Кампанія “Будзьма беларусамі!” працягвае дапамагаць журналістам і актывістам шукаць магчымасці ўзаемадзеяння. Чарговае паседжанне прэс-клуба прайшло ў Мінску і гэтым разам было прысвечанае агульнай працы журналістаў і актывістаў Міншчыны.
“Мы пабывалі ўжо ў пяці абласных цэнтрах і на ўласныя вочы бачылі, як супольная праца прыводзіць да зменаў у грамадстве, – кажа запрошаны спецыяліст, галоўны рэдактар часопіса CityDog Сяргей Сахараў. – Напрыклад, у Віцебску актывісты разам з журналістамі змаглі адтэрмінаваць пабудову Сафійскага сабора ў Віцебску”.
За апошнія 20 гадоў спадар Сахараў паспеў пабываць і грамадскім актывістам, і журналістам. Менавіта таму CityDog актыўна асвятляе і грамадскія праблемы.
“Нашая задача – даваць выказацца розным меншасцям, бо кожны з нас можа аказацца меншасцю: калі вы прыходзіце ў кавярню з сабакам, вы – меншасць, гэта самы просты прыклад, – кажа спадар Сяргей. – Менавіта такія “меншасці” і прасоўваюць цяпер найбольш цікавыя тэндэнцыі. Мы арыентуемся на крэатыўны клас, людзей, якія ўжо “адбыліся” ці “адбываюцца” эканамічна і ў якіх ёсць магчымасць і жаданне змяніць нешта вакол сябе. Актывістам цяпер быць модна, хоць я і не люблю гэтае слова. Але шмат хто ахвяруе грошы людзям, пра якіх піша часопіс “Имена”, ці проста змяняе колер сценаў ва ўласным пад’ездзе – гэта таксама прыклад актывізму”.
Па словах спадара Сяргея, поспех ягонага часопіса ў тым ліку ў прасоўванні ідэі “новага” Мінска, які можа і будзе натхняць на стварэнне новага вобразу горада разам.
“Наша супраца з актывістамі дапамагае нам адкрыць новых экспертаў у тым ці іншым пытанні, – кажа Сяргей. – Што да актывістаў, то ім трэба не саромецца называць сябе экспертамі, бо менавіта яны, актывісты, і робяцца агентамі зменаў навокал”.
Надаць статуснасць і моду актывізму цалкам рэальна – пры тым, што гэта ўжо адбываецца на нашых вачах: два-тры гады таму ці ўяўлялі мы, напрыклад, што тэма правоў жывёл можа актыўна прасоўвацца?
Найлепш рэпрэзентаваць супрацу CityDog з актывістамі можа рубрыка сайта GrassRoots, прысвечаная нізавым ініцыятывам, многія з якіх паспяхова рэалізаваліся.
“Актывістам трэба памятаць, што варта зацікавіць журналістаў сваёй тэмай, і зрабіць гэта нескладана – варта толькі навучыцца выдзяляцца, рабіць так званую ўнікальную гандлёвую прапанову. Вось быў добры прыклад, калі з бяздомнымі жывёламі фатаграфаваліся спартсмены: ідэя простая, але нашмат эфектыўнейшая за звычайны прэс-рэліз”.
Праспект “Рэгіянальнай газеты”
“Растлумачыць, якія тэксты мы возьмем у сваю газету, а якія не, вельмі проста”, – кажа загадчыца аддзела інфармацыі “Рэгіянальнай газеты”, старшыня маладзечанскай філіі БАЖ Зоя Хруцкая.
“Рэгіянальная газета” – адно з найбольш вядомых выданняў з беларускіх рэгіёнаў, якое адначасова плённа супрацоўнічае не толькі з грамадскімі актывістамі, але і з мясцовымі ўладамі. Што трэба ўлічваць тым, хто захоча надрукавацца ў “Рэгінальнай газеце”?
“Нам заўжды цікава друкаваць тое, што будзе выклікаць грамадскі рэзананс, абмеркаванне, – кажа спадарыня Зоя. – Калі вы напішаце, маўляў, мы плануем фантастычна цікавую акцыю, то варта ўдакладніць, у чым яе ўнікальнасць і чаму ўсе захочуць да яе далучыцца. Бо знакаміты маладзечанскі музычны фэст – гэта ўжо не падзея, ён гадоў 15 не змяняецца, а вось нядаўняя выстава, калі адзін з мастакоў выставіў свае працы на сметніцы, – гэта рэзананс на ўсю краіну”.
Непаразуменні паміж журналістамі і актывістамі ўсё ж здараюцца.
“Напрыклад, нам прапаноўваюць цікавую тэму, але адмаўляюцца называць сваё імя. Але ж мы не можам друкаваць ананімкі. Вялікі плюс для матэрыялу – жывая, чалавечая гісторыя. Але цяжка дапамагчы чалавеку, які нават не хоча сябе назваць”.
А “страляюць” вельмі розныя тэмы – чалавек збірае сустрэчу аднавяскоўцаў з ужо неіснуючай вёскі ці валанцёры ратуюць стронгу ў рэках Астравецкага раёна, найперш у Віліі.
“Вельмі добра працуюць на сайце інтэрактыўныя матэрыялы – галасаванні альбо конкурсы. Калі тое, што робіце вы, цікава вам самім, вы заўжды зможаце прыдумаць, як зацікавіць астатніх”, – кажа спадарыня Зоя.
Як прыклад – акцыя “Зрабіце нам дарогу”: колькі жыхары Маладзечна ні пісалі пра 153 яміны на 200 метраў на гарадской дарозе, улады не рэагавалі. Тады актывісты супольна з журналістамі газеты зладзілі акцыю: мясцовыя жыхары фатаграфаваліся ўздоўж дарогі з самаробнымі плакатамі накшталт “Я баюся зламаць ногі”. У выніку дарога адрамантаваная і нават мае сярод мясцовых жартаўлівую назву праспекта “Рэгіянальнай газеты”.
Гэтаксама актывісты разам з журналістамі прадухілілі пабудову шматпавярховікаў на месцы расстрэлу габрэяў у Валожыне ці доўга займаліся пераносам свінакомлексу далей за 5 кіламетраў ад Маладзечна. Апошняя справа асвятлялася ледзь не ўсімі незалежнымі СМІ краіны.
Але прыклад “Рэгіянальнай газеты” хоць і вельмі пазітыўны, але, на вялікі жаль, нетыповы для рэгіянальнага друку.
“Мы сваю газету ствараем па прынцыпе хатняга стала, – кажа Вікторыя Капская, журналістка слуцкай газеты “Інфа-кур’ер”. – Каб уся інфармацыя падавалася збалансавана, але пры гэтым разнастайна і карысна. Мы таксама імкнемся супрацоўнічаць з актывістамі, але вось з гарадскімі ўладамі атрымліваецца не заўжды”.
Тым не менш “Кур’еру” таксама ёсць чым пахваліцца. Супольнымі намаганнямі журналістаў і неабыякавых случакоў будзе праведзены матч паміж прафесійнымі футбалістамі і аматарамі. А вось з опэн-эйрам, грошы ад якога мусілі пайсці на дапамогу хворым дзецям, не атрымалася.
“У нас ёсць розныя праекты, – расказвае спадарыня Вікторыя. – Для моладзі, якая хоча пісаць на актуальныя тэмы: пра бізнес, пра сацыяльныя праблемы накшталт хатняга гвалту. Атрымліваюцца вельмі разнастайныя і жывыя матэрыялы. Ёсць праект для людзей больш сталага веку: для іх праводзяць майстар-класы, а пасля яны самі дасылаюць матэрыялы. Напрыклад, нядаўна нават цэнтральныя СМІ абляцела фота сабакі, які ратуе ката з дарогі. Яе якраз і зрабілі нашыя “сталыя” вучні”.
Нягледзячы на тое, што рэдакцыя выкарыстоўвае найноўшыя медыятэхналогіі (анлайн-сустрэчы, інфармацыйныя карткі і г.д.), закрытасць выканкама ад усяго, што называецца актывізмам, не дае развіваць плённае супрацоўніцтва.
Што рабіць у такім выпадку? Удзельнікі дыскусіі прапанавалі паспрабаваць зладзіць сустрэчу з уладамі, на якой можна пастарацца патлумачыць, што “актывісты” – гэта не страшныя, дэструктыўныя палітычныя сілы, а проста людзі, якія хочуць змяніць нешта да лепшага, а да палітыкі могуць не мець дачынення ўвогуле.
“Не заўжды мы маем той вынік, які хочам ад супрацы са СМІ”
“15 гадоў я працавала журналістам у барысаўскіх СМІ, – расказвае грамадская актывістка і журналістка, старшыня Барысаўскай жаночай грамадскай арганізацыі “Правінцыя” Алена Аўтушка. – Таму ведаю праблему супрацы з абодвух бакоў”.
“Правінцыя” прапануе дапамогу жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Мяркуючы па гарачых абмеркаваннях артыкулаў пра правы жанчын, тэма для нашага грамадства адначасова актуальная, цікавая і балючая.
“Мы маем дзве праграмы – працягвае спадарыня Алена. – “Жаночая праграма”: крызісная лінія для ахвяраў хатняга гвалту, а таксама дапамога людзям, якія пацярпелі ад працоўнай і іншых відаў эксплуатацыі. А таксама “Моладзевая праграма”, у якой бяруць удзел 2500 хлопцаў і дзяўчат, і гэтая праграма накіраваная на прафілактыку вышэйпералічаных праблем, а таксама на пераадоленне гендарнай дыскрымінацыі”.
Чаму працу “Правінцыі” можна назваць удалай? Па словах спадарыні Аўтушкі, 11 сяброў каманды проста робяць нешта важнае не толькі для жанчын, але і для паляпшэння ўласнага жыцця, стварэння камфортнага для ўсіх грамадства.
“Мы хочам працаваць са СМІ, – кажа спадарыня Алена. – Бо калі не СМІ, то як людзі пра нас даведаюцца? Ды і як дамагчыся зменаў у грамадстве без СМІ? У нас ёсць прыклады паспяховай супрацы. Крызісная лінія ў газеце “Кур’ер з Барысава” і на сайце ex-press.by. Там жа мы стварылі рубрыку “Задай пытанне дэпутату”. Не ведаю, ці чытаюць нас дэпутаты, але плён гэтых пытанняў мы бачым – у рэшце, прадстаўнікі дзяржавы гэтую рубрыку чытаюць”.
Гэтаксама “Правінцыя” праводзіла анкетаванне на партале TUT.by наконт працаўладкавання беларускіх грамадзянаў за мяжой.
“Не заўжды мы маем той вынік, які хочам ад супрацы са СМІ, – кажа спадарыня Алена. – Калі мы ладзім сустрэчу з медыяперсонамі, то яе сутнасць адыходзіць для журналістаў на другі план, а медыяперсоны цікавяць іх як такія. Чаго б мы хацелі ад СМІ? Гатоўнасці задаваць болей пытанняў, гатоўнасць выкарыстозваць сістэмны падыход пры напісанні тэксту і ўменне дакопвацца да сутнасці”.
Выступ спадарыні Аўтушкі выклікаў гарачае абмеркаванне. Ці не зацікавяць журналістаў ужо згаданыя “жывыя гісторыі” той ці іншай ахвяры гвалту? Але што рабіць, калі для пацярпелай гэта вялікі шок? Можа, лагічней размаўляць з гвалтаўніком – паспрабаваць зразумець, што штурхае такіх людзей на супрацьпраўныя дзеянні?
Паколькі тэма хатняга гвалту, для Беларусі, на жаль, застаецца актуальнай, тут супраца журналістаў і актывістаў набывае дадатковую значнасць. Найхутчэй пункты ўзаемадзеяння будуць знойдзеныя, бо, як выявілася падчас дыскусіі, нагодаў працаваць разам нашмат больш, чым крыўдзіцца адно на аднаго.
Мікалай Левертаў, фота: Яўген Ерчак