Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» і кампанія velcom прадстаўляюць персанальную фотавыставу Мікалая Батвінніка «Бег па лязе брытвы».
Адкрыццё выставы 18 сакавіка а 19 гадзіне, уваход вольны.
Канцэпцыя выставы:
«Добра заўсёды мець пры сабе румяны. Можа здарыцца так, што пры абуджэнні ад сну выгляд у самурая будзе несамавіты. Тады варта злёгку нарумяніць твар», — сцвярджае адно з правілаў кнігі «Кодэкс Самураяў». Няма румянаў — пагаліся. І калі першая парада даволі спрэчная ў дачыненні да сучасных мужчын, то другая — звыклая практыка для большасці з іх. Кожны юнак імкнецца выявіць сваю маскуліннасць як мага раней пры дапамозе бацькавай брытвы ці станка для галення.
Для пільнага фотапогляду Мікалая Батвінніка цікавыя: і выразныя вобразы, і статусныя тыпажы, і сяброўскія твары — звыклы працэс галення робіць усіх роўнымі. Літаральны сэнс кадра зліваецца з іншасказальным: фатаграфаванае дзеянне афарбавана і пачуццёвасцю інтымнага працэсу, і небяспечнасцю моманту. А адрэфлексаваная пазіцыя аўтара без любавання сведчыць, што гэтая серыя не «пра» працэс галення, а «пра» непазбежнае адраджэнне мужчынскага пачатку.
Праект «Бег па лязе брытвы» — для смелых і моцных духам мужчын, якія не здрэйфілі пусціць гледача ў свой прыватны свет, такіх як: Уладзімір Цэслер, Іван Айплатаў, Яўген Калмыкоў, Лёша Церахаў, Уладзімір Пугач, Аляксандр Памідораў, Аляксандр Некрашэвіч і іншыя.