“Будзьма беларусамі!” сумесна з citydog.by аднаўляе рубрыку “Як гэта любіць”: разам з Сяргеем Краўчанкам мы выпраўляемся ў падарожжа па новых маршрутах любові да Беларусі. Адмяняйце ўсе планы, садзіцеся ў машыну і паўтарайце за намі!
У восьмым маршруце любові ў нас грандыёзныя планы: дабрацца да верхавога балота Ельня праз вішнёвае Глыбокае і цвярозы і дагледжаны Мосар. Вывучыць схаваную ад усіх Друю, паглядзець на Латвію праз Дзвіну з беларускімі каровамі, якія плаваюць у ёй, і вярнуцца ў Мінск праз старажытныя касцёлы, разбураныя сядзібы і Ілаўскі пладакансервавы. Асабліва спрытныя змогуць выкупацца ў адзіным беларускім вадаспадзе, атрымаць у Будславе поўную індульгенцыю і сустрэць заход на Вілейскім вадасховішчы. Так, патануць у гэтай прыгажосці трэба, але не цалкам. Так, усё гэта можна паспець за два дні.
(Больш падрабязная мапа тут)
Беларусь здаецца буферам не толькі паміж закрытым усходам і адкрытым захадам, але і паміж руплівай поўначчу і марнатраўным поўднем. Зямлёй з 9,5 млн насельніцтва, якая быццам усё яшчэ не верыць ва ўласную самастойнасць. І калі ўзлезці тут на невысокі пагорак з пакрыўленым зрубам, помнікам партызанам, закінутай сядзібай, цагляным ДК і вышкай з 3G-інтэрнэтам, відаць, як многае магчымае на захадзе і немагчымае на ўсходзе, як многае працуе на поўначы і не працуе на поўдні. Напэўна, калі доўга жывеш на такім перакрыжаванні ўсяго на свеце, калі праз твой дом туды-сюды ходзяць арміі і карысныя выкапні, каштоўнасці і ідэалогіі, біткоіны і пладовае віно, калектыўнае несвядомае ліхаманіць, як стрэлку компаса на магнітным полюсе. Абсалютна гэтак жа ліхаманіць і памяць, якой кожны дачаснік навязвае прыемнае яму мінулае. Але наўрад ці нехта ведае дакладна, якое мінулае — сапраўднае.
М-3 і мемарыялы
М-3, нягледзячы на чароўныя пагоркі і гіпнатычны лес, — не самая простая траса, таму на ёй не варта пазяхаць або рызыкаваць.
Па дарозе да Бягомля можна завярнуць у Хатынь або Дальву — мемарыяльныя комплексы на месцах вёсак, знішчаных у 1943 годзе разам з жыхарамі. Напярэдадні адступлення нямецкіх войскаў аперацыі СС супраць мірнага насельніцтва вылучаліся асаблівай жорсткасцю, і ў адказ на напады партызан спальваліся тысячы вёсак, сотні з іх — разам з жыхарамі. Адна з іх — Хатынь, у якой 22 сакавіка 1943 года жыўцом спалілі 149 чалавек, — зрабілася сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва ў той вайне.
Ханс Вельке — алімпійскі чэмпіён і нямецкі афіцэр, у пакаранне за забойства якога спалілі Хатынь
Справядлівасці ў свеце няма, але яе дзеля трэба згадаць, што партызаны не маглі не ведаць, што за іх дзейнасць расплачваюцца людзі ў вёсках, а знішчэнне вёсак і іх жыхароў ажыццяўлялася не толькі нямецкімі падраздзяленнямі, але і калабарантамі — у прыватнасці, палоннымі чырвонаармейцамі. На жаль, тэма Другой сусветнай і яе жахаў часта ператвараецца з агульначалавечай трагедыі ў інструмент ідэалогіі і страўлівання, і нейкі бок можа ўспомніць украінца Васюру, але змаўчаць пра рускага Мялешку.
Дарэчы, ёсць версія, што Хатынь была выбраная СССР для мемарыяльнага комплексу, каб збіць з панталыку міжнародную супольнасць у пытанні прызнання сталінскіх злачынстваў у Катыні. У 1940 годзе НКВД без суду і следства расстраляў там 4421 польскага афіцэра.
Бягомль: Барон, руіны, ІЛ-14.
Бягомль крыху адцягвае ад цяжкіх думак: на ўездзе ў пасёлак можна пазнаёміцца з Баронам і нават памацаць яго за мокры нос, калі ён будзе ў гуморы. Барон — гэта сімпатычны плямісты алень, і калі вы забудзеце яго імя, жанчыны, што прадаюць побач грыбы і ягады, вам яго нагадаюць. Акрамя аленя ў прасторных вальерах, абсталяваных Бягомльскім лясгасам, боўтаюцца драбнейшыя далікатныя парнакапытныя, але ўся гэтая лясная кранальнасць не павiнная збіваць нас з дарогі.
Першы раз Бягомль быў згаданы ў гістарычных крыніцах у 1582 годзе, калі яго жыхары вылучыліся тым, што разрабавалі біскупскі двор. Аж да Другой сусветнай ён нічым больш асабліва не запомніўся — хіба што частка яго жыхароў падтрымала паўстанне 1863–1864 гадоў, а ў 1870–1874 гг. тут быў пабудаваны спіртзавод, будынкі якога да гэтага часу захаваліся. У канцы XIX стагоддзя пасля двух паўстанняў, якія пракаціліся па Беларусі за трыццаць гадоў, на яе тэрыторыі наогул узвялі столькі бровараў, што гэта здаецца не выпадковасцю, а планамернай працай з насельніцтвам.
Былы корпус спіртзавода
Але бунт не прап’еш. У 1942 годзе Бягомльшчына зрабілася партызанскай зонай: мясцовыя атрады амаль на паўгода адваявалі раён у акупацыйных войскаў Германіі. Тады ж тут пачаў працаваць партызанскі аэрадром, у памяць пра які на адным з перакрыжаванняў усталяваны Іл-14 — самалёт, скапіяваны з амерыканскага “Дугласа”, які шматкроць выручаў партызан. Падрабязней пра лясных братоў і гісторыю рэгіёна можна даведацца ў Бягомльскім музеі народнай славы, размешчаным у былым корпусе спіртасартавання.
Музей народнай славы (корпус спіртасартавання)
На ўзгорку недалёка ад акуратненькай грамадскай лазні — руіны царквы Усіх Святых. Праваслаўны храм пабудавалі на месцы ўніяцкага, як і спіртзавод: пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, калі па загадзе губернатара Мураўёва на тэрыторыі Беларусі пачалі дзясяткамі будаваць храмы ў псеўдарускім або рэтраспектыўна-рускім стылі. Магчыма, такім чынам Мураўёў і наступныя губернатары “Паўночна-Заходняга краю” клапаціліся і пра духоўнае выхаванне беларусаў і палякаў, але хутчэй — выконвалі свой дзяржаўны доўг перад Расійскай імперыяй, працягваючы экспансію праваслаўя і прыгнёт іншадумства. У ліберальных і спачувальных паўстанню колах Мураўёва называлі вешальнікам і людаедам, а цэрквы, пабудаваныя паводле яго ўказу, — “мураўёўкамі”.
Як бы там ні было, цяпер гэта руіны, а не імперыя, таму што барацьбу за панаванне над зямлёй і чалавекам тут працягнула савецкая ўлада, і храм быў спачатку разрабаваны, а затым ператварыўся ў адзін з карпусоў спіртзавода. З 1991 года ў ім зноў пачалі праводзіць службы, пакуль у 2006 годзе не закрылі з прычыны аварыйнага стану. Цяпер побач узвялі новенькі праваслаўны храм, а ціхай вуліцай праедзе то калматы мужык на ровары, то падлетак з тэлефонам, у якім равуць папулярныя песні. Здаецца, барацьба за іх сэрцы працягваецца.
Цікава, што на ўскрайку вёскі, побач з каталіцкімі і праваслаўнымі могілкамі, ёсць і невялікі стары мізар — мусульманскія могілкі, заснаваныя бягомльскімі татарамі пасля 1921 года, калі Рыжскі мір і ўсталяваная разам з ім мяжа раздзялілі супольнасць і сем’і, а мізар у суседніх Докшыцах стаў недаступны для пахаванняў. Мізар у Бягомлі зусім маленькі і амаль закінуты — зрэшты, старыя хрысціянскія могілкі, размешчаныя побач, здаецца, таксама даўно ніхто не наведвае.
Лех-татарлары. Мізар у Докшыцах
Беларусь ужо больш за 600 гадоў ёсць тэрыторыяй саперніцтва праваслаўя з каталіцызмам, і пытанне, у які бок хіснуцца рэлігійнаму ківачу, часта залежала не столькі ад усвядомленага выбару вернікаў, якія штудыявалі догматы на дарозе да ісціны і Бога, колькі ад волі кіраўнікоў, магнатаў, шляхты або акупантаў. А тыя, у сваю чаргу, часта падпарадкоўвалі свае рашэнні геапалітычнай сітуацыі або рацыянальнай неабходнасці: хочаш сябраваць з Захадам і заручыцца падтрымкай Польшчы — будуй касцёлы, хочаш абаперціся на праваслаўны Усход — узводзь цэрквы. У шматлікіх крыніцах апісваецца талерантнасць і рэлігійная памяркоўнасць унутры шматнацыянальнага ВКЛ, але, нягледзячы на гэта, дыскрымінацыя адных змянялася дыскрымінацыяй іншых, і нават царкоўна-рэлігійная унія, задуманая аб’яднаць дзве царквы і памірыць мясцовых хрысціян, не змагла задаволіць бакі некалі расколатай царквы.
Іншая справа — мусульмане. Татары, якія вызнаюць іслам, з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў 1397 годзе на запрашэнне Вітаўта (паводле некаторых звестак, іх запрашалі ваяваць на баку ВКЛ яшчэ Гедымін і Альгерд) і з тых часоў жылі ў міры з суседзямі і прадстаўнікамі ўсіх канфесій. Вядома, за шэсць стагоддзяў і ім не ўдалося пазбегнуць дыскрымінацыі, але самым маштабным рэпрэсіям татары падвергліся з прыходам саветаў.
У канцы XIV стагоддзя, калі на ВКЛ з аднаго боку напіраў Тэўтонскі ордэн, а з другога — Залатая Арда, мудры палітык Вітаўт круціўся як мог. Тады ён не толькі аддаў дачку замуж за маскоўскага князя, але і заключыў пагадненне з залатаардынскім ханам Тахтамышам аб тым, хто дзе будзе княжыць у выніку удалай калабарацыі. Тахтамыш са сваімі людзьмі бег ад міжусобіц у Залатой Ардзе, і вялікі князь даў татарам прытулак, свабоду веравызнання і зямлю ў абмен на верную службу ў войску ВКЛ.
Пазней многія прадстаўнікі ісламу — воляю лёсу, уцякаючы ад уціску ці добраахвотна — перабіраліся ў талерантную літоўскую дзяржаву, і да XVII стагоддзя на тэрыторыі Вялікага Княства іх былі ўжо дзясяткі тысяч. У адрозненне ад Русі, дзе палонныя мусульмане, якія не прынялі праваслаўе, станавіліся рабамі, на тэрыторыі ВКЛ ім дарылі зямлі, тытулы і дазвалялі сяліцца ў гарадах і будаваць мячэці. За гэта татары адказвалі вернай службай у войску і добрасуседствам, а да памяці пра Вітаўта ставіліся амаль з рэлігійнай глыбокай павагай.
Бо ў асноўным яны аказваліся ў ВКЛ без жонак, і ім было дазволена жаніцца з мясцовымі жанчынамі. Праўда, з умовай ажаніцца толькі раз, а дзяцей выхоўваць у веры бацькаў, што не магло не спрыяць культурнай інтэграцыі татараў у шматнацыянальны склад ВКЛ. У выніку мовамі аўтарытэтнага слоўніка і нават каментароў да Карана ў вялікакняжацкіх мусульман рабіліся мясцовыя мовы. А ўжо ў XVI стагоддзі на тэрыторыі Беларусі можна было знайсці ўнікальныя кітабы — кнігі, напісаныя на старабеларускай мове арабскім пісьмом.
Культура татараў настолькі пераплялася з мясцовай, што нават татарскае адраджэнне 1990-х ішло ў нагу з адраджэннем беларускім — на беларускай мове, што за 600 гадоў стала агульнай. Сёння, пасля ўсіх войнаў, узрушэнняў і рэпрэсій ХХ стагоддзя, у Беларусі захавалася невялікая, колькасцю да 10 тысяч, але вельмі дружная і актыўная татарская дыяспара. А вось у Докшыцах, паводле звестак mechet.by, засталося не больш за 5 сем’яў. Мячэці або малельнага дома тут не захавалася зусім, затое святое для мусульман месца — мізар — прыгожае і дагледжанае.
Докшыцы мы з усёй павагай абмінём. Можна толькі сказаць, што пачынаючы з XVII стагоддзя ім, як і многім іншым мястэчкам Беларусі, не шанцавала: спярша праз іх прайшоў Патоп — вайна Рэчы Паспалітай і Маскоўскага княства 1654–1667 гадоў, пасля якой у Беларусі стала ў два разы менш насельніцтва. Затым Докшыцы былі спаленыя шведамі, якія ў 1708 г. ішлі паходам на Маскву. Затым туды-сюды пракаціліся напалеонаўскія войскі і, прыхапіўшы каштоўнасці, спалілі Докшыцы. Але да канца XIX стагоддзя тут былі і касцёл, і царква, і малітоўны дом мусульман, і чатыры сінагогі — больш за 70% насельніцтва мястэчка былі габрэямі. Дзякуючы ім тут было яшчэ і за сотню крамаў. Пасля рэвалюцыі 1917 года Докшыцы рабіліся то нямецкімі, то бальшавіцкімі, то польскімі, так што пакутам гарадка можна толькі паспачуваць. Саветы дабраліся сюды толькі ў 1939-м, а ўжо ў 1942-м гарадок зноў апусцеў: айнзацгрупы нацысцкай Германіі ліквідавалі Докшыцкае гета, знішчыўшы больш за 3000 чалавек.
Малая архітэктурная форма на вытоку Бярэзіны ў Докшыцах
Цяпер у Докшыцах спакойна. Пакуль краінай, у якую іх занесла, кіравалі кухаркі і вар’яты, названыя эфектыўнымі менеджарамі, тут, як і ў дзясятках іншых райцэнтраў, усё стваралася наноў і без аглядкі. Ля выканкама стаіць фантан з двух збаноў: з іх льецца вада, людзі спакойна чакаюць свайго шчасця каля банкаматаў і няспешна шпацыруюць да крамы “Выток”, на адхоне насупраць альтанкі з ганарлівым надпісам “Выток Бярэзіны” — блакітны дэльфін. Дарэчы: дзесьці тут бяруць свой пачатак клёвыя беларускія рэкі — Вілія і Бярэзіна.
Порплішча. Раскол і сайдынг
У Порплішчы адзін насупраць аднаго стаяць сімпатычныя драўляныя храмы — праваслаўны і каталіцкі, — і нармальна: не б’юцца. Царкву XVII стагоддзя і касцёл XX раздзяляюць час, царкоўны раскол і траса на Глыбокае, затое аб’ядноўваюць неба і прыналежнасць да невялікага мястэчка, дзе з XVI стагоддзя запраўлялі то Чартарыйскія, то Радзівілы, то Вітгенштэйны. Здавалася б, куды што падзелася, але гэта мы думаем, што калі Радзівілы, то адразу замак з паўлінамі, калі граф Вітгенштэйн, то адразу балі і палюбоўніцы — і ўсё гэта прыгожа і назаўжды. Не, Порплішча — проста дзелавіты і акуратны аграгарадок з рэшткамі старога фальварка недзе на краі.
Затое тут яшчэ ў 1627 годзе пабудавалі драўляны ўніяцкі храм. Паводле мясцовых паданняў, ці то нейкі купец, ці то князь заблукаў у мясцовых балотах і лясах і цудам выратаваўся, выбраўшыся ў Порплішча на глыбоцкі тракт. На знак падзякі Богу за сваё выратаванне ён і узвёў царкву. За чатыры стагоддзі яна была некалькі разоў перабудаваная і пераасвечаная ў праваслаўную, але захавала сляды “ўніяцкага” афармлення — фрагменты старадаўняга драўлянага алтара. Гэта робіць інтэр’ер храма ўнікальным, таму што пасля таго, як Расійская імперыя сілком скасавала на тэрыторыі Беларусі ўніяцтва, грэка-каталіцкія храмы звычайна перарабляліся цалкам.
Фрагмент інтэр’ера
Уніяцкая царква была магутнай tricky-спробай зраўняць у правах і магчымасцях праваслаўных і каталікоў у часы Рэчы Паспалітай, усім дагадзіць і тым самым аслабіць уплыў Масквы — цэнтра праваслаўя і па сумяшчальніцтве агрэсара. Праект гэтага сяброўства (а ён падразумяваў прыняцце праваслаўнымі каталіцкага веравучэння і пераход у падпарадкаванне рымскаму папу з адначасовым захаваннем набажэнстваў візантыйскай літургічнай традыцыі, ды яшчэ і на беларускай мове, хух) асабліва добра прыжыўся на тэрыторыі ВКЛ, дзе на момант другога распілу Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй уніяты складалі 39% насельніцтва (на тэрыторыі сучаснай Беларусі — 79%). Але праект курыравала дзяржава, і ўкараняўся ён, дакладна як і асноўныя рэлігіі, у залежнасці ад геапалітычнай сітуацыі. Пры гэтым праваслаўнае духавенства было за чысціню веры і немагчымасць пераменаў (вось іх і няма дзе-нідзе), таму ўсё гэта зноў прывяло да крыўдаў, праклёнаў, чарговай дыскрымінацыі і крывавай барацьбы.
Выгляд храма, фота да 2008 года
Цікавая штука — вінілавы сайдынг, які выкарыстаны ў Спаса-Праабражэнскай царкве не толькі для вонкавага аздаблення пакрыўленага барабана купала, але і ўнутры. Непрыемны для людзей тонкай настройкі матэрыял, прыдуманы ў Амерыцы ў 50-я, цяпер часта выкарыстоўваюць у рэканструкцыі беларускай спадчыны, і гэта сёе-тое кажа пра ўзаемаадносіны людзей, якія прымаюць рашэнні, з прыгажосцю мінулага. З аднаго боку, хочацца да яе дакрануцца і захаваць, але ці то неадукаванасць, ці то беднасць, ці то прагнасць, ці то густ не даюць, і цэлыя сядзібы зашываюць у ПВХ і накрываюць металадахоўкай. З іншага боку, усе гэтыя эстэтычныя меркі вельмі адносныя, а сілы прыроды няўмольныя, і пакуль архітэктары ўздыхаюць, разглядаючы фатаграфіі страчанага і сапсаванага, а Міністэрства культуры ставіць помнікі ў чаргу на рэканструкцыю, людзі цыруюць сайдынгам храмы, каб яны не разваліліся, зашываюць вінілам старадаўнія будынкі, каб яны працягвалі працаваць. Напэўна, таму і ўваходны порцік царквы цяпер не драўляны, а з сілікатнай цэглы.
У 1937 годзе для гармоніі і балансу праз дарогу пабудавалі вытрыманы і кампактны драўляны касцёл. Праўда, для гэтага Польшчы спатрэбілася заваяваць паў-Беларусі ў савецка-польскай вайне 1920 года.
Першая сусветная вайна і рэвалюцыі не толькі пагрузілі паўсвету ў хаос, але і выклікалі ўсплёск самавызначэння ў народаў, вызваленых з-пад прыгнёту разваленых імперый. Так што ў 1918 годзе маладая Польшча сабрала сваё войска і пайшла аднаўляць Рэч Паспалітую версіі 2.0, а маладая Чырвоная армія пайшла ёй пярэчыць і заадно беспаспяхова раздзімаць пажар сусветнай рэвалюцыі. Тое, што да гэтага часу сфармавалася беларуская нацыянальная грамадска-палітычная і культурная эліта і Беларусь таксама хацела б незалежнасці ў сваіх этнічных межах, ні Пілсудскага, ні Леніна не цікавіла.
Дзіўна, але, мабыць, мы, беларусы, настолькі мірныя і прыемныя людзі, што нас заўсёды спрабавалі заваяваць найбліжэйшыя суседзі: пабудаваць тут школы, храмы, камунізм, захапіць сваёй культурай. Рыжскі мір, якім скончылася вайна Польшчы з бальшавікамі, па жыўцом парэзаў тэрыторыю Беларусі на дзве часткі. На адной палове аднавілася прыватнае землеўладанне, на другой пачаўся чырвоны тэрор.
Карыкатура на Рыжскую мірную дамову, 1921 год
Порплішча заставалася мястэчкам ля ўсходніх межаў Другой Рэчы Паспалітай да 1939 года, пакуль “вызваленчы паход Чырвонай арміі”, які стаў магчымы ў выніку змовы бальшавікоў з нацысцкай Германіяй, не аб’яднаў тэрыторыю Беларусі ў межах БССР. Тады ад савецкай улады дасталася і мясцоваму ксяндзу, і святару, хоць, у адрозненне ад порплішчанскага касцёла Маці Божай Валадаркі, з якога зрабілі школу механізатараў, праваслаўная царква заўсёды заставалася дзейнай.
А яшчэ ў мясцовай сярэдняй школе ёсць свой помнік прыроды мясцовага значэння — дэндралагічны парк, дзе можна паглядзець і на курыльскі чай, і на горную хвою, але так наш маршрут стане бясконцым і мы ніколі не выберамся з Порплішча з яго дванаццаццю гатункамі цюльпанаў. А ў нас наперадзе Глыбокае.
Глыбокае
Але нядоўгае, бо інакш нам ніяк не паспець да заходу над Ельняй.
Глыбокае — настолькі дзіўнае і насычанае месца, што для яго недастаткова беглага агляду: лепш за ўсё сюды прыехаць хоць бы на дзень-два, і тады для занурэння можна скарыстацца найпадрабязнейшым гайдам 34mag.
У Глыбокім на адкрытага свету гледача адразу нападае велізарная колькасць формаў, знакаў і фактураў — сапраўднае свята жыцця і буянства фарбаў. Уся гісторыя гэтай гаротнай зямелькі сціскаецца тут у стракаты клубок на пяці азёрах: вось касцёл кармелітаў, які стаў праваслаўным саборам з падзямеллем, дзе катавалі паўстанцаў 1863 года, а потым, за саветамі, размясцілі кансервавы завод. Вось побач з саборам райаддзел МУС, з-пад брамы якога нават кот выходзіць з такім выглядам, быццам ты парушальнік. Вось насупраць сабора касцёл, вось рэклама мясакамбіната, крама “Родны кут”, “алея знакамітых землякоў” са шляхціцамі, філолагамі і мастакамі, помнік вішні, скульптуры Ісуса і самарыцянкі, дзівоснай геаметрыі фантан з сумнай пліткай, як у грамадскай лазні, векавая гарадская забудова з невялікай шыльдачкай з гербам “Пагоня”, якая паведамляе, што гэта плошча 17 верасня, электроннае табло з адлікам часу да вішнёвага фестывалю і парк Перамогі і БМП з помнікам воінам-інтэрнацыяналістам. Як гэта не любіць? Прыгажосць і боль, супярэчнасці і складанасці апошніх трох стагоддзяў тут пераплятаюцца з абтынкаваным і афарбаваным ружовай фарбай сёння. А ад аднаго з найпрыгажэйшых храмаў віленскага барока і габрэйскага мінулага нічога не засталося, таму што НКУС і СС, турма і канцлагер. У жылым корпусе манастыра базыльянаў дагэтуль размешчаная адна з самых строгіх турмаў Беларусі.
Манастыр базыльянаў. Фота: Ян Булгак, 1938 г.
Назваць убачанае за транзітны пераезд на поўнач праз Глыбокае “эклектыкай” — нічога не сказаць пра гэтую вішнёвую Мекку, адну са сталіц беларускай згушчонкі, радзіму авіяканструктара Паўла Восіпавіча Сухога, дзякуючы чаму то тут, то там у мястэчку ўзнікаюць прыпаркаваныя рэактыўныя знішчальнікі, міма якіх ідуць плаўныя мужчыны з віном.
Цяпер вы ведаеце, што ў Глыбокім усяго многа, але паколькі асноўны акцэнт нашых маршрутаў — камернае і схаванае ў баку ад вялікіх дарог і гарадоў, мы едзем далей.
Удзела францысканскае
Ва Удзеле, насупраць крамы “Васілёк”, узвышаецца храм Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Спачатку тут, вядома, з’явіўся манастыр францысканцаў, заснаваны ва Удзеле рэлігійным мецэнатам Юзафам Корсакам у 1642 годзе, а ўжо пасля — крама “Васілёк”.
У другой палове XVIII стагоддзя на месцы першапачаткова драўлянага кляштара заклалі мураваны касцёл, які ў 1837 годзе перабудавалі, замяніўшы ажурныя вежы віленскага барока на трохкутны франтон. Навошта гэта было трэба — незразумела, але, напрыклад, у беларускай Вікіпедыі кажуць, што перабудова здарылася “па здушэнні вызвольнага паўстання (1830–1831)” Расійскай імперыяй. Касцёл замяніў званіцы, што імкнуліся ў нябёсы, на двухсхільную шапку і ператварыўся ў цікавы гібрыд класіцызму і барока, якое трохі хвалюе строгасць фасадаў.
Мабыць, каб Расійскай імперыі было на гэтых землях яшчэ спакайней, яе ўлады выгналі ў 1851 годзе ўсіх манахаў-францысканцаў — тыя вярнуліся ва Удзела толькі ў 2000-м. За больш чым сотню гадоў тут пабудавалі званіцу, разбурылі вялікую частку каменнага жылога корпуса кляштара, добранька пазмагаліся з рэлігіяй і доўгі час выкарыстоўвалі храм у якасці склада. Пакуль у 1989 за справу не ўзяліся апошні генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў з яго перабудовай і святар-актывіст Юозас Булька, што вярнуў касцёл вернікам і задумаў рэканструкцыю комплексу.
Кітайскі працоўны ідзе ў краму “Васілёк” насупраць храма
Цяпер за храмам, насупраць якога будаўнікі-кітайцы купляюць у краме “Васілёк” кока-колу, сочаць тры браты-францысканцы. Тут можна паглядзець сапраўдную беларускую батлейку, сабраную польскім майстрам у 2000 годзе з Барбі і Кенаў, убачыць фота з жыцця францысканцаў па ўсім свеце і азнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай Максіміліяну Кольбэ — манаху ордэна, які хаваў габрэяў ад нацыстаў і абмяняў у Асвенціме сваё жыццё на жыццё незнаёмца. Але гэта толькі калі вы зможаце спакойна абмінуць помнік ненароджаным, якім павучальна сустракае дворык храма.
Бог, цвярозасць, КДБ
Віно з дурніцаў чакае нас толькі на дарозе назад, таму самы час заехаць у Мосар і перагледзець сваё жыццё — раптам віно не спатрэбіцца.
Вышэйзгаданы Юозас Булька, які прыехаў сюды ў канцы 1980-х, аказаўся магутным рэфарматарам, і дзякуючы яго дзейнасці Мосар стаў не толькі гіпердагледжанай каталіцкай парафіяй, але і запаведнікам цвярозасці і культурна-дэндралагічным комплексам.
Касцёл Святой Ганны, пабудаваны Бжастоўскімі ў канцы XVIII стагоддзя, і прылеглую да яго тэрыторыю цяпер называюць не інакш як “Беларускім Версалем”. Праўда, намаганнямі людзей, якія пішуць пра беларускую спадчыну, Версалі ў нас цяпер усюды: і ў Ружанах, і ў Жылічах, і ў Свяцку, затое Мосар — з алеяй цвярозасці і з высачэзным крыжам, да якога яна вядзе, — адзін. Храм жа ўнікальны яшчэ і тым, што за ўсю сваю больш чым двухсотгадовую гісторыю амаль заўсёды быў адкрыты для вернікаў. За выключэннем 1949-га, калі савецкія ўлады арыштавалі ксяндза і ўскрылі пахаванні фундатараў.
Калі рудога ката на сметніку ля паркоўкі можна памацаць бясплатна, то ўсяго за 70 капеек у драўлянай хатцы можна купіць квіток у райскі сад: сажалкі, крыніцы, лотасы, нарцысы, агавы, экзатычныя дрэвы і пазалочаныя анёлы, копія скульптуры Мікеланджэла і статуя Яна Паўла II — чаго толькі не з’явілася на велізарнай тэрыторыі пры касцёле дзякуючы айцу Юозасу. Архітэктурны ансамбль касцёла і званіц асіметрычны і прыемна ўпісаны ў ландшафт, а дэндрапарк такі багаты на дзіўныя расліны, скульптуры, малыя формы, штучныя вадаёмы і альтанкі, што да мошчаў Святога Юстыніяна, якія спачываюць у касцёле, можна і не дабрацца. Кажуць, што намаганнямі святара тут з’явіліся нават стадыён і страусіная ферма.
Цікава, ці карыстаюцца такой магчымасцю ўсе тыя нешматлікія людзі, што праходзяць, праязджаюць на роварах або коцяцца ў калысцы міма храма ў будныя, а не святочныя дні. На фоне велічы і раскошы збудавання і закрытых з прычыны адсутнасці службы варотаў яны здаюцца маленькімі і быццам трохі страчанымі.
Затое алкаголь у краме знік, і многія жыхары Мосара і наваколля пазбавіліся залежнасці і здалі свае самагонныя апараты ў музей цвярозасці ў званіцы — Юозас быў заўзятым змагаром з п’янствам і прапагандаваў здаровы лад жыцця. Поспехі антыалкагольнай кампаніі, тытулы, узнагароды і медалі не спынялі святара — наадварот: на грошы ад прэміі “За духоўнае адраджэнне” Булька ўсталяваў чарговую статую Хрыста, на ахвяраванні вернікаў паставіў 11 капліц па дарозе да крыніцы, а людзі, якія з яго дапамогай пазбавіліся залежнасці, тым часам высадзілі чараду туяў на алеі цвярозасці. Невядома, якіх маштабаў дасягнула б дзейнасць святара, але зімой 2010-га, на 85-м годзе жыцця, Юозаса Булькі не стала. Цяпер пераемнікі святара як могуць захоўваюць і памнажаюць яго спадчыну: сочаць за архітэктурным комплексам, дэндрапаркам ну і вядуць людзей да Бога. А ў мясцовым сельпо пакуль так і не з’явіўся алкаголь.
Палац Бжастоўскіх, таксама пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя, не захаваўся. Графскі род Бжастоўскіх падтрымаў паўстанне 1863–1864 года і, каб пазбегнуць канфіскацыі, прадаў маёнтак Пілсудскім. У гарачы час смуты 1917–1918 гадоў, калі род і тытул ужо ні ад чаго не ратавалі, палац быў разрабаваны і спалены разам з раскошнымі інтэр’ерамі, у якіх гасцяваў і апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Панятоўскі, і кіраўнік Рэчы Паспалітай версіі 2.0 Юзаф Пілсудскі. У міжваенны час прыгажосць так і не аднавілі, і пасля Другой сусветнай як памяць пра мінулых гаспадароў засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы. З гэтым тыпам будынкаў ва ўлады саветаў, якая прыйшла сюды ў 1939 годзе, антаганізму не ўзнікала.
Да 1939 года Мосар заставаўся на заходнім баку падзеленай Рыжскім мірам Беларусі і, паводле ўспамінаў мясцовых, 95% яго насельніцтва лічылі сябе палякамі. Цікава, што, апісваючы жыццё “за польскім часам”, прасавецкія крыніцы хутчэй за ўсё раскажуць пра 500-гадзінны працоўны тыдзень, паншчыну, уціск і невыносныя павіннасці няшчасных сялян, а сведкі або дзеці мосарцаў, што жылі тады, апішуць добрыя дарогі, прыстойную школу, пажарную частку і добрасуседскія адносіны. Праўда хаваецца, праўду дапамагаюць шукаць халодны розум, чуласць і стараннасць, але не факт, што яна нам спадабаецца.
Дарэчы, уся праўда пра Юозаса Бульку таксама нікому не вядомая. У 2008 годзе, за некалькі гадоў да смерці святара, літоўская пракуратура выдала ордэр на яго арышт і абвясціла ў міжнародны вышук па абвінавачванні ў генацыдзе. Матэрыялы, знойдзеныя супрацоўнікамі ЦДГРЖЛ (Цэнтра даследавання генацыду і рэзістэнцыі жыхароў Літвы), давалі літоўскім следчым падставы меркаваць, што будучы святар быў агентам-баевіком КДБ. Так, паводле версіі літоўскіх уладаў, у 1951 годзе Юозас па мянушцы “Бімба”, які ваяваў супраць савецкай улады ў складзе “Лясных братоў“, быў схоплены і завербаваны, і ў выніку спецаперацый па яго данясеннях ў 1951–1953 было захоплена і знішчана 45 партызан антысавецкага супраціву Літвы. Беларусь адмовілася выдаць пажылога святара Літве, а сам ён адмаўляў усе абвінавачвання. Што тут скажаш. Дзіўныя справы твае, чалавек.
Млын у Казлоўшчыне. Revival
За 10 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мосара, недалёка ад Парыжа, ёсць сімпатычны аб’ект спадчыны, якому вельмі пашанцавала — ён цяпер не нічыйны. Унікальную гаспадарчую пабудову XIX стагоддзя на рацэ Ласіца выкупіў у збанкрутаванай гаспадаркі “Парыж-Агра” Аляксандр Дарашэвіч — валанцёр арганізацыі “Зялёны дазор” і ўладальнік аграсядзібы ў Астравецкім раёне. Адзін з нешматлікіх захаваных у Віцебскай вобласці вадзяных млыноў дачакаўся клапатлівага гаспадара.
Збудаванне, якое належала Друцкім-Любецкім, было задуманае шматзадачным: сумяшчала ў сабе і вадзяны млын, і электрастанцыю, і гантарню — месца вытворчасці драўляных пласцін для даху (на змену гонце ў беларускіх вёсках прыйшоў хвалісты азбестацэментавы ліст, які часта пасланы зверху). Больш за тое — у сажалках вакол млына прадпрымальныя гаспадары яшчэ і разводзілі рыбу. Але за ХХ стагоддзе сажалкі зараслі, млын перажыў некалькі мадэрнізацый, функцыі збудавання звузіліся да памолу мукі, а да 2018-га яно ўжо шмат гадоў не працавала і знаходзілася ў запусценні. Нягледзячы на тое, што гэта адна з нешматлікіх пабудоваў, якія засталіся ад багатага маёнтка вядомага роду, статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў яе не было. А на зямлі, дзе развальваюцца нават каштоўнасці са статусам, у такіх аб’ектаў адзін лёс — павольна паміраць.
Але Аляксандр Дарашэвіч любіць млыны, і з купляй млына ў Казлоўшчыне спраўдзілася яго мара. Цяпер ён аднаўляе аб’ект і плануе вярнуць яму першапачатковы стан: разабраць завалы, пачысціць вадавод, аднавіць чарапічны дах, дэмантаваць прыўнесенае за савецкім часам абсталяванне і рэстаўраваць аўтэнтычныя механізмы XIX стагоддзя, каб урэшце іх запусціць. Тады ўсе ахвочыя змогуць убачыць працу вадзянога млына ўжывую, а мясцовыя жыхары — нават выкарыстоўваць яго па прызначэнні.
У планах Аляксандра — яшчэ і аднаўленне шлюзаў і сажалак, развядзенне рыбы і чыліму, так што ўсім нам нічога не застаецца, акрамя як парадавацца за стары млын у Казлоўшчыне, а пры магчымасці — дапамагчы аднаўленню спадчыны. Гэта можна зрабіць і на рэальнай, і на віртуальнай талацэ.
Пры жаданні можна сфатаграфавацца з уязным знакам “Парыж”, з гучнай таблічкай “Парыжскі сельскі дом культуры” або на фоне псеўдаэйфелевай вежы з крыжам зверху — тады вам у вёску Парыж за некалькі кіламетраў ад Казлоўшчыны. Але заліпаць там не варта, таму што для гэтага ў нас ёсць балота, на якое варта паспець да заходу.
Германавічы
Па дарозе на Ельню можна зрабіць невялікі крук і наведаць Германавічы. Для гэтага трэба аб’ехаць Шаркаўшчыну бокам і імчаць па грунтоўках праз Папкі. Складана ўспомніць, але, здаецца, уязных знакаў у гэтую вёску, у адрозненне ад Парыжа, няма.
Германавічы сустракаюць яркай, прыбранай, але трохі патрэсканай школай: былым палацам Шырыных, пабудаваным у пачатку XIX стагоддзя на беразе Дзісны. Ад сядзібна-паркавага комплексу з пейзажным паркам застаўся толькі гэты будынак. Тут можна пабалдзець, гледзячы на роўную архітэктуру класіцызму з кранальным каляровым рашэннем фасада і высакародным шэрым азбестацэментам на даху, а можна зазірнуць у музей культуры і побыту Я. Драздовіча ў тарцы будынка (нам не пашанцавала, мы прыехалі ўжо пасля закрыцця, а яно ў 17:00 па мясцовым часе). Музей, дарэчы, створаны настаўніцай мясцовай школы Адай Райчонак.
Язэп Драздовіч — дзіўная для Беларусі з’ява. Гэты беларус, які нарадзіўся ў канцы XIX стагоддзя, адвучыўся на мастака ў Вільні і прайшоў фельчарам Першую сусветную, здаецца, і праўда быў захоплены жыццём. Такая рэдкасць! Ён быў не толькі адчувальным да свету чалавекам і неспакойным вандроўнікам, але і шчырым адэптам нацыянальнага адраджэння, асветы і бязмежнага космасу. Большую частку свайго жыцця ён прысвяціў этнаграфічным і археалагічным даследаванням — збіраў фальклор, раскопваў гарадзішчы, замалёўваў архітэктуру і прадметы побыту, а апроч гэтага выкладаў, афармляў спектаклі і ілюстраваў часопісы. Але больш за ўсё Язэп Драздовіч быў апантаны космасам: чытаў астранамічную літаратуру, а затым, аднаўляючы бачанні са сваіх сноў, маляваў пейзажы Венеры і Месяца, іншапланетныя гарады, пісаў кнігі, дзе расказваў, як уладкаванае жыццё за межамі Зямлі. Савецкія чыноўнікі, што мелі праблемы з усім больш-менш вітальным і ірацыянальным, не падзялялі запалу Драздовіча і не прынялі яго ў Саюз мастакоў. Да самага канца свайго вандроўнага жыцця (з пачатку Другой сусветнай ён вандраваў з месца на месца і быў, па сутнасці, бяздомным) ён пісаў манаграфіі і артыкулы пра космас, а каб зарабляць, размалёўваў дываны для сялян.
Працы Я. Драздовіча
(“Трывеж. Панарама месяцовага горада” (1933), “Касмаполіс” (1931), дыван “Месяцовая ноч” (1937)
Дык вось, мяркуючы па ўсім, парачка такіх дываноў разам з некаторымі маляўнічымі працамі мастака ёсць і ў музеі ў Германавічах, дзе Драздовіч праводзіў шмат часу ў 1930-я. Калі ж вы таксама спазніліся ў музей — сардэчна запрашаем на зроблены з любоўю сайт, прысвечаны Язэпу Драздовічу.
Дзісна, дарэчы, — таксама цалкам сабе космас. А на горцы, недалёка ад моста праз гэтую раку, узвышаецца стройны касцёл з небам, якое прасвечваецца скрозь званіцы. Пабудову гэтай познебарочнай прыгажосці фундаваў Ігнат Шырын ў 1770–1787 гг., і пра архітэктурныя асаблівасці пластычнага, але строгага, выцягнутага да гатычных прапорцый збудавання можна пачытаць асобна. А агледзеўшыся, азірнуўшыся на агароды, мяккі ландшафт рэчышча і сціплыя сельскія домікі, можна паспрабаваць уявіць бунт. У 1919 годзе тут быў “зялёны мяцеж”: сялянскае, антыбальшавіцкае, прабеларускае паўстанне, ініцыяванае святаром Міхаілам Буклярэвічам. Да паўстання ён займаўся культурна-асветніцкай дзейнасцю і адкрываў беларускія школы, але тэрор бальшавікоў прымусіў ксяндза заклікаць вернікаў да зброі і скіраваць яе супраць камуністаў. Мяцеж быў задушаны Чырвонай арміяй за два тыдні, пасля чаго Міхаіл Буклярэвіч быў расстраляны.
Цяпер тут мірна і ціха, як і на мясцовых могілках, дзе захаваліся сляды яшчэ аднаго крывавага эпізоду беларускай гісторыі — польска-савецкай вайны. Чужыя войны часта рабіліся эпізодамі беларускай гісторыі.
Пачынаючы з лютаўскай рэвалюцыі 1917 года на тэрыторыі Беларусі рабілася чорт ведама што: лінія фронту дзяліла яе на дзве часткі, і ў кожнай з іх былі свае акупацыйныя рэжымы, мяцяжы і паўстанцы. Дзесьці аднаўлялася ўлада капіталістаў, дзесьці распаўзаліся чырвонымі плямамі саветы. Рабочыя і сяляне сімпатызавалі то адным, то іншым, бунтавалі то супраць адных, то супраць іншых. За кароткай і беспаспяховай спробай нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў выглядзе БНР (пераследуючы свае інтарэсы, БНР не прызналі ні Германія, ні Антанта з ЗША) рушыла ўслед змена нямецкай інтэрвенцыі на польскую. І з канца лютага 1919 г. па Беларусі зноў пачаў поўзаць фронт вайны — цяпер ужо польска-савецкай. У 1920 годзе ён праходзіў праз Германавічы, дзе ў выніку наступальнай аперацыі савецкай арміі загінула шмат польскіх жаўнераў.
Напэўна, калі група людзей жыве на прахадным двары, дзе пастаянна б’юцца хлопцы з суседскіх, ёй цяжкавата будаваць нешта сумеснае, вечнае, доўгае, не часовае. Калі праз твае ўгоддзі, лясы, палі і агароды пастаянна ходзяць туды-сюды чужыя ідэолагі або арміі: паляць хаты, кнігі, насаджаюць свае парадкі, топчуць каштоўнасці і бульбу, воляй-няволяй выпрацоўваецца такая колькасць цярплівасці, што проста выжыць падчас чарговага шторму становіцца асноўным матывам. Жахліва, але робіцца ўсё роўна, расстраляны сусед або пераехаў, усё роўна, што там за агародам: нейкая чарговая акупацыйная ўлада, новы дыктатар ці свабода. Зрэшты, усе яны калісьці прыходзяць і ў агарод.
Балота пяшчоты
Дафіласофстваваць можна на балоце. Ужо хто-хто, а балотны багун супакоіць, гусь-піскулька не пакрыўдзіць, сфагнум падманлівы не падмане! Так-так — усе гэтыя радасці ёсць на незасвоеным верхавым балоце пад мяккай, як мох, назвай Ельня. Улічваючы гіпернасычанасць нашага трыпу любоўю мы прапануем самы лёгкі спосаб атрымаць асалоду ад заходу над балотам — даехаць да краю сяла Канахі і прайсціся паўтаракіламетровай экасцяжынай. Пасля гэтага вам напэўна захочацца вярнуцца і пераадолець усе пешаходныя маршруты гэтага найбуйнейшага балоцішча — маршруты працягласцю ад 8 да 48 гадзін.
Цікавасць да балот некаторым можа падацца праявай безвыходнасці — маўляў, глядзець у Беларусі няма на што, і даводзіцца радавацца тым, што ёсць. Бо балота ў мясцовай культуры — не тое каб нешта станоўчае: хутчэй сінонім застою, бесперспектыўнасці і пагібелі. Але каму, як не нам, жывым, ламаць стэрэатыпы пра “добра там, дзе нас няма”, і глядзець на кроплю расы ў сваім садзе. З той жа стараннасцю, з якой мы напаўняем кошыкі ў супермаркетах, можна ўзірацца ў, здавалася б, непрывабнае і адкрываць для сябе новыя дзівосныя светы. А каб мы даведаліся як найбольш і не патанулі, людзі, якія з балотам на ты, паклапаціліся і арганізавалі візіт-цэнтр, у які варта звярнуцца, калі вы такі наважыцеся на вялікі паход у адкрыты космас Ельні.
У 1930-я гады — імаверна, калі навокал усе будавалі новы дзівосны свет — балоту дасталася: тут пабудавалі водаадводныя каналы. Праз гэта высах верхні пласт торфу, і ледзь не кожнае лета на балота абрыналіся пажары. Але з 1968 года Ельня — заказнік, ахоўная тэрыторыя, а з пачатку 2000-х яго актыўна ратуюць і вяртаюць да першароднага стану. Лёгкія Еўропы, пра якія мы ўсе так часта чулі, тут робяць ціхую і важную працу па ачышчэнні паветра ад дыяксіду вугляроду, і цяпер сярод гэтай таемнасці можна пабадзяцца: інфраструктура для экатурызму — важная частка клопату заказніка.
Аўтамабіль можна кінуць за 500 метраў ад Канахаў, ля інфармацыйнага стэнда, дзе ласкава распісаныя варыянты, радасці і правілы баўлення часу на балоце. Тут яшчэ нічога не кажа пра веліч таго, што адкрыецца наперадзе, за зблытанымі зараснікамі, і трэба проста надзець нешта водатрывалае на ногі і пайсці сцежкай. Дзесяць хвілін праз камароў — і вы ля экасцяжыны. У яе пачатку абсталяваная турыстычная стаянка і альтанка для пікніка, але не варта паддавацца спакусе адкаркаваць бутэлечку пеністага — экасцяжына заканчваецца яшчэ круцейшым месцам.
1,5 кіламетра па драўляным насціле — гэта мінімум выдаткаў і вельмі шмат задавальнення. Дробны бярэзнік неўзабаве пасля старту заканчваецца, і погляд губляецца ў абшарах нашай маленькай тундры, дзе шмат-шмат неба, а цвердзь — гэта вось гэтыя дошкі ў вас пад нагамі. Сыходзіць з іх небяспечна, таму ўдыхайце багун, любуйцеся імхамі, расіцай і збажжавіком, што валяецца на насціле, чытайце інфастэнды пра стракоз і кроншнэпа і ўяўляйце гэтыя дзесяткі азёр вакол, 117 відаў птушак, рэдкага барсука і 10 000 гусей, што прылятаюць сюды падсілкавацца вясной. У канцы экасцяжыны можна перадыхнуць і паглядзець на ваду ці на заход. Там робіцца ясна, што заход над балотам — гэта зусім не дзяржаўны сцяг, а стан спакою, гармоніі і карыснасці, у параўнанні з якім дзяржава здаецца чымсьці прыдуманым і ненатуральным.
Атрымліваць асалоду ад гэтай крамольнай першабытчынкі дапаможа і тое, што на верхавых балотах мала агідных насякомых накшталт гнюсу і камароў. Так што філасофствуйце колькі ўлезе, а потым — бягом у Друю.
P.S. Калі вы закахаліся ў балоты, каханне варта канвертаваць. Балотам можна дапамагчы.
Залегчы на дно ў Друі
Дакладна прытрымліваючыся плану нашага 8-га бліцкрыгу любові, на край зямлі вы прыедзеце пасля заходу. Ноччу на краі зямлі, з яго соннымі малапавярховымі дамамі, сілуэтамі старэнькіх культавых будынкаў і вузкімі вуліцамі, якія плаваюць услед за выгібамі рэльефу, можна схавацца ад мітусні і трохі выдыхнуць — вы ва ўтульным і прыгожым тупіку радзімы, дзе нічога не адбываецца — і добра.
Каб прачнуцца раніцай з відам на Еўрасаюз і кароў, што блукаюць па пясчанай касе вострава пасярод памежнай ракі, варта спыніцца ў гасцявым доме на вуліцы Друянава, 30: гэта не рэклама, а ледзь не адзіны і пры гэтым вельмі клёвы варыянт начлегу на краі. Тады з тэрасы над стромкім берагам Дзвіны можна будзе занурыцца ў сузіранне мяжы ўжо ноччу: калі пашанцуе, у святле месяца будзе серабрыцца і шумець хуткая вада, абыякава раздзяляючы два светы, на супрацьлеглым баку будзе гарэць акенца ў шчаслівых еўрапейцаў (ха-ха), а па высокім пагорку будуць праязджаць фуры, што спяшаюцца на памежныя пераходы.
Від на жыхарства ў Латвіі, лодка на Малочны востраў і касцёл Піедруі
Ад самой назвы гэтага схаванага на поўначы аграгарадка вее чымсьці дрымучым і паганскім, сапраўдным і аўтэнтычным — дрэвам, каменем, вадой, мохам. Дарогі тут б’юцца аб раку і, не спрабуючы яе пераадолець, паварочваюць, чыгуначная галіна абрываецца, тэмп падае, час запавольваецца. Мінулае тут быццам не жадае сыходзіць з вуліц, і тут усё яшчэ можна сустрэць хлапчука, што захоплена і старанна гуляецца не з тэлефонам, а з мёртвай мышшу. У Друі не адпускае адчуванне, што ты на краі, але так утульна, што падаць больш няма куды.
Раніцай пасля павольнага сняданку з відам на ваду і кароў памежжа — яны часам гадзінамі стаяць у вадзе і глядзяць удалечыню, чаму варта ў іх павучыцца, — можна пачынаць агляд мястэчка. Дарэчы, востраў, на якім кароўкі тусуюцца з ранняй вясны да позняй восені, называецца малочным, і акрамя жывёл і іх гаспадароў туды нікому нельга: мяжа. Вольны выпас быдла на гэтым востраве — традыцыя, якой сотні гадоў, і, мяркуючы па ўсім, завялі яе манахі-бернардынцы.
Прыціснутая да Заходняй Дзвіны вуліца Друянава вядзе да цэнтра аграгарадка. Руіны Благавешчанскай царквы XVIII стагоддзя, размешчаныя на ёй, нехта старанна ратуе і аднаўляе: званіца выглядае як новенькая, а старыя сцены асноўнага аб’ёму закансерваваныя і накрытыя чырвонай металадахоўкай. Кажуць, што ў XVIII стагоддзі гэтая царква была адзінай апорай праваслаўя на Браслаўшчыне, ды яшчэ і з манастыром. Манастыр не відаць, затое за храмам можна памацаць мяжу. Два памежныя слупы — сучасны і рэшткі слупка XVIII стагоддзя — знаходзяцца проста над Дзвіной, побач з магілай удзельніка вайны з Напалеонам, палкоўніка Пятра Ануфрыевіча Шчытамір-Сухазанета.
Моцныя каменныя будынкі, якім на выгляд за сотню гадоў, нагадваюць страчаны горад, і так і ёсць: у канцы XIX стагоддзя ў Друі жыло амаль 5 тысяч чалавек, а цяпер — паўтары. Досыць тыповая гісторыя многіх беларускіх мястэчак: ХХ стагоддзе спальвала і бурыла іх дамы, забівала і выціскала іх жыхароў, сцірала іх памяць, замяняла іх розум, гонар і сумленне на нейкія лозунгі і партыі. Але Друя выжыла: у ёй не захаваліся тры старажытныя замкі, ратуша, дамініканскі касцёл, стары лазарэт, але захавалася нешта такое, чаго не сустрэнеш у іншых аграгарадках: нягучныя, не прыпудраныя, крывавыя, разваленыя сляды гісторыі, рассыпаныя па ўзгорках над Дзвіной.
Так, дзесяці рэстаранаў, пра якія ўспамінаюць старажылы, не знайсці, затое пад самотным парасонам ля жоўценькай крамы “Чыгуначная” можна выпіць кавы. Праўда, ручацца за яе складана.
Галоўная плошча аграгарадка — да болю кранальнае прастора з велізарным валуном, старанна распісаным прыпынкам і некалькімі зубамі каменнай шараговай забудовы. Два сімпатычныя двухпавярховыя дамкі — рэшткі габрэйскай спадчыны Друі (больш за 2 тысячы мясцовых габрэяў былі знішчаныя падчас Другой сусветнай). У такіх будынках на ніжніх паверхах ішоў гандаль, а на верхніх — прыватнае жыццё ўладальнікаў. Цяпер у дамах забітыя вокны, і, па чутках, іх гатовыя знесці.
Валун, расколаты на тры часткі, — Барысаў камень. У Друі знаходзіцца адзін з гэтай унікальнай серыі велізарных камянёў з высечанымі на іх шасціканцовымі крыжамі. Гэтыя артэфакты ранняга хрысціянства з надпісамі “Госпадзе, дапамажы рабу свайму Барысу” цягам некалькіх стагоддзяў вылоўлівалі ў басейне Заходняй Дзвіны. Адносяць іх да XII стагоддзя, калі тут было Полацкае княства, а княжыў у ім Барыс Усяслававіч, але за даўнасцю гадоў не зусім зразумела, якая менавіта дапамога патрэбная была Барысу. Магчыма, гэтымі камянямі адзначалі нейкія межы, магчыма, іх ставілі, каб абараніцца ад навалаў і эпідэмій, а можа, гэта проста хрышчаныя валуны з паганскіх капішчаў.
Крыху ўбаку ад цэнтра можна палюбавацца на стары сталёвы мост праз Друйку, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя пад вузкакалейную чыгунку і перабудаваны ў 1933-м. У 1920-х гадах невялікія саставы ганялі праз яго ў літоўскі (тады, здаецца, польскі) Дукштас, і пра гэты няхітры маршрут ёсць нават кранальныя нататкі падарожніка за 1928 год. Цяпер мост перабудаваны ў аўтамабільны, а каб трапіць да суседзяў, трэба моцна замарочыцца. Друйка ж старанна віхляе ў бок Заходняй Дзвіны, і з гары над яе вусцем бачны касцёл замежнай Піедруі і акуратны памежны пост Латвіі. З верталёцікам.
Побач з мостам — мемарыял, прысвечаны расстраляным на гэтым месцы ў 1942 годзе габрэям Друі і наваколля, за ім — трохі засмечаны схіл і закінуты дом (ёсць здагадкі, што гэта міквы). Габрэйская гісторыя мястэчка скончылася знішчэннем гета і спаленай сінагогай. А пра тое, наколькі яна старажытная, могуць расказаць мясцовыя габрэйскія могілкі.
Але туды пакуль рана. Пакуль можна пабадзяцца вулачкамі аграгарадка, каб паглядзець на ціхі сённяшні побыт і руіны мінулага, на разваліны званіцы святога Антонія, на прылепленую да схілу стараверскую Успенскую царкву, на дзіўнаваты паралелепіпед цаглянай школы і беласнежную Белпошту. Цэнтральная вуліца Леніна, які ніколі не быў у Друі, павіхляўшы па амаль аўкштайцкім рэльефе, пакажа мясцовыя агароды і далёкія палі і прывядзе вас у прадмесці старой Друі — у Сапежын, да дзівоснага касцёла Найсвяцейшай Тройцы.
Усё таму, што Леў Сапега пабудаваў сабе маленькі Сапежын, які пазней зліўся з Друяй, а яго нашчадак Казімір Леў у 1643-м — яшчэ да Патопа — фундаваў будаўніцтва раннебарочнага храма і комплексу кляштара бернардынцаў. Аднавежавы касцёл мае магутны і горды, нетыповы сілуэт.
Ён перажыў траплянне авіяцыйнай бомбы ў 1944-м, а таксама склад хімікатаў і пару навучальных установаў, якія размяшчаліся ў яго сценах у другой палове XX стагоддзя. Затое цяпер храм у надзейных руках — яго настаяцель Сяргей Сурыновіч не толькі працягвае займацца аднаўленнем святыні, але і запрашае творчых людзей працаваць над сваімі ідэямі ў сценах манастыра — арганізоўвае для мастакоў і пісьменнікаў пленэры і рэзідэнцыі. Самае месца, каб зрабіць нешта добрае — келля на краі зямлі, пасярод памежнага соннага аграгарадка з больш чым шасцівяковай гісторыяй.
Пасля можна зірнуць на крануты агратынкоўкай з ружовым, але сімпатычны сядзібны дом — цяпер амбулаторыя — і прысядзібны парк з выхадам да Дзвіны, а затым выбірацца з гэтага соннага запаведніка памежжа. Запаведніка з аптымальным рэжымам выключанасці з вялікага свету, таму што далучанасць да яго нічога, акрамя стратаў, не прыносіла.
Сядзіба-амбулаторыя
На краі Друі ёсць месца, якое рэкамендуюць мясцовыя жыхары, калі глядзіш на рэшткі шараговай забудовы “цэнтра”. Нібы намякаючы, што ўсё сыходзіць, сыходзіла і будзе сыходзіць, людзі раяць схадзіць на старыя габрэйскія могілкі, якім, паводле некаторых звестак, пад чатыры сотні гадоў.
У пачатку XXI стагоддзя іх аднавілі выхадцы з мястэчка, якія цяпер жывуць у Ізраілі і ЗША — у асноўным тыя нешматлікія габрэі, што выжылі пасля ліквідацыі гета і партызанкі, з’ехалі за мяжу. З 1959 года святое для абшчыны месца было афіцыйна закрытае для пахаванняў: толькі ў канцы 1980-х тут незаконна пахавалі апошняга габрэя Друі. Мужчыну, што ўцёк з гета, страціў там сям’ю і мінулае, пайшоў у партызаны, але вярнуўся ў мястэчка, каб дажыць жыццё і быць пахаваным на старых могілках і скончыць на сабе габрэйскую гісторыю мясціны.
За брамай могілак шмат спакою і стрыманасці, рассыпаных камянямі па ўзгорку: у дрэвах, высокай траве і пакрыўленых надмагіллях з выразанымі арнаментамі і літарамі няма нічога лішняга, крыклівага, драматычнага. Нават адзіная яркая тут пляма — нябесна-блакітная пліта загінулым ад авіяцыйнай бомбы Ганне і Абраму — здаецца часткай чагосьці даўно прынятага і перажытага, страчанага і таму ўжо вечнага. Памяццю пра тое, што было, але не з намі, пра тое, чаго з намі не было.
Касцёл побач з вёскай Малькі
Задумаліся пра вечнае ў Друі — можна працягнуць гэтую няпростую справу ў Мальках. Там крыху воддаль ад вёскі захаваўся безназоўны драўляны касцёл XVIII стагоддзя, пра які складана знайсці што-небудзь, акрамя прыблізнага часу будаўніцтва. Такі цуд, такі старэча з дрэва мог захавацца толькі in the middle of nowhere, убаку ад усяго, куды дзеля любові трэба сціснуўшы зубы трэсціся па грунтоўцы.
Незразумела, ці праводзяцца ў ім службы, ці ёсць у яго парафіяне і калі ў ім апошні раз былі людзі, але вакол храма скошаны баршчэўнік, да керамічнага засцерагальніка на фасадзе працягнутыя драты, а побач нясуць дзяжурства старыя магілы — імаверна, святароў.
Фасад касцёла з драўляным порцікам дзіўных прапорцый, з васьміграннымі капітэлямі калон і смешным балкончыкам — нешта пра стараннасць, адданасць і дбайнасць, якія любяць вера, любоў і дрэва. Тут неабходна не толькі абысці касцёл і разгледзець усе дэталі зруба з усечкай у лапу і тэкстуру парэпанага дрэва, але і памацаць усё гэтае крохкае счарнелае багацце. Прыхінуцца і падумаць пра тое, як рабіць матэрыяльнае такім жа сумленным і звонкім, хоць і драўляным.
Яшчэ можна зазірнуць у замочную свідравіну, таму што часам за чымсьці недаступным застаецца толькі падглядаць.
Нечая Асада Дзедзіна
Па дарозе да вадаспаду (як вам?) можна зазірнуць у Асаду Дзедзіну. Па мясцовай сядзібе прайшоўся “Ленінскі шлях” — так называўся калгас, які займаў будынак пасля вайны і даўно яго пакінуў. Прыемны, хоць і не выбітны класіцызм пачатку XIX стагоддзя стаіць сёння без вокнаў і дзвярэй, з дзіркамі ў даху і перакрыццях, хоць, здаецца, і выкуплены ў 2016 годзе. Імаверна, у выпадку будынка ў такім стане ўмова “арганізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць з выкарыстаннем аб’екта, пры неабходнасці правесці рэстаўрацыю будынка” ўсяго за год можа аказацца невыканальнай.
Палац стаіць мёртвым графам, падыходзіць да ставоў не ўзнікае ніякага жадання, і вельмі шкада каня, які пасецца ў зарослым парку, заедзены кузуркамі. Шкада і разваленага ўваходнага порціка са стройным калонамі і надпісам “курва” у праёме — руіны годнасці адсутных гаспадароў. Насупраць стаіць вясковы дом, у якім жыццё працягваецца без усялякіх порцікаў: у дзелавітых мясцовых жыхароў сушыцца дыван, выстаўленыя на пад’ездзе ягады ў вядзерцы. Выглядаюць гаспадары цалкам задаволенымі. “А ўжо дваццаць гадоў стаіт так. Чаго ў ём толькі не было — і дзецкі дом, і клуб, і бібліацека”, — ківаюць яны на дом.
Увогуле, гаючая крыніца ў Асадзе Дзедзінай зарасла, і тое, што тут жылі спачатку прадстаўнікі роду Рудамінаў (аднаго з іх занесла каталіцкім місіянерам аж у Кітай аж у XVII стагоддзі), а затым Рудніцкія (апошняга з іх расстралялі немцы за тое, што быў дрэнным старастам і любіў людзей) мала каму пра нешта кажа. Ну, жылі і жылі.
Ідолта
Усяго за 10 км ад Асады Дзедзінай ёсць вёска з невытлумачальным тапонімам — Ідолта. Яна стаіць на беразе прывабнага возера і ў ёй можна ўбачыць сядзібны дом, які не развальваецца! У ім размешчаная мясцовая кантора, а побач прыпаркаваны ровары тых, хто ў ёй засядае. Заўважна, што дом аднаўлялі старанна — крыху шкада, што ён мутна-ружовы і крыты металадахоўкай. Хоць хто яго ведае: раптам Яўген Мілаш, якому належала ўсё гэта ў пазамінулым стагоддзі, быў бы не супраць.
Развальваюцца гаспадарчыя пабудовы — ды і тое толькі іх драўляныя часткі. Слупы з цэглы і бутавай кладкі, узведзеныя ў XIX стагоддзі, вытрымаюць што заўгодна — нават запаўненне з газасілікатных блокаў паміж імі.
Маёнтак належаў блізкім, але малавядомым сваякам Оскара Мілаша — французскага паэта, навукоўца-арыенталіста і літоўскага дыпламата беларускага паходжання. Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, як, напрыклад, пляменнік Оскара Чэслаў, ніхто з ідалцкіх Мілашаў не стаў, затое пра сціпласць, дабрыню і працавітасць гаспадара маёнтка Яўгена з павагай адгукаліся суседзі-шляхціцы. Паводле іх успамінаў, сяляне Мілашаўскай воласці жылі прыпяваючы, а іх дзеці і ўнукі атрымлівалі адукацыю і станавіліся вайскоўцамі, дактарамі і святарамі. Тады фасады сядзібнага дома былі белымі.
Савецкія часы ўсё змянілі: сталінскія рэпрэсіі асабліва часта закраналі тых, хто быў адукаваны, жыў прыпяваючы ці хаця б нядрэнна. А былыя прыгнечаныя паўсталі нават супраць мёртвых: некаторыя крыніцы кажуць, што капліца-пахавальня Мілашаў, пабудаваная ў 1862 годзе, была разрабаваная, труны разбітыя, а мясцовыя камсамольцы гулялі чарапамі ў футбол.
Цяпер капліца зноў легальная і ў пашане: за ёй сочаць і дадзяць у ёй імшы. Ліпавая алея вядзе да гэтага акуратнага прытулку на ўзгорку паўвострава, і ў расколінах дрэваў можна заўважыць акуратна складзеныя “фаўсты” пладовага. Цяпер фасад сядзібы чамусьці бліжэйшы да чырвонага, і нейкая новая гармонія з усім гэтым мутна-ружовым, пладовым, газасілікатным і полікарбанатным ціснецца да памяці, да драўлянага мастка і каплічкі, хоча сябраваць.
На выездзе з Ідолты да вёскі Шнуркі красуецца супермадэрн — храм, пабудаваны ў 1939 годзе, акурат напярэдадні чарговага патопу. Стрыманы, асіметрычны, у мяккіх спалучэннях фактуры і колеру, касцёл перадае прывітанне з іншых шыротаў, ад чагосьці раманскага і італьянскага. Бездакорная сцяна, прыемная кампазіцыя фасада з белай плямай скульптуры ў нішы — класнае пачуццё, калі культавы будынак не спрабуе купіць цябе золатам і маштабам. Гэта адзін з нешматлікіх храмаў на тэрыторыі Беларусі, што ні разу не закрываўся ў XX стагоддзі, і цяпер ён таксама адкрыты, дагледжаны і глядзіць на дарогу, па якой раз на паўгадзіны праязджае машына.
Усярэдзіне ўтульна і спакойна. Звонку пажылыя жанчыны прыставілі два сталы адзін на адзін да Панны Марыі — мабыць, збіраюцца працерці яе анучкай: “Усё фатаграфіруеце, а на календарэ так і нет! Вунь Порплішкі памясцілі, а Ідолты няма”.
Гэта дакладна недагляд.
Вадаспад №1
Пасля ўсяго перажытага, перад доўгай дарогай у Мінск праз руіны ў Сітцах і поўную індульгенцыю ў Будславе варта перадыхнуць і асвяжыцца. І лепшага месца, чым вадаспад, для гэтага не прыдумаеш.
Менавіта: беларускі вадаспад. Пасля сёрфу праз звыклыя вёскі, палі і лясы глушыш рухавік і па меры набліжэння да гэтага цуду на рацэ Вята чуеш нейкі нетутэйшы, усё гучнейшы шум. І ён нарастае, як дзіцячая радасць ад таго, што ты думаў, што чагосьці няма, а яно — існуе. І ўсё бліжэйшае.
Гарантыя поспеху ўнутранага турызму — не замарочвацца чаканнямі, каб унікнуць расчаравання. Назавем гэта “траўмай гары Дзяржынскай”, якой варта пазбягаць і, калі едзеш да нечага адзінага і самаму-самаму ў Беларусі, не прыдумляць сабе чагосьці незвычайнага. Хутчэй за ўсё гэта будзе прыгажосць прыхаваная, невідавочная, альбо нешта ўмеранае, якое патрабуе асаблівага разумення, альбо такое вось, як гара Дзяржынская — насыпны пагорак з плітай. Таму па дарозе да “адзінага вадаспаду ў Беларусі” было прынятае рашэнне не чакаць чагосьці экстраардынарнага.
Але тоны вады, што падалі з дзесяціметровай шырыні парога ў краіне, дзе няма вадаспадаў і прынята не высоўвацца, зачароўваюць. Закрыем вочы на тое, што вадаспад штучны — гэта малапрыкметна. Закрыем вочы наогул, таму што падумаеш — усяго 2 метры вышыні, затое які кайф ад гуку, малюнку і гідрамасажных працэдур, якія можна прымаць гадзінамі. Галоўнае захоўваць асцярожнасць і не забываць, што наш вадаспад на рацэ Вята (часам яго называюць Мёрскім) — разбуранае гідратэхнічнае збудаванне, і побач з ім шмат падводных камянёў.
Патомны беларускі дваранін старажытнага герба Мурдэліа Альгерд Вацлававіч Аскерка пабудаваў тут у пачатку XX стагоддзя кардонную фабрыку, каб перапрацоўваць мясцовую асіну ва ўпакоўку, а каб фабрыка працавала, узвёў плаціну і запусціў гідраэлектрастанцыю. За саветамі кардонная фабрыка ператварылася ў млын, а электрастанцыя давала святло ваколіцам да 1960-х — мабыць, пакуль нешта не паламалася і збудаванне не закінулі.
Аскерка, які ваяваў супраць бальшавікоў, памёр у 1954-м у эміграцыі ў Аргентыне. Прыкладна з тых жа часоў яго дзецішча на рацэ Вята ператварылася з помніка прамысловай рэвалюцыі і індустрыялізацыі ў вадаспад — адзіны ў Беларусі і ўжо амаль не падобны да самаробнага.
Ля вадаспада ёсць дзе выкупацца, дзе нырнуць, дзе зладзіць пікнік, і, нягледзячы на сціпласць добраўпарадкавання, у летні час там заўсёды нехта ёсць. Бадзёрыя хлопцы на мясцовых нумарах тоўпяцца з паўтарашкамі вакол шашлыкоў у шызым дыме, немаладыя пары рассейваюцца і занураюцца кожны ў сваё — нехта, седзячы на камянях, курыць, гледзячы на ваду, хтосьці спрабуе дастаць з-пад камянёў якога-небудзь ракападобнага. У такіх месцах, яшчэ не кранутых пліткай “Бесер” і сметніцамі з кучаравым каваннем, заўсёды ўзнікае супярэчлівае пачуццё: з аднаго боку, хочацца дзяліцца імі, як цудам, з іншага — цуд, выстаўлены на святло і продаж, часта цьмянее і губляе сваю чароўнасць. Што рабіць з гэтай супярэчнасцю, нашая экспедыцыя прамаўчыць.
Транзітныя Мёры
Праязджаючы Мёры, можна заскочыць у краму “Гурман”, каб узяць сабе ў дарогу мясцовых далікатэсаў. Часам ля крамы нават тусуецца мерка дабрабыту — руды кот, які адварочваецца ад сасісак. Дарэчы, у мясцовага мясакамбіната ўсё добра з уменнем зрабіць смачна, але дзіўнавата з гістарычнай памяццю — таму тут можна знайсці салямі “Шалом”. Гэта трохі сумна, улічваючы, што ў Мёрах амаль усе габрэі былі знішчаныя ў гета ў 1942-м, а сам завод пабудаваны на месцы знесеных дзеля яго старых габрэйскіх могілак. Ды і з сярэдзіны 1990-х у Мёрах не засталося ніводнай габрэйскай сям’і, але, магчыма, гэта на экспарт.
Мёры ў гэтым падарожжы мы мінаем транзітам, але касцёл Ушэсця Дзевы Марыі не зможа абмінуць нас: у мястэчку няма іншых вышынных дамінант, ды яшчэ і так удала ўпісаных у асяроддзе.
Неагатычны храм з чырвонай цэглы, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя, адлюстроўваецца ў мясцовым возеры, павольнае жыццё вакол закалыхвае, але расслабляцца нельга — наперадзе яшчэ шмат адкрыццяў.
Сітцы на чатырох калонах
З адкрыццямі варта пастарацца хоць бы для таго, каб вашым імем назвалі планету, кактус ці хаця б галаваногага малюска. Наш зямляк Ігнат Дамейка быў на зайздрасць захопленым навукоўцам і ўсё сваё доўгае жыццё ў XIX стагоддзі нешта адкрываў. І цяпер памяць пра яго жыве не толькі ў сотнях яго навуковых прац, але і ў фіялцы, мінерале і горным хрыбце ў Андах, названых у яго гонар. У падзяку за стараннасць вучонага ў геалогіі, геаграфіі і антрапалогіі яго імем назвалі і Астэроід-2784, і невялікі чылійскі гарадок.
Дык вось, нацыянальны герой Чылі і ліцвін да апошняга ўздыху Ігнат Дамейка напэўна бачыў Сітцы ў лепшым стане. Тут быў маёнтак яго роднага дзядзькі, і, паводле некаторых звестак, у суседнім Параф’янаве будучы навуковец быў ахрышчаны, а значыць, магчыма, недзе тут і нарадзіўся ў далёкім 1802 годзе.
Прысядзібная брама. Пачатак XVIII ст.
Гісторыя маёнтка пачалася яшчэ ў XVII стагоддзі, калі прадстаўнікі шляхецкага роду Бжастоўскіх заклалі тут велізарны парк і пабудавалі ці то невялікі замак, ці то ўмацаваную сядзібу. Час быў страшны — то з усходу, то з захаду, то з поўдня сюды прыходзілі нядобразычліўцы, таму імкненне гаспадароў абараніць сябе моцным домам цалкам зразумелае. У пачатку XVIII стагоддзя да пабудоваў маёнтка далучылася яшчэ і велізарная трох’ярусная брама. У яе верхняй частцы вісеў гадзіннік “з зязюляй” — цуд тэхнікі з драўляным механізмам, зробленым мясцовымі майстрамі. Наўрад ці можна знайсці гэтаму пацверджанне, але кажуць, што раз на дзень гадзіннік грымеў боем на ўсю акругу, нагадваючы людзям, што час маліцца.
Дамейкі сталі ўладальнікамі Сітцаў у канцы XVIII стагоддзя. Яны працягнулі даглядаць парк і развіваць гаспадарку, а пасля таго, як у 1830 годзе будынак старой сядзібы згарэў, хуценька пабудавалі новы. Драўляны, затое з велізарнай аранжарэяй, поўнай экзатычных раслін.
Чатыры калоны ад старой сядзібы трымаюцца да гэтага часу. Пасярод парку, дзе ўжо складана знайсці не толькі пейзажныя кампазіцыі XIX стагоддзя, але і планіроўку, не здаюцца чатыры здаравенныя слупы, а побач з імі захаваўся яшчэ і прасторнае старажытнае сутарэнне са скляпеністай столлю. Праз рэшткі сядзібы і парку ляжыць дарога ад мехдвара да цэнтра вёскі, і праз высокую барочную браму перыядычна заходзяць сціплыя аграгараджане — ідуць міма 500-гадовага дуба кудысьці ў бок Дома культуры.
Па вінтавой лесвіцы ўязной брамы можна нават падняцца на другі ярус і паглядзець на парк і груды гаспадарчых пабудоваў зверху — ну, ці на надпісы і пустыя бутэлькі, якія быццам ліпнуць да ўсіх гэтых няшчасных руінаў мінулага.
Архітэктар мясцовага Дома культуры, здаецца, узяў за рэферэнс чатыры калоны былой сядзібы.
Куды што падзелася, цалкам зразумела. У Першую сусветную сядзібны дом моцна пацярпеў, савецка-польская вайна таксама не абышла маёнтак бокам — Дамейкі былі супраць саветаў, якія ўсё ж прыйшлі сюды ў 1939-м. Да таго часу апошні гаспадар сядзібы з роду памёр, а новыя ўладальнікі ўжо не жылі ў Сітцах. З 1939-га сядзібу рабавалі, разбіралі на часткі і знішчалі: то людзі, то войны, якія без людзей немагчымыя. Мяркуючы па сценах сутарэння, нават сёння знаходзяцца аматары адкалупаць цагліну-другую ў пошуках скарбаў, але што зрабіць — такі выклік у гэтага месца і чатырох калон: выстаяць пасярод аграгарадка. Ну, ці знікнуць.
Планета Дамейкі ўсё гэта перажыве, зрэшты, як і фіялка з малюскам.
Касцёл у Параф’янаве
Сёння Параф’янава — ужо не такі важны чыгуначны вузел, як у пачатку XX стагоддзя, так што літаральна год таму тут нават знеслі адміністрацыйны будынак чыгункі, узведзены ў 1910 годзе. Ён не быў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, вось і паплаціўся. Затое яшчэ жывая сімпатычная дзеравяка казармы, лазня, а ў іншай частцы аддаленай ад станцыі частцы вёскі — высакародны прыгажун-свіран з шэрага каменя.
