Вось тут Уладзімір Казлоў выклаў знойдзеныя ў фондзе канцылярыі мінскага губернатара дакументы, датычныя паліцэйскага назірання за мастаком Напалеонам Ордам, якія не ўвайшлі ў пералік фонду Орды ў Гарадзенскім гістарычным архіве.
Самае палымянае сведчанне — данясенне кіраўніка губернскага жандармскага ўпраўлення мінскаму губернатару ад 4 сакавіка 1880-га года. Тут паведамляецца, што Орда, “пазбаўлены дваранства за ўдзел у апошнім польскім мяцяжы”, “займаецца чарчэннем нейкіх планаў, па плётках, нашых крэпасцяў, якія адпраўляе за мяжу” . Далей у сакрэтным дакуменце падпалкоўніка (подпіс неразборлівы) сведчыцца, што састарэлы мастак, да смерці якога застаецца 3 гады, вядзе “цалкам замкнёнае жыццё; увесь свой час прысвячае чарчэнню планаў і, як кажа ягоная прыслуга, чэрціць планы тых гарадоў, у якіх яму давялося бываць. Па сканчэнні планаў адпраўляе іх у Англію і Нямеччыну, за што атрымлівае вялікія грошы; некалькі разоў атрымліваў па 100 і 180 руб.”. Падпалкоўнік вельмі куртуазна прапануе мінскаму губернатару правесці вобшук у Орды. Стылістыка тут вельмі нагадвае песню групы “Белы арол” “Як упаіцельны ў Расіі вечара” (“пра вышэйсказанае… маю гонар паведаміць да вашага правасхадзіцельства, з пакорнай просьбай не адмовіць паведаміць пра наступствы у выпадку прызначэння Вамі вобшуку” .
Да гэтага ў жыцці Орды была канфіскацыя маёнтка, справа 1867 года за ўдзел (нібыта!) у паўстанні Кастуся Каліноўскага — пры тым, што адзінай дакладна ўстаноўленай роляй 56-гадовага Орды ў баявых дзеяннях было бадзянне пад кулямі і самаадданае замалёўванне палацыкаў і касцёлаў у месцах сутыкненняў інсургентаў паплечніка Каліноўскага, генерала Траўгута, з рускай арміяй. Яшчэ раней была спроба рэабілітавацца па мінулай справе, паўстанню 1831 года, удзел у якім і наступствы якога некалі выціснулі Орду ў эміграцыю. У 1857-м ён напісаў клятву на вернападданасць Аляксандру Другому, якая суправаджалася запытам аб выдачы грошай з канфіскаванага за ўдзел у паўстанні маёнтка Варацэвічы (грошы былі выдадзеныя, пра што сведчыць пакінутая Ордам у 1859 годзе распіска.
А да гэтага было раскашаванне ў эміграцыі, бліскучыя гады ў Парыжы, дзе наш герой узначальваў аж Італьянскую оперу, тусаваўся з Вердзі, Бальзакам і Лістам. Каб зразумець ступень любві гэтага чалавека да нашых з вамі палеткаў, да шэрых нябёсаў Кобрыншчыны ды Піншчыны, трэба ўявіць сабе гэтую сцэну: у 1856 годзе, як толькі рускі цар абвяшчае амністыю ўдзельнікам “польскага” паўстання 1831-га, Орда кідае Парыж, мазуркі, кар’еру паспяховага музыкі і бяжыць прыніжацца перад рускай каланіяльнай адміністрацыяй, каб вытаргаваць — не, не жытло, жытло яму ніколі не вернуць, але грошы, канфіскаваныя ў доме.
Сярод даследчыкаў ёсць версія, што бадзяцца па Беларусі з аркушамі былая зорка парыжскага свету пачала проста і толькі таму, што яму на радзіме не было дзе жыць, а абцяжарваць сястру Гартэнзію ў яе невялічкім маёнтку Моладава гэты стары ўжо чалавек не жадаў. Але я думаю так: ён вярнуўся, каб маляваць, і бадзяўся для гэтага. Ён вярнуўся, каб пакінуць усе гэтыя занядбаныя руіны хаця б на белай шурпатай паперы.
Нямногія даследчыкі звярталі на гэта ўвагу, але першыя накіды Навагрудка датаваныя ў ягоным кракаўскім сховішчы 1850 годам. Пры тым, што амністыя царом была, як ужо адзначалася вышэй, абвешчаная толькі ў 1856-м. Атрымліваецца, маляваў ён руіны замка на пагорку ў Парыжы, па памяці. Таму што вельмі хацелася на радзіму. Таму што драпаў сэрца сум — пасярод французскай раскошы, шампанскага, баляў і зорных сябрукоў.
У гэтым нарысе я не хацеў бы паўтараць ні слова з таго, што можа быць знойдзенае ў тэкстах маіх папярэднікаў, напрыклад, бліскучым артыкуле Сяргея Харэўскага. Таму адразу да галоўнага.
Не верце, калі на экскурсіі пачуеце, што Орда наследаваў ужо сфармаванай мастацкай традыцыі “архітэктурнага пейзажу”. Так, ён вучыўся ў (другараднага) П’ера Жэрара, але французская рамантычная школа канца XVIII стагоддзя выглядала зусім не так, як на ягоных лістах. Хочаце атрымаць уяўленне, чым гэта было, — зазірніце ў Венскі ці Берлінскі музей, вас хутка стомяць аднолькавыя алейныя пейзажы вось такога кшталту:
Абавязкова — руіна ці палац, абавязкова некалькі чэзлых дрэваў, якія падкрэсліваюць аб’ём і памеры руіны, і дзве чалавечыя фігуркі побач, якія дадаюць “рамантыкі”. Параўнайце гэта з малюнкамі Орды, зробленымі акварэллю па алоўкавых накідах, і зразумейце: гэта сапраўды хутчэй можна было назваць “планам” ці “чарцяжом”, чым “архітэктурным пейзажам”.
Орда вынайшаў уласны стыль, роўна далёкі і ад “cityscape”, і ад альбомнай замалёўкі: гэта добра ўсведамляюць палякі і пра гэта мала пішуць у Беларусі. А ўсё ад таго, што перад мастаком у Парыжы, Генуі ці Рыме стаялі прынцыпова іншыя задачы ў параўнанні з чалавекам, які занатоўвае руіны Лідскага замка. Італьянскія руіны, антычныя рэшткі Іспаніі ці поўдня Францыі закансерваваныя ў вечнасці — ім нічога не пагражае, ні каменьчыка не прыбярэцца з Калізея ці амфітэатра Тарагоны. Таму жывапіс не занатоўвае іх стан, ён любуецца іх прыгажосцю.
Ад Картузіянскага манастыра ў Бярозе, які ў часы Орды выглядаў як гожы будынак з барочным фігурным дахам, сёння засталіся толькі гурбы цэглы і фрагмент вежы. Тое ж тычыцца ўсіх астатніх занатаваных Ордай архітэктурных перлаў. Шчыры патрыёт, загартаваны асабістым удзелам у бойках за незалежнасць, Орда бачыў, як павольна знікае з паверхні чароўная беларуская Атлантыда. Край барочных храмаў і выбудаваных італьянцамі сярод верасовых пустак палацаў. Цывілізацыя — яго цывілізацыя, дзеля якой ахвяраваў сваім Парыжам, — знікала. І ён не любаваўся яе руінамі. Ён ліхаманкава занатоўваў іх для нашчадкаў. І дзякуючы Напалеону мы можам пабачыць хаця б водбліскі той — сапраўднай Беларусі. І спадзявацца, што аднойчы яе адродзяць па ягоных “планах” і “чарцяжах”.
Першая прадстаўнічая выстава арыгінальных прац Напалеона Орды на радзіме будзе працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі да 3 снежня 2017 года. Для яе з Нацыянальнага музея ў Кракаве было прывезена 110 алоўкавых малюнкаў і акварэляў Орды. Не прапусціце.
Віктар Марціновіч, budzma.by