Выстава бронзавых скульптурных работ “Бранзаслоўе”, якая прайшла ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з з 10 па 26 чэрвеня, – куратарскі праект Паўла Вайніцкага, скульптара, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта на архітэктурным факультэце БНТУ.
– Раскажыце, калі ласка, як атрымалася літаральна за тры дні падрыхтаваць выставу, у якой удзельнічала 18 аўтараў? У чым яе асаблівасць?
– Мне пашчасціла, што як скульптар я добра ведаю нашу скульптурную суполку. А як мастацтвазнаўца уважліва сачу за тым, што атрымліваецца ў майстэрнях маіх калег, асабліва што датычыцца станкавай скульптуры. Таму, калі Алена Хараберуш, старшыня скульптурнай секцыі Беларускага саюза мастакоў, прапанавала ў сціснуты тэрмін арганізаваць выставу ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, я амаль без ваганняў згадзіўся. Мне адразу падалася перспектыўнай сувязь паміж матэрыялам паэзіі і скульптуры, паміж бронзай і словам – адкуль і нарадзілася назва выставы. У бронзавых скульптурных работ і літаратурных твораў ёсць нешта агульнае: і бронзу, і слова трэба адточваць, паліраваць, шліфаваць. Наступным паслядоўным крокам па злучэнні скульптуры і літаратуры стала запрашэнне на адкрыццё выставы літаратараў – маіх сяброў Арцёма Кавалеўскага, Юрася Барысевіча, а таксама Іллі Сіна і суполкі “Літаратурнае прадмесце”. І вось гэтыя паўтарагадзінныя літаратурныя чытанні – своеасаблівая сустрэча дзвюх мастацкіх супольнасцей, якія амаль не судакранаюцца, – як мне падаецца, аказалася вельмі прадуктыўным і цікавым досведам для іх прадстаўнікоў.