыПерамогі!
    Каранавірус
    Чаму адны хварэюць на кавід цяжэй за іншых? Прычынай могуць быць антыцелы-пярэваратні

Афіша

  • 27.01 20:00Рэха. Шчыры анлайн
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    • Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    • Дзве матрыцы і адна Галгофа Аляксея Навальнага
    • Як паводзіць сябе на допыце. 8 парадаў адваката
    • Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM