У Глыбокім, цягам мінулага тыдня, прайшоў IV міжнародны Вішнёвы Фестываль. Мяркуючы па сцягах на флагштоках, прыехалі госці, ці прадстаўнікі амбасадаў: з Расіі, Малдовы, Польшчы, Нямеччыны, Грузіі, Латвіі, Літвы, Арменіі, Францыі. У горадзе з’явіўся яшчэ адзін новы помнік – помнік сям’і.
Прынята лічыць, што першыя высокагатунковыя вішнёвыя сады на Глыбоччыне, у 1930-я гг, за «польскім часам», заклаў легендарны павятовы аграном Баляслаў Лапыр*.
Сапраўдны беларускі патрыёт, які не толькі вучыў беларускіх сялянаў земляробству, але ствараў у вёсках фальклорныя гурткі, ставіў беларускія спектаклі, распаўсюджваў беларускія кніжкі і календары. За што прыйшоў у няміласць да тагачасных польскіх уладаў і ў 44 гады быў адпраўлены на «emeryturu» (пенсію). З-за чаго пачаўся міжнародны скандал. У Глыбокім, перад выбухам Другой сусветнай вайны, ужо дзейнічала нямецкая рэзідэнтура. У самых чытаных нямецкіх газетах было апублікавана, што ў Польшчы прыцясняюцца нацыянальныя меншасці: украінцы, беларусы і немцы. Як прыклад пададзена, што ў Глыбокім, у 44 гады, не маючы ніякіх прэтэнзіяў да прафесіі, быў звольнены аграном Баляслаў Лапыр, за тое, што – беларус. Палякі ледзьве залагодзілі гэты скандал.
Прапаноўвалі Лапыру любую пасаду – бурмістра, войта, нават міністра сельскай гаспадаркі – абы немцы заторкнуліся… У часе нямецкай акупацыі Баляслаў Лапыр быў начальнікам Глыбоцкага раёна. Менавіта, дзякуючы яму глыбоцкія касцёл і царква перайшлі на беларускую мову. Аднак, Лапыр уступіў у канфлікт з нямецкай уладай, выказаўся (бегла валодаў нямецкай мовай) негатыўна наконт знішчэння беларускіх вёсак разам з яе жыхарамі. На што, высокапастаўлены нямецкі афіцэр, сказаў – за негатыўнае выказванне ў адрас «вышэйшай расы» – адна дарога: альбо канцлагер, альбо расстрэл. А самі беларусы могуць патрапіць у спіс нацыяў, якія варожа настроеныя да «вышэйшай расы». Як кампраміс, ён параіў Баляславу Лапыру з’язджаць на выспу Руген, у маёнтак яго сябра, ды займацца там агранаміяй. Лапыры з’ехалі туды ўсёй сям’ёй. З заняццем выспы Чырвонай Арміяй, Баляслаў Лапыр з сям’ёй быў дэпартаваны за калючы дрот у Ваўкавыск. Пасля апошняга выкліку на допыт – да сям’і ўжо не вярнуўся.
Імя Баляслава Лапыра заўсёды згадваецца пры ўрачыстым адкрыцці Вішнёвага Фестывалю. Што датычна цяперашняга Фестывалю, то бачна, – з кожным чарговым правядзеннем, яго арганізатары набіраюцца ўсё большага досведу. Ён ужо становіцца вядомым на Беларусі, раскручаным і прывабным турыстычным брэндам. Прыязджае шмат гасцей не толькі з Беларусі, але і «дальняга замежжа». Добрая гандлёвая пляцоўка не толькі для мясцовых ІПэшнікаў, але і мінскіх. І штораз на Фестывалі – болей вышыванак і беларускай мовы! Глыбокае дадаецца новымі помнікамі і скульптурнымі кампазіцыямі.
Цягам тыдня на фестывалі адбывалася шмат культурніцкіх і спартыўных мерапрыемстваў.
Не буду займаць увагу кожным з іх паасобку, але адзначу, што гэты Фестываль запомніцца шыкоўным выступленнем гасцей з Грузіі. Здагадайцеся, з якога гораду? Так, так! З – Тэлаві! (Фільм «Міміно», памятаеце! Вактанг Кікабідзэ датэлефанаваўся не ў Тэлаві, а ў Тэль-Авіў). Гэта было адзінае са шматлікіх выступленняў замежных калектываў, калі прысутныя на галоўнай сцэне гледачы, ўсталі са сваіх месцаў і працягла пляскалі ў далоні.
Грузіны на фестывалі ў Глыбокім
Як Глыбокае змагло размясціць сотні замежных гасцей? Не хвалюйцеся! Глыбокае цяпер – не тое, што было дзесяць гадоў таму. Цяпер у горадзе не толькі ЖКГоўская гасцініца, а больш за дзясятак «крутых» прыватных гатэляў, якія могуць прыняць самых патрабавальных і капрызных госцяў!
Адной з цікавостак свята – была прэзентацыя панадворкаў сельскіх саветаў. У кожнага – свая канцэртная праграма, свае намёты з пачастункамі. Зразумела, асноўным інгрэдыентам была вішня – ва ўсіх намінацыях: печыва, тарты, пірагі, а таксама – наліўкі і віны. Усе гэтыя панадворкі абышлі Алег Морхат, кіраўнік раёна і Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Натуральна, гаспадары кожнага панадворка стараліся, як мага далей і на доўгі час, ад лішніх вачэй, завабіць высокіх госцяў у глыб намётаў. А там стараліся спакусіць іх вішнёвымі наліўкамі! А ў кожнага сельсавета – свoй адмысловы рэцэпт! А панадворкаў – з дзясятак! І ў кожным частуюць!!! Цяжкая задача адмовіцца ад гасціннасці!
Побач з высокім начальствам прысутнічала і кітайская дэлегацыя. З якой мэтай прыехалі кітайцы ў Глыбокае? Такое пытанне ніхто не задаваў! І так зразумела! Набаілі ім, хіба, на добры тутэйшы інвестыцыйны клімат?
Традыцыйна на Фестывалі, у заключны дзень, праводзіцца конкурс баяністаў, а кіраўнік раёна ўручае гран-пры пераможцу — новы гармонік.
Ды й сам Алег Морхат, сцвярджае, што калі не дзесяць гармонікаў парваў за сваё жыццё, дык два – дакладна.
Глыбокае – вішнёвая сталіца! Намёты з сувенірамі на былой Замкавай вуліцы (Леніна).
Побач са сцэнічнай пляцоўкай – рынак «Верас». Самы хадавы тавар – глыбоцкая вішня.
Прадаўцоў глыбоцкай вішні – больш, чым пакупнікоў!
Які Вішнёвы Фестываль без барона Мюнхгаўзена! Адразу згадваецца алень з вішнёвым дрэвам на галаве! Нагадаю – на цвінтары Копцеўка ў Глыбокім – пахаваныя Вільгельміна і Фердынанд фон Мюнхгаўзен, «якія жылі доўга і шчасліва, ды памерлі ў адзін дзень».
Здаецца, уся Беларусь з’ехалася ў Глыбокае!
Глыбоцкія прадпрымальнікі скарыстоўваюць унікальны шанец для вырабу і продажу сувеніраў (ІП Іван Касевіч).
Ад гэтага дзядзькі ўсе шарахаліся!
Глыбокае – горад маладых!
Глыбоцкія дзяўчаты-вішанькі.
Бацькава лыжка
У Глыбокім з’явіўся яшчэ адзін помнік – помнік сям’і (аўтар І. Казак).
Цэнтральны пляц і новы помнік у Глыбокім.
Прэзентацыя панадворкаў сельскіх саветаў. Азярцы – першыя паводле алфавіту.
Прэзентацыя панадворкаў. Гэтая кітайская дзяўчына не разумее па-беларуску, і яе тлумач не разумее. Перакладалі з беларускай – на рускую, а з рускай – на кітайскую. Урэшце рэшт, вядоўца перайшоў на рускую.
Прэзентацыя панадворкаў. Каб жыць заможна і ў шчасці – трэба на гэтае дрэўца павязаць каляровую стужку. Павязваюць Алег Морхат, кіраўнік Глыбоцкага раёна і Ўладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў НС РБ.
Торт з вішнямі – Уладзіміру Андрэйчанку.
Выступае танцавальная група з Тэлаві (Грузія).
Дзяўчо з «Ніканам», якое гуляла само па сабе, ды фоткала ўсё, што трапляе на вочы.