У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 12 сакавіка а 18-й гадзіне ў Полацкім гарадскім палацы культуры адбудзецца канцэрт Таццяны Беланогай.
Кошт квітка – 5000 рублёў.
Адрас: Полацк, вул. Гогаля, 15.
Таццяна Беланогая з’яўляецца прадстаўніцай сучаснай бардаўскай песні Беларусі. У лірыцы яна звяртае ўвагу на ўнутраны свет чалавека, шукае адказы на вечныя пытанні. Тэмы сумленнага выбару, кахання, прагі да волі творчай душы – асноўныя тэмы яе творчасці. Таццяна піша музыку і вершы, а таксама выконвае на ўласную музыку вершы такіх выбітных паэтаў, як Максім Багдановіч, Яўгенія Янішчыц, Анатоль Сыс, Данута Бічэль, Чэслаў Мілаш і іншыя.
З 2003 года Таццяна брала ўдзел у розных конкурсах і канцэртах, напрыклад, у конкурсе “Зоркі Маладзечна – 2003”, у якім перамагла. Увесну 2004 года запісала і выдала свой першы аматарскі альбом “Там, дзе мы”, у які ўвайшла 21 песня. Тады ж, у 2004 годзе, стала пераможцай конкурсу беларускай бардаўскай песні “Бардаўская восень” у Бельску-Падляскім (Польша). У 2006 г. запісала і выдала свой другі альбом “Пабачыць свет”. У 2007 перамагла ў міжнародным конкурсе бардаў “ОППА-2006” у Варшаве. Дзякуючы гэтай перамозе з’явілася магчымасць запісаць першы студыйны альбом “Двукроп’е”, які быў прэзентаваны ў 2008 годзе ў Беларусі. У 2010 годзе выдала альбом “Ніткі”.
Таццяна Беланогая ўдзельнічала ў днях культуры Беларусі, якія праходзілі ў Варшаве, Кракаве, Вроцлаве. Грала канцэрты ў Расіі, Германіі, Польшчы, Літве, Славакіі, Чэхіі.