Беларускі мастацкі фільм "Возера радасці" Аляксея Палуяна, зняты па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча, працягвае трыумфальнае шэсце па кінафестывалях Еўропы. Увечары 21 верасня адзін з самых галоўны кінафэстаў кароткаметражнага кіно ў Грэцыі — Drama International Short Film Festival — узнагародзіў стужку прызам "За найлепшую рэжысуру".
Кадр з фільму “Возера радасці”
“Вельмі ўсцешаны атрымаць прыз за найлепшую рэжысуру на галоўным кінафестывалі кароткаметражнага кіно ў Грэцыі — Drama International Film Festival. Як вы ведаеце, аднаму зняць фільм немагчыма, таму гэта прыз для ўсёй нашай цудоўнай інтэрнацыянальнай каманды, якая два гады таму з вялікай апантанасцю здымала фільм у прыгожых вёсачках Беларусі і год працавала над постпрадукцыяй фільма. Гэта былі людзі розных культур: Беларусі, Германіі, Ірана, Грузіі, Украіны, Балгарыі, Арменіі, Шатландыі, Іспаніі, але кожны з іх уклаў часцінку свайго сэрца ў наш фільм. Менавіта таму ён і атрымаўся такім, што людзі ў розных краінах свету яго добра разумеюць”, — расказвае рэжысёр фільма.
Фільм апавядае пра жыццё 9-гадовай дзяўчынкі Ясі, якую пасля смерці маці бацька адвозіць у інтэрнат. Галоўную ролю ў фільме выканала 9-гадовая Анастасія Пляц, якая тыдзень таму атрымала прыз "Найлепшая актрыса" на прэстыжным іспанскім кінафестывалі FICBUEU, там жа карціна “Возера радасці” заваявала яшчэ дзве ўзнагароды — прыз журы і прыз “За найлепшае мастацкае рашэнне”.
Міжнародны кінафестываль у Драме — галоўны і найстарэйшы фестываль кароткаметражнага кіно ў Грэцыі, а фільм-пераможца аўтаматычна вылучаецца на атрыманне прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі ў намінацыі “Найлепшы кароткаметражны фільм”.
Усяго цягам паўгода карціна была паказаная на дзесяці сусветных кінафестывалях (у тым ліку на знакамітых Clermont-Ferrand, Palm-Springs, Odense, Drama, Busan), а таксама атрымала дзве ўзнагароды міжнароднага кінафестывалю ў Невадзе. У суме фільм ужо атрымаў 6 прызоў на міжнародных кінафестывалях.
Выхад фільма на экраны Беларусі плануецца ў лістападзе 2019 года.
Паводле прэс-рэлізу