На адзін вечар Літаратурны музей Максіма Багдановіча стаў прыстанкам для шматлікіх шанавальнікаў “Вогнепаклонніцы”. Так называецца новы зборнік вершаў Іны Снарскай, які яна прэзентавала ў беларускай сталіцы.
Іна Снарская піша, выдаецца па-беларуску і па-ўкраінску. Яна паспяховая журналістка і сцэнарыстка дакументальнага кіно. Зборнік “Вогнепаклонніца” пабачыў свет у бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”.
— Я нарадзілася ў Полацку, але пасля таго як скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут, выйшла замуж і з’ехала ў Палтаву, Кожны год я марыла вярнуцца на Радзіму, спадзявалася, што вярнуся. Прайшло шмат часу, і цяпер я разумею, што гэта лёс, што гэта вельмі важна звязаць Беларусь і Украіну ў сваёй творчасці, што ўсё склалася менавіта так, як было трэба.
На вечары Іна прадставіла сваю новую кнігу, а таксама паказала фрагмент дакументальнага фільма пра Лесю Украінку, які месяц таму стаў лаўрэатам Усеўкраінскай літаратурна-мастацкай прэміі імя Алены Пчылкі. Арганізавалі вечарыну амбасада Украіны ў Беларусі, Саюз беларускіх пісьменнікаў і літаратурны музей Максіма Багдановіча. Вечар адбыўся ў рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць”.
Творчы вечар упрыгожыла сваімі спевамі спявачка Таццяна Матафонава.
Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя.