Працягваецца актыўная падрыхтоўка да фестывалю «Намётавае мястэчка беларускай культуры». Фестываль адбудзецца ў кемпінгавай зоне паўвострава Пакры, каля гораду Палдзіскі. Адкрыццё фестывалю адбудзецца 31 жніўня. Скончыцца фестываль 3 верасня адкрыццём выставы габеленаў беларускай мастачкі Святланы Баранкоўскай у залі Аддзелу літаратуры на замежных мовах Талінскай цэнтральнай бібліятэкі.
Арганізатары — Беларускі культурна-інфармацыйны цэнтр у Эстоніі і беларуская моладзевая арганізацыя МХСС «Маладыя дэмакраты». Прымуць удзел у фэсце госці з Беларусі, іншых краін Еўропы і жыхары Эстоніі, якія цікавяцца беларускай культурай. Сярод выступоўцаў будуць музыкі і пісьменнікі, дзеячы кіно і журналісты. Фестываль будзе ўяўляць сабой акт «народнай дыпламатыі» — пасланцы Беларусі знаёмяць Эстонію з сучасным культурным жыццём сваёй краіны.
Удзень 31 жніўня Талін чакае незвычайная з’ява. Па вуліцах старога гораду будуць шпацыраваць людзі ў залатых скафандрах і плашчах. Гэтая культурная акцыя зьяўляецца часткаю фестывалю і мае назву «Прамяні сонца».
Надоечы ў Мінску і Любліне адбыліся канцэрты легенды беларускага року — гурту НРМ. Публіка палюбіла новую песню гурту «Прамень сонца». Канцэрты мелі канцэптуальны характар. Людзьмі, апранутымі ў залатыя скафандры — промнямі
сонца, былі і музыкі на сцэне, і публіка ў залі. Пасля канцэртаў людзі-промні праходзілі разам па пэўным маршруце горада. Фотаздымкі з гэтай акцыі з’явіліся на першых старонках беларуских інтэрнэт-выданняў. Па гэтым сюжэце быў зняты яскравы відэакліп.
Госці фестывалю з Беларусі 31 жніўня ў Таліне таксама будуць промнямі сонца. Пад час экскурсіі людзі ў залатых скафандрах і плашчах будуць знаёміць мінакоў з беларускай культурай — раздаючы флаеры з інфармацыяй пра Беларусь. Магчыма, пасля Таліну турысты схочуць пабываць і ў Беларусі таксама.
У гэты ж дзень, пасля сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ, госці з Беларусі накіруюцца ў Палдзіскі на ўрачыстае адкрыццё фэсту «Намётавае мястэчка беларускай культуры».
Фронтмэн адкрыцця фестывалю Піт Паўлаў, лідар гурту НРМ, кажа:
– Арганізатары фэсту паведамілі мне, што ён пакуль што адбываецца ў фармаце «чалавек з гітарай». Мне гэты фармат знаёмы, таму я сядаю ў машыну і еду да вас у Эстонію, якую я вельмі люблю. Дагэтуль у Таліне я пабываў з канцэртам у амбасадзе Польшчы. Цяпер я буду спяваць для публікі на беразе мора. Гэтая ідэя мне вельмі падабаецца. Нагадваю ўсім, што форма вопраткі — залатая. Чакаю вас, «прамяні сонца»!
1 верасня ў рамках фэсту адбудзецца другая акцыя — «Беларускі велапрабег». Удзельнікі на веласіпедах накіруюцца з Палдзіскаў у бок Таліну. Маршрут будзе пралягаць па маляўнічых мясцінах узбярэжжа Балтыйскага мора.
У нядзелю 2 верасня ўдзельнікі фестывалю накіруюцца ў Хельсінкі. Там адбудзецца першая ў гісторыі беларускай культуры экскурсія «Хельсінкі Васіля Быкава». Беларускі класік жыў у гэтым горадзе з 1997, знаходзячыся ў эміграцыі. Зладзіць экскурсію фінскі сябар Быкава — жыхар Хельсінкі.
Надмагільны камень Быкава ў Мінску — валун з ваколіц Хельсінкі. Гэта знак пашаны да памяці пісьменніка ад муніцыпалітэту фінскай сталіцы.
Узяць удзел у фестывалі можа кожны. Унёсак у ганарарны фонд складае 10 еўра. У арганізатараў можна ўзяць у арэнду намёты і равары. Падрабязная інфармацыя на сайце Беларускага цэнтру ў Эстоніі на старонцы фэсту.