Ладзіць культурныя пляцоўкі ў закінутых заводах і цэхах у Еўропе модна. Цяпер завядзёнка суседзяў дабралася і да Мінску. Першым здаўся былы пункт здачы шклотары. На месцы гэтай установы 7 кастрычніка пачала працу галерэя сучаснага мастацтва “Ў”. Яе цнатліва белыя сцены – быццам аркуш паперы, на якім айчыннае мастацтва пакуль напісала толькі адну літару, але ж затое падкрэслена беларускую і самадастатковую. Згодна ідэі арганізатараў, месца ў галерэі хопіць для цэлага мастацкага “алфавіту” – пры ўмове, што ён будзе сучасным і актуальным. Мэта галерэі “Ў” – адкрыццё новых беларускіх імёнаў у мастацтве, фармаванне айчыннага арт-рынку і стварэнне прасторы для інтэлектуальных камунікацыяў.
Прынцыпова адкрытыя дзверы
– Мы хочам змяніць стэрэатып, што а дванаццатай ці а першай гадзіне ночы ў Мінску можна схадзіць толькі ў шэраг месцаў вызначанага кірунку. Таму для нас прынцыпова, каб дзверы галерэі былі адкрытымі для ўсіх, – дэкларуе дырэктарка галерэі сучаснага мастацтва Кацярына Шатэрнік. Словы падмацаваныя справай. Галерэя працуе бясплатна і штодзень з 10-й раніцы і да 22-й вечара. У перспектыве – падаўжэнне працоўнага часу да 24-й гадзіны ночы, а ў некаторыя дні – да 4-й раніцы.
Дзякуючы імпэту арганізатараў, інтэлектуальную асалоду цяпер можна будзе сумясціць з цалкам практычным шопінгам альбо кубачкам гарачай кавы. Ужо 14 кастрычніка мусіць працаваць мастацкая крама, цягам двух-трох тыдняў пасля гэтага – кавярня і кніжная крама. Комплексны падыход закліканы стварыць цэласнае ўяўленне пра сучасную айчынную культуру і дапамагчы беларусам адчуць сябе ў кантэксце еўрапейскіх тэндэнцыяў.
Гэтак, пра кніжную краму яе дырэктарка Аляксандра Дынько кажа: “Вельмі звычайная еўрапейская кнігарня”. І пачынае пералічваць рэчы, пра якія беларускія аматары кніг дагэтуль толькі марылі: Wi-Fi, магчымасць прачытаць улюбёную кнігу за кубачкам гарбаты або замовіць патрэбнае выданне з-за мяжы. Больш за тое, кнігу можна будзе набыць і ў лічбавым фармаце. Месца знойдзецца таксама для букіністычнага аддзелу літаратуры на замежных мовах і для моднага сёння book-crossing’у. Акрамя таго, кожны з нас зможа дапамагаць дзіцячым бібліятэкам і бібліятэкам у шпіталях, проста прыносячы ў краму кнігі. Іх перададуць па адрасе. Крама мяркуе стаць не толькі месцам, дзе набываюць кнігі, але і пляцоўкай для інтэлектуальнай тусоўкі, абмеркавання прачытанага, сустрэчы з аўтарам.
Фота Марысі Агібалавай.