• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
06.02.2017 | Грамадства Літаратура

Янка Купала: у змаганні за жаночае цела

Калі я ўпершыню, яшчэ ў школе, прачытала паэму Янкі Купалы “Бандароўна”, яна пакінула ў мяне пачуццё нейкай незразумелай няёмкасці. Было адчуванне, што ў гэтым творы шмат што засталося схаваным паміж радкамі, і якраз яно не давала спакою. Але перачытваць, каб разабрацца лепш, не хацелася. “Бандароўна” дагэтуль застаецца маёй самай нелюбімай паэмай Янкі Купалы.

Магчыма, рэч была ў прыхаваным эратызме твора. Нават не ў гвалце — хоць паэма, безумоўна, пра гвалт, і я здзіўляюся, што такое даюць чытаць у школе дзецям, расказваючы ім пры гэтым не пра недатыкальнасць любой асобы, а нешта пра гераічнае мінулае ці то беларускага, ці то ўкраінскага народа і пра нацынальна-рэлігійны прыгнёт. Я толькі што адкрыла ў Гугле некалькі матэрыялаў пра паэму — і ва ўсіх вядзецца пра рашучасць і самаахвярнасць Бандароўны, за якой насамрэч стаіць нейкая народная сіла (цікава, дзе была гэтая народная сіла, калі гераіня твора збягала ад пагоні?). Прыватна ж для мяне гэтая паэма — пра тое, як жаночае цела робіцца арэнай змагання за нацыянальную ідэю.

Фота з пастаноўкі “Бандароўна” Свабоднага тэатра

Давайце прыгадаем сюжэт. Ва Украіне “над бедным народам” лютуе пан Патоцкі. Са сваёй хеўрай ён ездзіць па розных мястэчках, гуляе і гвалтуе дзяўчат — пра гэта ў тэксце гаворыцца наўпрост:

 

Калі ж дзе ўпадзе у вока

          Хараство дзявоча, —

Абняславіць, абнячэсціць,

          Бацьку плюне ў вочы.

 

Самі дзяўчаты і іх перажыванні аўтара ў дадзеным выпадку мала цікавяць: іх няславяць, нячэсцяць, то бок пазбаўляюць славы і чэсці, якая належыць іх бацьку і народу. Дзяўчаты такім чынам робяцца аб’ектамі, свайго роду сімваламі народных пакут. Пан Патоцкі мае над імі ўладу (яго “збаўляе хеўра і багацце”), самім жа бацькам і ўкраінцам увогуле застаецца яго толькі праклінаць.

Пазнаёміўшы нас з галоўным злодзеем, аўтар знаёміць і з самой Бандароўнай — дачкой “слаўнага Бандарэнкі”. Знаёмства гэтае вельмі ўмоўнае — па-першае, мы не ведаем імені галоўнай гераіні (дарэчы, як і імені яе маці, якая ў паэме згадваецца толькі як Бандарыха), па-другое, аўтар лічыць патрэбным расказаць нам толькі пра вонкавую прыгажосць дзяўчыны. Калі Бандароўна — гэта сімвал народа, ясная рэч, яна мусіць быць прыгожай і выклікаць (у мужчын, якія, як вядома, і ёсць народ) пажаду. У паэме няма недахопу ў кампліментах — у дзяўчыны і “стан павабны” (то бок вабіць да сябе), і губкі “як маліны” (так і хочацца з’есці, чытаем мы паміж радкамі), і далей па тэксце. Пачатак паэмы заспявае Бандароўну ў карчомцы з казакамі, дзе яна “цешыцца з свабоды”, але пры гэтым “задзіўляе усіх чыста”, то бок, зноў жа, апісваецца не сама па сабе, а праз уражанне, якое яна робіць на мужчын, у дадзеным выпадку на казакоў.

Тут у карчме з’яўляецца пан Патоцкі са сваёй хеўрай і пачынае ўсяляк дэманстраваць, хто ў доме гаспадар: “К маладзіцам і дзяўчатам лезе смоллю ў жарты”. Тут яго ўвагу забірае Бандароўна:

 

А найгорай к Бандароўне

          Ён прыстаў абрыдна;

Цалаваць, абняці хоча,

          Ажно глянуць стыдна.

 

Цалкам магчыма, што прысутным мужчынам і праўда “стыдна” на глядзець на такія рэчы, аднак абараняцца Бандароўне даводзіцца самой. Яна зноў “задзіўляе усіх чыста” і з’язджае пану па пысе, пасля чаго згодна з парадай старэйшых людзей кідаецца наўцёкі.

У сваім змаганні з панам Патоцкім і яго хеўрай Бандароўна застаецца зусім адна. Як бы аўтар ні пагражаў зладзеям народнай расплатай, дзяўчына сама б’е крыўдзіцеля і сама збягае ад трох гайдукоў “з голымі палямі”, і яе бунт супраць гвалту не можа не выклікаць захаплення. Але гэтага захаплення ў паэме няма: апісваючы ўцёкі Бандароўны, аўтар не перастае любавацца яе хараством і шкадаваць пра яе гаротны лёс. Менавіта ў гэтым эпізодзе прыхаваны эратызм амаль выходзіць на паверхню: дзяўчына ўцякае ад трох здаровых мужыкоў з шаблямі, а ў гэты час “вецер крылаты” цнатліва песціў ёй “грудзі белы”. Ветру песціць можна, аўтару пісаць пра гэта можна, нічога такога.

Бандароўну, ясная рэч, даганяюць і вядуць да пана, які прапануе ёй самой выбраць свой лёс:

 

— Ну, што воліш сабе выбраць,

          Пышная паненка:

Ці ў бяседзе засядаці

          Вось пад гэтай сценкай

І са мною піць, гуляці,

          Ночкі каратаці?

Ці навекі косці парыць

          У зямельцы-маці?

 

Бандароўна дае на гэта вельмі чаканы адказ:

 

— Не такую, ясны пане,

          Бачыш прад сабою,

Што захоча чэсць і славу

          Прадаваць з табою.

 

Менавіта тут, напэўна, літаратуразнаўцы і бачаць рашучасць і самаахвярнасць Бандароўны. Яна нібыта пагаджаецца лепш памерці, чым запляміць народную “чэсць і славу” класавай здрадай: яе цела, дзявоцкасць увасабляе чысціню нацыі, нацыянальную годнасць. Бандароўна тут не ёсць самастойным суб’ектам, яна — функцыя: “за мной праўда і народ мой” (той самы народ, які параіў ёй уцякаць ад пана, нібыта ўся гэтая справа яго, народа, ніяк не тычыцца). Так дзяўчына аказваецца паміж львом і кракадзілам, з аднаго боку — пан Патоцкі, а з другога — народ. Кожны з іх мае свае прэтэнзіі на яе цела: пан хоча, каб дзяўчына зрабілася яго каханкай, народ патрабуе, каб яна не аддала сябе на ганьбу і памерла.

Бандароўна выбірае народ, то бок магілу. “Налажылась донька наша за ўсіх галавою!” — гавораць пасля яе бацькі, як бы пацвярджаючы, што іх дачка пацярпела не як асоба з уласнымі жаданнямі, а як прадстаўніца пэўнай супольнасці — супольнасці, якая мае на яе нейкія планы і правы. Пан забівае Бандароўну і тут жа раскайваецца ў сваім злачынстве. Ён ахвяруе на пахаванне “шоўку, золата, атласу”, але загладзіць сваю віну перад народам не можа. Бандарэнка “сходы кліча”, і збіраецца вялікая сіла, каб адпомсціць пану за крыўды. І ў гэтым выпадку народ не можа не перамагчы — вобраз Бандароўны, якая  абрала яго, а не пана, сведчыць, што народ увабраўся ў сілу. Дзяўчына ў дадзеным выпадку — гэта інструмент, з дапамогай якога гэтая ўлада дэманструецца. Далейшая гісторыя пішацца крывёй, а пра горкую долю Бандароўны ў народзе застаюцца толькі “казкі, песні ды ўспаміны”.

Цяпер я разумею, чаму паэма “Бандароўна” не спадабалася мне яшчэ ў школе. У творы на першы план выводзіцца жаночы вобраз, але ніякай жывой жанчыны ўбачыць за ім немагчыма.

 

Ганна Янкута

Фота: Свабодны тэатр

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Ад «танку» гусітаў да рэвалюцыі рондаляў. Як у гісторыі ставілі на крэатыў і перамагалі

Многія перамогі ў гісторыі даваліся не столькі ахвярнасцю і упарствам, колькі арыгінальнасцю і крэатывам. Дайджэст нечаканых і арыгінальных перамогаў у адным матэрыяле. Войны З 1420...

valiancina_shauchenka
Культура

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на «Мову хаты»

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-этнаграфічную экспазіцыю «Мова хаты», каб добра і цёпла правесці час з сям’ёй, а таксама даведацца, як жылі нашы продкі і будавалі...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Паўла Севярынца ўзнагародзілі літаратурнай прэміяй «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага

Сёння ў Кіеве ўручаецца штогадовая ўкраінска-беларуская літаратурная прэмія «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага. Сёлета лаўрэатам стаў пісьменнік і грамадскі дзеяч, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Павел...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Гранты на расследаванні аб злачынствах супраць журналістаў. І ў Беларусі таксама (заяўкі да 14 сакавіка)

Фонд «Справядлівасць для журналістаў» адкрывае набор заявак на атрыманне грантаў на расследванні ў 2021 годзе. Заяўкі на ажыццяўленне журналісцкіх расследаванняў злачынстваў супраць работнікаў СМІ...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Ад «танку» гусітаў да рэвалюцыі рондаляў. Як у гісторыі ставілі на крэатыў і перамагалі
    Культура
    Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на «Мову хаты»
    Літаратура
    Паўла Севярынца ўзнагародзілі літаратурнай прэміяй «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага
    Грамадства
    Гранты на расследаванні аб злачынствах супраць журналістаў. І ў Беларусі таксама (заяўкі да 14 сакавіка)
    Кіно
    Да юбілею Купалаўскага тэатра за дзяржаўныя сродкі здымалася некалькі фільмаў. Што з імі цяпер?
    Грамадства
    Штраф за пасцілу і лампасы, суткі за чаяванні. Топ-10 самых абсурдных пакаранняў за апошнія месяцы
    Грамадства
    Больш едуць у Польшчу, менш — у Латвію. Колькі грамадзян пакінулі Беларусь з-за пратэстаў 2020 года
    Грамадства
    У Брэсце КДК прыйшоў да выдаўца і дырэктара гарадскога часопіса «Бінокль»
    Грамадства
    На сваім працоўным месцы затрыманы супрацоўнік Белдзяржфілармоніі
    Грамадства
    «Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?
    Грамадства
    У вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены: Ігар Лосік спыніў галадоўку
    Грамадства
    «Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты
    Навіны "Будзьма!" Літаратура
    «Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    Грамадства
    Інвестклімат Беларусі: ад абвалу рэйтынгу бяспекі да адмены чэмпіянату

Афіша

  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    • Як паводзіць сябе на допыце. 8 парадаў адваката
    • Алена Анісім: Для беларускай мовы наступае чарговы выклік
    • Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
    • «Заўважыў, што зло ўжо навісла над табой і плюе табе ў твар. Тады немагчыма трымаць вочы заплюшчанымі»

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM