Той, хто аднойчы іх пачуе, потым не зблытае ні з кім. Гурт Hair Peace Salon парадаваў мінскіх прыхільнікаў акустычнай праграмай, у якую ўвайшлі песні не толькі з альбома “Gentleman”, але і даўнія хіты, рарытэты і новыя песні.
Тыя, хто прыйшоў пацікавіцца новым гучаннем Hair Peace Salon, атрымалі бонус. На разагрэве пралётам з цёплых краёў быў Яўген Увядзенскі. Экс-лідар каманды «Лояльный муравей» і арганізатар фэсту эксперыментальнай музыкі «Походный шелкопряд» апошні час жыве ў Афрыцы, але перыядычна наведваецца на Радзіму. Народ рэагаваў на тужлівыя спевы Яўгена даволі млява, не дапамагла тут і перкусія Лёні Паўлёнка з “Нагуаля”. Прыкметна ажывілася публіка на выкананні “Love Is All Around”, залатога хіта гурта Wet Wet Wet. Да слова, героі вечара таксама выканаюць чароўны кавер. Вакаліст HPS Алег Вяль вытанчана спяе “Hallelujah” Леанарда Коэна ў версіі Джэфа Баклі.
Hair Peace Salon упершыню ў сваёй гісторыі падрыхтаваў акустычную праграму. Як кажуць музыкі, яны сутыкнуліся з патрэбай “максімальна кампактна дабірацца да невялікіх гарадкоў”, таму перапрацавалі свае песні. У выніку яны пачалі гучаць трошачкі лягчэй. Прэм’ера акустыкі адбылася ў Барысаве, а потым было вырашана паказаць яе і ў Мінску. І хоць некаторыя аранжыроўкі песняў HPS сапраўды былі істотна змененыя, свайго адметнага стылю гурт не страціў. Яны граюць меладычную рок-музыку, песні раскладаюць на два галасы – саліруюць гітарыст Алег Вяль і клавішнік Канстанцін Карман. Той, хто аднойчы іх пачуе, потым не зблытае ні з кім.
Музыкі сканцэнтраваліся ў асноўным на песнях са свайго апошняга альбома “Gentleman”, але не забыліся і на ранейшыя працы – песні з “Gipsy” і “I Tune”, сыгралі таксама новыя і рарытэтныя рэчы. У пэўны момант HPS перайшлі на беларускую мову, якая ім яўна пасуе. З часу ўдзелу ў праекце “Перазагрузка” яны ўключаюць у сваю праграму песні па-беларуску: актуальную як ніколі “Студзень” і перакладзеную для іх Віталём Воранавым “Цянькі”. Нядаўна ў гурта з’явілася яшчэ адна – “Гарэла сасна”, але ў гэты вечар яе не выконвалі праз адсутнасць спявачкі Ірэны Катвіцкай, задзейнічанай у гэтым трэку. Пры канцы вечара быў той самы сюрпрыз у выглядзе “Hallelujah”, калі Вяль застаўся адзін з гітарай і канчаткова залюляў гледачоў, якія, зрэшты, пасля актыўна патрабавалі выхаду HPS на біс. Але музыкі сціпла паведамілі, што выйсці не могуць, і паабяцалі неўзабаве парадаваць канцэртам.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч