Калі ў далёкай будучыні даследчык зніклай беларускай культуры па знаёмстве з філасофіяй Валянціна Акудовіча і дакументальнай прозай Святланы Алексіевіч натрапіць на негульнявое кіно Віктара Аслюка, для яго гэта будзе звышкаштоўная знаходка.
Віктар Аслюк паслядоўна і ўжо больш за 25 гадоў стварае дакументальную кінаэлегію жыцця беларусаў і Беларусі. Яго Радзіма — гэта край тужлівых песень, працавітых дасціпных вяскоўцаў, мастакоў з праніклівымі вачыма, мужных шахцёраў з глыбокіх нетраў беларускай зямлі. Яго мастацкі позірк немагчыма паблытаць з іншым, а кожны фільм не проста фіксуе рэальнасць, а раскрывае штосьці выключна важнае не толькі для Беларусі. Доказ таму — звыклая прысутнасць фільмаў Віктара Аслюка на галоўных фестывалях дакументальнага кіно ва ўсім свеце. На Радзіме іх паказваюць радзей, і тым каштоўней выглядаюць восеньскія паказы найлепшых фільмаў Віктара Аслюка ў Музеі гісторыі беларускага кіно — першая вялікая рэтраспектыва аўтара ў Беларусі.
Рэтраспектыва будзе працягвацца да 1 снежня, а тым часам рэжысёр падзяліўся з budzma.by думкамі пра беларускае кіно і свой творчы шлях.
Пра “першы фільм”
Калі вучышся і толькі пачынаеш здымаць, трэба вельмі спакойна і крытычна ставіцца да ўсяго, што робіш, бо першыя некалькі фільмаў — гэта вучнёўства: пошукі выйсця са стандартаў, навязаных звонку, пошукі ўласнай мовы.
У 1991 годзе, калі я вучыўся на другім ці трэцім курсе Акадэміі мастацтваў, я зняў на студыі “Летапіс” сваю першую работу. Але я не назваў бы яе “сваім першым фільмам”. Як і не стаў бы браць у залік курсавыя работы, назваў якіх я ўжо і не памятаю.
Сваім першым фільмам я назваў бы “Слёзы блуднага сына”. Гэты поўнаметражны фільм працягласцю ў 56 хвілін быў зняты яшчэ ў 1994 на 35-міліметровую стужку.
Пра ўплывы
На мяне меў уплыў майстар Віктар Дашук, хоць я ніколі не рабіў такіх фільмаў. На мяне ўплывалі іншыя рэжысёры, фільмы якіх я бачыў, якіх ведаў асабіста. Але звычайна я здымаў насуперак рэжысёрам, якіх прызнаваў. Гэта быў спачатку даволі сціплы, але мой шлях, дзе я быў верны свайму вопыту, сваёй інтуіцыі.
Калі вучышся, ты можаш арыентавацца на аднаго, другога, трэцяга аўтара, але настае час, калі ты мусіш загаварыць уласнай мовай. Важна разумець, што можна арыентавацца на метад Сяргея Лазніцы ці Аляксандра Сакурава, але каб здымаць, як Лазніца, трэба быць Лазніцам. Часта праз выкарыстанне чужога метаду вы падмяняеце сваю натуру.
Кадр з фільма “Рабінзоны Манцінсаары”
Пра ўдалыя фільмы
Я не падзяляю свае фільмы на “ўдалыя” і “няўдалыя”. Для мяне паказчыкам з’яўляецца ўпэўненасць, што з гэтай тэмай, з гэтымі героямі я зрабіў усё, што мог. І ў мяне ёсць некалькі такіх фільмаў.
Варта зрабіць адну заўвагу: вялікая частка маіх фільмаў існуе ў дзвюх версіях. У пачатковай, якую немагчыма падправіць і яе дэманструюць на тэлебачанні, і ў версіі, якую я потым дапрацоўваў.
“Рабінзоны Манцінсаары” (2009) існуюць у двух варыянтах: на тэлебачанні дэманструюць больш рыхлую версію, апошні варыянт — скарочаны і з некаторымі зменамі. І такіх фільмаў шмат: “Марыя” (2006) так існуе, “Зямля” (2011) так існуе. Але “Кола” (2004) і “Мы жывем на краі” (2002) я не змяняў: не было такой магчымасці.
Пра мастацтва
Вядомасць у многіх творчых прафесіях — вельмі ўмоўная рэч. У кіно ёсць толькі адна мера: калі фільм з’яўляецца сапраўдным мастацкім творам, гэта бачна адразу. Малавядомы ў свеце Артавазд Пеляшан — абсалютна геніяльны кінамастак, і яго творы будуць прызнаныя заўсёды, пакуль будзе існаваць такая форма самавыражэння, як кіно.
Я прыйшоў да высновы, што ў глядацкім кіно можна прагучаць, стаць вядомым і важным, калі за табой стаіць вялікая культура. Чаму мы так кідаемся ва ўлонне расійскай культуры? Не дзеля таго, каб адрачыся ад сваіх каранёў, а таму што мы разумеем, што ў кантэксце вялікай культуры мы пачынаем гульню іншымі, больш глыбокімі сэнсамі. Кінематаграфіст, які належыць да вялікай кінанацыі, у якой ёсць традыцыі, алімп і рэжысёрская школа, існуе зусім у іншай сітуацыі, чым чалавек з такой краіны, як Славенія, Латвія ці Беларусь. Ці могуць гэтыя краіны зрабіць блакбастар? Не могуць! Ці могуць зрабіць фільм, які будуць глядзець усе? Тэарэтычна можна казаць усё што заўгодна, але практыка паказвае, што не. І застаецца толькі адно выйсце: здымаць фільмы, якія мелі б усе рысы мастацтва і гаварылі на вельмі важныя, вечныя тэмы.
Кадр з фільма “Шчасце”
Пра прафесійнае асяроддзе
Беларускай традыцыі ў дакументальным кіно не склалася. Адна з прычынаў — нешматлікасць людзей, якія займаюцца гэтай прафесіяй. Няма цэнтраў, вакол якіх фармавалася б прафесійнае асяроддзе: няма ўстаноў, кінатэатраў, кінафондаў. Асяроддзе дакументалістаў, якое існавала калісьці, знікла.
У свой час адным з такіх прафесійных цэнтраў была студыя “Летапіс”, але ў гэтым годзе яна апынулася на мяжы ліквідацыі. Вядома, што “Летапіс” перажывае не найлепшыя часы, але з яго знікненнем мы страцім апошняе месца, якое патэнцыйна магло б стаць сапраўднай студыяй, што гуртавала б найлепшых беларускіх дакументалістаў.
Прафесійнае асяроддзе магчымае, калі людзі будуць зарабляць на жыццё кіно, мець добрыя бюджэты на фільмы і магчымасці паказваць іх хаця б для шырокага кола кінафестываляў, альбо яшчэ лепш у кінатэтрах, як тое робяць Віталь Манскі ці Сяргей Лазніца.
Пра сучаснае беларускае кіно
За ўсе гады пачынаючы ад 1990-х беларускае кіно ўвесь час драбнела ў многіх сваіх складніках, пакуль не здрабнела дарэшты.
І цяпер мяне засмучае той момант, што я пакуль не бачу, як структурна, на дзяржаўным узроўні, падтрымліваюцца маладыя рэжысёры. Магчыма, хтосьці з таленавітай моладзі застанецца ў прафесіі, але мой досвед паказвае, што мноства здольных людзей проста знікне. Калі чалавек выбірае для сябе кіно як асноўную прафесію ў Беларусі, ён, як правіла, трапляе ў вельмі неспрыяльныя ўмовы.
Трэба штосьці змяняць, але варта разумець, што беларускае кіно можа існаваць толькі дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню. Кіно — гэта стратная і неакупная рэч. Трэба забыць пра самаакупнасць у дачыненні да тэатра і кіно, таму што яны, як музеі, проста павінныя існаваць у любой дзяржаве, якая паважае сябе. Дакументальныя фільмы павінныя паказваць беларускае жыццё, раскрываць беларускую ментальнасць, і нават толькі ў гэтым ёсць сэнс падтрымкі яго існавання.
Трэба глядзець на суседзяў, ствараць нешта падобнае да кінафонду ці нейкіх інстытуцый, якія займаліся б толькі пытаннямі кіно. Напрыклад, у Латвіі ёсць і кінацэнтр, і кінафонд, і мноства іншых кінаструктур, ва Украіне, нягледзячы на складаную палітычную і эканамічную сітуацыю, штогод выдаткоўваецца каля 20 мільёнаў долараў на кіно, бо там разумеюць, наколькі гэта важна.
Творчая сустрэча з рэжысёрам Віктарам Аслюком — 29 лістапада
Размаўляў Алесь Лапо