• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
11.07.2018 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Віктар Марціновіч: На споведзь у аўталаўку

Калі ёсць два паняцці, якія добра тлумачаць рэальнасць, што паўстала ў нашай ганарлівай рэспубліцы за час ад распаду Саюза, словы, якія пры гэтым адрозніваюць нас ад усіх суседзяў, дык словы гэтыя будуць “аўтазак” і “аўталаўка”. Першае вы і так чуеце штодня, бачыце на любым канцэрце ці летнім фестывалі. А вось пра другое варта сказаць асобна. Бо каб зразумець выбітны статус аўталаўкі, гэтага тахікардычнага сэрца вёскі, якая памірае, трэба мець пільныя вочы і рухомую псіхіку.

10174295

Аўталаўка сталася лагічным фіналам рэалізацыі Праграмы адраджэння сяла. У канцы нулявых тое сяло адрадзілі ажно настолькі, што нават падмуркаў ад вясковых бібліятэк не засталося. І вось калі спарахнеў апошні клуб у месцы, дзе некалі жыло 100 чалавек, а цяпер дажывае 6, з’явілася яна: навюткая, рэгулярная, як сэкс у пенсіянера, доўгачаканая, галасістая.

Яе выходзяць чакаць, як некалі выходзілі чакаць начальства, якому можна пажаліцца, што дах на аўтобусным прыпынку зусім спарахнеў (тое адносіцца да эпохі, калі ў занядбаных вёсках яшчэ былі аўтобусныя прыпынкі і калі туды яшчэ наязджала начальства). І нават больш зацята яе чакаюць: як рэлігійнага міракля, як дажджу. За 15 хвілін да абяцанага раскладам цуду з’яўляюцца самыя нецярплівыя. Армія якіх складаецца з людзей, найбольш чуллівых да паставак з вялікай зямлі: мясцовых алкатронаў. Яны звычайна не балбочуць, а толькі чухаюцца і ветліва просяць закурыць. Потым падцягваюцца бабулькі — тыя, што могуць хадзіць. Тыя, што хадзіць не могуць, таксама прыйдуць, але яны не спяшаюцца: яны ведаюць, што грамада прапусціць іх без чаргі.

Аўталаўка заўсёды з’яўляецца ў промні сонца, у клубе пылу, са значным спазненнем, як і наканавана з’яве духоўнай. Яна едзе і бібікае, і гора таму, хто не мае вушэй, каб гэты свяшчэнны гуд прачуць. Пад’ехаўшы да народу, крыніца шчасця і дабрабыту рэзка спыняецца, і з яе выскоквае нахабны вадзіла. Ён — не сам цуд, але абяцанне цуду. Ён наганяе ўрачыстасці. Ён можа злосна пажартаваць, маўляў, я сёння без Рыты, гандлю не будзе. Проста каб пабачыць святы жах на тварах народу.

Вадзіла пачынае з таго, што бадзёра сшыбае з алкатронаў цыгарэту, і тыя даюць, бо не даць — нельга. Няма літра без аўталаўкі, а да прарокаў літра стаўленне мусіць быць рабалепным. Запаліўшы цыгарку, вадзіла абыходзіць і пад усеагульны вох адкрывае вароты іканастаса. У прычэпе сярод тавару стаіць Яе Вялікасць Рыта. Мажная і красівая. Строгая, як улада. І людзі ідуць да Рыты.

Той, хто хаця б раз стаяў у чарзе ў аўталаўку, ведае, што проста папрасіць даць бохан хлеба ці паўтараху піва можа толькі нізкадухоўны чалавек. Спачатку трэба расказаць Рыце пра сваю жытуху, пажаліцца на праблемы і што-небудзь спытаць. Традыцыйны прыгавор тут будзе: вой, Рытачака, вой, золатца, як жа добра, што прыехала, а ў мяне дваюрадная пляменніца гасціць, увесь агрэст пажэрла, і чым іх толькі там кормяць у тым Мінску (расказ пра жытуху), а якое ж усё стала даражэзнае, не хапае пенсіі на анічога, а хутка ж паміраць, а плот не пароблены (жальба на праблемы), а ты не ведаеш, па колькі цяпер лісіцы на пункце бяруць (пытанне)? Тут трэба адзначыць, што аўталаўка ў мёртвых беларускіх вёсках грае ролю дэльфійскага аракула. Яе піфіі ведаюць усё, а чаго не ведаюць, кажуць ад сябе, і заўсёды збываецца.

У месцах, дзе да найбліжэйшага выканкама ходзіць аўтобус тры разы на тыдзень, дзе насельнікі не ведаюць, якога колеру форму носяць міліцыянеры (бо не бачылі іх з 1987 года, калі Чапля парэзаў Васю, за што сеў), аўталаўка — адзіная трывалая сувязь грамадзяніна і дзяржавы. Гэта камізэлька, у якую трэба плакацца, бо куды яшчэ плакацца, як не сюды? Гэта штотыднёвая абавязковая споведзь, па выніках якой у цябе ёсць права набыць бохан хлеба і цукерку “Чапелька і мядзведзь”.

10174288

Калісьці ў вёсках былі цэрквы і касцёлы, і людзі сустракаліся ў нядзелі перад службай, апранутыя і прычасаныя. Пасля былі рынкі і гандлёвыя майданчыкі, куды можна было прыйсці па сала ці малако, калі сваё скончылася. Ва ўсіх гэтых месцах сутаргаваты паслядоўнік Хабермаса мог бы пабачыць парасткі публічнасці, сацыяльныя прасторы, дзе людзі на нейкі час робяцца грамадствам. Цяпер такое месца — чарга ў аўталаўку. Тут жаляцца і задаюць рытарычныя пытанні. Тут не разумеюць і патрабуюць тлумачэнняў. І калі сельскі настаўнік яшчэ можна пусціць пыл у вочы, бо яму ж яшчэ працаваць у выбарчай камісіі, лічыць галасы (а потым тлумачыць суседзям, чаму зноў адбылося так, як адбылося), то Рыта нікому анічога не вінная. У яе ёсць толькі адзін начальнік — графік руху па вёсках. Які ўвесь час правальваецца, бо да яе прыходзяць не набыць, а пагаварыць. То размовы тут, у чарзе, бываюць вельмі і вельмі цікавымі. Калі ў краіне недзе і засталася сацыялогія, дык шукаць яе варта тут.

Амбон Рыты выбудаваны па ўсіх законах духоўнасці: узнёслая па-над натоўпам на вышыню кузава “Купава”, яна выглядвае з-за дзверцаў, застаўленых каштоўнасцямі: пакецікамі з насеннем, бутлямі з алеем, сечкай, рысам, здобай ды этыкеткамі марожанага. Алкаголь тут таксама ёсць: віно пладовае за 4 рублі, гарэлка за 7 рублёў і нават “каняк” з красівай хранцускай назвай “Версаль” за 14 рублёў. “Каняк” пакрыты пылам стагоддзяў. Сярод алкатронаў ён не карыстаецца павагай, бо “гэта для жанок” і яны “не любяць салодкага”. Але спіртное схаванае недзе ў вантробах прычэпа. Кожны раз, калі Рыта чуе замову на дзве паўтарахі “Жыгулёўскага”, яна адыходзіць у цемру, і карабель аўталаўкі танцуе пад яе крокамі, бы на марскіх хвалях.

Алкаголь і мусіць быць схаваны, бо аўталаўка — з’ява духоўная. Вялікае дзіва, што нябожчыкаў у закінутыя вёскі (якія могуць месціцца нечакана блізка ад мінскіх катэджных пасёлкаў) прыязджаюць адпяваць святары, а не аўталаўкі. Я прадбачу час, калі тая моладзь, якая ўсё яшчэ сустракаецца ў твані цяжкадасяжнай беларускай Сібіры, будзе чакаць ад аўталаўкі паслуг па заключэнні і скасаванні шлюбаў. Бо калі не Рыта, то хто?

Але ўсё, нават самая цікавая людская гамана ў чарзе па прадукты першай неабходнасці, мае ўласцівасць канчацца. Іканастас зачыняецца, вадзіла, пасмоктваючы цыгарку, вяртаецца ў кабіну і звозіць Рыту далей па маршруце. У наступную вёску, дзе амаль нічога і нікога не засталося. Што ёсць адзіным доказам таго, што і тая вёска, у якой ніхто з тутэйшай вёскі не быў, і ўся астатняя Беларусь, у тым ліку тая Беларусь, якую паказваюць па тэлебачанні, сапраўды недзе існуюць.

Віктар Марціновіч, budzma.by

 

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка для рэжыму – сімвал пратэсту

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Алег Трусаў патлумачыў у гутарке з Рацыяй, чаму рэжым стаў так варожа ставіцца да бел-чырвона-белай сімволікі. Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка стала прыкметай...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Фонд культурнай салідарнасці дамагаецца выключэння Белтэлерадыёкампаніі з EBU

Беларускі фонд культурнай салідарнасці BY_culture запусціў кампанію па выключэнні Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (EBU) і пазбаўленні права трансляцыі і ўдзелу вяшчальніка ў «Еўрабачанні»,...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Смяротнае пакаранне: за паўкроку да адмены?

З тыдзень таму ў інтэрнэт пралезла інфармацыя, якая ў іншы час выглядала б сенсацыяй. Але ў наш час гэтай сенсацыі амаль ніхто не заўважыў — інтэрнэт-сайты збольшага адсправаздачыліся дзяжурнымі паведамленнямі. І дзеля...

valiancina_shauchenka
Музыка

Няправільны тэкст: як песні Naviband «баняць» на конкурсах і святах

Гурт Naviband у сацсетках падзяліўся навіной, што іх песні патрапілі ў «бан» арганізатараў студэнцкіх і школьных конкурсаў і святаў. Еўрарадыё пагутарыла з людзьмі, якія сутыкнуліся з гэтай...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка для рэжыму – сімвал пратэсту
    Грамадства
    Фонд культурнай салідарнасці дамагаецца выключэння Белтэлерадыёкампаніі з EBU
    Грамадства
    Смяротнае пакаранне: за паўкроку да адмены?
    Музыка
    Няправільны тэкст: як песні Naviband «баняць» на конкурсах і святах
    Адукацыя
    У Польшчы адкрылі дыстанцыйную «Беларускую акадэмію». Пачалі з падрыхтоўкі спэцыялістаў для дзяржорганаў
    Грамадства
    Дачцэ Юліі Слуцкай прыйшоў першы ліст з-за кратаў ад мамы. Пра што піша палітзняволеная?
    Краіна
    На рацэ ў Брэсцкай вобласці ўтварылася велізарнае ледзяное кола. Фота
    Грамадства
    Як бяспечна карыстацца Telegram. Простыя правілы
    Гісторыя
    У Расіі алічбавалі матэрыялы пра блакаду Ленінграда, сабраныя Алесем Адамовічам
    Грамадства
    «Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю
    Грамадства
    Гародня: музыку абвінавачваюць у перавозцы незалежнага выдання
    Грамадства
    Знаны праваслаўны святар паручыўся за палітвязня Лосіка
    Мастацтва
    Памёр мастак Барыс Забораў
    Літаратура
    Генрых Далідовіч у праграме «Кантэкст». Глядзеце новы выпуск!
    Літаратура
    Новая кніга «Беларускага кнігазбору»: украінскі дзіцячы бестселер па-беларуску

Афіша

  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    • Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM