• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
20.02.2019 | Беларуская мова

Са спазьненьнем на 100 гадоў выйшаў слоўнік, які дэманструе багацьце беларускай мовы

10 фактаў пра «Расейска-беларускі слоўнік» і яго ўкладальніка Апанаса Ярушэвіча ад радыё Свабода.

Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук і Нацыянальны архіў Беларусі выдалі з падзагалоўкам «Архіўная спадчына» «Расейска-беларускі слоўнік» Апанаса Ярушэвіча. Аб’ем яго ўражвае —13 190 рэестравых адзінак. У аснову слоўніка пакладзеныя матэрыялы цэнтральных гаворак Беларусі — тых гаворак, якія сталі асновай для нармалізацыі, стандартызацыі беларускай літаратурнай мовы.

Але слоўнік адлюстроўвае матэрыялы, сабраныя ня толькі з ваколіц Маладэчна, сьцьвярджаюць дасьледчыкі.

1. Выданьне спазьнілася на цэлае стагодзьдзе

Апанас Ярушэвіч зьбіраў матэрыялы для слоўніка ў 1907–1918 гадах, калі слоўнікаў новай беларускай мовы яшчэ не было або яны толькі рыхтаваліся. Завяршыў працу ён у 1918 годзе. Жонка Ярушэвіча Вольга прынесла рукапіс у Інстытут беларускай літаратуры. Але зь невядомых прычын слоўнік тады ня выйшаў.

І толькі праз 100 год адмыслоўцы — у першую чаргу ўкладальніца, навуковая супрацоўніца Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Ірына Галуза і навуковая рэдактарка, загадчыца аддзелу дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі Інстытуту мовазнаўства Вераніка Курцова — падрыхтавалі яго да выданьня. Наклад — усяго 150 асобнікаў.

2. Ярушэвіч вучыўся ў Вільні і Санкт-Пецярбургу, тэма дысэртацыі — Канстанцін Астроскі

Укладальнік слоўніка Апанас Ярушэвіч — багаслоў, гісторык, пэдагог, дзяяч культуры. Нарадзіўся ён у 1867 годзе ў сям’і псаломшчыка Літоўскай праваслаўнай эпархіі (Віленскай губэрні). Вучыўся ў Віленскім духоўным вучылішчы, Літоўскай духоўнай сэмінарыі, Санкт-Пецярбурскай духоўнай акадэміі. Там жа абараніў дысэртацыю «Ревнитель православія князь Константинъ Ивановичъ Острожскій (1461–1530) и православная Литовская Русь въ его время».

Працаваў у навучальных установах Вільні, Смаленску. З 1907 па 1920 гады быў дырэктарам Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі.

Пасьля 1920 году ніякіх зьвестак пра Апанаса Ярушэвіча і яго сям’ю ня знойдзена. Невядомая і дата ягонай сьмерці.

3. Насамрэч было два слоўнікі: расейска-беларускі і беларуска-расейскі. Другі зьнік

З 1907 году Апанас Ярушэвіч з этнаграфічнай цікавасьці зьбіраў сам і з дапамогай вучняў беларускія словы і разнастайныя фальклёрныя матэрыялы. Завяршыў укладаньне слоўніка ён у 1918 годзе.

Загадчыца аддзелу дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Вераніка Курцова мяркуе, што Апанас Ярушэвіч падрыхтаваў два слоўнікі.

«На самой справе было падрыхтавана два слоўнікі: расейска-беларускі і беларуска-расейскі. Узгадкі пра беларуска-расейскі слоўнік былі, але куды ён падзеўся, невядома», — кажа Вераніка Курцова.

 

​4. Слоўнік напісаны ў сшытку ў лінейку

«Расейска-беларускі слоўнік» захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі, фонд 311, «Калекцыя дакумэнтаў вучоных». Слоўнік напісаны ў сшытку ў лінейку памерам 22 на 26 сантымэтраў, чорным атрамантам. Рэестравыя словы стаяць у альфабэтным парадку ў адзін слупок зьлева. Побач — тыя адзінкі, якія аўтар прапусьціў або якімі хацеў пашырыць рэестар.

5. Браніслаў Эпімах-Шыпіла зрабіў больш за 300 правак

Рукапіс слоўніка, відавочна, чытаў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, пра што сьведчаць праўкі (іх больш за 300) чырвоным атрамантам па тэксьце слоўніка.

Алоўкам у слоўніку рукой Эпімаха-Шыпілы пазначана: «усяго — 9505 слоў перакладзеных». Пазьней ва ўсіх нататках, нарысах, дасьледаваньнях паўтараецца наступная інфармацыя: «У гэтым слоўніку — больш за 12 тысяч слоў, зь іх 9505 слоў маюць пераклад на беларускую мову».

«Гэта быў дастаткова вялікі па сваім аб’ёме слоўнік. Бо ўсе астатнія, якія выходзілі ў 1920-я гады — маленькія (да прыкладу, слоўнік братоў Гарэцкіх). Пасьля ўліку лексэм, якія паўтараюцца і перакладаюцца па некалькі разоў, фіксацыі аднакарэнных слоў, граматычных формаў і г.д. агульная колькасьць лексэм у слоўніку склала 13 190», — кажа Вераніка Курцова, загадчыца аддзелу дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі.

6. «Чэрпаць зь бясконцай скарбніцы рускай мовы», а не «з запасаў панскіх двароў»

Слоўнік ствараўся на пачатку ХХ стагодзьдзя, калі вельмі востра стаялі пытаньні артаграфіі, ішлі бурныя дыскусіі пра літаратурную мову, пра тое, якія павінны быць яе стандарты.

«У артаграфічным аспэкце слоўнік вельмі цікавы тым, што Ярушэвіч вельмі выразна заявіў сваю пазыцыю: ён трымаецца таго, што мы называем заходнефільствам. Ярушэвіч лічыў, што ў слоўніках, якія выдавалі Гарэцкія, вельмі вялікая перавага аддавалася польскамоўным запазычаньням. Яны аселі, прыжыліся ў народзе, але разам з тым захоўвалі чужое аблічча.

Ярушэвіч заявіў, што ў нас досыць сродкаў, і стараўся выкрасьліць гэтыя словы з ужытку. Таму ў слоўніку такіх лексэм — адзінкі. Але вучні, якія зьбіралі матэрыял, ня вельмі добра валодалі беларускай, размаўлялі па-расейску, таму гэтыя хібы захаваліся ў слоўніку цалкам», — кажа Вераніка Курцова.

Пры адборы матэрыялу ў слоўнік Ярушэвіч прытрымліваўся тых установак, якія ў выглядзе крытычных заўваг выклаў у рэцэнзіі на слоўнік Гарэцкіх (Руска-беларускі слоўнік. Браты М. і Г. Гарэцкія. Смаленск, 1918 год). Рэцэнзія выйшла ў тым жа 1918 годзе ў петраградзкім часопісе «Чырвоны шлях».

У прыватнасьці: пры зборы матэрыялу арыентавацца на «агульнабеларускую гаворку, гаворку беларускага цэнтру (Барысаў — Ігумен — Менск)»; «чэрпаць зь бясконцай скарбніцы рускай цуднай мовы», а не «з запасаў панскіх двароў».

7. У слоўніку багата сынонімаў

Як падаецца лексыка ў перакладным слоўніку? З аднаго боку, гэта звычайны гнездавы спосаб, кажа Вераніка Курцова.

«Але ў Ярушэвіча прыводзілася вельмі вялікая колькасьць сынонімаў, выкарыстоўваючы якія, можна перадаць самыя дакладныя адценьні ў значэньні таго ці іншага слова».

Да прыкладу, «детство» Ярушэвіч падае як дзяцінства, маленства (з пазнакай «Гарэцкі»), маленкосьць. «С детства» — змалку.

А «детина» — байбус, бейбус, бамбіза, бусайла (Гарэцкі).

«Уважение»: увага, павага, шанаваньне, пашана.

«Метель»: мяцеліца, завея, завіруха, вея, сумець (Гарэцкі).

«Горе»: бяда, злыбяда, жаль, нуда, нядоля, няўцеха. «Горе мне» — авохці мне (Гарэцкі).

8. «Ян, Янка, Янук, Ясь»

У слоўніку шмат уласных назоўнікаў.

Імёны: Аляксандэр і Алесь; Гельяш і Ілля; Юрка; Грігор і Грішка; , Ян, Янка, Янук, Ясь; Паўлюк і Павал; Пятрусь, Пятрок і Пятрук.

Гарады: Вільня; Вітэбск і Вітабск; Гродня; Коўна; Лепэль; і Менск; Петраградзь; Полац{а}к.

Ёсьць краіны, часткі сьвету: Багарія, Беларусь і Беларущіна, Гэрманія, Індзія, Маскоўщіна, Немеччіна, Пэрсыя, Расея, Сыбір, Украйна.

А таксама — рэкі, азёры, моры, сьвяты народна-цакоўнага календара, імёны сьвятых, кнігі Сьвятога Пісаньня…

9. Гыжа, кракліцца, тубаця, шпэла…

Асобны разьдзел — «Оригинальные, редкие и непонятные слова». Ён быў дададзены самім Ярушэвічам, словаў у ім 461. Большасьць іх сучаснай беларускай літаратурнай мове добра знаёмыя: аповесьць, будыніна, вобмаль, вырай, глеба, дабрадзей… Але некаторыя ў яе не ўвайшлі, і знайсьці іх у гаворках можа быць няпростым заданьнем — асабліва калі да іх не дададзены пераклад або ілюстрацыя.

10. «Калі кажуць, што мова наша бедная, відавочна — бедны розум таго, хто так кажа»

«Расейска-беларускі слоўнік» Апанаса Ярушэвіча — сапраўды сыстэматызаваны каталёг сродкаў, якія мелі шырокі ўжытак у беларускім маўленьні на пачатку ХХ ст. І гэтыя адзінкі жывуць у нашых беларускіх гаворках, кажа Вераніка Курцова.

«Паколькі гэта архіўная спадчына, мы павінны выкарыстоўваць гэты слоўнік як дакумэнт. А гэта значыць, цалкам захаваць аблічча напісаньня слоў у тым выглядзе, у якім яны пададзеныя ў Ярушэвіча. І захаваць сыстэму агульнапрынятых умоўнасьцяў, якія характэрныя для любога слоўніка.

Праца над матэрыялам паказала, наколькі багаты маўленчы рэпэртуар сродкаў, які быў характэрны для беларускай мовы на пачатку ХХ стагодзьдзя. Калі кажуць, што мова бедная, відавочна — бедны розум таго, хто так кажа», — перакананая загадчыца аддзелу дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Вераніка Курцова.

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год

Цудоўную навіну паведаміў паэт Сяргей Панізнік: сябра Рады ЗБС «Бацькаўшчына» прафесар Адам Мальдзіс за надзвычайны ўклад у развіццё беларускай культуры і літаратуры ўганараваны Дыпломам Беларускага Інстытута...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Стваральнік надпісаў «Жыве Беларусь» на мапе: «Я таксама быў апалітычны»

Мінчук Вадзім Сіманаў ёсць тым чалавекам, які стварае пры дапамозе бега і адмысловага прыкладання, надпісы і малюнкі на мапе Мінска. У вялікай гутарцы з «Трыбунай» ён кажа, што да вясны 2020 года быў апалітычным....

valiancina_shauchenka
Музыка

Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі

Вядомая беларуская спявачка, бард, збіральніца народных песень Таццяна Грыневіч з-за каронавіруса даўно не вандруе па Беларусі, не радуе беларусаў сваімі музычнымі творамі. Дзе цяпер спадарыня Таццяна і чым...

valiancina_shauchenka

Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі

Ціхан Чарнякевіч піша на budzma.by пра нядаўні візіт прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазеля ў Мінск. Усім вядомыя, думаю, выказванні накшталт «спорт па-за палітыкай» альбо «проста бізнес,...

Апошнія навіны

    Літаратура
    Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год
    Грамадства
    Стваральнік надпісаў «Жыве Беларусь» на мапе: «Я таксама быў апалітычны»
    Музыка
    Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі
    Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі
    Грамадства
    У Гомелі затрыманы праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    Літаратура
    Цыкл мерапрыемстваў, прысвечаны 100-годдзю Івана Шамякіна, стартуе ў БДУ
    Грамадства
    «64 дні ігнараваньня, праслухоўваньня, запалохваньня». Маці забітага Рамана Бандарэнкі звярнулася да Рэне Фазэля
    Краіна
    Сіноптыкі распавялі, калі нарэшце пацяплее
    Грамадства
    Белпошта прапануе выбраць найлепшую марку за 2020-ы. Там нават ёсць «Ева» Суціна і «Закаханыя» Шагала
    Асоба
    Заўтра адбудзецца грамадскае развітанне з Леанідам Лычом
    Краіна
    Беларусь страціла 98 пазіцый у рэйтынгу бяспекі краін
    Навіны "Будзьма!" Літаратура
    «Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота
    Грамадства
    Gaudeamus igitur: дакумэнтальны фільм пра студэнцкі пратэст у Беларусі
    Грамадства
    З Унівэрсытэту фізычнай культуры на знак пратэсту супраць дзеяньняў дзяржавы звольніўся кандыдат навук

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • «Што там ў піндосаў», або Чаму Маск — найлепшы прэзідэнт для ЗША

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM