Найбольш пасьпяховым рэлізам беларускай metal-індустрыі адмыслоўцы й фэны называюць канцэртова-выдавецкі праект «Hard Life – Heavy Music» лэйбла «БМАgroup», які мае ўжо на сваім шляху чатыры паўнафарматныя альбомы, дзясяткі маштабных канцэртаў і фэстаў, калекцыйныя плякаты, кашулі, значкі. Больш таго, кожны канцэртовы сэзон у беларускай сталіцы пасьпяхова пачынаецца й завяршаецца мэтал-канцэртам гэтай сэрыі. І хоць назву на пэўным этапе спрабавалі памяняць («Metallection»), сёлетні metal-exodus перад вакацыямі зноў адбудзецца пад традыцыйнай і ўжо леґендарнай назвай «Hard Life – Heavy Music». І гэта зноў будзе маштабнае й калярытнае шоў.
У імпрэзе ня толькі возьмуць удзел знакамітыя айчынныя апаляґеты экстрым-напрамку («Soulsides», «Imprudence», «Exist-M», «Thelema», «Nightside Glance» і нават «Znich» пасьля эўратура па розным Францыям ды Польшчам), але й некаторыя зь іх прэзэнтуюць новыя канцэптуальныя рэлізы (напрыклад, «Partyzone» прадстаўляе свой трэйці беларускі альбом «Падаць і ўзьлятаць»). Дарэчы, да ўвагі фэнаў: новы CD ў бонусах зьмяшчае й два mp3-рарытэты: поўную вэрсыю магутнага гіт-альбому «Трэба рабіць» і іхні таямнічы анґельскі рэліз 1999 году.
Такім чынам, хочаце набрацца пазітыўных уражаньняў на ўсё лета – запісвайце: Менск, клюб «Рэактар», пятніца, 13 травеня, 19.00. Будзе, як кажуць браты нашы меншыя, «масса острых ашчушчэній». Квіткі яшчэ ё (маё) ў наяўнасьці.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА.
Анонс:
Пятніца
13 мая
Апошні метал-канцэрт у клубе Рэактар
Грандыёзнае метал-шоу!
Hard Life/Heavy Music
17:00 – уваход
17:30 – пачатак
ZNICH
NIGHTSIDE GLANCE
(прэзентацыя новага альбома)
IMPRUDENCE
SOULSIDES
PARTYZONE
THELEMA
Даведкі: 6490888
25 000 – першыя 100
30 000 – астатнія, папярэдне
35 000 – у дзень канцэрта
40 000 – месца за столікам + кампакт-дыск у падарунак!
Кропкі продажу квіткоў: клуб Рэактар, пераход Коласа, Гум, ГЦ
Купалаўскі, 19 кропка, ГЦ Рыга, 18 кропка, Iron Dream і інш.