Гэта вельмі здорава, што ў цэнтры Мінска зноў пачалі праводзіцца вулічныя фэсты. Аўтары допісаў пра вечары класічнай музыкі ля Ратушы, пра канцэрты, што адбыліся і яшчэ маюць адбыцца ўвесну, падсілкоўваюць сваё захапленне надзеяй, што гэта толькі пачатак. Росквіт — наперадзе, людзі засвояць вуліцы, і калючае адчуванне, што ты непажаданы госць на выканкамаўскім свяце, сыдзе. Аптымісты не памятаюць канцэртаў “Ляпіса” на ўзбярэжжы Свіслачы ў тую пару, калі я яшчэ быў студэнтам. Тады таксама было адчуванне, што горад хутка будзе належаць публіцы.
Але час ідзе, і нічога не змяняецца.
Нешта глабальна не так з нашымі вулічнымі святамі, і гэта добра адчувае любы, хто адвісаў не толькі на Freaky Summer Party ці фэстах ля Ратушы.
У апошнія месяцы мне пашчасціла ўхапіць кавалачак Венецыянскага карнавалу, а тыдзень таму я сузіраў адно з самых сюррэалістычных святаў старой Еўропы — фестываль Sechseläuten (Шасцізванніца) у Цюрыху.
У абодвух выпадках гаспадарамі на святах былі не мэрыя і не праваахоўнікі. І тых, і другіх толькі “наймаюць” для тэхнічнага забеспячэння людскога вяселля. “Найматарам” жа ёсць вялікая і выразна акрэсленая група людзей, для якіх і ў імя якіх гэта ладзіцца.
Яшчэ Міхаіл Бахцін у кнізе пра Француа Рабле пісаў, што карнавальная культура ёсць просталюдным адказам на панаванне арыстакратыі. У арыстакратыі ёсць тэатр, балы і палацы — мы зладзім дыяблерыі, саці і фарсы, каб пасмяяцца з караля і Папы, з баляў, палацаў і царквы. І нам за гэта нічога не будзе, бо так вырашылі насельнікі палацаў. Якія ведаюць: той, хто смяецца, ніколі не возьмецца за вілы.
У выпадку з Венецыянскім карнавалам перыяду ягонага росквіту завадатарам і бенефецыярам была буржуазія. Публіка з грашыма, але без праходак на вячэры ў дожаў.
Мінскія мерапрыемствы ладзіць не буржуазія, а кашталяны і магістрат. Яны зробленыя ці то для забавы арыстакратыі і яе гвардыі, ці то з неахвотнага іх дазволу. Ты можаш слухаць музыку. Ты можаш нават піць прынесеныя з сабой напоі. Але ты не мусіш адчуваць свабоду, да якой змушае Венецыянскі карнавал.
Тут дазвольце мне выключыць дыдактычны тон і распавесці пра тое, як у Цюрыху ўзрывалі Böögg’а. Буржуазія ў гэтым горадзе прыкладна ў XV стагоддзі інстытуалізавалася ў гільдыях. Усё як у Elder Scrolls: калі ты пячэш хлеб, шыеш вопратку ці нават працуеш у банку, ты мусіш быць сябрам гільдыі. Якая забяспечыць цябе замовамі, грашыма, а ў адказ будзе чакаць, што ты выйдзеш на ганаровы праход падчас Sechseläuten.
Левыя інтэлектуалы, якія складаюць касцяк майго сяброўскага кола ў Цюрыху (я, дарэчы, не ведаю ніводнага еўрапейскага “правага інтэлектуала” і нават сумняваюся ў тым, што такія існуюць), вельмі не любяць гільдыі і Шасцізванніцу. Па-першае, сама сутнасць гільдыі — у кансерватыўным абмежаванні права Іншага на ўдзел у рынку. Менавіта праз гільдыі бохан хлеба ў гэтым горадзе каштуе ажно чатыры еўра. Само свята не падабаецца левым інтэлектуалам сваёй сярэднявечнай закаснеласцю. Жанчынам у парадзе гільдый удзельнічаць забаронена. Сія-тыя (пераважна дочкі пачэсных буржуа) могуць прайсці ў хвасце калоны. Жанчыны таксама вядуць коней чальцоў гільдыі. Сапраўдны цюрыхскі буржуа, такім чынам, мусіць упэўнена трымацца на кані, мець парадны строй для параду, а таксама ўмець сказаць сваёй каханай, што пардон, але на парад ён патупае ў адзіноце. Як і ў XVIII стагоддзі, Шасцізванніца — гэта свята мужчын. Яны ідуць — ганарлівыя, нязмушаныя, гаспадары горада.
Гэта, здаецца, вельмі важна: хаця б раз на год разагнуць спіну, устаць з-за працоўнага стала і адчуць важнасць таго, што ты робіш. Пабачыць сотню тысяч людзей, якія апладзіруюць твайму і тваіх таварышаў выхаду.
Шмат хто з каментатараў на дзяржаўных каналах закідае Старой Еўропе адсутнасць “моцнай рукі”, адзінага гаспадара-бацькі кшталту Пуціна. Гэта манархізм. Трэба аднойчы пабыць на якім заўгодна вулічным свяце — хаця б на Oktoberfest у Баварыі ці Schanzenfest у Гамбургу, каб зразумець: гаспадары тут ёсць. Проста іх рэдка паказваюць па тэлебачанні. Гаспадары гэтыя — буржуа, якіх Ленін памылкова ўспрымаў “эксплуатаваным працоўным класам”. Сапраўднае жыццё Еўропы вызначаецца на гэтым, падземным, паверсе. Людзьмі, нораў якіх можна пабачыць толькі падчас гулянняў, якія яны самі называюць “народнымі”. Так, яны кансерватыўныя. У нечым нават да цемрашальства. Так, яны не прымаюць меншасцяў і дэманструюць скандальны сэксізм. Але менавіта яны наймаюць палітыкаў, абіраюць бургамістраў і плацяць паліцыі, каб тая абараняла іх спакой. Нямеччына, Францыя і Швейцарыя — гэта не Меркель ці Аланд/Макрон. Гэта гільдыі. Таму, дарэчы, мне не вельмі спакойна назіраць за ўзлётам Марын Ле Пэн.
На цюрыхскім карнавале ніхто не смяецца з арыстакратыі. Як і на Венецыянскім, дарэчы. Бо арыстакратыі ў Еўропе болей няма, тая, што засталася ў Нідэрландах ці Брытаніі, патрэбная для таго, каб Daily Mail было пра каго пісаць. Пекары, банкіры, гандальеры, гандляры і ранцье ператварыліся ў тых, з каго некалі смяяліся.
Вакхічным выхадам стоенай энергіі ў Цюрыху з’яўляецца паленне снегавіка Böögg. У Венецыі спрадвеку спаборнічалі з Папам і дожамі, у Цюрыху — з сіламі прыроды, з зімой і халадамі.
Напярэдадні Sechseläuten я атрымаў ліст, які запрашаў мяне ўзяць удзел у шасцізваннічнай латарэі. На спецыяльным сайце трэба было прадказаць момант, калі ў снегавіка адстрэліцца галава. Менавіта так я даведаўся, што снегавік начынены петардамі, а зіму тут не толькі паляць, але яшчэ і ўзрываюць. Пераможцу было наканавана правесці два дні ў элітным спа высока ў гарах. Я паставіў на тое, што Böögg ірване на 11-й хвіліне (сярэдні прагноз быў — 14,35) У выніку я аказаўся бліжэй за іншых, але не самым блізкім: чучала ўзарвалася на 10-й хвіліне.
У паветра ўзняліся палаючыя лахманы сена і тканіны. Якія пачалі павольна асядаць у натоўп. Я нават падумаў пра Міністэрства па надзвычайных сітуацыях: яно б такога шаленства ў Мінску ніколі б не дазволіла. Пасля гэтага гільдыйцы-вершнікі пусціліся вакол палаючага Böögg’а ў галоп: вольныя людзі, гаспадары Цюрыха, віталі надыход лета.
Вяртаючыся да Беларусі, трэба адзначыць, што ніякай буржуазіі ў нас, канечне, няма. Ёсць “купецтва”, правы якога прыкладна роўныя правам гандлярыкаў за Іванам Жахлівым. І гэта, зразумела, з улікам папярэдніх 25 і 100 гадоў.
Але вось што цікава: на той роўна выпаленай савецкай глебе ў нас нарастае новая арыстакратыя. І гвардыя, што забяспечвае іх спакой і дабрабыт. Падмацоўваючы ўласнае права на дамінаванне, яны спасылаюцца на “волю народа”, але правы таго “народа” і ягоная “воля” добра праглядаюцца, напрыклад, на Дні незалежнасці. Дзе людзям дазволена ціхамірненька паназіраць вайсковы парад, зладжаны для арыстакратыі, а пасля — пакорненька патрэсціся пад папсу, якую ў іншыя дні можна пабачыць толькі па тэлевізары.
Паўтаруся, гэта вельмі здорава, што ў цэнтры Мінска зноўку пачалі праводзіцца вулічныя фэсты і музычныя фестывалі. Спадзяюся, пасля гэтага тэксту ўсім будзе крышачку ясней, што насамрэч на іх адбываецца.
Віктар Марціновіч