Сёлета Фінляндыя адзначае 100-гадовы юбілей сваёй дзяржаўнай незалежнасці.
Да гэтае слаўнае даты Беларусь, якая святкуе 500-годдзе свайго кнігадруку, якое актыўна асвятляе грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, падрыхтавала краіне Суомі некалькі кніжных падарункаў. Некаторыя з іх былі прэзентаваныя 30 траўня на інфармацыйна-адукацыйнай пляцоўцы “Цэнтр шведскіх даследванняў”.
Несумненна, самы важкі з іх – леташні выхад апрацаванага яшчэ ў 1835 годзе Эліасам Лёнратам карэла-фінскага эпасу “Калевала”. На сённяшні дзень гэта самы буйны, на 23 000 радкоў, паэтычны тэкст на беларускае мове, а з’явіўся ён дзякуючы шматгадовым тытанічным высілкам Якуба Лапаткі.
Дзякуючы найперш гэтаму перакладчыку ў выдавецтве Уладзіміра Сіўчыкава сёлета пабачыла свет і кніга “100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі”. Пра гэтае выданне перадусім і вялася гаворка на імпрэзе, асноўную аўдыторыю якой складалі студэнты і слухачы курсаў скандынаўскіх моў. Прадставіў кнігі свайго выдавецтва пісьменнік і перакладчык Уладзімір Сіўчыкаў. Пра непасрэдную працу выдавецкага рэдактара над кнігаю расказала Раіса Шастак, якая перадала слова аўтару ідэі, аўтару-укладальніку і аўтару некалькіх артыкулаў у кнізе — лекару, грамадскаму дзеячу, нядаўняму дэпутату фінскага парламенту Ілку Тайпале. У выніку размовы з ім і ягонай жонкай Вапу Тайпале слухачы маглі зрабіць выснову, што многія фінскія інавацыі варта было б прыняць і успрыняць і беларусам.
Таксама была анансаваная публіцы напісаная “нашым чалавекам у Хельсінках” Якубам Лапаткам “Кароткая граматыка фінскай мовы” з выдавецкай серыі “Беларускія ЕўраГраматыкі”.
Аматары гісторыі змаглі азнаёміцца і з кнігаю Хенрыка Мейнандэра “Гісторыя Фінляндыі. Лініі, структуры, пераломныя моманты”, якую Вольга Рызмакова пераклала са шведскай мовы, а аматары паэзіі – з “Выбранымі вершамі” культавай фінскай паэткі Катры Вала, узноўленымі па-беларуску ізноў жа Якубам Лапаткам.
Чынны ўдзел у імпрэзе ўзялі амбасадар Фінляндыі Крыстар Міхельсан і кіраўнік Аддзялення амбасады Фінляндыі ў Мінску Лары Пулала, а таксама пісьменнікі і журналісты Яўген Бяласін і Максім Клімковіч.
На заканчэнне прысутныя паглядзелі кароткі дакументальны фільм “Калевала”, у якім радкі з карэла-фінскага эпасу чыталі на родных мовах прадстаўнікі розных этнасаў свету, а таксама атрымалі аўтографы галоўнага віноўцы свята Ілкі Тайпале.
Раіса Шастак