27 лістапада спынены крымінальны пераслед усіх удзельнікаў справы «Белага легіёну». Матэрыялы справы перададзеныя ў пракуратуру. Пра гэта заявіў 30 лістапада кіраўнік СК Іван Наскевіч на прэс-канферэнцыі ў Магілёве, піша Tut.by.
Справа «Белага легіёна» пачалася ў сакавіку напярэдадні Дня Волі, да якога апазіцыя традыцыйна рыхтавала вулічную акцыю.
21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што затрымана некалькі дзясяткаў баевікоў, якія «трэніраваліся ў лагерах са зброяй» у Беларусі і за мяжой, а таксама рыхтавалі правакацыі. Пачаліся затрыманні.
У выніку па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.
Сярод затрыманых былі дзеючыя і былыя супрацоўнікі памежных войскаў, Узброеных сіл, МНС і Унутраных войскаў. У мінулым некаторыя з іх — актывісты незарэгістраванага спартыўна-патрыятычнага клуба «Белы легіён» (спыніў дзейнасць 15 гадоў таму) і афіцыйнага клуба «Патрыёт» для падлеткаў у Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек — актывісты незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту».
Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі кадры ператрусаў і як канфіскоўвалася зброя. Газета «СБ. Беларусь Сегодня» пісала, фігуранты адпрацоўвалі баявыя навыкі, вялі ідэалагічную падрыхтоўку і называлі сваёй мэтай «абарону краіны ад агрэсара».
Удакладнялася, што справа пачалася з ліста нейкай «фрау А.» на імя Лукашэнкі: грамадзянка Германіі з беларускімі каранямі паведаміла аб «правакацыях» на 25 сакавіка ў Мінску.
Нягледзячы на тое, што справа атрымала рэзананс, афіцыйна яе каментавалі рэдка.
У чэрвені КДБ спыніў крымінальны пераслед фігурантаў справы аб беспарадках. А расследаванне пра ўзброены фарміраванні перадалі следчаму камітэту (дарэчы, гэта першая справа па такім артыкуле ў краіне).
Тады ж фігурантаў паступова выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні. З некаторых і зусім знялі абвінавачванні. Але расследаванне працягнулася.
Пры гэтым кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык у чэрвені папярэджваў, што «пакуль заўчасна казаць, ці дойдзе да суду» справу «Белага легіёна», а старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч абяцаў «на працягу восені» паставіць кропку.
Глядзіце таксама: