• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
08.10.2018 | Літаратура

Верш тыдня: Стась Карпаў “Перш, чым выплача дождж…”

“Бога няма…” – такі пачатак верша з кнігі “Канцылярыі розных спраў” я быў хацеў вынесці ў назву калонкі. Найперш дзеля прыцягнення ўвагі чытачоў, для якіх паэзія сама па сабе – недастаткова моцны стымул, а вось праведнае абурэнне хейтара прымусіць не паленавацца, клікнуць і чытаць далей. Але, па-першае, наіўна веру, што паэзія і сёння можа быць дастаткова “моцным стымулам”, па-другое, ёсць у гэтай кнізе і лепшыя вершы, а па-трэцяе, у нашым маленькім “архіпелагу Беларусь” ужо самі словы “Стась Карпаў” шмат для каго сталі цалкам дастатковым – вартым увагі! – раздражняльнікам.

Скандальная персона нашай інтэрнэт- і проста культурнай прасторы, аўтар, які паспяхова вядзе блог (ён сам сказаў бы “бложык”), робіць гэта беларускай мовай (ён сам сказаў бы “мовушкай”), якая нагадвае ўсё што заўгодна, але не мёртвае музейнае рэчыва для аматараў даўніны. Блог, дзе ён эфектыўна “накідвае на вентылятар” і пакрыўдзіў людзей ніяк не менш, чым найбольшыя правакатары нашай збольшага яшчэ стрыманай літаратуры. Блог, дзе паміж “накідамі” можна прачытаць не абы-якую (часам – проста добрую) паэзію, якая чапляе за жывое не горш ад абразаў:

Бога няма, а значыць, няма граху.
Прагу ўсім дараваць частку сваіх правінаў
Ты не спатоліш. Поўнасцю ці крыху.
Бога няма. Цяпер да добрых навінаў.

Бываюць вершы, якія ўжо самой сваёй формай як бы пярэчаць выказанаму зместу. У нашым выпадку не трэба ведаць грэцкай “мовушкі”, каб згадаць, як на ёй будзе ‘добрая навіна’. Згадваем – і ўсе сцверджанні аўтара робяцца не такімі катэгарычна-адназначнымі. А “ўсім дараваць частку сваіх правінаў” – проста файна. Таму што высокі клас лагічнай гімнастыкі, такое сабе практыкаванне на біблейскім бервяне (якое ў сваім воку, вядома ж, а ў чужых так, дробныя сучкі). Больш за тое, гэта яшчэ і ніштаваты саліпсізм, калі не толькі бервяно, але й рэшта навакольнага свету існуе выключна ў тваіх вачах, і варта іх заплюшчыць – як гэты самы свет проста перастае быць. Калі аўтара ў свеце значна больш, чым астатняга свету, бо рэшту свету ён яшчэ не паспеў убачыць, пачуць, пераплавіць у сарказм ці слёзы. У лірыцы, якая па азначэнні самы суб’ектыўны род літаратуры, так і мусіць быць:

Там, нібы ў лёдзе, бачу ў заінелым шкле
Мухаю ў бурштыне, тварам тапельца ў палонцы,
Пасажыр шчэрыцца і глядзіць праз мяне на сонца, але
Я засланяю сонца.

Згодна з няўмольнай – прэміяльнай – логікай нашага літпрацэсу, нават найвялікшы перфекцыяніст мусіць паспяшацца й выдаць сваю першую кніжку да 35 гадоў. Хай сабе трохі недашліфаваную, затое ў самым сімвалічным дантаўскім веку: “пасярэдзіне шляху зямнога”. І нічога дзіўнага, што “дзіцячыя” памаркі ў ёй сустракаюцца з самымі “дарослымі” пытаннямі ды інтанацыямі.

Да інфантыльных хібаў можна аднесці неабавязковую зацягнутасць пэўных тэкстаў, калі варта было выкрасліць нават някепскае ці проста добрае – каб засталося выдатнае. Асабліва гэтая шматслоўнасць максімаліста, які не можа маўчаць, рэагуючы на несправядлівасць, відаць у тым, што мовай школьнай настаўніцы называлася б “грамадзянскай лірыкай паэта”. Верш пра спуск супрацоўніка спецслужбаў у мінскае метро выйшаў даўжэйшы за само мінскае метро. (Так, аўтар мае алібі – (анты)герой верша доўга ідзе ў абход, бо пасля выбуху баіцца спускацца на Кастрычніцукую/Купалаўскую, але тым больш гэтая доўгая дарога мусіла б чытацца на адным дыханні), а адкрыты ліст да абранага сваім народам адрасата з той жа прычыны, баюся, так і застанецца імі (і адрасатам, і “ягоным” народам) недачытаны. І гэта пры тым, што абодва тэксты заслугоўваюць увагі й павагі як практыкаванні ў смеласці і свабодзе, не такіх і частых у нашых літаратурных шыротах.

 

Стась Карпаў. Канцылярыі розных спраў
Прэзентацыя – 9 кастрычніка

 

Яшчэ адной “дзіцячай” рысай можна было б назваць ігнараванне ладнай часткі моўных правілаў, якія, вядома ж, існуюць для ўсіх астатніх, для ўсякіх там лоўкіх Петрусёў Бровак ды іншых пыльных акадэмікаў, а табе й без таго ёсць што сказаць, ты ж маеш сваё непадробнае – жарсць ды нервы, боль ды крыўду, а “ўсё іншае – літаратура”. Можна было б назваць, каб не адно “але”, якое шмат чаго мяняе. Звярніце ўвагу, у якіх менавіта вершах гэтыя нібыта “хібы” з’яўляюцца найчасцей. “І я бы не стаў і не пайшоў сцяною, / Я бы сказаў сабе, што не па мне адзежа, / Быць адным з васьмідзесяці пад прасціною – / Ох, гэта не тое, стары. А як жа і дзе жа…”. Спачатку твой унутраны крытык уключаецца на няправільных “я бы” і “дзе жа”, а потым разумее, пра што гаворка, – чырванее й сарамліва змаўкае. Бо лірычны герой верша збіваецца на моўныя памылкі тады, калі ўжо зрываецца на істэрыку, і там, дзе не хвалявацца проста немагчыма:

І я бы адчуў, як пахне гарэлай гумай,
І я бы ўбачыў усё на сваім ваколлі:
Як хлопчык, што ў слухаўку гучна кажа “бягу, мам”,
Ужо не бяжыць. І не пабяжыць ніколі.

Так, мой спелчэкер не чырванее і чырвоным падкрэслівае “навылет”, патрабуючы “навылёт”. І добры рэдактар мусіў бы ведаць, што “кавыль” скланяецца “кавылю, у кавылі…” Але не зайздрошчу таму рэдактару, бо нядобры з гледзішча правільнай мовы фрагмент ёсць добрай, правільнай паэзіяй:

– У людзей такія пяшчотныя белыя шыі.
Галовы людскія, нібыта ў пажоўклым кавылі.
– І сэрцы такія, што спіца навылет прашые.
– І целы такія, што спіца прашые навылет!

Думаючы пра такое, нескладана дайсці да сумневаў, багаборчага бунту або суцэльнага атэізму. І апошні ўсяляк падкрэсліваецца аўтарам – што праўда, часцей у блогу, чым у вершах. А ў кнізе хутчэй набывае форму ўжо згаданага раней элегантнага саліпсізму, апагеем якога ёсць верш “А я казаў табе, госпадзе, усё будзе кепска…”:

Дык вось, раскажы мне, госпадзе, ці варта было пачынаць?
Бо ты быў, госпадзе, нейкая самастойная велічыня.
Ну а цяпер… Столькі спраў, бачыш, і не выйсці, і не сысці.
Твая шафа – найлепшае, што здаралася ў тваім жыцці.
Твая шафа – найлепшае, што здаралася ў маім жыцці.

Але ў паэта – у адрозненне ад сумленнага навукоўца – ёсць яшчэ такое неад’емнае права, як супярэчыць самому сабе. І Карпаў карыстаецца ім у адным з найлепшых вершаў кнігі. “Стась, ты ж атэіст, пра што гэта?” – здзіўляліся пасля публікацыі верша першыя каментатары на форуме “Нашай Нівы”.

Мабыць, пра тое, што рытмічная памяць і ўвогуле памяць культуры (“особенно слова”!) такая ж доўгая, як “памяць вады”, і што смерць абавязкова – як той казаў, “невылечна” – рыфмуецца з Венецыяй, а наша жыццё, як усякі твор чалавечага мастацтва, чыста жанрава патрабуе водгуку й ацэнкі пэўнай зацікаўленай інстанцыі, адрознай ад нядрэмнага вока з вежы Цанавы. Хай сабе гэта будзе нават прыдуманая паэтам, як яму здаецца, чыста ўяўная інстанцыя “ідэальнага чытача” (слухача, гледача), бо інакш, быццам нікім не прачытаныя вершы, мы жывём толькі ў шуфляду.

***

Перш, чым выплача дождж горкі лёд красавіцкай віны,
Будзе дзень, калі сонца лізне шкло чужых акуляраў,
І акно праліецца вадой са сваіх капіляраў,
І пацягнецца ў неба на шыбе слупок крывяны.
І ты будзеш сачыць, да акна прытуліўшыся лбом,
За птушыным палётам над безданню восеньскай багны.
Кожны рух іх павекаў – нібы закрыццё дыяфрагмы.
Нібы нехта бясконцы збірае свой фотаальбом,
Нібы нехта паверыў у доўгую памяць вады,
Астыванне ўсіх водаў сусвету у сонечнай ванне,
І палёў, і лясоў, шчасцяў, гораў – усяго астыванне,
Таму трэба ісці. Ад таго, для таго і тады –
Праз рыпучую хісткую гаць і праз верас руды,
Па пажоўклай траве, па пярэстай вільготнай мякіне.
Я хацеў бы, каб ён нас заспеў і запомніў – такімі.
Бо калі не такімі, то сэнсу няма сапраўды.
Бо калі не такімі, то хай астываюць лясы.
Бо калі не такімі, то хай супыняецца стужка.
Паглядзі ў вышыню, не міргай. Хутка вылеціць птушка –
Усміхніся яму. І з вачэй прыбяры валасы.

 

Андрэй Хадановіч для budzma.by

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год

Цудоўную навіну паведаміў паэт Сяргей Панізнік: сябра Рады ЗБС «Бацькаўшчына» прафесар Адам Мальдзіс за надзвычайны ўклад у развіццё беларускай культуры і літаратуры ўганараваны Дыпломам Беларускага Інстытута...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Стваральнік надпісаў «Жыве Беларусь» на мапе: «Я таксама быў апалітычны»

Мінчук Вадзім Сіманаў ёсць тым чалавекам, які стварае пры дапамозе бега і адмысловага прыкладання, надпісы і малюнкі на мапе Мінска. У вялікай гутарцы з «Трыбунай» ён кажа, што да вясны 2020 года быў апалітычным....

valiancina_shauchenka
Музыка

Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі

Вядомая беларуская спявачка, бард, збіральніца народных песень Таццяна Грыневіч з-за каронавіруса даўно не вандруе па Беларусі, не радуе беларусаў сваімі музычнымі творамі. Дзе цяпер спадарыня Таццяна і чым...

valiancina_shauchenka

Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі

Ціхан Чарнякевіч піша на budzma.by пра нядаўні візіт прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазеля ў Мінск. Усім вядомыя, думаю, выказванні накшталт «спорт па-за палітыкай» альбо «проста бізнес,...

Апошнія навіны

    Літаратура
    Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год
    Грамадства
    Стваральнік надпісаў «Жыве Беларусь» на мапе: «Я таксама быў апалітычны»
    Музыка
    Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі
    Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі
    Грамадства
    У Гомелі затрыманы праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    Літаратура
    Цыкл мерапрыемстваў, прысвечаны 100-годдзю Івана Шамякіна, стартуе ў БДУ
    Грамадства
    «64 дні ігнараваньня, праслухоўваньня, запалохваньня». Маці забітага Рамана Бандарэнкі звярнулася да Рэне Фазэля
    Краіна
    Сіноптыкі распавялі, калі нарэшце пацяплее
    Грамадства
    Белпошта прапануе выбраць найлепшую марку за 2020-ы. Там нават ёсць «Ева» Суціна і «Закаханыя» Шагала
    Асоба
    Заўтра адбудзецца грамадскае развітанне з Леанідам Лычом
    Краіна
    Беларусь страціла 98 пазіцый у рэйтынгу бяспекі краін
    Навіны "Будзьма!" Літаратура
    «Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота
    Грамадства
    Gaudeamus igitur: дакумэнтальны фільм пра студэнцкі пратэст у Беларусі
    Грамадства
    З Унівэрсытэту фізычнай культуры на знак пратэсту супраць дзеяньняў дзяржавы звольніўся кандыдат навук

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • «Што там ў піндосаў», або Чаму Маск — найлепшы прэзідэнт для ЗША

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM