Доўгачаканы старт продажу квіткоў на чэрвеньскія паказы спектакля «Радзіва “Прудок”» паводле кнігі Андруся Горвата (на хуткую прэм’еру якога ўжо няма вольных месцаў) запланаваны на 3 мая на 11:00. Рэжысёрам спектакля выступае акцёр Купалаўскага тэатра Раман Падаляка. Пастаноўка створана пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і кампаніі velcom.
У наступным месяцы адбудзецца 5 паказаў спектакля паводле папулярнай кнігі: 1, 4, 10, 25 і 26 чэрвеня. Каб трапіць на спектакль, варта паспяшацца з браніраваннем: квіткі на майскія паказы былі выкуплены за некалькі гадзін пасля анонсу продажу – як і на дадатковы паказ, арганізаваны з прычыны вялікага попыту.
Спектакль распавядзе гісторыю мінскага журналіста Андруся Горвата, які вырашыў змяніць сваё жыццё: спачатку ён стаў дворнікам Купалаўскага, а потым прыняў рашэнне з’ехаць на Палессе ў вёску Прудок – аднаўляць дзедаву хату. Свае ўражанні ад новага амплуа ён апісваў на старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook. Потым гэтыя запісы сталі кнігай, каб у выніку даць Раману Падаляку падставу для стварэння кароткаметражнага фільма «Ягор», які перамог у народнай намінацыі фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm, і цяпер ужо паўнавартаснага спектакля.
Нягледзячы на тое, што пастаноўка спектакля паводле дзённікавых запісаў – гэта эксперымент, тэатр плануе ўключыць яе ў пастаянны рэпертуар. Галоўныя ролі выконваюць Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч і Святлана Анікей. Спектакль будзе ісці на Камернай сцэне тэатра, квіткі можна набыць у касе Купалаўскага тэатра, на сайце kupalauski.by або ў білетных аператараў.
Дарэчы, вандроўку можна здзейсніць не толькі ў космас галоўнага героя, але і на яго малую радзіму: у ліпені прэм’ера спектакля паводле «Радзіва» пройдзе ў самой вёсцы Прудок. Сачыце за навінамі праекта на velcom.by і kupalauski.by.