Адкрыццё выстаўкі скульптуры Андрэя Вераб’ёва (1969 г.н.) “Паміж Небам і Зямлей”, у экспазіцыі якой будуць прадстаўлены каля 35 твораў мастака, адбудзецца 16 кастрычніка а 17 гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Творы Андрэя Вераб’ёва заўсёды прысвечаны чалавеку. Сучасніку, эмацыянальна тонкаму і нават чулліваму, нелюбімаму дзіцяці эры ўсеагульнага прагматызму, які нязменна востра адчувае імгненнасць сваёй прысутнасці на зямлі і, верагодна, менавіта па гэтай прычыне так надрыўна шукае разумення, пачуццёвасці, любоўнага яднання ці хаця б іх ілюзій, які летуцее пра сусветную гармонію, увасобленую ў ягоным утрапёным “Я”.
Не выпадкова таму творчасць Андрэя так выразна падзяляецца на дзве асноўныя лініі – гэта пранізліва-экспрэсіўная аўтапартрэтная серыя і блізкая ёй па сэнсе тэма Маскі, і кранальна даверлівая па сваёй адкрытасці галерэя любоўна-эратычных работ – «акт».
Выстаўка працуе да 7 снежня 2009 г.