7 красавіка ў кнігарні “логвінаЎ” пройдзе прэзентацыя 9-га нумару часопіса “Паміж”, які выдаюць навучэнцы Беларускага Калегіюму.
Падчас прэзентацыі са сваімі творамі і перакладамі выступяць Андрэй Пакроўскі, Кірыл Дубоўскі, Анка Упала, Наталля Давыдоўская, Павел Анціпаў, Максім Казакоў, Міхаіл Бараноўскі, Наста Манцэвіч, Сяргей Сакума, Ірына Барысевіч і іншыя.
На вечарыне таксама адбудзецца ўручэнне дыпломаў выпускнікам Беларускага Калегіюму. Ганаровую місію выканаюць яго кіраўнікі Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч.
Пачатак вечарыны: 19.00
Адрас кнігарні “логвінаЎ”: Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а.
Пра “Паміж-9”
Новы нумар не зусім перыядычнага выдання “Паміж” прысвечаны тэме крызісу: фінансаваму, творчаму, эмацыйнаму, крызісу сярэдняга і пераходнага ўзросту – любому крызісу, на які толькі здольны чалавек і не толькі.
Аднак у адрозненне ад большасці людзей, якім крызіс бачыцца нечым кепскім, змрочным, бесперспектыўным, рэдакцыя шукае ў крызісу надзею: “Крызіс — гэта яшчэ не катастрофа, але толькі магчымасць яе. ХХ стагоддзе абвясціла шмат крызісаў/смярцей: смерць Бога, аўтара, літаратуры, суб’екта… Але мы бачым, як зноў аднекуль з’яўляюцца, хоць і рэдка, Вернікі, Аўтары, Асобы. Можа, пачынаецца крызіс эпохі сімулякраў?
Крызіс — гэта стан ПАМІЖ, гэта выклік чалавеку і чалавечы адказ на выклік, гэта не тупік, а шлях”.
Сярод твораў прадстаўленых у нумары – проза Кірыла Дубоўскага, Паўла Анціпава, Максіма Казакова, Надзеі Данішэўскай; філасофскае эсэ Вольгі Ціхановіч; паэзія Насты і Аўгіні Манцэвіч, Ірыны Барысевіч, Міхаіла Бараноўскага, Сяргея Сакумы; пераклады з Ціма Пірса, Германа Гесэ, П. Біхсэля, а таксама гутарка з пісьменнікам Юрыем Станкевічам.