• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
30.06.2016 | Adnak!

Сяргей Метта: “Беларускамоўная рэклама павышае агульны градус “беларускасці” у грамадстве”

Заснавальнік аднаго з самых вядомых айчынных брэндаў чыпсаў і гендырэктар кампаніі “Анега” Сяргей Метта распавёў нам, чым яму карысна як бізнэсоўцу, беларускасць у беларусах, што нам варта пераняць ад літоўцаў і як правільна выхоўваць дзяцей.

m2

— Спадар Сяргей, у вас досыць нетыповае для Беларусі прозвішча.  

— Сапраўды. Але ў вёсцы Курганы, што пад Мінскам, адкуль я родам, палова насельніцтва мае такое прозвішча. Гадоў 20 таму ў Беларусь прыязджалі французскія журналісты, каб даследаваць, як тут жывуць нозьбіты французскіх прозвішч. Яны таксама наведалі і маю родную вёску і распавялі некалькі цікавых версій паходжання прозвішча Метта на беларускіх землях. Карані яе сягаюць у графства Монбіл’яр, якое знаходзіцца на французска-нямецка-швейцарскай мяжы. У 17-18 стагоддзях гэта тэрыторыя пастаянна ўваходзіла ў склад розных краін. Праз гэта ўзнікалі шматлікія канфлікты і эканамічныя блакады, таму мясцовае насельніцтва ў пошуках лепшай долі часам мусіла пераязджаць на іншыя землі. Вось падчас такой чарговай хвалі іміграцыі яны і з’явіліся на Беларусі. Другая версія больш рамантычная. Ураджэнец Монбіл’яра пакахаў літоўскую шляхцянку і вырашыў пераехаць бліжэй да яе радзімы, а разам з ім у далёкае падарожжа выправіліся і яго аднавяскоўцы. Так яны і аселі ў вёсцы Курганы. Мае дзядуля і бабуля былі стрыечнымі братам і сястрой, бо па веравызнанні яны былі лютэранамі, і ў іх сем’ях імкнуліся пабрацца шлюбам з прадстаўнікамі сваёй канфесіі.

Заўсёды важна кімьсці быць і захоўваць свае карані, асабліва ў часы глабалізацыі. Культурныя і рэлігійныя адрозненні робяць наш сусвет такім цікавым і яскравым, бо калі ўсе будуць аднолькавымі — гэта будзе не цікава. Наша краіна, навогул, — сапраўдны вінегрэт. Столькі культур і традыцый тут намешана: і заходніх, і ўсходніх, і паўночных, і паўднёвых…

— У вашай сям’і, мабыць, захаваліся свае своеасаблівыя традыцыі.

— На жаль, я ўжо застаў, выбачайце, культуру п’янства, якая даўно  паглынае беларускія вёскі. Многія мае родныя і аднавяскоўцы сталі ахвярай гэтага. Адбывалася культурнае згасанне, асабліва за савецкім часам. Выпіць, карову дагледзець, у агародзе пакорпацца — і ўсё.  Культурная і духоўная спадчына перастала перадавацца, як гэта было раней. Носьбітам культуры для мяне стала школа, а пазней грамадства. Выхоўваючы жа зараз сваіх дзяцей, я спрабую данесці да іх пэўныя духоўныя каштоўнасці, бо гэта вельмі важна. Памятаю, мая старэйшая дачка прыходзіць аднойчы з дзіцячага садку і пачынае мне на ангельскай мове вершык чытаць. А я перад гэтым быў у Італіі, дзе на ўласныя вочы пабачыў, як тутэйшыя маленькія жыхары ганарацца тым, што яны — італьянцы, і могуць спакойна ў свае 5-6 год распавесці пра гісторыю свайго рэгіёна, сям’і. Тады я запытаў у дачкі: “А хто ты па нацыянальнасці? Якая твая Радзіма?” Яна збянтэжылася і не ведала што адказаць. На жаль, наша сістэма выхавання не культывуе гэтага ў дзяцей, як гэта робіцца ў той жа Італіі ці любой іншай еўрапейскай краіне. Таму я ў нейкай ступені захапляюся літоўцамі, якіх толькі некалькі мільёнаў, але яны беражліва захоўваюць сваю гістарычную і культурную спадчыну. Тое ж тычыцца і эстонцаў. Ім гэта, сапраўды, патрэбна.

Мяне апошнім часам вельмі хвалюе нейкая летуценнасць і непрактычнасць нашых людзей. Яны наўпрост не ўмеюць навучыць сваіх дзяцей асноўным навыкам здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання, уласнай бяспекі. А гэта ж так важна для далейшага існавання і развіцця нас, як нацыі. Толькі паглядзіце чым у нас кормяць дзяцей — прадуктамі з вялікай колькасцю цукару. І мала хто гаворыць, наколькі ён шкодны для арганізма, як выклікае моцнае прызвычаіванне, лішнюю вагу. У многіх краінах Еўропы, у тым ліку ў суседняй Літве, увялі падатак на цукар. І вытворцы з імпарцёрамі зацікаўлены шукаць іншыя шляхі, каб зніжаць яго колькасць у сваіх прадуктах і плаціць адпаведна меншы падатак. Наша кампанія таксама плануе пашыраць вытворчасць прадуктаў здаровага харчавання. Тым самым, я лічу, змагу зрабіць свой асабісты ўнёсак у развіццё беларускай нацыі. Вось напрыклад, мы выпускаем хлебцы для дыетычнага харчавання. На жаль, яны не карыстаюцца асаблівым попытам. Бо ў нас, па-першае, яшчэ не так развіта культура здаровага харчавання, а па-другое, хлебцы — танны прадукт. І парадокс у тым, што яго досыць складана прадаваць, бо самі крамы і гандлёвыя сеткі ў гэтым не зацікаўлены. На больш дарагіх прадуктах яны маюць большы  абарот.

Вернемся да тэмы выхавання. Менавіта бацькі ў першую чаргу мусяць быць годным прыкладам для сваіх дзяцей. Часам можна пачуць, як тыя абураюцца, што дзеці сталі рана ўжываць алкаголь альбо ўвесь свой час марнуюць на інтэрнэт і соцсеткі.  Так і хочыцца запытаць: “А чым вы, уласна, абураецеся, калі самі на застоллях трымаеце ў руках чарку і з маленства прывучылі дзяцей, што калі адбываецца нейкае свята, трэба абавязкова адзначаць яго алкаголем? І наколькі часта самі надоўга завісаеце ў інтэрнэце?” Як сказаў нядаўна мой любімы спявак Міхаіл Бублік, як вы не вучыце дзяцей, яны ўся роўна стануць такім ж, як і вы. Таму пачынайце выхаванне сваіх дзяцей з сябе.

— Чаму вы вырашылі стаць афіцыйным партнёрам сёмага фестываля беларускамоўнай рэкламы “ADNAK!”?

— Трэба заўсёды падтрымліваць нешта незвычайнае і цікавае. Да таго ж асабіста я лічу, што беларускамоўнай рэкламы ў нас яшчэ пакуль недастаткова. Падтрымка фэстаў — гэта наш унёсак у развіццё маркетынгавага асяроддзя ў Беларусі. Такія мерапрыемствы, як фестываль “ADNAK!”, спрыяюць павышэнню ўзроўня айчынных маркетынгавых і рэкламных агенцтваў, развіццю беларускіх спецыялістаў, стварэнню таго асяроддзя, у якім будуць нараджацца высакакласныя і геніяльныя маркетолагі. Яны будуць працаваць у нас ці ў іншых кампаніях і ствараць тыя маркетынгавыя стратэгіі, якімі мы зможам потым ганарыцца.

m6

— Чым ён цікавы асабіста вам і што вы чакаеце ад ўдзелу ў ім?

— “Анега” —  беларускі вытворца, і тыя ідэі, якія транслюе фестываль “ADNAK!”, вельмі блізкія нам. Рэальнасць сёння такава, што на беларускім рынку актыўна прасоўваюць сваю прадукцыю транснацыянальныя карпарацыі. Чым мы можам вылучыцца сярод іх? У першую чаргу — усяляк падкрэсліваючы, што мы — нацыянальны вытворца. Як бізнэсоўцу, мне карысна, каб у беларусаў павялічваўся градус “беларускасці”, нацыянальнай свядомасці. Чым больш у нас будзе беларусаў, якія шануюць сваю гісторыю, культуру, тым лепш будзе прадавацца і мая прадукцыя. Бо яны будуць падтрымліваць айчыннага вытворцу, каб грошы заставаліся ў краіне, а не ішлі за акіян, каб ствараліся новыя працоўныя месцы.  І беларускамоўная рэклама актыўна спрыяе гэтаму і павышае агульны градус “беларускасці” у грамадстве.

— Якую ролю беларускамоўная рэклама і традыцыі граюць у вашай кампаніі? Наколькі паспяхова яны дапамагаюць прасоўваць на рынку вашы брэнды?

— Напрыканцы мінулага года ў нас выйшаў новы прадукт, які можна, сапраўды,  назваць на сто адсоткаў беларускім — “Чыпсы з беларускай бульбы”, бо гатуецца выключна з беларускай бульбы. Менавіта ён, на наш погляд, мае права і павінен камунікаваць на рынку на беларускай мове. Рэклама на беларускай мове, вядома ж, вылучае, але, як я лічу, не ўсе вытворцы могуць камунікаваць на ёй — больш гарманічна гэта ўспрымаецца, калі рэкламуюцца тавары, звязаныя з беларускай сыравіннай базай.

Паглядзіце, як граматна і эфектыўна прасоўвалі на міжнародным рынку свае прадукты амерыканскія вытворцы праз рэкламу свайго ладу жыцця. Наша моладзь сёння слухае амерыканскую музыку, глядзіць амерыканскія фільмы, таму ім так лёгка прадаць і амерыканскую ежу. ЗША даўно ўжо паспяхова прадала нам сваю культуру разам са сваімі таварамі. А я зацікаўлены, каб у нашай краіне розным чынам прасоўваліся беларуская культура і традыцыі. Бо прадукты — гэта таксама значная і неад’емная частка культуры.

m1

— Дарэчы, у рэкламе сваіх “Чыпсаў з беларускай бульбы” вы асноўны акцэнт робіце на тым, што яны зроблены з беларускай бульбы і нават надпіс на ўпакоўцы напісаны па-беларуску, што не вельмі характэрна для “Анегі”. Вы такім чынам хочаце сыграць на патрыятычных пачуццях беларусаў? І ці лёгка іх выклікаць праз рэкламу на роднай мове?

— Гэта даволі лёгка зрабіць у харчовай сферы, бо беларусы і так ведаюць, што айчынныя прадукты вельмі добрай якасці. Але адзначу, што наш досвед беларускамоўнай рэкламы быў вельмі паспяховым. Яе станоўча ўспрынялі нашы спажыўцы, што адбілася і на аб’ёмах продажаў.

— А наколькі складана беларусам прадаць бульбу, якая ў нас здаўна лічыцца нацыянальнай стравай?

— Гэта як спытаць — ці складана людзям прадаваць хлеб, улічваючы, што на паліцах паўно мукі. Бульба — гэта сыравіна, якую трэба яшчэ правільна “прыгатаваць”. Насамрэч, яе прасцей прадаць беларусу, чым таму жа італьянцу альбо французу, бо ў нас спрадвеку любяць і шануюць гэты прадукт.

— Многія вытворцы прызнаюцца, што вымушаны адмаўляцца ад беларускамоўнай рэкламы па эканамічных прычынах, бо, калі іх прадукцыя экспартуецца ў іншыя краіны СНД, ім танней адразу зрабіць яе на рускай мове, якую шмат дзе добра разумеюць. Тое ж тычыцца і нейкага нацыянальнага каларыту, сімвалаў, якія могуць быць незразумелы жыхарам іншых краін. Як вы да гэтага ставіцеся?  Які досвед у вас на гэты конт?

— Мы актыўна развіваем экспарт, і беларускае паходжанне нам у гэтым толькі дапамагае. Беларускія прадукты маюць вельмі добрую рэпутацыю на прасторах СНД, як натуральных і якасных, бо спажыўцы лічаць, што ў беларусаў няма грошай на “хімію”. І самае галоўнае — яны ведаюць, што ў нас у адрозненні ад іншых краін досыць жорсткія патрабаванні да кантролю якасці,  санітарных норм.

Наш новы прадукт “Чыпсы з беларускай бульбы” добра ўспрынялі замежныя спажыўцы. Адзінае, што беларускі традыцыйны арнамент, які ўпрыгожвае яго ўпакоўку, для расейцаў падобны да ўкраінскага, як і наша мова. А ўлічваючы няпростыя ўзаемаадносіны паміж дзвума нашымі суседкамі, мы, каб пазбегнуць недарэчнасцяў і блытаніны, мусілі зрабіць на пачцы акцэнт вялікімі літарамі на слове “з БЕЛАРУСКАЙ”.

— Вы памятаеце свае ўражанні, калі ўпершынню ўбачылі беларускамоўную рэкламу?

—  Я гляджу на рэкламу ўжо не вачыма звычайнага гледача, а падзяляючы яе на элементы, і спрабую вызначыць моманты, якія найбольш ярка чапляюць, каб у далейшым іх выкарыстоўваць у сваёй працы. Першыя мае ўраджанні ад беларускамоўнай рэкламы былі звязаны з анонсамі нейкіх беларускіх падзей, канцэртаў. Здавалася б, нічога незвычайнага. Але мова чапляла сваёй незвычайнасцю і яскравасцю. А потым з’явілася рэклама Samsung на беларускай мове. Гэта было вельмі смела і арыгінальна. Я тады адразу падумаў: “Малайцы!”. Тады беларускамоўнай рэкламы навогул не было, а тут карэйская кампанія адной з першых зрабіла прарыў.

— Калі вы замаўляеце рэкламу, якія патрабаванні, пажаданні вы ў першую чаргу прад’яўляеце рэкламістам?

— Кожны брэнд патрабуе індывідуальнага падыходу. Але асноўнае патрабаванне нязменнае:  рэклама павінна павышаць пазнавальнасць брэнда альбо прадукту, рэтрансліраваць іх асноўную ідэю. І, вядома ж, яна мусіць быць заўважнай і дапамагаць прадаваць. Ад сябе дадам, трэба быць бліжэй да спажыўца. І ў нас былі паразы, калі выкарыстоўвалі занадта крэатыўны падыход у рэкламе, але мы вучымся на сваіх памылках. Трэба разумець, што пасыл, які даносіцца рэкламай, павінен быць лёгка зразумелым. Спажывец не будзе сядзець і гадаць, а што ж гэты вытворца хацеў сказаць мне. Усё павінна быць проста, даступна, арыгінальна і ў меру крэатыўна.

 

Ліна Мілаш, фота Уладзіміра Грыбаедава

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка для рэжыму – сімвал пратэсту

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Алег Трусаў патлумачыў у гутарке з Рацыяй, чаму рэжым стаў так варожа ставіцца да бел-чырвона-белай сімволікі. Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка стала прыкметай...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Фонд культурнай салідарнасці дамагаецца выключэння Белтэлерадыёкампаніі з EBU

Беларускі фонд культурнай салідарнасці BY_culture запусціў кампанію па выключэнні Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (EBU) і пазбаўленні права трансляцыі і ўдзелу вяшчальніка ў «Еўрабачанні»,...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Смяротнае пакаранне: за паўкроку да адмены?

З тыдзень таму ў інтэрнэт пралезла інфармацыя, якая ў іншы час выглядала б сенсацыяй. Але ў наш час гэтай сенсацыі амаль ніхто не заўважыў — інтэрнэт-сайты збольшага адсправаздачыліся дзяжурнымі паведамленнямі. І дзеля...

valiancina_shauchenka
Музыка

Няправільны тэкст: як песні Naviband «баняць» на конкурсах і святах

Гурт Naviband у сацсетках падзяліўся навіной, што іх песні патрапілі ў «бан» арганізатараў студэнцкіх і школьных конкурсаў і святаў. Еўрарадыё пагутарыла з людзьмі, якія сутыкнуліся з гэтай...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка для рэжыму – сімвал пратэсту
    Грамадства
    Фонд культурнай салідарнасці дамагаецца выключэння Белтэлерадыёкампаніі з EBU
    Грамадства
    Смяротнае пакаранне: за паўкроку да адмены?
    Музыка
    Няправільны тэкст: як песні Naviband «баняць» на конкурсах і святах
    Адукацыя
    У Польшчы адкрылі дыстанцыйную «Беларускую акадэмію». Пачалі з падрыхтоўкі спэцыялістаў для дзяржорганаў
    Грамадства
    Дачцэ Юліі Слуцкай прыйшоў першы ліст з-за кратаў ад мамы. Пра што піша палітзняволеная?
    Краіна
    На рацэ ў Брэсцкай вобласці ўтварылася велізарнае ледзяное кола. Фота
    Грамадства
    Як бяспечна карыстацца Telegram. Простыя правілы
    Гісторыя
    У Расіі алічбавалі матэрыялы пра блакаду Ленінграда, сабраныя Алесем Адамовічам
    Грамадства
    «Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю
    Грамадства
    Гародня: музыку абвінавачваюць у перавозцы незалежнага выдання
    Грамадства
    Знаны праваслаўны святар паручыўся за палітвязня Лосіка
    Мастацтва
    Памёр мастак Барыс Забораў
    Літаратура
    Генрых Далідовіч у праграме «Кантэкст». Глядзеце новы выпуск!
    Літаратура
    Новая кніга «Беларускага кнігазбору»: украінскі дзіцячы бестселер па-беларуску

Афіша

  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    • Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM