Беларускія краявіды канца ХІХ стагоддзя назаўжды захаваліся ў фотаздымках графа Бенедыкта Тышкевіча – вандроўніка і фотамастака, майстэрства якога прызнанае ва ўсім свеце. Выстава высакаякасных копій фотаздымкаў графа Тышкевіча адчынілася ў мінскім Музеі гісторыі і культуры Беларусі ў аўторак 6 кастрычніка.
Бенедыкт Тышкевіч нарадзіўся ў 1857 годзе ў Лагойску. Яго першая фоталабараторыя знаходзілася ў Налібоцкай пушчы, у радавым маёнтку Вялява. На сваіх фотаздымках аўтар адлюстраваў выявы беларускага побыту, працы, жыцця, назаўжды захаваў тагачасны выгляд беларускага грамадства ў натуральным асяроддзі.
Дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Сяргей Вечар:
– Ківач гісторыі хістаецца спачатку ў адзін бок, а потым вяртаецца ў адваротным кірунку. Вельмі прыемна, што наступіў такі час, калі паступова ідзе працэс вяртання беларусаў да сваіх каранёў, да сваіх вытокаў. У гэтым агульным працэсе сённяшняя выстава з’яўляецца адметнай падзеяй.
Выстава арыгінальных здымкаў аўтара адбылася ў 1994 годзе ў Францыі. У 2000 годзе ў Вільні прайшла выстава копій арыгіналаў. Фотаздымкі Тышкевіча захоўваюцца ў музеі Нісефора Ньепса ў французскім горадзе Шалон-сюр-Сон. У Беларусі творчасць Тышкевіча прадстаўлена ўпершыню.
Прадстаўнік міністэрства культуры Беларусі Наталля Аўдзеева:
– Калі фотаздымак зроблены вачыма і душой чалавека, які нарадзіўся на нашай роднай зямлі, – гэта сапраўды каштоўна.
Свае фотаздымкі Тышкевіч рабіў падчас шматлікіх вандровак і падарожжаў, ён наведаў Індыю і Кітай, пабываў у Японіі. Свае найлепшыя працы аўтар прэзентаваў на выставе ў Філадэльфіі, якая адбылася ў 1876 годзе. Вялікая частка фотаздымкаў Бенедыкта Тышкевіча была страчана падчас Першай сусветнай вайны. Значную частку свайго жыцця Тышкевіч пражыў у Францыі, у сваім маёнтку ў Нёі. А сёлетняя выстава праходзіць дзякуючы амбасадзе Францыі ў Беларусі.
Саветнік амбасады Францыі Людовік Руае:
– У кастрычніку мінулага году да мяне на сустрэчу прыйшлі Юры Васільеў і Іван Пятровіч – сябры аб’яднання “Фотамастацтва”, каб прэзентаваць праект па арганізацыі выставы фотаздымкаў Бенедыкта Тышкевіча. Калекцыя выставы налічвае 86 экспанатаў, сярод якіх шмат здымкаў, якія былі зробленыя ў мястэчку Вялае Валожынскага раёну.
Бенедыкт Тышкевіч меў славу фатографа-падарожніка, героямі яго фотаздымкаў сталі жыхары і краявіды розных куткоў свету.
Фотамастак Юры Васільеў:
– Каб зразумець, наколькі важны для нас Тышкевіч, я ўзгадаю некаторыя лічбы. Прызнаны класік беларускай фатаграфіі Ян Булгак нарадзіўся ў 1876 годзе, калі Тышкевіч ужо зладзіў сваю першую выставу ў Філадэльфіі.
Выстава копіяў фотаздымкаў графа Тышкевіча прысвечаная 170-й гадавіне стварэння фатаграфіі і праходзіць ў межах Міжнароднага фестывалю фатаграфіі і сучаснага мастацтва. Выстава будзе праходзіць у Мінскім музеі гісторыі і культуры да 29 кастрычніка, пасля чаго пераедзе ў Гомель, а затым у Полацк. Выстава арганізаваная сумеснымі намаганнямі амбасады Францыі ў Беларусі і Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Фотамастацтва”.
Фота: Зарына Кандрацьева