• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
24.07.2017 | Гісторыя

Як беларусы рабілі свой дом утульным і шчасьлівым?

Покуць у хаце Эўфрасіньні Дзямчыхінай

Чалавек збудаваў дом — свой і сваёй сям’і галоўны жыцьцёвы асяродак. Але ці заўсёды гэта месца бясьпекі, утульнасьці, шчасьця ў шматаблічным і шматканфліктным сьвеце? Ад чаго і ад каго залежаў спакой у доме? Працяг гутаркі пра беларускі дом з этнакультуролягам, кандыдатам гістарычных навук Уладзімерам Лобачам.

Вячаслаў Ракіцкі: Ці існавала ў традыцыйным беларускім грамадзтве нейкая сымбалічная повязь паміж домам і лёсам чалавека?

Уладзімер Лобач: У традыцыйным беларускім грамадзтве сувязь дому з асабістай жыцьцёвай доляй асобнага чалавека і ўсёй сям’і безумоўная. Гэтая непарыўная сувязь падкрэсьліваецца тым, што хата — адзіна магчымая рытуальная прастора, дзе рэалізуюцца абрады, якія сымбалічным чынам афармляюць асноўныя вехі чалавечага жыцьця: нараджэньне (радзіны), уступленьне ў шлюб (вясельле), сьмерць (хаўтуры).

Адсюль невыпадкова, што, паводле народных уяўленьняў, «вельмі нешчасьлівы чалавек, які нарадзіўся ня дома». А паколькі добрую долю дзіця можа атрымаць ад Бога толькі ў роднай хаце, то «ў дні зьяўленьня дзіцяці на сьвет нічога з хаты нікому не пазычаюць, каб дзіця гадавалася здаровае».

Дадамо, што катэгарычная забарона пазычаць хоць што-небудзь з хаты (асабліва агонь, соль, хлеб, грошы) тычылася ўсіх рытуальна напружаных момантаў быцьця: каляндарных сьвятаў, вясельля, пачатку сельскагаспадарчых працаў, дзён, калі зьявіўся прыплод у скаціны. Лічылася, што пазыка прывядзе да згаленьня сямейнай долі.

З другога боку, той, хто прыходзіў пазычаць у сьвята, разглядаўся вясковай грамадой як патэнцыйны чараўнік ці ведзьма.

Вячаслаў Ракіцкі: Такія ўяўленьні былі шырока распаўсюджаныя сярод сялян у мінулым. Але ці існуюць падобныя забароны пазычаць з хаты ў беларускай вёсцы на пачатку ХХІ стагодзьдзя?

Уладзімер Лобач: Магу толькі падзяліцца ўласным экспэдыцыйным досьведам і засьведчыць, што гэтыя ўяўленьні ў сучаснай вёсцы на дзіва трывалыя і распаўсюджаныя. Да прыкладу, вось такая эмацыйная гісторыя была запісаная на Барысаўшчыне колькі гадоў таму:

«На Купальле нікаму нічога не давайце з хаты. Нікаму не давайце! У мяне ж карова прапала. На Купальле прышла адна, а я купіла бутылку водкі, яна відзіла, як я несла. Ага, а ў яе грошы не было, а маці яе была чараўніца, усё знала. І вот прыходзіць на Купальле, мне кажыць: „Ліда, аддалжы чарачку гарэлкі. Ай, — кажыць, — мужыку плоха“. А я, як дурная тая, узяла і падзялілася, і вот дала. Назаўтра пашла карову даіць рана, што-та карова мая — у глазах сьлёзы, і малака напалавіну ня стала даваць. Я пашла к гэтай во суседке і кажу: „Зіна, ай, нешта сёньня з начы малака карова не дала, сьлёзы“. А яна: „А каму што ўчора давала на Купальле?“ Я кажу: „Розачка прышла, як прычапілася ка мне“. — „Каб табе галава адсохла, — на мяне, — ня можна ш даваць на Купальле нікагда, нікагда! Глядзі, каб на Купальле ў цябе ніхто нічога ня ўзяў з двору, глядзі!“ — гаворыць».

Вячаслаў Ракіцкі: Але калі мы параўнаем вясковую хату з сучасным катэджам ці нават гарадзкой кватэрай, мы ўбачым адны і тыя ж канструкцыйныя элемэнты: сьцены, куты, парог, дзьверы, вокны, падмурак і дах. Няўжо гэты тэхналягічны набор мог мець нейкае іншае значэньне, чым гэта ёсьць цяпер?

Уладзімер Лобач: Утылітарныя функцыі структурных элемэнтаў чалавечага жытла такія самыя — што цяпер, што сто і дзьвесьце гадоў таму. А вось на сымбалічнае значэньне вакна ці сьцяны сучасны гараджанін ужо амаль цалкам забыўся. Між тым вясковы дом арганічна ўпісаны ў міталягічную мадэль сьвету і функцыянуе паводле яе правілаў.

Таму мы не сустрэнем хаты, дзе б вокны былі прасечаны ў паўночнай сьцяне, бо гэты прасторавы напрамак суадносіцца з ідэямі холаду, цемры і сьмерці.

Покуць — сьвятое месца ў хаце. Фота Т. Валодзінай

Покуць — сьвятое месца ў хаце. Фота Т. Валодзінай

​Самая ж сакральная зона інтэр’еру — покуць — зарыентаваная на поўдзень і ўсход — бакі сьвету, якія сымбалізуюць нараджэньне, жыцьцё, цяпло, сьвятло. Невыпадкова, што менавіта на покуці бажніца з абразамі, тамака ж захоўваюцца асьвечаныя вербныя галінкі і купальскія зёлкі, якія аберагаюць дом і сямейнікаў ад рознай злыбеды.

Покуць мае і выразную рытуальную нагрузку, асабліва ў абрадах сямейнага цыклю. Толькі на покуці могуць быць кумы на радзінах, маладыя на вясельлі, і ўрэшце нябожчык, пакуль ён у хаце. Насупраць па дыяганалі ад покуці знойдзем у кожнай вясковай хаце «бабін кут» — прастору каля печы і «важужніка», месца для вілак і качэргаў. Гэтае месца таксама па-свойму сакральнае, але зьвязанае яно не зь нябеснымі багамі, а зь міталягічным гаспадаром дому — дамавіком, які, уласна, і жыве ў падпеччы. І калі на покуці моляцца, то «бабін кут» — гэта месца жаночай магіі, перадусім у сфэры знахарства. Каля печы пазбаўляліся ад сурокаў, упуду, злоснага чараваньня, крактуноў ды іншых хваробаў. Вось як, напрыклад, лечаць дзіця ад вогніку на Падзьвіньні:

«А вогнік я тожы адкідала сама. Нада браць вугальлё зь печы, вугальлё бярэш гарачае і вадзіцу, стаўляеш на прыпечку. Нада тры ў ваду кідаць, тры ў агонь, тры ў парог. Ад агня, ад вады і ад ветру. І прыгаварвалі: «Агнявы ад агня, вадзяны ад вады, а ветраны і на вецер».

Калі ж зірнем на сучасную гарадзкую кватэру, то ня знойдзем ні покуці, ні «бабінага кута» зь печчу, хіба што кухню з газавай ці электрычнай плітой.

Бабін кут ля печы - месца магічных знахарскіх практык.

Бабін кут ля печы – месца магічных знахарскіх практык.

Вячаслаў Ракіцкі: У такім разе які структурны элемэнт жытла меў найбольшае сымбалічнае значэньне ў міталягічных уяўленьнях беларусаў?

Уладзімер Лобач: Практычна ўсе контуры дому і сядзібы — парог, дзьверы, вокны, сьцяна, страха, кут — мелі ў традыцыйным сьветапоглядзе межавую сымболіку, то бок у канкрэтнай сытуацыі ўвасаблялі мяжу паміж «сваім» — чалавечым, і «тым» — чужым сьветам.

З аднаго боку, гэта дазваляла чалавеку ўмацоўваць і кантраляваць гэтыя «межы», каб не ўварваліся дэманічныя, дэструктыўныя сілы. Так, муж парадзіхі, перад тым як яе сяброўкі прыходзілі ў адведкі, забіваў у парог некалькі жалезных цьвікоў, каб госьці не сурочылі немаўля.

З другога боку, кожны зь межавых контураў мог быць выкарыстаны жыхарамі дому для камунікацыі з іншасьветам, каб атрымаць адтуль неабходную інфармацыю ці выдаліць у патойбочча розныя хваробы і немачы.

Але пра які б выпадак ні вялася гаворка, важна падкрэсьліць, што ніводзін з канструктыўных элемэнтаў дому (сядзібы) не валодае «манаполіяй» на мэдыятыўную функцыю пры ўсталяваньні сымбалічных кантактаў паміж людзьмі і тагасьветам.

Да прыкладу, пахавальна-памінальная абраднасьць, дзе камунікацыя са сьветам памерлых — стрыжнёвая лінія рытуальных паводзін, высьвечвае сымбалічны статус цэлага шэрагу сядзібных лёкусаў. Знакам на хуткую сьмерць у хаце магло быць зьяўленьне зязюлі ў садзе, на страсе хаты ці груканьне (прылёт) птушкі ў вакно. Калі лічылі, што набліжаецца скон, чалавека перакладалі з ложка на падлогу, якая сымбалізавала ніжні ярус сьветабудовы, у час сьмерці расчынялі ўсе дзьверы ў хаце і вароты ў хляве, на вакно вешалі ручнік і ставілі шклянку з вадой, каб душа магла памыцца. Нябожчыка клалі на покуці, а вада, якой яго абмывалі, вылівалася пад плот, пад вугал хаты або пад печ. Пасьля вынасу труны зь целам мёртвага адразу зачынялі дзьверы хаты, каб сьмерць туды не вярнулася, а труну ставілі на непрацяглы час на падрыхтаванае месца ў двары, каб нябожчык мог разьвітацца са сваёй сядзібай. Няцяжка заўважыць, што ў рытуальных дзеяньнях, якія афармлялі пераход нябожчыка на «той» сьвет, была задзейнічаная большасьць лёкусаў дому (сядзібы) зь межавай сымболікай.

Вячаслаў Ракіцкі: І ўсё ж у прыведзеным пераліку не былі пазначаныя сьцены хаты. Ці азначае гэта, што тая ж сьцяна была даволі нэўтральнай у рытуальна-сымбалічным пляне?

Уладзімер Лобач: Гэта ня так, хаця б таму, што кут — гэта нішто іншае, як злучэньне дзьвюх сьценаў. Але і ў чыстым выглядзе сьцяна вельмі часта фігуруе ў разнастайных магічных практыках беларусаў. У штодзённым жыцьці і ў часе сьвятаў сьцяна выступала як кантактная зона паміж гэтым і тым сьветам, праз чыё пасярэдніцтва людзі атрымлівалі знакі з тагасьвету.

Асабліва важнай была гэтая інфармацыйная функцыянальнасьць сьцяны ў народнай сыстэме сымбалічнага прадказаньня сьмерці. Паўсюль па Беларусі раптоўны трэск сьцяны азначаў або сьмерць, або цяжкую хваробу некага з жыхароў.

Пры гэтым улічвалася сымболіка ўнутранай тапаграфіі дому. Так, калі сьцены трашчалі бліжэй да покуці — лічылася, што памрэ гаспадар, калі ў запеччы («бабіным куце») — то меркавалі, што памрэ гаспадыня.

Шырока распаўсюджаныя былі пэрсанальныя варожбы з дапамогай сьцяны, якія практыкаваліся на Купалу і мелі на мэце спрагназаваць лёс чалавека ў бягучым годзе:

«Я толькі на Купалу сабірала Іван-траву, яе нада было сарваць. Яна на Купала не саўсім расьцьвітала, но начынала расьцьвітаць, і нада было нарваць этых цьвятоў, столькі, сколькі ў сям’і чалавек. І на сьцяну ваткнуць, а на утра, чэраз ноч, нада глядзець: есьлі ўсе ветачкі Іван-травы расьцьвілі, распушацца, значыць, у эты год усе будуць здаровыя, вясёлыя. А есьлі не распускалася, аставалася такая ветка, як яе ваткнулі, ілі, ня дай Бог, завяла, то нехта забалее ці памрэ. У нашай сям’і, колькі я ні дзелала, усе ветачкі станавіліся пушысцінькія, круглінькія…»

З дапамогай сьцяны адбывалася і зваротная перадача інфармацыі, калі са сьвету людзей у іншасьвет рэтрансьлявалася нэгатыўнае, дэструктыўнае, шкадлівае. Так, ва Ўсходнім Палесьсі, калі «ведзьма, доўга канаючы, ніяк ня можа памерці і нікому ня хоча ці ня можа перадаць свае веды, тады яна на сьцяну пераказвае ўсё, што ведае».

На Віцебшчыне, для таго каб душа чараўніка, які паміраў асабліва пакутліва і доўга, пакінула цела, адмыслова парушалі цэльнасьць сьцяны, сьвідруючы ў ёй дзірку.

І нават у будзённай сытуацыі, калі чалавек прысьніў благі сон, каб ён ня спраўдзіўся ў рэальным жыцьці, і цяпер раяць пагрукаць у сьцяну і сказаць: «Куды ноч — туды і сон».

Падобным чынам церазь сьцяну-мяжу каналізаваліся ў тагасьвет і разнастайныя хваробы (лішай, упуд, эпілепсія, начніцы, валасень і інш.) Пры гэтым, як правіла, шукалі ў сьцяне прыродны «канал» — сукавінку, па якім і выдалялася немач:

«Мама мая даўней выводзіла, умела. Рабёначка хто прывядзе, яна возьме на захад сонца, на сьцяне гэтай сучок такі, яна тады на сучок гэны паплюець, паплюець і мязінцам пальцам нешта паводзіць, паводзіць і шэпчыць нешта ж яна. Пашэпчыць, і тады неяк ня станіць».

Вячаслаў Ракіцкі: Калі нават простая сьцяна мела такую сымбалічную нагрузку, то можна толькі здагадвацца, колькі міталягічных значэньняў было зьвязана з вокнамі…

Уладзімер Лобач: Гэта тэма для асобнай размовы, бо сэмантыка вакна ў беларускай традыцыі вельмі насычаная. Але пазначым асноўныя моманты.

Вокны дому сымбалічна тоесныя вачам чалавека (дый словы гэтыя аднакарэнныя), яны — індыкатары жыцьця. Калі мы бачым дом з забітымі вокнамі, гэта значыць, што дом нежылы (мёртвы), як і чалавек, які назаўжды заплюшчыў вочы.

Забітыя вокны пазначаюць нежылы, мёртвы дом

Забітыя вокны пазначаюць нежылы, мёртвы дом

У традыцыйнай культуры беларусаў і іншых індаэўрапейскіх народаў сэмантыка акна як мэдыятара паміж «тым» і гэтым сьветам праяўляецца ў пахавальным абрадзе і ў павер’ях, зьвязаных з вобласьцю сьмерці. Паўсюль у вёсках Беларусі, калі памірае чалавек, на вакно ставяць шклянку з вадой ці гарэлкай, кладуць хлеб і соль, вешаюць ручнік, каб душа нябожчыка магла памыцца, выцерціся і падсілкавацца. А ў сыстэме народных прадказаньняў сьмерці прадвесьце, атрыманае праз вакно ў выглядзе птушкі, трактуецца адназначна і ў наш час:

«Калі птушка ў вакно б’ецца, мама казала: „Харошае кідай на страсе, а дрэннае нясі на хвасьце“. А есьлі птушаня будзе біцца некалькі дней, то нехта ў хаце памрэ, ждзі пакойніка».

Разам з тым акно — гэта і канал камунікацыі ня толькі зь нябожчыкамі, але і зь іншымі прадстаўнікамі сакральнай сфэры. Калядоўшчыкі, валачобнікі, старцы, што лічыліся «божымі людзьмі», падыходзілі і сьпявалі менавіта пад вакно хаты, і толькі пасьля гэтага гаспадары запрашалі іх у дом.

Як і чалавек вочы, уночы дом «заплюшчваў» свае вокны аканіцамі

Як і чалавек вочы, уночы дом «заплюшчваў» свае вокны аканіцамі

​

Вячаслаў Ракіцкі: У канцы размовы хацелася б запытацца: няўжо ўся тая касьмічная сымболіка дому, што была ўласьцівая для сьветагляду продкаў сучасных беларусаў, назаўсёды страчаныя ў сучасным беларускім горадзе?

Уладзімер Лобач: У пэўнай ступені гэта так, бо валачобнікі ня зьявяцца пад акном на дзявятым паверсе хмарачоса. Хоць пэўныя стрэмкі міталягічнага мысьленьня трывала заселі ў нашай сьвядомасьці: як сотні гадоў таму, мы стараемся не вітацца, не размаўляць і не перадаваць што-небудзь цераз парог.

Але ўнівэрсальная міталягема дому палягае ў іншым, і гэтае значэньне будзе актуальным заўжды: «свой дом» — гэта прадметнае ўвасабленьне чалавечай долі кожнага чалавека.

І ня толькі. На нацыянальным узроўні мы мысьлім Беларусь як свой уласны дом, дзе толькі ад нас залежыць, ці будзе ў ім беларускі лад, парадак і дабрабыт.

Праз акно чалавеку адкрываецца ўвесь сьвет

Праз акно чалавеку адкрываецца ўвесь сьвет

Радыё Свабода
Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ

Аляксей Гайдукевіч робіць для budzma.by агляд замежнай прэсы Пра крывавыя падзеі жніўня ў Беларусі першымі даведаліся нашы суседзі. СМІ ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах рэгіёна ў рэжыме анлайн інфармавалі...

valiancina_shauchenka
Праект Кірыла Стаселькі "Можам"

«Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, зніклых, забойства...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму

Знойдзен унікальны малюнак Беліцы 1845 года, паведамляюць Моцныя Навіны. Ён быў апублікаваны на сайце праекта Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў складзе карты Магілёўскай губерні першай паловы XIX стагоддзя. ...

valiancina_shauchenka
Афіша

Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня

Кампанія «Будзьма!» запрашае 20 студзеня а 19-й гадзіне на анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава, падчас якога прагучаць песні з альбома «Песьні выгнаньня» (1995) на вершы паэтаў, якія былі вымушаны...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»
    Гісторыя
    Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму
    Афіша
    Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня
    Грамадства
    МУС: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплачвалі штрафы затрыманых дэманстрантаў
    Літаратура
    Нарвежскі саюз пісьменнікаў: мы салідарныя з Беларуссю
    Грамадства
    Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб прызнанні палітвязнямі абвінавачаных па справе Прэс-клуба
    Грамадства
    Пісьменнік Саша Філіпенка напісаў другі адкрыты ліст Рэне Фазэлю
    Грамадства
    У «Дана Молл» выступіў «Вольны хор» з «Пагоняй» і вывесілі вялікі бчб-сцяг
    Грамадства
    Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха не выходзіць на сувязь
    Грамадства
    Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку звольненых з Акадэміі навук калег
    Грамадства
    Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій
    Грамадства
    «Цудоўня» распачала працу ў новым месцы
    Грамадства
    Ці стаў прыезд Фазэля правалам?
    Грамадства
    «Новы Час» больш не будзе прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM