Праект Арцёма Рыбчынскага Vibrations №… уяўляе сябе прасторава-жывапісную інсталяцыю. Жывапісны складнік – гэта палотны аўтара, аб’яднаныя ў модулі, на якія праектуецца дынамічная карцінка – другі складнік экспазіцыі. Так два слаі ўспрымання накладаюцца адзін на другі, уяўляючы тым самым адзінае непадзельнае цэлае і адлюстроўваючы сутнасць, якую шукае мастак. Сутнасць жа – у спробе візуалізацыі імпульсу, прасторы. Працэс, сам акт творчасці, адыгрываюць тую ж ролю, што і твор. Гэта мастацтва дзеяння, дзе колер не толькі стварае прастору, ён будуе фактуру, форму, рух. Гэта не пабудова колеравых плоскасцяў, не знаходжанне іх суадносін, але спроба злавіць «лінію напругі», «зададзенасць», якая фарміруе адносіны, знакі, сімвалы, структуры, архетыпы. Тут, па словах мастака, колера магло і не быць. Арцём Рыбчынскі выкарыстоўвае пэндзаль і колер у якасці правадніка інфармацыйных і энергетычных плыняў, а форму і метад, адмову ад фігуратыўнасці, эксперымент з пластыкай – для фіксацыі гэтых «рытмаў», «пульсацый».
Праект Арцёма Рыбчынскага Vibrations №… будзе прадстаўлена ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” з 05 па 25 красавіка 2011 года.
Vibrations №…
Праект Арцёма Рыбчынскага
05 – 25 красавіка 2011
Мінск, пр. Незалежнасці, 37А