Ці можна аддаць прэмію за мастацкую прозу рэпартажам Бартосіка? Ці можна фэйсбучныя допісы Горвата выдаць за кнігу? Ці можа саладжавы раман Рублеўскай спаборнічаць з літаратурай маральнага неспакою? Ці можа смерць мамы зрабіць з Календы лаўрэата Гедройца? — Андрэй Адамовіч — бронзавы прызёр прэміі Гедройца мінулага года — робіць прагноз на сёлетняга пераможцу.
Дысклеймер: Паколькі я і сам пішу прозу, у кагосьці можа ўзнікнуць адчуванне, нібыта я лічу, што змог бы напісаць лепш за аўтараў, творы якіх крытыкую ніжэй. Не, я так не лічу. Мог бы напісаць лепш — напісаў бы. Але, як бачыце, мяне сярод намінантаў няма.
Першае, што я б хацеў сказаць, — калі вы чытаеце ў фэйсбуку чарговы прагноз на перамогу, ніколі не праходзьце міма проста так: заўсёды пытайце, колькі аўтар паста прачытаў з кніг-намінантаў. Угараць1 можна пасля словаў “часткова”, “хто Календы не знае”, “гэта ўсе ведаюць” і іншых з сінанімічнага шэрагу.
Другая заўвага: паколькі гэта не рэцэнзія на асобную кнігу, а агляд шорт-ліста, я буду больш канцэнтравацца на хібах, проста для таго, каб адкалібраваць уласны зрок перад размеркаваннем месцаў.
Але давайце ўжо да тэкстаў, расстаўленых паводле першай літары ў прозвішчах іхных аўтараў(кі).
Зміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы
Кніга ўяўляе сабой зборнік рэпартажаў, якія аўтар рабіў з вёсак і мястэчак Беларусі, у асноўным збіраючы ўспаміны і байкі мясцовых жыхароў пра драматычныя падзеі ў кантэксце Другой сусветнай вайны.
Чытаць яе я рэкамендую з канца. Там змешчаныя тэматычны і алфавітны паказальнікі. Я бачыў такія рэчы ў выданнях класікаў, але каб у кнізе жывога аўтара змяшчалі тэматычны паказчык, бачу ці не ўпершыню!
А пачынаецца кніга з механічна прылепленага да рэпартажаў тэксту, у якім аўтар думае Беларусь. Вашай увазе характэрны фрагмент разважанняў сп. Бартосіка:
Як бы выглядала наша краіна, калі б бальшавікі пакінулі ў спакоі ўсе храмы ў 1930-я гады! Калі б нацысты з саветамі не бамбавалі жылыя кварталы. Калі б партызаны не ўзрывалі і не палілі шляхоцкія палацы. Калі б па вайне не пракацілася яшчэ адна буховая хваля, якая знесла Полацкі езуіцкі сабор, менскую Халодную сінагогу разам з Нямігай, гарадзенскую Фару Вітаўта і яшчэ безліч помнікаў.
Ну што тут скажаш?
Калі сур’ёзна, я добра ведаю, што з любога твора можна вырваць недарэчную цытату, але з аўтарскай прадмовай да кнігі напраўду вялікая праблема — яна напісаная так, што нават чалавечыя драмы, пра якія мы з яе дазнаемся, проста распускаюцца ў яе нудным, як выган тэксту на колькасць знакаў, целе.
Але, напрыклад, вы прадраліся праз прадмову. Далей вас чакае прыблізна 250 старонак з рэпартажамі. Чытаюцца яны лёгка, месцамі кранаючы за душу кароткімі пераказамі чалавечых трагедыяў. Як да жанравага тэксту, зробленага для СМІ, да іх не можа быць прэтэнзій, апроч фактчэкінгу.
Аднак праблема ў тым, што кніга сп. Бартосіка чамусьці трапіла ў шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца. На сайце прэміі сказана літаральна наступнае:
Я далёкі ад букваедства і фармальнага падыходу ў класіфікацыі літаратуры, але кніга сп Бартосіка ніяк не можа быць аднесеная да жанраў “мастацкая проза” ці “эсэістыка”.
