• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
04.03.2019 | Музыка Гісторыя

Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку

«Звязда» сустрэлася з Валерыем Мулявіным — сынам песняра і актрысы Святланы Пенкінай, вядомай па фільмах «Хаджэнне па пакутах» і «Беражыце жанчын».

2019-ы з’яўляецца годам пяцідзесяцігоддзя «Песняроў», а ў інтэрв’ю, напрыклад, Валерый успомніў падрыхтоўку да дваццаціпяцігоддзя калектыву. А таксама стасункі сваіх бацькоў, жарты Уладзіміра Мулявіна і яго настрой пасля аварыі. На размову ён прынёс сямейныя фотаздымкі, і аказалася, што яго архіў апроч картачак захоўвае багата відэаматэрыялу.

— Падчас працяглых гастроляў «Песняроў» у Афрыцы маці захварэла на малярыю. Калі яна пачала папраўляцца, бацька, ведаючы, як маці сумуе па кіно, падарыў ёй відэакамеру, — тлумачыць Валерый. — Так яна змагла хоць бы неяк зноў далучыцца да прафесіі і пачала здымаць. У мяне захоўваецца вялікі архіў запісаў з гастроляў і сямейных урачыстасцяў.

— Ваша маці перажывала, што ў пэўны момант свядома спыніла сваю акцёрскую кар’еру?

— Яна насамрэч вельмі любіла кіно. Бацькі і пачалі сустракацца, калі маці здымалася ў фільме «Беражыце жанчын» на Адэскай кінастудыі. Тата пачаў пакрысе да яе заляцацца, прыязджаць на здымкі, а калі пад канец маці моцна прастудзілася і трапіла ў бальніцу, бацька, узяўшы коўдру, гарбату і варэнне, паехаў за ёй на машыне, каб адвезці дадому, бо ляцець самалётам ёй было нельга. Ужо пасля майго нараджэння маці паехала на пробы ў Ленінград, а калі вярнулася, як яна расказвала, і ўбачыла мяне з бацькам, зразумела, што ўжо не актрыса, а жонка і маці. У гэты момант яна спыніла сваю кар’еру, хоць была на ўзлёце, вядомай актрысай не толькі ў Савецкім Саюзе, але і за мяжой. Тата, напрыклад, упершыню ўбачыў яе на экране менавіта за мяжой, гэта быў фільм «Хаджэнне па пакутах». Але маці ўсё роўна знайшла сябе ў творчасці: некаторы час вяла канцэрты «Песняроў» — прадстаўляла ансамбль, праграму, песні, потым стала памочнікам кіраўніка ансамбля, то-бок майго таты, і ў рэшце рэшт, ужо пасля смерці бацькі, каб захаваць пра яго належную памяць, узначаліла музей Уладзіміра Мулявіна. Да таго ж яна заўсёды падтрымлівала стасункі са знаёмымі акцёрамі, лёгка разумелася з аператарамі і рэжысёрамі, бо добра ведала прафесію.

 

Баць­ка з сы­нам.

— Малодшыя дзеці часта бываюць любімымі. Вы — малодшы сын Уладзіміра Мулявіна. Можаце сказаць, што вы — любімчык?

— Магу сказаць толькі, я заўсёды адчуваў, што бацька мяне вельмі любіць. Нездарма ён назваў мяне ў гонар свайго старэйшага брата Валерыя, якога вельмі рана страціў.

— Што ён казаў пра загадкавую смерць Валерыя?

— У яго была толькі адна версія таго, што здарылася, і яна ніколі не змянялася. Калі яны прыехалі выступаць у Ялту, раніцай мой дзядзька выйшаў на вуліцу, сеў на парапет. Міма праязджала машына, што чысціць дарогі, ён падняў ногі, не ўтрымаўся і з невялікай вышыні няўдала ўпаў і ўдарыўся галавой. Іншых версій ад бацькі я не чуў.

— Як ён успамінаў брата?

— У іх было небагатае свярдлоўскае дзяцінства, адна пара добрых чаравікоў на дваіх. У тыя пасляваенныя, як бацька расказваў, бандыцкія часы Валерый абараняў малодшага брата ад вулічных разборак і ўвогуле ад усіх непрыемнасцяў маладосці. Ён быў моцны і камунікабельны, а тата, наадварот, — больш творчы і спакойны. А ўжо калі бацька ўсур’ёз заняўся музыкай, ён прапанаваў Валерыю ўзяць у рукі гітару, навучыцца прафесіі і прыйсці ў ансамбль. То-бок спачатку заступніцтва было за старэйшым братам, потым — за малодшым.

— Ці былі ў вас нейкія сямейныя традыцыі?

— Як ва ўсіх, галоўныя святы адзначаліся ў асяроддзі сям’і. На Новы год маці цудоўна гатавала качку з яблыкамі, а мы з бацькам у гэты час упрыгожвалі ёлку. Калі атрымлівалася, у свабодны вечар мы любілі глядзець фільмы на відэакасетах. Спачатку глядзелі ўтраіх, але, паколькі маці праз пятнаццаць хвілін пачынала каментаваць работу аператара ці рэжысёра, ігру акцёра, у выніку магія фільма знікала, таму хутка мы сталі глядзець кіно толькі ўдвух. Бацька любіў як сур’ёзныя фільмы, такі і амерыканскія блокбастары, а калі было сумна, уключалі французскія камедыі з Луі дэ Фюнэсам, П’ерам Рышарам, яны заўсёды бадзёрылі. Любімымі акцёрамі былі Марчэла Мастраяні, Марлон Брандо, Джэк Нікалсан, Роберт дэ Ніра і Аль Пачына. Бацька любіў перанастройвацца: адыгрываў канцэрт, раздаваў аўтографы, а дома, каб перазагрузіцца, ныраў у кінагісторыю. Таксама ён увёў традыцыю хадзіць у лазню, калі атрымлівалася, раз у тыдзень. Тое ж самае ў ансамблі: бацька мог арандаваць лазню і запрасіць туды калектыў. І ніхто не супраціўляўся, усе гэта любілі.

— Недзе сустракалася, што падчас гастроляў «Песняроў» вы спалі ў чахле ад гітары. Можаце ўспомніць, як ездзілі з бацькам у доўгія туры?

— Маё гастрольнае жыццё пачалося з ранняга дзяцінства. У бацькоў не заўсёды атрымлівалася ўзяць з сабой дзіцячы ложак, таму прыходзілася недзе ў грымёрцы браць чахол — я кажу пра чахол з цвёрдымі бартамі — спавіваць мяне і ўкладваць. Калі гэта былі непрацяглыя пераезды, я браў у школе заданне і пасля здаваў залік. А калі працяглыя, як гастролі ў Афрыцы, тады прыязджаў мой дзядуля і глядзеў за мной. У Афрыку я вельмі хацеў, хоць маці, магчыма, і пашкадавала, што туды паехала. Першая мая паездка менавіта за мяжу была ў пачатку 1990-х у Германію. Мы ехалі на аўтобусе цераз Польшчу, памятаю, як кіроўцы вырашылі зрабіць прывал, дасталі палявую кухню і на весь калектыў прыгатавалі макароны па-флоцку. Я гэта ніколі не забуду, паходныя ўмовы заўсёды прысутнічалі, хоць прымаючы бок арганізоўваў кафэ і рэстараны. У маім узросце мне ўсё было цікава, думаю, бацьку ўжо не. Мне запомніліся паркі атракцыёнаў, якіх у нас тады не было. Потым бацька любіў штурхаць мяне ў нерускамоўнае асяроддзе, бо я паглыблена вывучаў замежныя мовы. Хацеў, каб я прабіў моўны бар’ер, што было вельмі цяжка.

— Як падчас гастроляў ваша сям’я арганізоўвала свой вольны час?

— За мяжой мы любілі наведваць гістарычныя мясціны, музеі, храмы, бацька імкнуўся даведацца як мага больш пра горад, у які прыехаў. Ён быў спартыўным чалавекам і часта ў паездкі браў футбольны мяч, і калі я іграў, мог разам з удзельнікамі ансамбля далучыцца да мяне. Я ж, калі падрос і мяне не трэба было пакідаць у чахле ад гітары, прыходзіў за кулісы і слухаў татаў канцэрт, а падчас антракту любіў падбегчы да інструментаў і пасвавольнічаць.

— Вы памятаеце, як ва Уладзіміра Мулявіна праходзіў творчы працэс?

— Самая загадкавая частка — нараджэнне мелодыі — была вядома, напэўна, толькі бацьку. Ён рана прачынаўся, недзе а пятай гадзіне, ішоў у асобны пакой, браў гітару і сшытак і ціхенька займаўся. Помню, як аднойчы тата разбудзіў маці, пасадзіў побач і пачаў найграваць мелодыю. Яна сказала: «Вельмі прыгожа», — а ў выніку з гэтай мелодыі нарадзілася цудоўная песня «Чырвоная ружа», якую бацька прысвяціў маці. Ну а потым ужо работа на студыі, аранжыроўка, распісаць партыі для вакалу і так далей.

— Прыгадайце, як «Песняры» рыхтаваліся да свайго 25-годдзя.

— Яно святкавалася на «Славянскім базары ў Віцебску», бацька вырашыў зрабіць зборны канцэрт і апроч беларускіх артыстаў запрасіць на яго спевакоў постсавецкай прасторы. Цудоўна памятаю, як бацька ўзяў мяне за руку і падышоў да Алы Пугачовай прапанаваць ёй паўдзельнічаць. Вось ён прадстаўляе мяне Але Барысаўне, а яна кажа, што мы ўжо «завочна знаёмыя»: аказалася, што ў гасцініцы мы жылі ў суседніх нумарах і прыма цудоўна чула, як я адпрацоўваў удар мячом аб сценку, калі адсутнічалі бацькі. Незадоўга да канцэрта маці патэлефанавалі з расійскага тэлебачання і папярэдзілі, што будуць рабіць трансляцыю. Яна разумела, што бацька хвалюецца — праграма была сур’ёзная, таму пра трансляцыю паведаміла яму літаральна ў апошні момант, калі ўжо «Валодзя, час ісці на сцэну». Маці прымала ўдзел у пастаноўцы, рэжысуры, вобразах. Дарэчы, гэта быў першы канцэрт, калі касцюмы — гэтым разам патрэбны былі фракі — не шыліся спецыяльна, а набываліся. Бацька заўсёды сур’ёзна падыходзіў да выбару касцюмаў, усё распрацоўвалася, вывучалася, узгаднялася альбо не.

— Легенды ходзяць пра пачуццё гумару Уладзіміра Мулявіна…

— Так, гэта у нас прыроджанае. Што можна казаць пра чалавека, настольнай кнігай якога былі «Прыгоды бравага салдата Швейка»? Яна ляжала ў бацькі каля ложка, я і сам не адзін раз яе перачытаў. Тата ішоў з гумарам па жыцці, жартаваў пастаянна. Помню ўрадавы канцэрт ва Украіне, калі прэзідэнтам быў Леанід Кучма. Пасля канцэрта ўсе госці, палітыкі, артысты збіраліся, каб зрабіць агульнае фота. У сярэдзіне павінен быў стаяць прэзідэнт, а ўсе астатнія, як меркавалася, акуратна сысціся вакол яго. Доўга бегалі і камандавалі, каму ніжэй, каму правей, пакуль бацьку гэта не надакучыла і ён не крыкнуў: «Дарагія сябры, кучмей-кучмей!». Яшчэ прыклад з сямейнай паездкі ў Парыж, якую бацька падарыў маці. Мы пайшлі ў Луўр, і, канешне, галоўная карціна, якую трэба ўбачыць, — «Мона Ліза». З-за натоўпу да яе немагчыма было падысці, хоць тата асабліва і не гарэў жаданнем, але маці ўсё настойвала, каб ён ацаніў у тым ліку знакамітыя вочы: «Валодзя, паглядзі. Паглядзі пад гэтым ракурсам. Паглядзі пад іншым». Пакуль бацька не сказаў: «Света, я, што, па-твойму, афтальмолаг?»

— Вы памятаеце момант, калі даведаліся пра аварыю?

— Раніцай нам патэлефанавалі, чалавек у трубцы сказаў, што бацька трапіў у аварыю і накіраваны ў бальніцу, і папрасіў паклікаць маці ці каго-небудзь са сваякоў. Па яго голасе я ўжо зразумеў, што здарылася нешта страшнае. Калі я сказаў маці, яна рэзка ўскочыла з канапы і падбегла да тэлефона, ёй паведамілі, што бацьку робяць аперацыю ў Інстытуце траўматалогіі, але без падрабязнасцяў, мы яшчэ не ведалі, што ў яго траўміраваны пазваночнік. Мы і ўдзельнікі калектыву сабраліся ў бальніцы і сталі чакаць вынікаў аперацыі, пра наступствы не задумваліся, трэба было проста захаваць жыццё. І дзякуй нашым урачам, у іх гэта атрымалася. Потым пачаўся даволі цяжкі час рэабілітацыі, спачатку ў Мінску, а пасля — дзякуючы хадайніцтву Іосіфа Давыдавіча Кабзона — у Інстытуце нейрахірургіі Бурдэнкі ў Маскве. Рэабілітацыя — ужо іншая гісторыя, бацька меў патрэбу ў нашай прысутнасці, яму трэба было дапамагаць з пэўнымі працэдурамі, лячэбнай фізкультурай, бо ніжэй за грудную клетку ў яго была поўнасцю страчана адчувальнасць. У асноўным ён ляжаў, у рэдкім выпадку — сядзеў. У апошнія месяцы маці папрасіла, каб у бацькаву палату паставілі ложак для яе, і стала заставацца на ноч. У мяне ён прасіў прынесці паслухаць музыку, на шчасце, у нас былі падобныя музычныя густы.

— А што Уладзімір Мулявін слухаў?

— Ён быў стапрацэнтным бітламанам яшчэ з часоў, калі The Beatles можна было пачуць толькі на забароненым «Голасе Амерыкі». Ён слухаў Чайкоўскага, The Beatles, Стыві Уандэра — дыяпазон быў шырокі, пласцінкі бацька прывозіў з гастроляў.

— Усё ж месяцы рэабілітацыі былі часам з надзеяй на лепшае?

— Трэба ведаць майго бацьку. Многія б у гэтай сітуацыі здаліся, але навакольныя людзі былі так напалоханы, што гэта бацька падбадзёрваў, падтрымліваў і казаў, што з ім усё будзе ў парадку. Тата ў любой рабоце, за якую браўся, ставіў высокія планкі і гэтым разам паставіў задачу прайсці рэабілітацыю і ўстаць. Яго ўпэўненасць перадалася маці, мне, урачам, мы адсвяткавалі чарговы Новы год і бацькаў дзень нараджэння, але ў выніку, на жаль, цела аказалася слабейшым за дух, сэрца не вытрымала.

— Мне падалося, у вас добрыя стасункі з сёстрамі — дзецьмі Уладзіміра Мулявіна ад першага і другога шлюбаў.

— Так, з Марынай і Вольгай мы камунікуем і сустракаемся. На днях я быў у гасцях у Вольгі, да гэтага — у Марыны. Мы заўсёды бачымся і ўспамінаем бацьку на дзень яго нараджэння, 12 студзеня, у філармоніі, дзе праходзяць штогадовыя прымеркаваныя да гэтай даты канцэрты. Іх традыцыю ўвяла маці, каб усе разам збіраліся.

— У рэшце рэшт, раскажыце, па якіх арыенцірах бацька вас выхоўваў.

— Канкрэтна бацькаў арыенцір — гэта, канешне, музычная школа. Паверце, у мяне не было ніякага жадання там вучыцца, але я дагэтуль успамінаю мудрыя татавы словы, які казаў, што некалі я буду яму за гэты прымус удзячны. І насамрэч праз столькі гадоў я кажу бацьку дзякуй. Таксама ён лічыў, што час мяняецца, і калі яго пакаленню англійская мова была не патрэбна, то для майго становіцца абавязковай. Бацька моцна любіў футбол, мы разам глядзелі матчы, разам хварэлі — калі ігралі Савецкі Саюз ці Бразілія, толькі за іх. Тата навучыў мяне сціпласці і прыстойнасці. Помню, многія былі шакаваны асабістым знаёмствам з бацькам, калі аказвалася, як проста, ніколькі не задзіраючы нос, на любыя тэмы размаўляе народны артыст і музыкальны геній. Напэўна, гэтым чалавек і вялікі.

Ірэна Кацяловіч, «Звязда». Фота Таццяны Ткачовай і з архіву героя

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

«За паўтара месяца мая душэўная стараннасць сышла ў мінус». Пісьменніца з Мінску прадала кватэру і купіла сінагогу

У студзені 2021 года пісьменніца з Мінска Ілона Караваева, якая піша пад літаратурным псеўданімам Іаана Рыўз, купіла...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

«Складаю навіны ў крыжыкі». Мастачка сабрала пратэсты ў «Гісторыю беларускай выжыванкі»

«Гісторыю, якая цяпер адбываецца, варта было запісаць вышыўкай», — кажа мастачка Руфіна Базлава. Зь мінулага лета...

valiancina_shauchenka
Кіно

Дакументальны фільм Аляксея Палуяна «Смеласць» («Сourage») патрапіў у праграму Берлінскага кінафестывалю

Берлінскі кінафестываль — адзін з трох вядучых кінафорумаў у свеце. І гэта адно з самых вялікіх міжнародных...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Асобная алімпіяда для Беларусі, Эрытрэі і М'янмы

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра новыя магчымыя абмежаванні з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта ў дачыненні...

Апошнія навіны

    Грамадства
    «За паўтара месяца мая душэўная стараннасць сышла ў мінус». Пісьменніца з Мінску прадала кватэру і купіла сінагогу
    Мастацтва
    «Складаю навіны ў крыжыкі». Мастачка сабрала пратэсты ў «Гісторыю беларускай выжыванкі»
    Кіно
    Дакументальны фільм Аляксея Палуяна «Смеласць» («Сourage») патрапіў у праграму Берлінскага кінафестывалю
    Грамадства
    Асобная алімпіяда для Беларусі, Эрытрэі і М'янмы
    Грамадства
    Звольнены дырэктар магілёўскага музея запусціў адукацыйную праграму на Youtube
    Грамадства
    Згуртаванасць і салідарнасць: чаму заўзятары байкатуюць беларускі футбол
    Гісторыя
    «Ліст 28-мі» альбо як Гарбачоў беларускую мову ратаваў
    Тэатр
    Сёння ў Купалаўскім плануюць паказаць «Паўлінку»
    Грамадства
    Крама нацыянальнай сімволікі Symbal.by цалкам спыніла сваю працу
    Гісторыя
    100 год таму ў Гродне працавала запалкавая фабрыка. Аб ёй усе забыліся
    Музыка
    Міліцыянты сарвалі здымкі гурту «Дай дарогу!» ў адным зь менскіх клюбаў
    Музыка
    10 натхняльных песень гэтай вясны
    Літаратура
    У «Кантэксце» — Віктар Слінка. Новы выпуск праграмы!
    Замежжа
    Беларус апублікаваў інфармацыю аб усіх вядомых пахаваннях суайчыннікаў у Чэхіі і Славакіі
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    «Топи» vs «Сфагнум»: вельмі падобна, але...

Афіша

  • 04.03 20:00Кірыл Кедук і Міхаіл Радунскі: анлайн-канцэрт класічнай музыкі
  • 06.03 11:00Майстэрня Форум-тэатра
  • 08.03 20:00Зміцер Вайцюшкевіч запрашае сустрэць вясну разам!
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Палацы Брэсцкай вобласці
    • Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!
    • «Топи» vs «Сфагнум»: вельмі падобна, але...
    • «Амаральнасць ва ўсёй красе!» У Гомелі абласны суд прызнаў законным звальненне знакамітага гісторыка БелДУТ
    • У Беларусі рыхтуецца да запуску праект «Мова прафесіі», які дапаможа камунікаваць па-беларуску

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM