5 красавіка ў Вільні былі адсвяткаваныя 25-ыя ўгодкі Таварыства Беларускай Культуры. Імпрэза сабрала больш 50 чалавек.
Гасцямі вечарыны сталі кіраўнічкі Згуртавання Беларусаў Свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, прадстаўнікі Саюзу беларускіх пісьменнікаў з Менску Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч і Міхась Скобла, рэжысёрка Вольга Мікалайчык, гарадзенскі публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч. Сярод шматлікіх выступоўцаў былі таксама віленскі пісьменнік і публіцыст Алег Аблажэй, адзін з старэйшых сябраў ТБК Сяргей Карабач, які нядаўна сустрэў свае 90-ыя ўгодкі, вядомы літоўскі праваабаронца Стасіс Каўшыніс, святар Даніла Сваяк.
Нязменны старшыня ТБК Хведар Нюнька прымаў шматлікія віншаванні і падарункі. За чвэрць стагоддзя Таварыства Беларускай Культуры здолела зрабіць багата ў адраджэнні культурнай спадчыны, правесці шмат канферэнцый і імпрэзаў, адкрыць больш дзесяці мемарыяльных шыльдаў знакамітым беларускім дзеячам, звязаных жыццём і дзейнасцю з Вільняй.
Святочная вечарына прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара