• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
06.07.2018 | Навіны "Будзьма!" У краіне

Творчыя сустрэчы з “Будзьма беларусамі!”

Амаль скончыўся першы месяц лета. Незаўважна (пакуль што) сонца павярнула ўжо на зіму. Але сябры грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” не сумуюць – працягваюць плённа працаваць, сустракацца са сваімі прыхільнікамі, несці цеплыню роднага Слова і яркія фарбы сваёй творчасці па ўсёй Беларусі.

Так, самую кароткую ноч на год (з 23 на 24 чэрвеня) бавіла ў Пружанскай пушчы пісьменніца, этнограф Антаніна Хатэнка. Вось, што піша яна аб гэтым чароўным падарожжы.

“Штолета чароўныя дні Сонцазвароту нібы перакульваюць нас, дзяцей інакшага ўжо, тэхнакратычнага, часу, ці то ў самыя бездані старажытнасці, ці нават у першасны Хаос, з якога ўзнікла колісь Усё – Жыццё, Святло, Любоў, Лад.

Хоць не ўсе ў нашым Краі памятаюць і ведаюць сэнс купальскай містэрычнай дзеі, адбыванай у прыродзе і ўсярэдзіне людской свядомасці, не ўсе здольныя размежаваць архаічныя з’явы народнага абрадавага календара і нашмат “маладзейшае” хрысціянскае святкаванне Яна Купалы, але ў Сусвеце ўсё нязменна ПЕРАМЯНЯЕЦЦА. І з летняга сонцастаяння спакваля одумна карацее дзень, а цемра ўпарта адваёўвае правы ў магутнага свяцілы – жывадайніка цеплыні, светлыні, розвітку.

Гаспадары і наведнікі культурніцкага цэнтру “Вясковы рэнесанс” у закінутай пасярод Пружанскай пушчы спустэленай вёсцы Стойлы якраз імкнуцца і ўведаць і зведаць адпачатную “логіку” прадаўніх традыцый (дзеля гэтага й стваралі сядзібу менавіта ў мясціне, напоўненай ледзь не лекавай энэргіяй некалішніх палесскіх свят, а таксама творчай энэргіяй унікальнага разьбяра-скульптара Міколы Тарасюка, пражылага тут свой мудры лёс).

Купалле ў пушчы-дрымушчы гэтым годам аднаўляла непаўторную абрадавую кампазыцыйнасць. Удзельнікі свята збіралі ад ранку, а потым спальвалі ў магічным вогнішчы ўсялякую старызну-рыззё, збаўляючыся ад непатрэбных, аджылых рэчаў, думак, згрызот; ірвалі, нават на сухмяным сёлета поплаве, кветкі-зёлкі; плялі вянкі; майстравалі і аддавалі стыхіі вады рытуальную ляльку Купаўку, сплаўляючы затым з ёю нягоды-нястачы, сваркі-лаянкі; вячэралі блінамі, верашчакай, яечняй, кулагай – на развітанне з Сонцам; выбіралі Купаліша ды Купалінку; выкрасалі жывы агонь; уздымалі ў неба з колам вогнішча; спальвалі ахоўніцу смерці Марэну; шукалі папараць-кветку; спявалі- карагодзілі-танчылі; скакалі-ачышчаліся; варажылі на вянках і… уваходзілі ў новую, але памятлівую плыню быцця на золку.

А яшчэ… Яшчэ прыгадвалі ў аповедах, вершах і песнях бязлітасна-глупотна разбураны меліяратарамі напярэдадні Купалля Мост кахання. Мост над гістарычнай ракой Лясной, што злучаў доўгімі-доўгімі гадамі вёскі і сцяжыны долі, “слухаючы” таемныя шэпты закаханых. Мост, па якім хадзіў да сваёй апошняй любові й пасівелы майстар Тарасюк – адзіны жыхар гаманлівага некалі селішча.

