Аліса Бізяева напісала і збірае перадзамовы на кнігу апавяданняў па-беларуску “Дзяўчына на прыпынку” на краўдпляцоўцы Ulej.
Пісьменніца жыве за мяжой, у крымскай вёсцы ля Бахчысарая, але піша на дзвюх мовах і друкуецца ў беларускіх часопісах і інтэрнэт-выданнях, у тым ліку на kyky.org, Bookster.by, 34mag.net. Некаторыя апавяданні са зборніка былі надрукаваныя: “Трамвайны сон” і “Дзяўчына на прыпынку” — у часопісе “Дзеяслоў” №81, “Чёртова инструкция” — у “Макулатуры” вольнамастацкай, “Азёрны хлеб” — у “Нашай Ніве”, “My Brother Inside” — на сайце kyky.org .
У 2002 годзе Аліса разам з Януком Латушкам стварыла вядомы сайт Litara.net, які ў свой час быў найбуйнейшай літаратурнай талакой Беларусі. У 2015-м выйшла кніга Алісы Бізяевай “Крым для детей” у расійскім выдавецтве “Эксмо”.
Засталося 2 дні, каб падтрымаць і літаральна выратаваць кампанію. На сваёй facebook-старонцы Аліса робіць несуцяшальныя высновы: “Пірожныя па малюнках прадаваць лягчэй, чым кнігі. Паглядзіць чалавек на малюнак, і ў яго адразу ўзнікае жаданне. Пытанне, ці карыснае пірожнае, узнікае ўжо потым, калі яго набылі і, хутчэй за ўсё, нават з’елі.
А з кнігамі — наадварот. Кнігу не хочацца адразу, звонку гэта стос паперы з пэўнай колькасцю друкарскай фарбы ўнутры. Калі чалавек бачыць кнігу на малюнку, у яго, на жаль, не з’яўляецца жадання, але з’яўляецца сумнеў: “Адкуль я ведаю, раптам гэта нейхая лухта, мабыць, аўтар увогуле не ў маім гусце”.
Магчыма, унутры хаваецца скарб, пра які можна даведацца, толькі прачытаўшы. Гэта я не пра сваю кнігу, а ў больш шырокім сэнсе. Мая кніга — зборнік дзявочых апавяданняў, якія я пісала працягам двух гадоў. Там радасці, страхі, усвядомлення. Скарбаў там няма, хіба некалькі дыяментавых слязінак. Простыя сюжэты з нашага жыцця, якія часам раскрываюцца і граюць, як музыка, пад уплывам ўспрымання чалавекам-мастаком. Усё магчыма, калі толькі не адмаўляцца ад наяўнасці цудаў.
За 2 тыдні ў натоўпе з некалькі тысячаў чалавек я здолела прадаць усяго толькі 65 асобнікаў, і гэтага недастаткова, каб надрукаваць наклад. Трэба прадаць яшчэ 30, каб кніга-пірожнае магла прарвацца па-за межы інтэрнэту і пачаць больш уласцівае ёй жыццё — на палічках беларускіх кнігарняў”.