Немагчыма вызначыць, ёсць у герояў сп. Бартосіка характары ці яны “шаблонныя” — яны проста не з’яўляюцца героямі з “мастацкай прозы” ці “эсэістыкі”.
Калі хтосьці з сур’ёзным тварам параўноўвае “Раскіданае гняздо” з Домам Чыжа, мы можам падумаць, што вядзецца пра стэндап, але калі смешна не стала, трэба выклікаць лекара.
Натуральна, вы прыгадаеце прэмію сп. Алексіевіч — і зробіце гэта вельмі трапна, задаволеныя самімі сабой. Аднак тут ёсць два “але”. Па-першае, рашэнне Нобелеўскага камітэта не можа ўплываць на рашэнне журы Гедройца бо ў нас не прэцэндэнтнае права, а кантынентальнае, а прэмія задумвалася для папулярызацыі беларускай прозы, а не журналістыкі. Па-другое, сп. Алексіевіч рабіла кнігі, ніхто не зможа сказаць, што “Чарнобыльская малітва” — зборнік рэпартажаў.
Перамога сп. Бартосіка нават у выглядзе простага трапляння ў тройку будзе азначаць, што журы прызнае: у гэтым годзе беларускія пісьменнікі пісалі так дрэнна, што іх перамаглі газетныя зацемкі.
Валер Гапееў. Ноч цмока
Кніга сп. Гапеева — містычны дэтэктыў, падзеі якога разгортваюцца ў беларускім райцэнтры і навакольных вёсках і апісаны ад асобы маладога следчага пракуратуры. У рамане ёсць усе элементы, якія робяць яго цікавым: закручаны сюжэт, жывыя, не на мыліцах, героі, добра прапісаныя дэталі, нават любоўныя інтрыгі і сэкс — і тыя ёсць.
Аматарам дэтэктываў, бясспрэчна, рэкамендую да прачытання. Гэта, відаць, самы цікавы дэтэктыў, якія я прачытаў за некалькі апошніх гадоў. І для мяне ён мог бы ўлёгкую вытрымаць канкурэнцыю з бестсэлерамі, які прыходзяць на нас з заходняга кніжнага рынку.
Маглі б, бо ў тэксце ёсць праблемы, ад якіх складана адварочвацца. Гэта перш-найперш марсіянін, які пад выглядам галоўнага героя твора прабраўся ў беларускую пракуратуру і спрабуе адстойваць справядлівасць. Я не хачу сказаць, што ў пракуратуры няма ніводнага следчага, які б шукаў праўду. Нават хочацца верыць, што адзін знойдзецца, але ў раман герой уведзены такім чынам, нібыта паводзіны святога — гэта нармальна для пракурорскага працаўніка.
Гэта настолькі муляе вока, што часам хочацца лаяцца ад аўтарскай наіўнасці ці ад таго, за каго аўтар трымае свайго чытача. Нават элементы містыкі ў творы выклікаюць больш даверу, чым дыялогі следака са сваёй кіраўніцай, якая, вы не паверыце, таксама шукае праўды, не раўнуючы маці Тэрэза.
Даволі цікава, дарэчы, што калі адсланіцца ад фантасмагарычных апісанняў пракуроскіх будняў, астатнія кавалкі псіхікі галоўнага героя (і не толькі яго) апісаныя пераканаўча.
Другая праблема — разгадка дэтэктыва прымушае спачатку доўга лупаць вачыма, а пасля ротам. Я не хачу спойлерыць, але асабіста ў мяне было ўражанне, што гэтую частку тэксту аўтару надыктаваў калі не Зянон Пазняк, дык прынамсі Павел Севярынец.
Падсумоўваючы, можна сказаць, што аўтар выдатна навучыўся трымаць чытача сюжэтам, але пакуль не можа пераключыць кантэкст з прыватнага — нацыянальна траўмаванага — у кантэкст агульначалавечы (гэта ні ў якім разе не значыць, што трэба пазбавіцца нацыянальнага — толькі нацыянальна-шаблоннага). Вельмі хочацца верыць, што ў сп. Гапеева гэта яшчэ атрымаецца — у такім разе мы будзем мець дэтэктыўшчыка сусветнага ўзроўню.
Адам Глобус. Зваротная перспектыва
Кніга сп. Глобуса не здзівіць ягоных чытачоў — гэта стары добры Глобус, які бярэ любы выпадак, кладзе яго на прадметнае шкло і разразае. Часам уздоўж, а часам — і ўпоперак.
Гэтым разам кніга прысвечаная вучобе сп. Глобуса — крыху і ў звычайнай школе, крыху і ў спартовай, але ў асноўным тым людзям, разам з якімі і ў якіх аўтар вучыўся маляваць.
Натуральна, з кнігі вы не даведаецеся ні як змешваць фарбы, ні як нацягваць палатно на раму — тэксты толькі пра людзей, іх лёсы, якія ніяк не былі звязаныя з іх характарамі, і лёсы, якія з іх характарамі былі звязаныя.
Адстароненыя назіранні за тымі, хто побач, і за самім сабою. Часам з’яўляецца адчуванне, што ў аўтара зусім няма эмпатыі. Але так быць не можа, бо чалавек мусіць разумець іншых, каб так іх апісваць.
З недахопаў можна адзначыць, што кніга не з’явіцца адкрыццём для старых чытачоў Глобуса — усё гэта яны ўжо чыталі, а новым я б параіў “Мне сніцца Койданва”, але да сёлетняй прэміі Гедройца гэта не мае ніякага дачынення, ніякіх іншых кніг сп. Глобуса на яе не падавалі.
Андрусь Горват. Радзіва “Прудок”. Дзённік
Калі вы чыталі пра кнігу сп. Горвата толькі ў пераказах ананімных крытыкаў, вы будзеце моцна расчараваныя — казы і сральні ў ёй вобмаль, літаральна некалькі старонак у другой палове кнігі.
І крытыкі, і прыхільнікі “Радзіва “Прудок” маюць рацыю: з аднаго боку, гэта сапраўды набор фэйсбучных допісаў, з іншага — гэта сапраўды смешны і кранальны твор — залежыць ад таго, якую оптыку наладзіць.
Можна было б пераказаць сюжэт, але вы і так яго ведаеце, цытаваць жа сп. Горвата таксама не выпадае, бо нават калі выдаліцца з сацсетак, прадаць кватэру, пераехаць у вёску, глухой лютаўскай ноччу ў шыбу ўсё адно пагрукае прыхільнік Горвата і перакажа вам любімы кавалак з кнігі сваімі словамі.
Такая любоў да пісьменніка не магла ўзнікнуць на пустым месцы. І першая траціна кнігі ўмацавала мяне ў думцы, што твор выдатны.
У пачатку тэксту густа раскіданыя інтрыгі: чаму чалавек з вышэйшай адукацыяй і без інваліднасці працуе дворнікам? Што ў яго з жонкаю? Што з дзіцем? Што з Верай?
Зрэшты, мяне як выпівоху цікавіць, чаму ён дэкларуе, што не п’е, але раз-пораз такі бярэ чарку? Здавалася, што вось-вось — і разгарнецца сапраўдная экзістэнцыйная жудасць, і напрыканцы мы ўсе, і чытачы, і аўтар, перародзімся і прачнёмся новымі людзьмі.
Але чым далей я ішоў тэкстам, тым больш у мяне ўзнікала сумневаў у тым, што аўтар здольны прыдумаць новыя жарты, а не пераспяваць старыя і нарэшце паказаць нам краёчак сваёй душы і вусцішы. Ці, прынамсі, адказаць на самім жа ім пастаўленыя пытанні.
Праблема ў тым, што такія “стрэльбы” — інтрыгі без адказу, заяўкі на хуткія гучныя разгадкі, якія так і не спраўдзяцца, можна пакідаць у фэйсбучных допісах, доўгі тэкст не прабачае кароткай перспектывы аўтарскаму позірку — правіслыя лініі назапашваюцца, і хутка чытач губляе цікавасць.
І гэта не сітуацыя адкрытага фіналу, бо пытанні ўзнікаюць яшчэ, так бы мовіць, у дэбюце, але больш да іх аўтар не вяртаецца, нібыта і сам забыў, што яны былі.
Безумоўна, кніга можа складацца з наогул не звязаных паміж сабою кавалкаў прозы — і быць пры гэтым выдатным узорам мастацтва, але зацемкі сп. Горвата звязаныя паміж сабою — гэта напраўду дзённік, як вынесена ў назву. Але атрымліваецца, што сувязь гэтая — вонкавая: допісы яднае толькі тое, што лірычнага героя клічуць Андрусік Іванавіч, змяніўся б ён на Петруся Віктаравіча — ніхто б і не заўважыў. Балазе, даіць казу зможа амаль кожны, у каго ёсць рукі.
Таму калі казаць пра “Радзіва Прудок” як пра кнігу — на жаль, гэта параза, магчыма, сп. Горвата, а магчыма, яго рэдактара, — хтосьці з іх не змог зрабіць з назапашанага матэрыялу цэльны тэкст. Асабіста мне даводзілася прымушаць сябе дачытваць апошнюю траціну, проста каб пераканацца, што гэта не “правіслая” сярэдзіна, якая можа быць у першай кнізе пісьменніка.
Галоўнае расчараванне, канечне, у тым, што замест чаканага душараздзіральнага твора я атрымаў дзве сотні жартаў, збудаваных па адной схеме, і яшчэ некалькі кранальных апісанняў лёсаў родных лірычнага героя сп. Горвата.
Аднак нягледзячы на згаданыя вышэй мінусы, кнігу нельга назваць зусім няўдалай. Прачытаць яе першыя 100-150 старонак варта — не пашкадуеце, як будзе жаданне чытаць далей — чытайце і далей. Не пагаджуся я і з тымі, хто лічыць, што гэта нонфікшн і гэтая кніга — родны брат “Верабейкі…”. Не, варта проста прачытаць абедзве, і вы зразумееце, у чым розніца.
І галоўнае ў тым, што асабіста я планую прачытаць наступную кнігу сп. Горвата — мяркую, нас чакае выдатная штука.
Сяргей Календа. Падарожжа на край ложка
Вальжына Морт пісала: “Паэзія для мяне — гэта \ калі я стаю ў цемры, \ а на мяне лятуць \ матылькі”, дык вось, кніга сп. Календы — гэта калі аўтар стаіць у цемры і крычыць так гучна, што ад яго крыку б’юцца шыбы ў кватэры чытача.
“Падарожжа…” — аповед пра тое, як мама лірычнага героя памірала ад раку, а ягоны тата ў гэты час піў, а ягоны брат, як і ён сам, цягаўся невядома дзе, і ўсё гэта на фоне жабрацтва і жыццёвай неўладкаванасці.
У прынцыпе, гэтым усё сказана, далей вы і самі можаце ўявіць гэты экзістэнцыйны жах. Аднак я дадам, што пасля прачытання кнігі ў мяне сама сабой нарадзілася ва ўяўленні карціна, як сп. Календа выцягвае са сваіх разарваных грудзей вялікі кавалак жалеза, цягне яго да кавадла, б’е па ім молатам. Б’е раз, б’е два. А пасля кажа “Ну, і так пойдзе”.
Бачна, што кніга, хаця і з’яўляецца цэльным аповедам, недапрацаваная як кампазіцыйна, так і стылістычна. Агрэсіўны стыль, які абраў аўтар, не надта вяжацца з тым, што ён хоча сказаць і, уласна, гаворыць. У тэксце сустракаецца ўсяго некалькі дэтальных апісанняў, дробязяў, за якія можа зачапіцца вашая фантазія. Сцэны, што маглі разгарнуцца ў дзясяткі старонак, якім бы пазайздросціў хто заўгодна, скомканыя і “закрычаныя” клічнікамі ледзь не ў кожным абзацы.
Аднак пры ўсёй сваёй фармальнай недапрацаванасці, на фоне іншых шорт-лістараў кніга вылучаецца як гарматны стрэл пасярод літаратурных чытанняў. Бачна, што аўтару баліць, і гэты боль адчувае чытач.
Людміла Рублеўская. Дагератып
Кніга сп. Рублеўскай арганізаваная прыблізна так: галоўная гераіня (наш час) сустракае хлопца, ад якога млее, яны пачынаюць чытаць чыйсьці дзённік, а мы (чытачы) як бы правальваемся ў той далёкі ад нас час і толькі ў канцы кнігі ўспамінаем, што ўвесь гэты час былі ў дзённіку.
У тым далёкім часе нас чакаюць рэвалюцыянеры і ваўкалакі, фатографы і этнографы, пагромы і смерць у багне. Мужныя мужчыны і прыгожыя жанчыны, сэкс у клетцы і смерць галоўнага прыгажуна і маральна высакароднага чалавека ў фінале (так, гэта адзін чалавек, і галоўная гераіня, вядома ж, паспела ад яго зацяжарыць) — увесь набор для вандроўкі ў сьвет ад пятнаццаці да сямнаццаці гадоў.
Але на смерці галоўнага Волата Зямлі Беларускай кніга не скончыцца, бо нам з вамі яшчэ трэба даведацца, што здарыцца з галоўнай гераіняй і галоўным героем (а ён нашчадак высакароднага ваўкалака, вядома) у часе нашым. Паверце, нічога добрага. Не тое што яны загінуць, наадварот. Але напісана гэта настолькі непераканаўча і шаблонна, што лепш бы мы з мінулага і не выходзілі.
Перад намі асобны жанр літаратуры — трылер для падлеткаў, які можа быць паспяхова экранізаваны і ісці з сярэднім поспехам па беларускім тэлебачанні.
Але напісаны тэкст роўна, густа пасыпаны тропамі (дарэчы, гэта ледзь не адзіная кніга з шорт-ліста, дзе тропы ў прынцыпе звяртаюць на сябе ўвагу, часам аж адцягваючы вас ад нарацыі).
Падводзячы рысу, можна сказаць, што сп. Рублеўская напісала неблагі трылер, але ён практычна па ўсіх прыкметах прайграе дэтэктыву сп. Гапеева “Ноч цмока”. Хіба што мова твора ў сп. Рублеўскай больш вобразная, аднак я не магу сцвярджаць адназначна, што гэта добра для жанравай літаратуры.
Аляксей Талстоў. Апоўначы на сіялімскім мосце
Кніга сп. Талстова падкупляе ўжо тым, што дзея разварочваецца па-за межамі Беларусі — ў Індыі. Няхуткі аповед спярша знаёміць нас з адным з галоўных герояў, Ласэ — валацугам, які спальвае сваё жыццё, ужываючы ў вялікіх дозах алкаголь і наркотыкі ў экзатычных для беларуса дэкарацыях. Ад старонкі да старонкі тэмп нарацыі не тое што нарастае, але чытач усё глыбей і глыбей пазнае ў героях, якіх более, сябе-ўніверсальнага, і праз гэта падзеі пачынаюць кранаць яго мацней.
І гісторыя гэтая зусім не пра алкагольныя і наркатычныя трыпы2, як можа падацца са сціслага пераказу, яна пра чалавека, і нават калі вы ніколі не напіваліся, вы зможаце пазнаць у героі сябе, бо гэты герой — чалавек, не вырваны з культуры, а ўзняты па-над ёй.
Нарацыя, якую вядзе сп. Талстоў, — гісторыя сталення чатарох зусім розных людзей.
Зрэшты, калі вы не прызнаяце твор сп. Талстова толькі таму, што ён (часткова) пра наркаманаў, проста прыгадаю, што Ганна Карэніна была марфіністкай.
Перад тым як параўнаць кнігі паміж сабой і зрабіць прагноз на тое, хто з аўтараў можа быць уганараваны першым, другім і трэцім месцам, трэба прагаварыць крытэры, якімі маглі б кіравацца сябры журы.
На жаль, палажэнне нічога пра гэта не гаворыць, сказана толькі, што кніга мусіць быць “найлепшай”. Што такое найлепшая кніга, не ўдакладняецца. Лічу, што гэта адкрывае шырокія перспектывы перад сп. Алесем Белым.
Перафразуючы Потэра Сцюарта, можна сказаць так: “Я пазнаю найлепшую кнігу, калі прачытаю яе”. Аднак праблема ў тым, што найлепшая кніга — не жорсткая парнаграфія: кожны кіруецца сваім персанальным чытацкім бэкграўндам, сімпатыямі і антыпатыямі, усім тым, што называецца “густ”.
Аднак назіраючы за вынікамі літаратурных прэміяў і буйных кінафестываляў, можна зрабіць выснову, што “Аватар” Кэмерана ні ў якім з магчымых сусветаў не атрымаў бы залатую галіну Канскага фестывалю, а Дэн Браўн не дастаў бы Нобеля нават пры ўмове, што ўсіх астатніх пісьменнікаў пабіла б чума.
Я б сказаў, што літаратурныя прэміі могуць уручацца або за стылістычнае\жанравае наватарства, або за творы, якія прынята называць “літаратурай маральнага неспакою”.
“Аватар” і без прызнання журы кінафестываляў атрымае сваю касу, а Джоан Роўлінг і так вядомая настолькі, што ўганараванне яе прэміяй не прынясе ёй значных дадатковых дывідэндаў ні як пісьменніку, ні як звычайнаму абывацелю. Іншымі словамі, літаратурныя прэміі не даюць за жанравую літаратуру.
Ці падзяляюць маю думку сябры журы Гедройца ў гэтым годзе, я не ведаю.
Але зыходзячы за такога крытэру я магу выбудаваць свой персанальны спіс.
Я ўжо дастаткова сказаў пра кнігу сп. Бартосіка — параўноўваць яе з іншымі кнігамі шорт-ліста нельга, таму я пакіну яе па-за межамі свайго чытацкага топу.
Кнігі сп. Гапеева і сп. Рублеўскай — дэтэктывы, якія, на жаль, не выходзяць за межы сваіх жанраў і застаюцца літаратурай мастацкай, але жанравай. Аднак “Ноч…” чытаецца лепш за “Дагератып” таму сп. Рублеўская — шостае месца, сп. Гапееў — пятае.
Далей асабіста для мяне вядзецца пра выбар паміж “Радзіва…” і “Падарожжам…”. На чацвёртае месца я б паставіў сп. Горвата, а на трэцяе — сп. Календу, бо “Падарожжа…” атрымалася кампазіцыйна недасканалым, але завершаным — кнігаю, у адрозненне ад “Радзіва…”.
Выбіраць паміж “Зваротнай перспектывай” і “Апоўначы на сіялімскім мосце” няпроста, бо абедзе кнігі маюць свае перавагі, а галоўнае — абедзве расказваюць пра чалавека ўніверсальнага, праз яго праблемы, хібы і моц, паказваючы лёсы тысячаў людзей, якія могуць пазнаць у іх сябе.
Можа ўзнікнуць легітымнае пытанне, у чым жа розніца паміж зацемкамі сп. Глобуса і сп. Горвата, чаму сп. Глобус параўноўваецца ў апошняй пары і апрыёры не зойме ніжэй за другое месца? Розніца ў тым, што сп. Глобус зрабіў менавіта што мала звязаныя паміж сабою гісторыі, кожная з якіх прэпаруе нейкі выпадак ці чалавека і ягоны характар. Іх можна чытаць разам ці запар, але складзеныя ў кнігу яны ўтвараюць палатно, якое чытаецца роўна.
Відаць, у дадзеным выпадку я б паставіў на другое места сп. Глобуса, а на першае — сп. Талстова, удакладніўшы, што гэты выбар прадыктаваны выключана тым, што сп. Талстоў — малады аўтар, якому прэмія прынясе больш, чым сп. Глобусу.
А ўключыўшы фэйсбучнага канспіролага, месцы можна размеркаваць так: Бартосік (аўтар Радыё Свабода), Рублеўская (даўно піша — заслужыла), Глобус (даўно піша — заслужыў). Ці проста так: аўтара, якога ведаеш, ставіш на першае месца.
Зрэшты, пратаколы паседжанняў журы вядуцца, і калі-небудзь вы даведаецеся, чым менавіта кіраваліся тыя шэсць чалавек, якія не далі прэмію вашай любімай кнізе.
P.S. Правіла “адзін чалавек — адзін Гедройц” мусіць быць разбуранае.
Андрэй Адамовіч
*Угараць — гучна сьмяяцца на мяжы сковыту.
*Трып — рэальная і\ці ўяўная прыгода пад уздзеяньнем наркатычных рэчываў, а таксама пераказ гэтай прыгоды.