Ужо ў гэтую пятніцу рок-гурт «Петля Пристрастия» сыграе вялікі сольны канцэрт у клубе Re:Public і адсвяткуе нядаўнюю перамогу альбома «Мода и облака» на ўзнагародах Experty.by па галасах беларускіх і замежных крытыкаў. Мы сабраліводгукі замежных журналістаў пра дыск.
Узнагароды Experty.by з 2009 года адзначаюць найлепшыя беларускія альбомы і на сённяшні дзень з’яўляюцца найстарэйшай з існуючых беларускіх музычных прэмій. З 2014 года ўладальнік узнагароды «Альбом года» таксама атрымлівае ў якасці прыза рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта. У гэтым годзе выступ пераможцы ўзнагарод абудзецца пры падтрымцы праекта Maksivision.
«Мода и облака» – чацвёрты дыск у дыскаграфіі мінскага гурта «Петля Пристрастия», але першы адзначаны прэміяй Experty.by, прычым адразу ў чатырох намінацыях. Была яшчэ, праўда, намінацыя альбома «Фобос» па выніках 2013, але тады дыск саступіў працы Pukstband «Последний альбом». Поўныя спісы лепшых беларускіх альбомаў 2016 года з магчымасцю праслухоўвання глядзіце на сайце Experty.by.
Сайт Afisha.ru (Расія): «Гэта ўсё той жа хвосткі і адчайны, скарастрэльны і шумны, а таксама пазбаўлены ўсялякага пафасу рок на рускай мове. Гэта тэксты, якія карціць арсцягваць на цытаты. Гэта голас маленькага чалавека, які панура назірае пекла ўнутры і вакол, які заўжды прайграе ў барацьбе з самім сабой. Гэта вельмі кансерватыўная па форме, але вельмі надзённая па змесце, па нэрве музыка».
Міла Краўчук, сайт Karabas Live (Украіна): «Гэты альбом – сканцэнтраваны згустак усіх праблем сучаснасці на асобна ўзятай прасторы. Маштабна, магутна, небанальна. І пры гэтым стыльна – усё, што трэба для выбітнай працы».
Хенрыкс Эліас Зэгнэрс (Латвія): «Гэтая праца вяртае мяне ў падлеткавыя гады – злы, эмацыянальны, адчайны рок-альбом – якім ён і павінен быць. Ёсць адчуванне, што гурт па-сапраўднаму верыць у тое, што робіць».
7 красавіка ў клубе Re:Public вялікі сольны канцэрт гурта «Петля Пристрастия». Пачатак у 19.00. Квіткі ад 20 руб. Продаж без камісіі: на сайце www.wakeupagency.by і магазіне Stuff (ГЦ «Маскоўска-Венскі», пав. 363). З камісіяй: касы Kvitki.by, Bezkassira.by. Інфалінія: (029) 570 38 59