• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
12.07.2018 | Літаратура

Як магчымая сапраўдная свабода? Выйшла кніжка пра Фуко па-беларуску

Піша гісторык Антон Лявіцкі.

Выйшла кніжка пра Мішэля Фуко па-беларуску. Па-свойму выйшла, і ў гэтым «па-свойму» трымціць тонкая, знякроўленая беларуская культура сёння.

Пра гэта аўтар паведаміў у сваім Facebook: кніжку ён выклаў на academia.edu.

Напісаў кніжку Іван Новік (аддаючы даніну Фуко, больш пра аўтара нічога не скажу). Кніжка нават і не вельмі вялікая. Здаецца, рэакцый не было яшчэ. Здаецца, іх і не будзе.

Цяжка сказаць нешта канкрэтнае пра кніжку.

Фуко — французскі філосаф, які жарсна выкрываў перыяд новай гісторыі, або, як яго яшчэ называюць, «перыяд мадэрнасці». Выкрываў яго ключавыя інстытуты, яго каварную вонкавую гуманнасць.

Для сваёй работы Фуко распрацаваў метад дыскурсіўнага аналізу; яго займала, як утвараецца суб’ект. Сказаўшы іначай — як магчымая свабода?

Фуко лічыў, што сучаснае грамадства дбае пра бачнасць свабоды, але ўсё мацней аблытвае асобу ланцугамі рафінаванага прыгнёту.

Гэта калі коратка і спрошчана. У тэкстах дык больш — і Гегеля, і Осціна, і школы Аналаў. Каб як мае быць разабрацца ў ягонай працы «Парадак дыскурсу» — фантастычнай інаўгурацыйнай лекцыі, поўнай прастадушнага жыцця, прыватнай і безабароннай праўды — колькі разоў яе трэба прачытаць?

Цікава, колькі разоў яго прачытаў Іван Новік. Цікава, колькі людзей у Беларусі, якім гэта цікава.

Колісь Андрэй Дынько, мо адзіны перакладчык (рызыкну памыліцца) Фуко на беларускую мову, сардэчна пісаў: «Мішэль Фуко лёгкі для разумення, але цяжкі для перакладу» (Фрагменты, 1—2/1997, с. 31). Што ж: гэта як паглядзець.

З кнігі Новіка (а яна арыентуецца на «Археалогію ведаў» — шчыльны, бязлітасны метадычны каментарый Фуко да самога сябе) можна зрабіць хутчэй іншую выснову. Моцна залежная ад самога Фуко (хоць калі-нікалі Новік дазваляе сабе і паправіць філосафа), яна часта чытаецца з цяжкасцю. Ад ягонай зусім прадуманай і выпакутаванай (пра гэта ў канцы) складанасці лёгка трапіць у залежнасць.

Не ведаю, ці гэта паражэнне. Мэта Новіка — зрабіць Фуко часткай беларускага, тутэйшага разважання, — надта рызыкоўная, але з іншых прычынаў, пра якія было неназольна сказана ў пачатку гэтай рэцэнзіі. Можа, тут трэба трохі пачакаць. Можа, нехта ўсё ж прачытае гэтую кнігу, у нейкай ступені строгую і ўцешную. Так я яе прачытаў: шмат у чым яна супала з маім поглядам на «Археалогію ведаў».

Мітрэнга Фуко, ягоных прац, вялікая, і яна не беларуская. Час так паскорыўся, захапіўшы з сабой акадэмію, што калі тут ужо разбірацца ў цьмяных, блытаных тэкстах. Таму дыскурс стаў «словам-гудзеннем», і ад свайго галоўнага тэарэтыка цалкам аддзяліўся, зажыўшы ўласным жыццём. Каб паказаць гэта і іншае, Новік шмат спасылаецца на англамоўную літаратуру, напрыклад. І на іншамоўную розную. Ці гэта ў Беларусі нехта ацэніць, таксама можна рызыкнуць засумнявацца.

Можа, пара пунктаў крытычных, перш чым перайсці да «прапаганды чытання». Здзівіла адсутнасць указанняў на беларускі пераклад, памянёны вышэй. А тэкст «Чым ёсць аўтар» належыць да ўдалых і важных прац французскага філосафа.

Найбольш уразіла мова. Справа нават не ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (каму яны з нас калі даліся?) і нават не ў кароткіх формах прыметнікаў. Справа ў такіх рэчах, як «за конт гэтага» (як за кошт) ці «веда». Як не мае цяперашняя беларускага мова гэтага слова ў адзіночным ліку, дык навошта яго цягнуць нагвалт з рускай? Неяк жа выжывае нямецкая без множнага ліку свайго слова «веды». Абурае, дальбог, гэтая ў 90-я гады пушчаная ў абыходак звычка — вымяраць, «правяраць» беларускую мову расейскай і калі нечага раптам бракуе—смела дадаваць. Хай бы мы вымяралі сваю беларускую па слоўніках: чым яны горшыя за рускую мову?

Зрэшты, тут у кожнага свой густ і свае правілы, як ставіцца, ацэньваць, заахвочваць. Для мне гэта пытанне аналізу бягучага становішча, сведчанне аб дэградацыі нашай мовы. Я тут не буду паўтарацца. Цяпер уласна, чаму важны Фуко і чаму важная кніжка. Фуко важны, бо ён неадвольны.

Гэта не рыторыка якой-колечы сучаснай культурнай антрапалогіі, надзьмутай беспрычыннай пыхай і разумовай бессанню. Гэта сістэмная работа, цэлае жыццё, у страшнай штодзённай напрузе. Фуко аднойчы сказаў Нааму Чомскаму, што сапраўдная свабода магчымая толькі дзякуючы сістэме рэгулярнасцяў (гэта пра слоўнік Крапівы, калі хочаце); у гэтым сказе столькі моцнай яснасці погляду, той яснасці, аб якой нудзіўся Міхась Стральцоў, і якой у ягоным «Адзін лапаць, адзін чунь» уважлівы беларускі чытач ужо мог удосыць цешыцца.

Пра Фуко нічога не ведаючы, ягонае значэнне апісаў у канцы 80-х партызан і стрыманы дэмакрат Уладзімір Калеснік (хто б падумаў, га?). Я працытую, бо гэта проста вельмі прыгожа: «моладзь, яе прадстаўнікі, цягнуцца якраз да цяжкага і «незразумелага», ведаючы, што спасціжэнне гэтага вызваляе ад духоўнай несвабоды».

Якое тут невыпадковае слова ў канцы сказа; і як так можа быць, што нікому гэта ў нас не абыходзіць.

І чаму кніга важная, чаму дужа рупіцца (і хочацца зычыць аўтару поспехаў), каб яна неяк выйшла як кніга, а не як pdf файл у сацыяльнай сетцы для даследчыкаў. Пішучы дысертацыю ў Нямеччыне і трохі працуючы з Фуко, я злавіў сябе на думцы, калі з неймавернай радасцю чытаў кнігу: я б яе спажыў для сваёй работы. Гэта значыць, перафармуляваўшы: не сорамна пра яе немцам расказаць. Як мала ў Беларусі такіх кніг.

Здольных быць часткай гісторыі чалавецтва.

Антон Лявіцкі, Наша Ніва

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Музыка

Беларускі фонд культурнай салідарнасці распачынае анлайн-фэст #АртыстыПерамогі!

Глядзіце кожную суботу а 20-й гадзіне канцэрты годных музыкаў, якія праявілі актыўную грамадзянскую пазіцыю, былі на маршах, завітвалі да вас у двары, пісалі пратэставыя песні і здымалі адпаведныя...

valiancina_shauchenka
Каранавірус

Чаму адны хварэюць на кавід цяжэй за іншых? Прычынай могуць быць антыцелы-пярэваратні

Медыкі знаходзяць усё больш доказаў таму, што разуменне цяжкіх выпадкаў інфекцыі SARS-CoV-2 магчыма праз даследаванне аўтаімунных антыцел, паведамляе Наша Ніва. Ёсць некалькі тэорый, як аўтаімунітэт узнікае пасля...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага

Працягваем спазнаваць Беларусь з «Будзьма!». Калі чуеце пра Глыбокае, якія асацыяцыі ўзнікаюць? Салодкія, як Глыбоцкая згушчонка? Але ж не адзіным малаказаводам вядомае Глыбокае. Глыбоччына – родныя...

valiancina_shauchenka
Краіна

У Валожынскім раёне скралі валун плошчай з пакой

Аб гэтым паведамляе SB.by. Валун «Вялікі камень» у в. Бузуны з’яўляўся помнікам прыроды, але мясцовыя жыхары гэтага не ведалі, таму нічога не западозрылі, калі рабочыя...

Апошнія навіны

    Музыка
    Беларускі фонд культурнай салідарнасці распачынае анлайн-фэст #АртыстыПерамогі!
    Каранавірус
    Чаму адны хварэюць на кавід цяжэй за іншых? Прычынай могуць быць антыцелы-пярэваратні
    Гісторыя
    Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
    Краіна
    У Валожынскім раёне скралі валун плошчай з пакой
    Грамадства
    «Пэрспэктыва нашай перамогі відавочная», — Уладзімер Някляеў
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Заўважыў, што зло ўжо навісла над табой і плюе табе ў твар. Тады немагчыма трымаць вочы заплюшчанымі»
    Гісторыя
    Хто такія «гыцалі» і дзе была Сліжоўка? Ўспаміны пра пасляваенны Гродна
    Мастацтва
    Містычна трапіў у Парыж і містычна адкрыў магілу Мадыльяні
    Грамадства
    Сем гадоў таму ў Кіеве загінуў Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня беларускага Героя Ўкраіны
    Грамадства
    Да ўладальніка крамы з нацыянальнай сымболікай у Баранавічах прыйшла праверка ДФР
    Грамадства
    Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка для рэжыму – сімвал пратэсту
    Грамадства
    Фонд культурнай салідарнасці дамагаецца выключэння Белтэлерадыёкампаніі з EBU
    Грамадства
    Смяротнае пакаранне: за паўкроку да адмены?
    Музыка
    Няправільны тэкст: як песні Naviband «баняць» на конкурсах і святах
    Адукацыя
    У Польшчы адкрылі дыстанцыйную «Беларускую акадэмію». Пачалі з падрыхтоўкі спэцыялістаў для дзяржорганаў

Афіша

  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі
    • «Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM