• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
04.05.2017 | Спорт

Упершыню ў Менску пройдзе чэмпіянат сьвету па тайбоксе, дзе беларусы застаюцца ў лідэрах

Сёньня ў Палацы спорту ў Менску ўрачыста адкрыецца XVIII чэмпіянат сьвету па тайскім боксе — муай-тай. Турнір такога ўзроўню пройдзе ў Беларусі ўпершыню.

Беларусы займаюць лідэрскія пазыцыі ў тайскім боксе каля 25 гадоў. Прызначыўшы чэмпіянат у Менску, Міжнародная фэдэрацыя муай-тай прызнала гэта.

Урачыстае адкрыцьцё турніру — 4 траўня, фінальныя паядынкі — 12-га. Паводле папярэдніх зьвестак, зьбяруцца больш за 700 удзельнікаў з 70 краінаў, чакаюць прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі муай-тай (IFMA) Сакчай Тапсувана і генэральнага сакратара арганізацыі Стэфана Фокса.

Перад гэтым карэспандэнты Радыё Свабода наведаліся ў алімпійскі спарткомплекс «Стайкі», дзе цягам двух тыдняў мужчынская і жаночая каманды ладзілі зборы напярэдадні адказнага старту. Пра стан тайбоксу ў Беларусі гутарым са шматразовым чэмпіёнам сьвету і Эўропы, пераможцам рэйтынгавых турніраў сярод прафэсіяналаў і аматараў, заслужаным майстрам спорту Дзянісам Ганчаронкам.

Кубак беларускаму тынэйджэру з рук караля Тайлянду

Дзяніс Ганчаронак — сапраўдны гігант, адзін з наймацнейшых эўрапейскіх «цяжаў». Вагавая катэгорыя — 91 кіляграм, рост — 191 сантымэтар. Нарадзіўся ён і пачаў асвойваць байцоўскія азы ў Асіповічах на Магілёўшчыне. Цяпер яму 28 гадоў. Спачатку займаўся кікбоксінгам, потым засяродзіўся на тайбоксе (муай-тай). Выступае ў менскім клюбе «Патрыёт», трэніруецца ў вядомага спэцыяліста Дзьмітрыя Пясецкага. Хатні чэмпіянат успрымае як звышадказную падзею — на трыбунах сталічнага Палаца спорту будуць родныя і сябры:

«Калі даверылі чэмпіянат сьвету такой маленькай краіне, то гэта ўжо прызнаньне нашых дасягненьняў. За столькі гадоў Беларусь зарэкамэндавала сябе на ўсясьветных, эўрапейскіх першынствах, мае статус адной з найлепшых камандаў. Адпаведна, гэта як вотум даверу. Дагэтуль некалькі разоў абмяркоўвалі магчымасьць правядзеньня ў Менску чэмпіянату Эўропы, а тут раз — і адразу „сьвет“. Які мэханізм выбару краіны-гаспадыні, шчыра кажучы, ня ведаю, але пасьля кожнага спаборніцтва зьбіраецца міжнародная рада, якая галасуе за наступнага кандыдата. Прэтэндэнты робяць прэзэнтацыю арэнаў, інфраструктуры, а экспэрты выбіраюць. Казалі, што сёлета Беларусь праходзіла практычна без варыянтаў, асаблівай барацьбы нават не было».

Беларусы адзіныя ў сьвеце, каму ў агульнакамандным заліку ўдалося перамагчы пачынальнікаў гэтых адзінаборстваў — прадстаўнікоў Тайлянду. Адкуль такі магутны байцоўскі ген? У ранейшых гутарках зь вядомымі адзінаборцамі варыянты гучалі розныя: хтосьці адсылаў да спадчыны ваяроў Вялікага Княства Літоўскага, іншыя, як Дзяніс Ганчаронак, шукаюць адказу ў бліжэйшых па часе рэаліях:

«Байцоўскі дух не ўнікальны для беларусаў, у любога спартоўца дастаткова матывацыі. Хто выходзіць на рынг, у таго ўсё ў парадку з настроем на змаганьне. Што тычыцца нас, то вынік зборнай, усяго беларускага тайбоксу — заслуга адзінак, нашых трэнэраў. Яны езьдзілі ў Тайлянд, спасьцігалі азы муай-тай і вярталіся з багажом ведаў. Дзякуючы ім дысцыпліна пачала разьвівацца. Яшчэ ў 1990-я каманда пачала выяжджаць на чэмпіянаты сьвету і заваёўваць прызавыя месцы. Добрая школа, адсюль і вынік. Мой трэнэр Дзьмітры Пясецкі жыў у Тайляндзе, выгадаваў цэлае пакаленьне таленавітых байцоў. Міхаіл Сьцяпанаў, Андрэй Грыдзін, Аляксандар Коўцік, Яўген Кацельнікаў, Уладзімер Задзіран — фігуры, якія далі магутны штуршок кікбоксінгу і тайбоксу ў Беларусі. Гэта яны прышчапілі вучням уменьне біцца».

На рахунку Дзяніса Ганчаронка, без перабольшаньня, унікальнае дасягненьне. У 2006-м ён ня толькі заваяваў свой першы тытул на чэмпіянаце сьвету, які праходзіў у Тайляндзе, але і быў прызнаны найлепшым байцом спаборніцтваў. Магчыма, нічога звышнатуральнага, каб ня той факт, што маладому спартоўцу было ўсяго 17. Дзеля турніру ён нават прапусьціў выпускную вечарыну. Кубак амбітнаму школьніку ўручыў кароль Пуміпон Адульядэт. Як сталася, што ўдалося пабіць дарослых мужчын?

«Цяжка патлумачыць, відаць, проста было вялікае жаданьне перамагчы. Цябе першы раз прывезьлі на міжнародныя спаборніцтвы, ты як малады, гарачы падлетак яшчэ не адчуваеш перашкодаў, не рэагуеш на каманду „стоп“. Сабраўся і зрабіў. Шчыра скажу: калі вярнуцца ў той далёкі 2006-ты, сам нават не разумею, як гэта здарылася. Магчыма, хацеў даказаць, што нечага варты. Сам я з маленькага пэрыфэрыйнага гарадка, усё давалася не адразу, ня проста. Нават каб трэніравацца ў добрага трэнэра, трэба было езьдзіць у Менск электрычкай, дзесьці ў сваякоў заначаваць. Моманты, якія падганялі і загартоўвалі. Ня тое, што выйшаў з аўтамабіля S-клясы і на расслабоне пазаймаўся. Трэба было пераадолець кучу прыгодаў. Хочаш нечага дасягнуць — толькі наперад».

Бацькі Дзяніса жывуць у Асіповічах, сам ён трэніруецца ў Менску. Складанасьцяў з адаптацыяй не адчуваў, бо, ягонымі словамі, Менск — тая ж вялікая вёска, па сваёй сутнасьці мала адрозная ад абласнога цэнтру.

Спартовых чыноўнікаў узнагароды ня ўражваюць

У тайбоксе шмат нацыянальна сьвядомых беларусаў. Юрась Булат, Віталь Гуркоў, Зьміцер Валент, Андрэй Кулебін, Зьміцер Варац ды іншыя на слыху ня толькі дзеля спартовых дасягненьняў. Валодаюць роднай мовай, шануюць гісторыю, выходзяць на рынг у вышыванках ці пад бел-чырвона-белым сьцягам. Некалькі гадоў таму да прэстыжнага турніру па кікбоксінгу ў Лас-Вегасе быў прэзэнтаваны нестандартны паводле выкананьня беларускамоўны прома-ролік Дзяніса Ганчаронка:

«Гэта была ідэя маіх мэнэджэраў — паказаць Беларусь такой, якой яе на Захадзе ня ведаюць. Ролік, лічу, удаўся, быў добра прыняты. Шчыра кажучы, я роўна стаўлюся што да беларускай мовы, што да расейскай. Так склалася, што маё пакаленьне расло і фармавалася ў час, калі абвясьцілі двухмоўе, хоць расейская і пачала беларускую падціскаць. У Асіповічах яшчэ ў падлеткавых клясах нам выкладалі ў школе па-беларуску, вучылі пісаць-чытаць. Але так у жыцьці склалася, што потым усё ўжо было па-расейску. Сапраўды, ёсьць у нас хлопцы, якія патрыятычныя ў сваіх выказваньнях, падкрэсьліваюць беларускасьць, гавораць на мове. Але я стаўлю наперад спартовыя вынікі. У моўным пытаньні для мяне асаблівага падзелу няма».

Пасьля неаднаразовых спробаў «праціснуць» тайскі бокс у праграму Алімпійскіх гульняў такая пэрспэктыва нарэшце пачала вымалёўвацца — у сьнежні 2016 году на кангрэсе Міжнароднага алімпійскага камітэту тайбокс прызнаны кандыдатам на пэрспэктыўнае сяброўства. Аднак Ганчаронак ня думае, што ягонаму пакаленьню байцоў удасца выступіць на Алімпіядзе. А прысутны пры нашай размове Віталь Гуркоў дадаў, што пра «хуткія алімпійскія гарызонты» ўпершыню пачуў яшчэ на сваім першым чэмпіянаце Эўропы ў 2001 годзе:

«Наўрад ці тайбокс будзе ў праграме наступнай Алімпіяды, — лічыць Дзяніс. — Як мінімум яго павінны даць у якасьці паказальнага віду, ня могуць аўтаматычна ўключыць першым этапам. Спачатку, відаць, асобныя вагавыя катэгорыі, а ўжо праз цыкль, можа, загляне сонца і ў наша ваконца. У любым выпадку гэта немалы тэрмін. Канечне, я рады, што тайбокс стане алімпійскім, гэта справядліва. У праграме куча відаў, якія і ня спорт зусім, а яны там. Тайбокс — адзінаборства, вядомае са старажытнасьці. Як па мне, больш відовішчнае, чым барацьба, чым бокс. А людзям што трэба? Якраз відовішча. Тым больш, геаграфія ўжо салідная, у турнірах бяруць удзел па 100–120 краінаў. Колькі яшчэ можна цягнуць? На жаль, адзінаборствы — вельмі няпэўныя на прагнозы, скептычна трэба да ўсяго ставіцца».

Сёньня Міжнародная фэдэрацыя муай-тай абʼядноўвае 128 краін. Пасьля атрыманьня алімпійскага статусу, перакананыя адмыслоўцы, колькасьць чальцоў павялічыцца. Магчыма, менскі чэмпіянат сьвету і не зьбярэ ўсю эліту ўсясьветнага тайбоксу, аднак, лічыць Дзяніс Ганчаронак, прывабіць да гэтага віду адзінаборстваў новых прыхільнікаў:

«Я ўжо не адзін раз выйграваў чэмпіянаты сьвету, але тут, у Менску — справа асаблівая. Матывацыя нашмат большая, абавязкова стаіць задача перамагчы. Гэта ўстаноўка і пэрсанальная, і з боку трэнэрскага штабу. Ну, і магчымасьць прадэманстраваць, што мы не дарэмна прывозім мэдалі, бо асобныя лічаць, што іх нам ледзь ня проста так дораць. Нават у Міністэрстве спорту часьцяком разважаюць: ну, прывезьлі чарговае вядро мэдалёў, што за навіна? Вось хай на свае вочы цяпер пабачаць, наколькі гэта жорсткі, кантактны від, якой павінна быць падрыхтоўка, каб заваяваць узнагароду. Ніколі ня ведаеш, будзеш рыхтавацца на наступны турнір, ня будзеш, бо траўмы доўга залечваюцца. Выкарыстоўваеш кожны шанец, каб годна выступіць. Тым больш калі гаворка пра хатні чэмпіянат».

Усясьветнае першынства без рэклямы

Пра стаўленьне да віду спорту, у якім беларусы апошнія чвэрць стагодзьдзя стабільна сярод наймацнейшых, кажа практычна поўная адсутнасьць рэклямы пра гэтую падзею ў Менску. Як сказаў падчас трэніроўкі ў «Стайках» неаднаразовы чэмпіён сьвету, а цяпер трэнэр Юрась Булат, «мы са свайго боку робім усё магчымае — шкада, калі ніхто гэтых высілкаў не ацэніць».

Застаюцца праблемы з фінансаваньнем тайбоксу. Яшчэ сьвежая гісторыя, як летась Міністэрства спорту адмовілася падтрымліваць Віталя Гуркова з прычыны ягонага ўдзелу ў гурце Brutto. Грошы на чэмпіянат сьвету ў Швэцыі яму пачалі былі зьбіраць талакой, але Віталь ад сабраных грошай адмовіўся, Мінспорту ж урэшце знайшло патрэбную суму. А наагул ці рэальна выжываць толькі з аматарскіх спаборніцтваў?

«Абсалютна нерэальна, нават калі ты на заробку, — кажа Дзяніс. — Ёсьць хлопцы, якія на стаўцы ў міністэрстве. Напэўна, можна нейкім чынам існаваць, прынамсі не памрэш з голаду. Але калі ты з пэрыфэрыі, то, напрыклад, ня ноймеш жыльлё, на яго дакладна ня хопіць. Таму ратуюць толькі камэрцыйныя турніры, прафэсійныя баі. За кошт гэтага спартоўцы і жывуць. Каб не было выступаў у прафэсійным спорце, на аматарскай кар’еры даўно можна было б ставіць крыж. Чэмпіянат сьвету і чэмпіянат Эўропы — яны праходзяць толькі раз на год, і ўсё. Прызавыя наша краіна выдзяляе капеечныя, мізэрныя. Каб за гэта пражыць і яшчэ рухацца далей — такое нерэальна. Толькі прафэсійны спорт дае магчымасьць трымаць плянку».

А ці хапае камэрцыйных турніраў, каб забясьпечыць годнае жыцьцё? Дзяніс Ганчаронак кажа, што апошнім часам сфэра адзінаборстваў адчувальна камэрцыялізавалася, найперш у Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Адпаведна, недахопу ў прапановах няма — было б здароўе:

«Калі шчыра, апошнім часам хапае. Раней з гэтым было больш складана, нашмат цяжэй было выбрацца на нейкі прафэсійны турнір, ды каб яшчэ заплацілі больш-менш нармальныя грошы — я не кажу пра 100–200 даляраў. Цяпер, напрыклад, праводзіцца вельмі многа турніраў у Кітаі, дый наагул Азія проста запалонена адзінаборствамі. Калі здароўя хапае, можаш выступаць хоць кожныя выходныя. Таму збольшага ўсё залежыць ад твайго фізычнага стану. Усё ж гэта кантактныя баі, як бы там ні было, нават штомесяц на такім узроўні біцца цяжка: трэба да бою падрыхтавацца, потым крыху прыйсьці ў сябе, залячыць раны, зноў набраць форму. Так што складана. Але ёсьць, хапае турніраў, маладыя хлопцы часта і шмат езьдзяць».

У 1990-х Беларусь дала сьвету цэлае суквецьце выбітных кікбаксёраў. Ужо тады Менск прымаў топавыя турніры, трыбуны Палаца спорту запаўнялі аматары. У нулявых падрасьлі ня менш таленавітыя тайбаксёры, якія таксама пачалі скараць усясьветныя п’едэсталы. Цікаўлюся ў Дзяніса Ганчаронка: хто дыхае ў патыліцу сёньня? Ці падціскаюць маладыя, амбітныя, пэрспэктыўныя кадры, як некалі рабіў сам?