Вядунская папараць-кветка “падміргнула”-такі гасцям ветлай сядзібы: у агромністай альтанцы апоўначы “адкрыліся” таемна “Цуды пад дахам”. Гэтакі незвычайны, невыказна дзівосны вернісаж. Калыхаючыся высозна пад столяю, “гаварылі” міжсобку містычны калядны павук і абярожны купальскі вянок. І лунаў між іх шчасліва расхрыстаны анёл. А людзі, прыпалыя сэрцамі да вытокаў, углядаліся ў гэтую зменлівую касмічную бясконцасьць, заселеную ў адзін дом, да адной святарнай покуці, ад самага споду жыцця – з хмялёва-пахкага сена, разасланага казачным кілімам павяртання ў маленства, маладосць, спадзеўнасць, акрыленасць… У нязрушную абароненасць і ахаванасць тут, на роднай зямлі, у радзімнай прасторы.

Такое вось багатае і шырокае, старавечнае і сучаснае склалася ў кароткую ноч 23-га чэрвеня Купалле. Між Пружан, Жабінкі і Камянца. Між учора і заўтра. Між зямлі і неба. Між змроку і світання. З падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і адкрыццямі, з гоманам і мэдытатыўнай цішай. З яскрыстымі спевамі менскага гурту “Гаманіна” і рупліўцамі-гаспадарамі Ларысай і Аляксандрам Быцко і з усімі, хто кінуўся ў дарогу да папараць-кветкі, у цёмную чару купальскай начы з Берасця, Пінску, Жабінкі, Камянца, Пружан – з гнёздаў нашае паяднанасці.

І папараць-кветка зацвіла. Бо ўсе разам гэтыя людзі знайшлі адказ на вечнае пытанне свету “Дзеля чаго ўсё ёсць?” Папараць-кветка раз’ясніла: “Дзеля Любові. Дзеля навучання чуць Прыроду ў сабе і сябе ў Прыродзе. І зберагаць гэты скарб. І перадаваць яго далей”.

 

 

 

 

 

 

Наступным днём спадарыня Антаніна стварыла яшчэ адно свята для жыхароў вёсачкі Дробаты таго ж рэгіёну…

“Бывае, вёскі знікаюць не з прычыны вайны ці прыроднага катаклізму. Бывае, вёскі папросту змірэнча-ціха сыходзяць у нябыт з людскога нядбайства. Як і людзі, што страцілі мэту жыць. Нават палесскія вёскі (здавалася б, асабліва жыццяздольныя і караністыя).

Бо ж наступ валадароў прыроды панішчае, пагрозліва насоўваючыся, усё, што не ўпісваецца ў жорсткую схему землекарыстання, а таксама – у праграму абязлюджвання вялізных абшараў, здрадліва названую некалі калектывізацыяй.

Калектываў не стварылі. Усіх перасварылі. Усё параскідалі-паразбуралі – “до основанья, а затем…”. І над вёскамі навісла хмара адзіноты.

Цяпер, што ні селішча, з традыцыйным укладам жыцця, мыслення і гаспадарання, з векавечным досведам гарманічнага суіснавання з прыродай, то – здзічэлае поле забыцця і недагляду. Абясточаныя лініі родавых повязяў. Ледзь жывое, ледзь чутнае рэха памяці.

А ўсё ж… Усё ж, насуперак усялякаму ліхадзейству, застаюцца ў вёсках дажываць нялёгкі век мудрыя і адданыя сваёй зямлі людзі. Слухаюць спеў птушак і пошумы бяроз, чакаюць з гарадоў сыноў-дачок з унукамі і аўталаўку з правіянтам, падмагаюць, згадваючы вясёлую талаку, адно другому ў немачах, звыкла корпаюцца ў гародах і… сумна-сумна падзіўляюцца з гэтага звар’яцелага свету, памкнёнага ад выгод натуральных да спакусаў сынтэтычных.

Так, яны за ўсё доўгае жыццё не бывалі ў музеях, тэатрах ці рэстарацыях, гэтыя дзядулі-бабулі з напятымі, бы ўзбуранае карэнне, венамі рук, з троху насмешнымі паглядамі і амаль дзіцячым даверам жыццю (якім бы яно ні склалася!). Іхныя студыі загару – гектаравыя палеткі буракоў ды, здаралася, топкія сенажаці.
Затое, колькі песень смакавалі яны напоўна, нагбом, колькі гульняў-карагодаў зладзілі на шчасце-долю, колькі паданняў ды казак, замоў ды прышэптаў пераказалі некуды ў невядомасць (а раптам некаму спатрэбяцца, нехта ўчуе…)!

І дзіва здарылася. Учулі. Навучаюцца. Пераймаюць манеры спявання. Ды яшчэ і ў госці прыязджаюць – вяртаюць набытак спаўна. Тым, хто ёсць, і спадчыннікам і зберагальнікам неацэннага скарбу краіны – самабытнае яе культуры.

Прынамсі, гэткія “павяртальныя” дарункі час ад часу робіць для астатніх жыхароў памоўклых палесскіх вёсак грамадскае аб’яднанне аматараў мастацтваў “Тур” на Берасцейшчыне.

Гэтым разам, 24-га чэрвеня, адразу па згасанні купальскага вогнішча па ўзгорках Палесся, спаўняючы гуманітарны праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”, да насельнікаў Дробатаў непадалёк Драгічына завіталі са спевамі, танцамі ды зычлівымі гаворкамі аўтары праекту і спеўны гурт “Гаманіна” з Мінску. І ўладавалі старым з кявенькамі добрае светлае свята.

Падчас сустрэчы йшла цёплая гамонка пра час, пра звычаі, пра шляхі, што гукаюць у далечы з бацькоўскіх дамоў пасталелых дзяцей, пра каханне (на тое ж яны й купальскія дні!) і моц сям’і. Пра жанчын і мужчын, урослых у грунт, з якога толькі й магчыма зачэрпваць сілы і радасці, жывучы ў абдоймах старасці. Пра дзядоў, засейвалых гэты грунт зернем любові. Пра сляды, што, як тэстамэнты продкаў, можна чытаць і расчытваць на памудрэнне і мужнасць – у хаце, на покуці, у садзе, ля весніц і брам, на пажоўклых фатаздымках і пахіленых крыжах. Чытаць з нерушы спамінаў – кожнага пра сваё, пра сваіх, і усіх разам – пра Край, пра век, пра сцямнелае ўчора і бліскавічна пудлівае, але такое вабнае, прыцягальнае заўтра.

Удзячлівыя вяскоўцы, гэтыя паважныя кабеты ў хустачках – апошнія зберагальніцы ацішэлай ужо міфа-паэтычнай цывілізацыі, гэтыя тры-чаты дзівакі-мужчыны, харобра ўстаялых перад хваробамі і разгублена паселыя на ўгладжаных лаўках, нібы ў кветніку, пасярод цэлай грамады жанчын, услухоўваліся ці не ў кожнае слоўца спяваных гасцямі радкоў: гэта ж – іх песні, іх пачуцці, іх далёка адплылая маладосць, іх надзеі, мары і пошукі… А што бывае больш каштоўным за сустрэчу з родным, ледзь не згубленым, дарагім – сугрэўным на ветаху лёсу, ясным і гэтакім адзіначаканым у самоце знямялых парогаў хат?..

…Разыходзіліся гаспадары і гаспадынькі па сваіх прыбраных, як да вяселля, дварох, чыстых і шчодрых на дабро, быццам знячэўку памаладзелыя – рухава, усмешліва, падбадзёрана. Вось якую магуту трымае-аберагае ў сабе Спадчына!”

 

 

 

 

25 чэрвеня ў мінскай культурніцкай прасторы “Тартак” у межах культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася ўрачыстая прэзентацыя першага нумару альманаха «KREVA INCOGNITA”.
Гасцей прэзентацыі віталі сябры рэдкалегіі і аўтары Альманаха, прадстаўнікі Фона “Крэўскі замак”, у тым ліку археолаг, кіраўнік працамі сп. Алег Дзярновіч. На імпрэзе прусытнічалі, як сёлетнія валанцёры, так і мецэнаты. Госці вечарыны перазнаёміліся і атрымалі інструктаж па будучых працах.

Не сакрэт, што археалагічны летнік, які ладзіцца фондам “Крэўскі замак” сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі Беларусі, пройдзе сёлета з 4 па 18 ліпеня. Ахвяраванні, на якія будуць праводзіцца раскопы сёлета, збіраюцца праз прыватных асобаў. Мецэнаты змогуць у знак падзякі атрымаць асобнікі альманаха «KREVA INCOGNITA”.

Альманах з’яўляецца аўтаномным друкаваным выданнем Мясцовага дабрачыннага фонда “Крэўскі замак”, якое плануецца выдавацца штогод. У навукова-папулярным выданні размешчаны вынікі археалагічных раскопаў у Крэва, аналіз стану і хады рэстаўрацыі ды інтэрпрэтацыі спадчыны Крэўскага замка, апісанне і прапановы па захаванні адметных аб’ектаў крэўскай зямлі, нарысы краязнаўцаў. Рэдакцыя Альманаху прымае матэрыялы для друку круглы год.

Завяршылі прыемны вечар музычныя госці імпрэзы – Кацярына Ваданосава & Fantasy Orchestra, якія змаглі песнямі і музыкай стварыць замкавую атмасферу ў 100 км ад самаго Крэва.

 

 

 

 

 

 

26 чэрвеня нашы сябры з бібліятэкі № 14 імя Ф. Багушэвіча сустракалі ў сваіх светлых пакоях пісьменніка, актора, драматурга Васіля Дранько-Майсюка.

Дзеткі са школьнага летніка СШ № 42 г. Мінска, якія завіталі сюды на творчую сустрэчу, нечакана для сябе апынуліся ў інтэрактыўным тэатры незвычайных гісторый. Спачатку прадстаўнік кампаніі “Будзьма беларусамі!” спадарыня Стася праверыла веды маленькіх гасцей аб роднай мове і літаратуры. Было прыемным сюрпрызам тое, што школьнікі 3-4 класаў хутка і правільна адказалі на ўсе пытанні моўнай віктарыны, назвалі вельмі шмат беларускіх пісьменнікаў і паэтаў (а не толькт Я. Коласа і Я. Купалу, як бывае звычайна на падобных сустрэчах) і, самае прыемнае, змаглі прачытаць вершы беларускіх паэтаў. За правільныя адказы і вершы ўсе атрымалі прызы: паштоўкі, закладкі, часопіс “Дзеяслоў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў”. Таксама высветлілася, што некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак карыстаюцца роднай мовай не толькі на ўроках, але і з сябрамі.

Пасля такой “размінкі” школьнікі пад кіраўніцтвам спадара Васіля самі пачалі тварыць. Уключыўшы фантазію напоўную, маленькія творцы разам прыдумлялі незвычайную гісторыю пра Кажана Івана і залаты мяч Раналду. Пачалося ўсё з простай гульні – “назаві слова на роднай мове”. А потым з гэтых такіх разнастайных словаў і пачала стварацца незвычайная гісторыя. Дзеці вельмі камфортна адчувалі сябе ў ролі сапраўдных творцаў: прыдумлялі, спрачаліся, крэслілі, вялі сюжэтную лінію… Цалкам гісторыю хутка можна будзе пачытаць у часопісе “Вясёлка”, дзе паабяцаў надрукаваць яе спадар Васіль.

Такая шчырая, цёплая і па-сапраўднаму ТВОРЧАЯ сустрэча адбылася ў бібліятэцы, дзякуючы спадарыні Тамары Стрыгельскай, якая запрасіла да сябе сяброў ГКК “Будзьма беларусамі!”.

 

 

 

 

І завяршыўся цыкл чэрвеньскіх сустрэч з “Будзьма беларусамі!” у Верхнядзвінску. Сюды 29 чэрвеня завіталі пісьменнік Аляксей Шэйн і спявак, мастак, тэлевядучы Андрэй Такінданг. Спачатку творчы дуэт завітаў у бібліятэку, каб разам з чытачамі сустрэць бібліяноч. Спадар Аляксей натхнёна распавёў пра жанр фэнтэзі ў сусветнай ды беларускай літаратуры. Верхнядзвінцы паўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, даведаліся шмат цікавых фактаў пра гэты незвычайны і такі папулярны зараз жанр.

Пасля творцаў запрасілі на фэст “Добры сусед запрашае!” – свята аднаго з шматкватэрных дамоў, у якіх жывуць перасяленцы з Чарнобыльскай зоны. Хіты Андруся не пакінулі ніводнага ўдзельніка святараўнадушным: і дарослыя, і дзеці з задавальненнем падпявалі ды прытанцоўвалі пад рытмічныя гукі.

 

 

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Генрых Далідовіч у праграме «Кантэкст». Глядзеце новы выпуск!

ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае свой відэапраект — цыкл літаратурных гутарак «Кантэкст». У кожным «Кантэксце» вас чакаюць інтэрв’ю з вядомымі беларускімі літаратарамі, а таксама іх аўтарскія...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Новая кніга «Беларускага кнігазбору»: украінскі дзіцячы бестселер па-беларуску

У кнігі «36 і 6 катоў» дзіцячай пісьменніцы Галіны Удавічэнка толькі ва Украіне — 35 перавыданняў, 149 тысяч асобнікаў! Пра беларускае выданне Нашай Ніве расказваюць самі перакладчыкі, дружная...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Дзве матрыцы і адна Галгофа Аляксея Навальнага

Алесь Кіркевіч піша на budzma.by пра феномен расійскага палітыка Аляксея Навальнага Навальны зрабіў смелы ўчынак. Не паспрачаешся. Менавіта таму найбліжэйшым часам ён будзе піць зусім не нямецкае піва,...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Рахункі вядомага беларускага выдавецтва заблякаваныя. Як можна яго падтрымаць?

15 студзеня ў выдавецтва «Янушкевіч» прыйшлі з аглядам супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Дырэктара выдавецтва Андрэя Янушкевіча выклікалі на допыт. Увечары яго адпусцілі, але цяпер...

Апошнія навіны

    Літаратура
    Генрых Далідовіч у праграме «Кантэкст». Глядзеце новы выпуск!
    Літаратура
    Новая кніга «Беларускага кнігазбору»: украінскі дзіцячы бестселер па-беларуску
    Грамадства
    Дзве матрыцы і адна Галгофа Аляксея Навальнага
    Літаратура
    Рахункі вядомага беларускага выдавецтва заблякаваныя. Як можна яго падтрымаць?
    Культура
    Былы палац культуры ў Гродне стане музеем
    Краіна
    Заўтра чакаецца рэзкае пацяпленне. Чым гэта небяспечна?
    Літаратура
    Выйшаў Альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа «Беларус» за 2020 год. Абвешчаны прыём тэкстаў у наступны выпуск
    Грамадства
    Улады забаранілі перавод часткі ахвяраваньняў беларускім сіротам, дзецям з анкалёгіяй і пацярпелым ад гвалту
    Грамадства
    Міністр інфармацыі прыгразіў заблакаваць TUT.BY
    Грамадства
    Праваслаўны святар і студэнткі Медуніверсітэта пачалі галадоўкі салідарнасці з палітвязнем Лосікам
    Краіна
    У маразы пад Гродна знайшлі новы від птушак для Беларусі - качку-каралінку
    Замежжа
    Цяпер яшчэ і Нартумбрыя
    Гісторыя
    Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    Грамадства
    «Зіма ваша, вясна — наша». Вадзім Мажэйка пра сыход з унівэрсытэту фізкультуры і стратэгічную перамогу
    Літаратура
    Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча

Афіша

  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»
    • Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM