• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
13.09.2012 | Кнігагляд Літаратура

Талент пад кантролем: Леанід Галубовіч

Ад паэта да графамана ў некаторых выпадках адзін крок: атрымаўшы першыя ўхвальныя водгукі, асобныя літаратары лічаць, што зацуглялі Пегаса на векі вечныя. І незаўважна для сябе саміх спускаюць свайго крылатага каня ў мясарэзку і гоняць-гоняць паэтычны “фарш”. На фоне гэтых майстроў “каўбаснага жанру”, да колькасці і актыўнасці якіх паціху прывыкаеш, выгадна вылучыўся Леанід Галубовіч, які некалі ў 50 гадоў абвясціў, што больш не будзе пісаць вершы.
Паэзія і ўзрост — наогул складаная тэма. Памятаю, як неяк малады крытык адчайна і катэгарычна адмаўляў сталым паэтам у жаданні кахаць. Але праблема мне бачыцца не столькі ў каханні, колькі ў тым, што ўваходзіць у іншы ўзрост прыгожа — гэта таксама талент.


І вось у 62 гады ў Леаніда Галубовіча выйшлі “вершы пасля вершаў”, творы, якія альбо не маглі быць напісаны ў маладзейшыя гады, альбо былі б напісаны інакш, альбо інакш успрымаюцца (у 62 гады каханне сапраўды “да дамавіны”).

Лірычны герой Л. Галубовіча аказваецца ў тым узросце, калі бацькі, многія сябры і аўтарытэты ўжо там , а ён яшчэ тут. І герой пачынае прымервацца да сваёй будучыні, без страху, без трымцення (“Калі ж пакарае Гасподзь — і жыць буду доўга”), без лішняга спадзеву (“А дзе складзена жыццё — забуцвее забыццё”), натуральна і недзе нават па-гаспадарску:

Усе мае лепшыя вершы

Са мною павінны памерці,

Калі ж я сканаю першы,

То вы ім паверце <…> (“Усе мае лепшыя вершы”.)

У вершах шмат рэфлексіі: лірычны герой зразумеў жыццё, ён больш не робіць чароўных памылак маладосці, і ў гэтым ёсць набліжэнне да ісціны, аб’ектыўнай і немастацкай: “І як ні рыфмуй, як страфу ні вяршы, — выходзіць банальна й занадта цвяроза”(“Ну, вось і Купалаў я век перажыў…”).

І вось ужо, здаецца, усё зразумела. Можна сесці і чакаць фіналу:

Лыжка за лыжкай,

як дыетычную страву, —

без жадання —

з’ядаю сваё жыццё (“Хвіля за хвіляй”).

Для сталага чалавека жыццё не рыхтуе сюрпрызаў, ён ведае: можа быць так, вось так альбо гэтак. Усё прадказальна. І самае цікавае ў гэтым узросце — сам чалавек:

“Ты абсалютна абмежаваны

чалавек, —

Кажа мне жонка, —

І тут табе нецікава,

і туды ты ехаць не хочаш,

І нічога, апроч сябе,

ты не бачыш…”

Дык і праўда ж,

Самае невядомае

для мяне — гэта я сам.

(“Ты абсалютна абмежаваны чалавек”.)

У чарговы раз з новай сілай паўстае пытанне, якое муляе таленавітаму чалавеку на працягу ўсяго жыцця: жыць нармальна, як усе, ці гарэць у творчасці?

Проста жыцця па-за сэнсам

прагла душа, як збавення… (“так я сыходзіў ад вершаў…”)

Але пытанне “Жыць ці гарэць?” у 20 гадоў — абстрактная забаўка, а ў 60 — творчае гарэнне можа мець канкрэтныя наступствы:

памятаю, ваенны хірург <…>

буднічна чаканіў мне: <…>

спакой —

аснова жыцця, <…>

<…> і вядомы крытык,

Што рана сышоў <…>

Запальна-горычна выдыхаў мне ў самае вуха: <…>

Спакой згубны для творцы (“Памятаю, ваенны хірург…”)

А чым з’яўляецца творчасць для лірычнага героя Леаніда Галубовіча? Гэта слова, якое “вымкнула” з-пад улады Бога, гэта слова, забранае ў Бога (“Беспрытульныя словы”). І ў такім кантэксце творчасць выглядае не проста эмацыйным узрушэннем, але яшчэ і своеасаблівым грахом.

Лірычны герой пачынае абыходзіцца з талентам і творамі па адпаведным сцэнары: ён раздзяляе талент — як нешта дадзенае і нязменнае — і сам працэс стварэння тэкстаў, які мусіць быць пад кантролем пісьменніка:

Калі паэт класічна запівае

Альбо паэтка ў трыццаць

зацяжарыць,

То кожны з іх міжволі забывае,

Што спальвае на ўсчыненым

пажары

Не талент свой,

А волю ім валодаць. (“Калі паэт класічна запівае…”)

Паняцці волі і сілы волі важныя не толькі для паэзіі Галубовіча, але і для яго лёсу, прыватнага і прафесійнага. За тыя дзесяць гадоў, што не пісаліся вершы, Леанід Галубовіч стаў такім крытыкам, чые артыкулы чыталі нават тыя, хто мала цікавіўся літаратурай наогул. Ён не разменьваўся на графаманаў і быў дастаткова зацятым, каб выцягнуць з небыцця і затрымаць на гэтым свеце памяць пра паэтаў, якія не змаглі апанаваць свае страсці і ўзяць пад кантроль свой талент. Але гэтая ўлада над сабой Л. Галубовічу таксама давалася нялёгка: “І дух мой цела так скрамсаў…” (“Нада мною”.)

Місію паэта Леанід Галубовіч памяняў на місію крытыка, каб зноў вярнуцца… у паэзію. Дакладней, каб стаць на мяжы паміж жывымі і памерлымі (“А той і гэты свет не адгародзіш строга”), паміж памяццю і забыццём, паміж жаданнем пісаць вершы і імкненнем гэтае жаданне задушыць, паміж пакаленнем класікаў і пакаленнем маладых аўтараў.

Быць мосцікам, які звязвае тых і гэтых, — яшчэ адно пакліканне Л. Галубовіча. Тады становіцца зразумелым, чаму прадмову да кнігі напісаў Ціхан Чарнякевіч. Так, ён адзін з самых таленавітых крытыкаў свайго пакалення, але гэтае пакаленне па ўзросце пасуе
Л. Галубовічу ў дзеці. Калі аўтар сам сабе эксперт, калі мала засталося аўтарытэтаў, то ўжо не прадмова выступае для падтрымкі вершаў, а вершы — для падтрымкі прадмовы, для “легалізацыі”. І бачыцца ў гэтым такое свята творчай непыхлівасці і мастацкай пераемнасці: прадстаўнік старэйшага пакалення пры сваім жыцці дае месца і прызнанне прадстаўніку маладзейшага пакалення.

Л. Галубовіч канцэптуальны ў кожным сваім літаратурным кроку: яму стае сілы волі, каб спыніцца і агледзецца, каб пераадолець інерцыю творчасці, бо менавіта ў такіх умовах адбываецца выхад на новы ўзровень.

Аксана БЯЗЛЕПКІНА

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Байнэт

Twitter анансаваў платную падпіску на доступ да эксклюзіўнага кантэнту

У Twitter з'явіцца функцыя Super Follow, якая дазволіць уладальнікам акаўнтаў браць грошы з падпісантаў за доступ да эксклюзіўнага...

valiancina_shauchenka
Гісторыя Краіна

Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!

Сёння вандруем з «Будзьма!» у Слонім — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Панямоння на рацэ Шчара, вядомы...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Каманда «Прэс-клуба» патрабуе вызваліць затрыманых калег

Заснавальніца прэс-клуба Юлія Слуцкая, фінансавы дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Ала Шарко і аператар...

valiancina_shauchenka
Замежжа

Беларусы Амерыкі праводзяць незвычайную эстафету сцяга. Фота

Гэта пачалося з Сіэтла, штат Вашынтон, на ціхаакіянскім узбярэжжы, перадае Наша Ніва. Пасля гэтага вялікі беларускі...

Апошнія навіны

    Байнэт
    Twitter анансаваў платную падпіску на доступ да эксклюзіўнага кантэнту
    Гісторыя Краіна
    Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!
    Грамадства
    Каманда «Прэс-клуба» патрабуе вызваліць затрыманых калег
    Замежжа
    Беларусы Амерыкі праводзяць незвычайную эстафету сцяга. Фота
    Грамадства
    «Амаральнасць ва ўсёй красе!» У Гомелі абласны суд прызнаў законным звальненне знакамітага гісторыка БелДУТ
    Грамадства
    У Беларусі рыхтуецца да запуску праект «Мова прафесіі», які дапаможа камунікаваць па-беларуску
    Замежжа
    Брытанская зорка тэатра Крысцін Мілвард у падтрымку беларусаў запісала ўрывак з «Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч
    Краіна
    Анатоль Каханчык адмаўляецца перафарбаваць сваю бел-чырвона-белую хату
    Грамадства
    Як ня падаць духам у чаканьні пераменаў? Парады дысыдэнта Міхася Кукабакі, які правёў у лягерах 17 гадоў
    Музыка
    У сеціве пакажуць канцэрт беларускага гурта, удзельнікам якога далі па 15 сутак
    Замежжа
    Прадстаўнік Беларусі ў ААН: 100, максімум 200 чалавек пратэстоўцаў на двухмільённае насельніцтва сталіцы
    Грамадства
    Улады збіраюцца ўвесці крымінальную адказнасць за паўторны ўдзел у пратэсце
    Літаратура
    Беларускія літаратурныя часопісы зменяць выдаўца
    Гісторыя Краіна
    Палацы Брэсцкай вобласці
    Замежжа
    Сі Цзіньпін заявіў пра перамогу над беднасцю ў Кітаі

Афіша

  • 27.02 14:00Ноч ваўкоў анлайн і ў лесе
  • 02.03 18:30Жывая Бібліятэка. Дзень нулявой дыскрымінацыі
  • 03.03 18:30Сацыяльная гульня “Іншы погляд”.
  • 06.03 11:00Майстэрня Форум-тэатра
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • «Словы мацней»: Дзмітрый Строцаў чытае Майсея Кульбака
    • Бітва за Арктыку. Каму патрэбная ледзяная пустка на краі свету?
    • Крыж аднавілі, прэмію атрымалі, пра даследчыка забыліся
    • Беларусы запусцілі петыцыю з патрабаваннем праверыць, ці не падпадае ролік дзяржаўнага тэлеканала СТВ пад 130-ы артыкул КК аб рэабілітацыі нацызму
    • Касцюшку – да 7 гадоў турмы. Як бы маглі асудзіць вядомых беларусаў сёння. У карцінках

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM