У сваіх сацыяльных сетках “Наша Ніва” абвясціла пра стварэнне новага гендарнага праекта. Гэта чарговы раз дэманструе нам, якім чынам словы выкарыстоўваюцца не па сваім прызначэнні і як лёгка жангляваць сэнсамі. Ніжэй крыху пра тое, чаму не варта называць праект пра тонус у сям’і і модныя трэнды “жаночым” і “гендарным”.
- Маніпуляванне значэннямі
Гендар — панятак, прызначаны для сацыяльнай крытыкі. Ён дае нам магчымасць размежаваць біялагічныя адрозненні паміж людзьмі і ролямі гэтых самых людзей у грамадстве. Гендарны падыход тлумачыць, якім чынам сканструяваныя тыя ці іншыя з’явы, і прапаноўвае разнастайнасць жыццёвых сцэнароў.
Аднак калі мы заходзім на сайт “Нашай Ніны”, то адразу ж трапляем у пастку стэрэатыпаў і абагульненняў. І праблема тут, безумоўна, не ў прыметніку “жаночы”, а ў тым, як пададзеныя матэрыялы. Найчасцей мы не знаходзім крытычнай пазіцыі аўтараў/аўтарак датычна структурнай дыскрымінацыі, а інфармацыя пра парушэнне правоў жанчын падаецца аднабакова і з немагчымай для спецыялізаванага партала дыстанцыяй. Рэдакцыя з першага ж дня працы не цураецца магчымасці трансляваць мову варожасці і незычлівае стаўленне да жанчын, што перажылі гвалт. Да таго ж адсутнічае мадэрацыя каментароў, якія відавочна выходзяць за межы этыкі.
Гендарным можна назваць праект, які праблематызуе нярoўнасць і скіраваны на пераадоленне дыскрымінацыі. У выпадку з “Нашай Нінай” мы маем кансерватыўны патрыярхатны рэсурс — ён не тлумачыць розніцу, а стварае і падтрымлівае яе.
- Першы ў свеце беларускамоўны рэсурс для жанчын?
А астатнія беларускамоўныя рэсурсы для каго? Зноў у Беларусі зрабілі нешта “першае”?
Гэтыя два пытанні ўзнікаюць імгненна. З аднаго боку, мы сустракаемся с любімай нацыянальнай гульнёй — назваць свой прадукт “першым”. З іншага, публікацыя “матэрыялаў, арыентаваных найперш на жанчын” вельмі нагадвае самы звычайны класічны сэксізм. Адсюль усяго толькі крок да кнігі “Компьютер для женщин. Цветной самоучитель” альбо “ПДД для женщин”.
Не бывае навін, “арыентаваных на жанчын”, бо ўсе мы розныя — з разнастайнымі цікавасцямі і патрэбамі. Ні жанчынам, ні мужчынам не трэба нічога тлумачыць спецыфічнай “гендарнай” мовай. Не варта й абагульняць і браць за ўзор стэрэатыпны зборны вобраз, то бок закідваць першых рэцэптамі закатак і мімімішнымі інстаграмамі, а другіх — артыкуламі пра навіны палітыкі і эканомікі.
У сучасным свеце яно больш так не працуе.
Што было б сапраўды карысным — дык гэта адразу ж пазбавіцца сэксуалізаваных ілюстрацый, пазнаёміцца з “метадычкамі” па мове варожасці і пашырыць дыяпазон публікацый, пакінуўшы жоўтым старонкам матэрыялы пра шлюб “самай прыгожай спартсменкі” і “сямейныя сакрэты дэпутаткі”. А яшчэ лепей пакінуць гэтыя матэрыялы і фармулёўкі ў мінулым стагоддзі. Пра тое, як недарэчна выглядаюць тэксты падобнага кшталту можна пабачыць, дзякуючы пярэкрутам.
- Рубрыкацыя
Каханне, сям’я, дом, трэнды… Тут няма і знаку так званых global issues, тых самых “сур’ёзных праблемаў”, якія маюць непасрэдную сувязь з пытаннямі размеркавання ўлады і грошай. Замест гэтага — зварот да прыватнай сферы, нягеглая размова пра самаразвіццё, дзе больш спасылак на “беларускасць”, чым уласна самарэалізацыю, і сапраўды бардачок. Так каманда “Нашай нівы” і “Нашай Ніны” ўяўляе сваю аўдыторыю? Такім чынам выглядае новы нішавы праект у 2017 годзе?
Рубрыкацыя грае вельмі значную ролю, бо яна непасрэдна адлюстроўвае палітыку і намеры выдання. Адкуль з’явілася інфармацыя пра тое, што цікава чытачкам “Нашай Ніны”? Ці праводзілася даследаванне і на якой метадалогіі яно грунтавалася? Калі так, то добра было б удакладніць гэты момант, калі не — то мы зноў вяртаемся да тэмы стэрэатыпаў і абагульненняў. А гэта ўжо не мае ніякай сувязі з рэальнай аўдыторыяй партала і знаходзіцца крыху далей ад дэмакратычных каштоўнасцей, чым можна ўявіць.
Пытанні кахання, знешнасці, ладу жыцця, сям’і — гэта не “жаночае” пытанне.
Матэрыялы на гэтыя тэмы чытаюць у тым ліку і тыя, хто цікавіцца ўкладкай вусаў і барады альбо глядзіць ютуб-каналы пра трэніроўкі і харчаванне на масу/парады пры “сушцы”. Капіталізм лёгка стварае сабе новыя спажывецкія групы, канструюе “патрэбы” і прадае сродкі для “догляду” і кантролю кожнай часткі цела. Гэта не вельмі суцяшальны факт, але тым не меней характэрны для сённяшняга дня.
А што да зместу новага выдання, было б няблага ўбачыць што-небудзь пра эмацыйную працу, справядлівае размеркаванне хатніх абавязкаў і трансфармацыю сучаснай сям’і.
- “Наша Піва”?
“НН, што за халера, а дзе чыста мужчынскі сайт? Дыскрымінацыя!”, “Што за сэкзiзм?! Дзе мужчынскі?”, “Што за дыскрымінацыя? А мужчынскі партал дзе?” — ці то абураюцца, ці то іранізуюць каментатары.
Аднак давайце не блытаць. Дыскрымінацыя — гэта якраз “асобны праект для жанчын”, які больш нагадвае суцэльную рубрыку “Забаўкі”. І можна яшчэ паспрачацца, на каго яны арыентаваныя, бо артыкул “Часопіс Maxim назваў самую сэксуальную жанчыну планеты 2017 года. ФОТЫ” надта добра рыфмуецца з матэрыяламі для аматараў аб’ектывацыі.
Размова пра “жаночае пытанне” часцяком прымушае аўдыторыю хвалявацца. Сапраўды, калі пад сумнеў бяруцца фундаментальныя для цябе рэчы, змірыцца з гэтым няпроста. Але калі ўсвядоміць, што атрыманыя табой перавагі ў прыватнай і публічнай сферы сфармаваліся з прычынаў сацыяльнай несправядлівасці, няроўных правоў і магчымасцяў, мусіць стаць прасцей. Асабліва калі ты таксама не першы год марыш пра свабоду і дэмакратыю.
На двух крэслах уседзець не атрымаецца: альбо правы для ўсіх, альбо маем што маем.
Не ведаю, як магло б выглядаць “Наша Піва”, але цяпер менш за ўсё хочацца, каб развагі і крытыка сышлі ў гэты бок. З’яўленне гендарна нячулага “мужчынскага” праекта справу роўнасці не палепшыла б. Гэта нам яшчэ пашчасціла, што яго няма.
- Памнажэнне няроўнасці
Запуск праекта “Наша Ніна” з цяперашнім пасылам і зместам — гэта выразнае палітычнае выказванне на полі кансерватыўных каштоўнасцей, на якое напластавалася ідэалогія неалібералізму. Менавіта таму побач з развагамі пра “традыцыйную сям’ю” мы знаходзім матэрыял пра “ўсяго толькі продаж сэксуальнай карцінкі”. Чытаем пра цяжкую “працу” інтымных шоу ў анлайн-відэачаце, а не пра прывілеі і несправядлівае размеркаванне рэсурсаў. Бачым дыскрымінацыйную лексіку і не заўсёды карэктнае візуальнае аздабленне. Такі падыход больш гаворыць пра ўяўленні стваральнікаў і стваральніц сайта, а не пра патрэбы беларускіх жанчын.
“Ніне” б сапраўды стаць “супержанчынай, для якой няма межаў ні ў галаве, ні навокал”, аднак пакуль яна больш нагадвае замураваную князёўну, якой няшчасціць ад нараджэння. Якую, можа, вось-вось вызваляць і нават дадуць глыток эмансіпацыі.
Але гэта ўжо таксама патрыярхатная казачка за крок ад нацыянальнай траўмы.
Таня Сяцко