Але самае эфектнае збудаванне Параф’янава — неабарочны касцёл Панны Марыі. Белы, шыкоўны, як аблокі, і графічны, як старанна выкананы архітэктурны чарцёж.
Касцёл аднавілі пасля незайздроснага лёсу склада ў савецкі час, і сёлета каменны торцік святкуе сваё 110-годдзе.
Ілава I love
“Захадзіце! У нас тут многа віна!” — бадзёрыя запрашэнні ад мужчын ля мясцовай крамы змяняюцца падслуханым у ілаўскіх жанчын пра эканоміку і традыцыйныя праблемы традыцыйнай сям’і: “Я яму паўкіло прынесла, а ён усё і з’еў. А я ж ад яго ўжо пяць месяцаў ні капейкі не бачу. Лепш я бы ўжо з дзецьмі жыла”.
За ўяўнай суровасцю — мяккасць віна з дурніцаў
Як бы там ні было, у Ілаве часткова захаваўся адзін з самых старых бровараў Беларусі. Але самае галоўнае: ён да гэтага часу ў страі. Вядома, з 1832-га многае змянілася — асабліва ў рэцэптуры і тэхналогіях, затое цяпер у фірмовай краме пры заводзе можна купіць не толькі мясцовы кальвадос, але і такі дзіўны напой, як віно з дурніцаў. У гэтай крамцы наогул прадстаўлены ўвесь асартымент УП “Ілаўскае” — ад павідла і чыпсаў, ад ардынарнага беларускага кальвадосу да віна “IQ” або “Арыядна”, але рэдакцыя раіць добра падумаць: нам яшчэ па індульгенцыю. Віно ці індульгенцыя, індульгенцыя ці віно.
Будслаў і прыгажосць
Перад тым як паглядзець на размашыстае позняе барока і адзін з трох у Беларусі храмаў з тытулам малой базілікі, глянем на сціплыя руіны сядзібнага дома ў прылеглай вёсачцы Палессе. Дакладней, на двухпавярховую прыбудову пачатку XX стагоддзя, што засталася ад сядзібы (цяпер у ёй амбулаторыя) і мілую руінку двухузроўневай тэрасы з балюстрадай.
Маёнткам валодалі нашчадкі каралеўскага ротмістра Георгія Аскеркі, які атрымаў гэтыя землі за ўдзел у бітве з маскоўскім войскам аж у 1564-м. Сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы за доўгія стагоддзі не раз перабудоўваліся, і, мяркуючы па фота, да пачатку XX стагоддзя Аскеркі звілі тут ўтульнае гняздзечка з паркам і вялікай гаспадаркай.
Шкада, але ў Другую сусветную драўляны дом з ламаным мансардавым дахам згарэў, і ад яго засталася толькі тэраса з балюстрадай. Тым не менш нават гэтым рэшткам раскошы ўдаецца паслужыць чалавеку сённяшняму. Забіты блакітнымі дошкамі трупік шляхетнага мінулага з таблічкай “Будынак падлягае рэстаўрацыі” ператварыўся ў сімпатычную дрывотню.
Што ж, а цяпер да Будслава. Гіганцкі касцёл бернардынцаў узвышаецца над усім нізкарослым і прыземленым наваколлем — мабыць, як і належыць адной з галоўных рэлігійных святыняў Беларусі.
Гісторыя Будслава ідзе ад манахаў, якія атрымалі ў пачатку XVI стагоддзя ва ўладанні мясцовыя лясы і сплаўлялі іх па рацэ ў Вільню. Дакладней, спачатку за сплавам сачыў адзін- чалавек, які жыў у маленькім даму — драўлянай “будзе”. Лесу было столькі, што неўзабаве сюды накіравалі яшчэ некалькі манахаў з Вільні: колькасць будаў расла, і намаганнямі братоў тут ужо ў 1530 годзе з’явілася першая драўляная каплічка. А ў 1613 годзе мясцовым манахам дастаўся адзін з найбольш шанаваных сёння мясцовымі католікамі абразоў — абраз Божай Маці, падораны Папам Рымскім мінскаму ваяводу Яну Пацу (якія ў мінчукоў былі сувязі!). Тады ж і пачалася гісторыя паломніцтва да абраза вернікаў.
Буда стала Будславам з першым каменным храмам, пабудаваным у 1643 годзе, пасля чаго манахі ўзвялі тут манастыр, а праз сто гадоў — у 1767-м — заклалі кутні камень грандыёзнай базілікі.
Велізарны касцёл з вежамі, быццам спецыяльна адсунутымі адна ад адной, каб змясціць паміж імі як найболей вернікаў, выглядае волатам-гігантам у параўнанні са сціплай малапавярховай забудовай цэнтра мястэчка. Пабудаваны на грошы многіх фундатараў вакол культавай іконы, гэты помнік позняга барока стаў цэнтрам паломніцтва каталікоў з усёй Беларусі і атрымаў ад Папы Рымскага статус малой базілікі. А гэта значыць, што ў Будслаўскім касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі пры пэўных умовах можа быць дадзеная поўная, проста поўная індульгенцыя.
Цікава, ці карыстаюцца такой магчымасцю ўсе тыя нешматлікія людзі, што праходзяць, праязджаюць на роварах або коцяцца ў калысцы міма храма ў будныя, а не святочныя дні. На фоне велічы і раскошы збудавання і закрытых з прычыны адсутнасці службы варотаў яны здаюцца маленькімі і быццам трохі страчанымі.
Але навошта прыпісваць людзям страчанасць? Пажылая жанчына са счырванелым тварам, што чакала каля касцёла свайго прыяцеля, які прыкаціў да яе з крамы ў інвалідным крэсле, аказалася цалкам знаходлівай. Убачыла фотапаляванне на барока і пад хіхіканне кампаньёна хрыплым голасам кінула: “Гэй, нас фатаграфуй! Мы таксама прыгожыя!”
І праўда.
Вілейка
Калі прыгажосці недастаткова, то дарога ў Мінск забяспечыць яшчэ: напрыклад, самае вялікае рукатворнае возера Беларусі, у якім можна выкупацца ці проста пагуляць па яго беразе.
Складана паверыць, але Вілейскаму вадасховішчу ўсяго паўстагоддзя, і з’явілася яно стараннямі неўтаймоўнага Пятра Міронавіча Машэрава. Перакрыць Вілію і накіраваць частку яе водаў у Свіслач спатрэбілася, каб забяспечыць усё большую патрэбу сталіцы ў вадзе. Цяпер гэтыя тэхнічныя абставіны генезісу возера ў 23 кіламетры даўжынёй ужо няважныя: свет прыняў яго як роднае. Пясочак, светлыя сасновыя лясы на берагах, куча кемпінгаў — але варта памятаць і пра тое, што дзеля цуду і водазабеспячэння былі высечаныя 3300 га лесу, пераселеныя 9 вёсак і перанесеныя тысячы магіл.
Памятаць — гэта наогул нядрэнна, хоць і невыносна часам.
Дарога
На радасць кіроўцы, гэты бліцкрыг любові да Беларусі даўжынёй у 640 км амаль увесь час коціцца па дарогах з пакрыццём, прычым нядрэннай якасці. У той жа час мы не можам не заязджаць па прыгажосць у глушэйшыя месцы.
Так, у Германавічы можна паехаць праз Папкі, а можна праз Ілжывыя Жукі, і ў другім выпадку давядзецца ехаць грунтоўкай. Выбірацца з Германавічаў на трасу Р-18 можна маляўнічымі дарожкамі праз Атокі і Стары Пагост — падвескі не паменшае, затое можна палюбавацца некранутымі ландшафтамі.
Паўкіламетра дарогі без пакрыцця трэба будзе пацярпець за Канахамі па дарозе да экасцяжыны Ельня. Машыну варта пакінуць ля інфапойнта за 500 м ад вёскі.
Дарога, якая злучае Мёры і схаваную Друю, таксама без пакрыцця, але адносна роўная і бяспечная.
Каб затым убачыць драўляную бабулю ў Мальках і зомбі-класіцызм Асады Дзедзінай, таксама трэба будзе патрэсціся па сельскіх дарогах.
Дабрацца да вадаспаду на Вяце можна двума спосабамі — праз Павяцце і Александрыну (паварот на іх крыху на поўдзень ад Ідолты) або праз Сурамшчыну. У абодвух выпадках тое, наколькі блізка вам атрымаецца пад’ехаць, залежыць ад дажджоў, што ўплываюць на стан грунтоўкі: сачыце за кропкай у навігатары і рэальнай сітуацыяй на дарозе.
Цалкам можа быць, што пасля вадаспаду вам нічога ўжо больш не захочацца — тады можна ехаць проста на Мінск па Р-18. Калі сіл яшчэ хапае, пад Докшыцамі павярніце на Сітцы. Дарога на Будслаў праз Ілава мае невялікі непрыемны ўчастак, дзе трэба будзе скінуць хуткасць і аб’ехаць некалькі ямаў, але да таго часу ў вас у салоне можа плёскацца віно з дурніцаў і кальвадос, так што не грузіцеся дробязямі.
Ежа
З ежай як звычайна. Які-ніякі прыдарожны сэрвіс пакідае наш маршрут разам з трасай М-3, і далей спатрэбяцца назапашаныя бутэрброды з гарбатай. Не саромейцеся заходзіць у сельскія крамы — гэта заўсёды цікавы вопыт. Па дарозе ў Друю можна вытанчана папалуднаваць у Глыбокім — горад прапануе з дзясятак варыянтаў кавярняў і нават адзін сушы-бар. Тамсама можна прыхапіць чаго-небудзь для сустрэчы заходу над Ельняй.
У Друі ні на што асабліва не разлічвайце: у краме “Чыгуначная” ёсць кававы апарат, але выглядае ён так, быццам з 1939 года не працаваў. Ад рэстаранаў пачатку стагоддзя там нічога не засталося, але, спыніўшыся ў якой-небудзь з нешматлікіх аграсядзібаў, вы зможаце парадаваць сябе самі. Так, гэта частая неабходнасць тут — радаваць сябе самім.
Ну а па дарозе назад можна ўзяць чаго-небудзь смачнага ў Мёрах, паабедаць у Глыбокім ці зладзіць пікнік на Вілейцы.
Начлег
Логіка гэтага маршруту падразумявае начлег у Друі ці яе ваколіцах. Мы можам рэкамендаваць праверанае месца на Друянава, 30 — толькі нікому не расказвайце. Гэта вельмі прыемныя суадносіны цаны і прапанаванага камфорту, ды яшчэ і гамак над Дзвіной. У крайнім выпадку можна пашукаць нешта ў ваколіцах — усё ж такі гэта Браслаўшчына, і турыста там любяць і чакаюць.
Не забудзьце захапіць пашпарт — гэта памежныя тэрыторыі, і ў вас могуць яго праверыць.
Фота: Ян Булгак, А. Паўлоўская, К. Шастоўскі, radzima.org, tut.by, nn.by, wikimedia.org, nailtimler.com, twimg.com, radzima.org, history-belarus.by, mhf.krakow.pl, kresy.pl, polona.pl