— Дык што, значыцца, “Песня пра ваўкалака”? — перапытаў іміджмэйкер Мікола.
— Ага, — пацвердзіў я. — Вампіры і пярэваратні цяпер руляць. Але цымус у тым, каб чалавек-воўк быў шляхетнага паходжання: скажам, граф. А лепей князь. І імя якое-небудзь таямнічае: граф Дракула ці, скажам, князь… Чарадзей.
З тых часоў, як на вечарыне ў гонар былых валадароў дзяржавы сяброўская рада прызначыла мяне адказным за пазітыўны імідж нашай краіны, спакою няма. Рыскаю па лесе айчыннай гісторыі —шукаю таленты, якія будуць паляпшаць імідж Бацькаўшчыны ў вачах замежнікаў. А ўсе дамарослыя таленты ў нас са сваімі хоцькамі: гэты жадае друкавацца толькі ў Празе, таму пуцёўку ў Крым давай, бач — санеты не напісаныя…
І вось у Познім Рэнесансе, а дакладней у нашым пасольстве ў Рыме, знайшоў я таленавітага хлопца, падняпроўскага іміджмэйкера Міколу. Рэкламны тэкст яму заказваю: каб там акрамя асноўнага сюжэту, легенды пра пярэваратня, які абсалютна для прыліку (яшчэ апявалася для замежнікаў наша цудоўная прырода), і іншыя плюсы: натур-харчаванне, натур-паляванне, культур-баляванне.
—У мяне толькі адна ўмова, княжа, — адказвае мне Мікола. — Напішу я твор пра ваўкалака на лаціне.
— Ты што, — пытаю, — рымскай інквізіцыі не баішся? Яны ж змогуць прачытаць і на кол пасадзяць.
— Я сваёй мамы баюся значна больш, — адказвае Мікола. — Яна ўсё яшчэ думае, што я на медфаку ў Падуі вучуся. А прачытае па-нашаму паэму, даведаецца пра маё паэцтва — дык мне сутарэнні інквізітараў піцэрыяй здадуцца.
— Але родная мова!.. — пачаў быў я.
— На лаціне лепей, — упінаецца іміджмэйкер. — Інакш давялося б перакладчыка на еўрапейскія мовы шукаць, а часу ў нас бракуе — кожны дзень дывідэнды губляем: не ўсе яшчэ замежнікі пераканаліся, якія мы класныя (ў) натуры.
— І яшчэ адна нявыкрутка, — дадае Мікола. — Ваўкалак — праблемны персанаж.
— Як праблемны? — папярхнуўся я.
— Пастаянства брэнду ў ім няма. То ён воўк, то чалавек, поўны раздрай і неўладкаванасць. А трэба такі, які выпраменьвае ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Трывала стаіць на зямлі чатырма нагамі. Скажам, слон.
— Дзе я табе ў Вялікім Княстве слана вазьму? — вызверыўся я.
— А што ты такі ваўкаваты, княжа? — пытае іміджмэйкер. — Добра, давай возьмем не слана, а яго беларускую версію — маманта.
— Няма мамантаў, павыміралі!
— Тады якога бізона.
Я толькі махнуў рукой…
—Такім чынам, падсумуем твой заказ, шаноўны княжа, — сказаў іміджмэйкер Мікола. — Паэма на лацінскай мове: Carmen de bisontis, “Песня пра зубра”, аўтар — Мікола Гусоўскі.
Я ледзьве стрываў, каб не перакінуцца ў ваўка і не загрызці гэтага іміджмэйкера.
Юры Якавенка. Art-кніга “Песня пра зубра”.