«Хлопцы ёсьць, адзінае выключэньне — у цяжкай вазе, пасьля 80 кіляграмаў. Зрэшты, яно і зразумела, там ужо дарослыя спартоўцы, толькі многія да піку проста не даходзяць — зноў жа, каб з гэтага яшчэ і жыць. Калі малады, можаш і на альтэрнатыве трымацца — за мэдаль, за статус. На такім узроўні ў лёгкіх вагах канкурэнцыя вялікая, заўсёды ёсьць некалькі здольных юнакоў, якія змогуць наступаць на пяткі. У цяжкай катэгорыі з гэтым праблема, хлопцы разважаюць: ну колькі яшчэ атрымліваць па галаве за проста так? У свой час, калі я пачынаў выступаць сярод дарослых у катэгорыі 80, 86 кіляграмаў, канкурэнцыя была прыстойная — немагчыма было ўгадаць, хто з 5–6 чалавек выйграе чэмпіянат краіны. А цяпер можна стаць чэмпіёнам нават без паядынку, няма каму супраць цябе выйсьці. Вось якая канкурэнцыя…»

Пры канцы размовы Дзяніс Ганчаронак распавядае пра свой сямейны статус:

«Сям’і пакуль няма. Можа дрэнна, можа добра, але пакуль яшчэ халасты. Прычына абсалютна ня тая, што, маўляў, баюся, бо нехта будзе адцягваць увагу, ня дасьць засяродзіцца на справе і г.д. Проста, напэўна, яшчэ не сустрэў чалавека, зь якім гатовы быў бы стварыць сям’ю. Крок важны, адказны, таму ня можа быць легкадумным…»

Дзяніс Ганчаронак нарадзіўся 21 чэрвеня 1988 году ў Асіповічах. Адзінаборствамі захапіўся ў школе, у 17 гадоў перамог на дарослым чэмпіянаце ў Беларусі і на сусьветным — у Тайляндзе. Першы трэнэр — Сяргей Гідулян, ад 2006-га — Дзьмітры Пясецкі. Заслужаны майстар спорту па тайбоксе, чэмпіён сьвету па вэрсіі IFMA ў 2006, 2008, 2009, 2011, 2012, 2014 гадах у цяжкай вагавай катэгорыі. Шматразовы чэмпіён Эўропы па муай-тай у вэрсіі IFMA. Пераможца Ўсясьветных гульняў адзінаборстваў 2010 году, срэбны і бронзавы прызэр чэмпіянатаў сьвету ў кікбоксінгу па вэрсіі WAKO ў 2007 і 2009 гадах у цяжкай вагавай катэгорыі.

Радыё Свабода

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ

Аляксей Гайдукевіч робіць для budzma.by агляд замежнай прэсы Пра крывавыя падзеі жніўня ў Беларусі першымі даведаліся нашы суседзі. СМІ ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах рэгіёна ў рэжыме анлайн інфармавалі...

valiancina_shauchenka
Праект Кірыла Стаселькі "Можам"

«Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, зніклых, забойства...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму

Знойдзен унікальны малюнак Беліцы 1845 года, паведамляюць Моцныя Навіны. Ён быў апублікаваны на сайце праекта Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў складзе карты Магілёўскай губерні першай паловы XIX стагоддзя. ...

valiancina_shauchenka
Афіша

Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня

Кампанія «Будзьма!» запрашае 20 студзеня а 19-й гадзіне на анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава, падчас якога прагучаць песні з альбома «Песьні выгнаньня» (1995) на вершы паэтаў, якія былі вымушаны...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»
    Гісторыя
    Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму
    Афіша
    Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня
    Грамадства
    МУС: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплачвалі штрафы затрыманых дэманстрантаў
    Літаратура
    Нарвежскі саюз пісьменнікаў: мы салідарныя з Беларуссю
    Грамадства
    Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб прызнанні палітвязнямі абвінавачаных па справе Прэс-клуба
    Грамадства
    Пісьменнік Саша Філіпенка напісаў другі адкрыты ліст Рэне Фазэлю
    Грамадства
    У «Дана Молл» выступіў «Вольны хор» з «Пагоняй» і вывесілі вялікі бчб-сцяг
    Грамадства
    Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха не выходзіць на сувязь
    Грамадства
    Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку звольненых з Акадэміі навук калег
    Грамадства
    Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій
    Грамадства
    «Цудоўня» распачала працу ў новым месцы
    Грамадства
    Ці стаў прыезд Фазэля правалам?
    Грамадства
    «Новы Час» больш не будзе прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM