7 і 8 снежня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (РТБД) паэтэса Вера Буланда арганізавала сустрэчу з гледачамі перад спектаклем – дакументальнай алегорыяй – “Кругі раю”.
Свой выступ яна пачала з таго, што 2017-ы год – гэта год беларускага кнігадруку. Расповяд пра Францыска Скарыну і першыя друкаваныя кнігі паступова перайшоў да літаратуры ўвогуле і такога славутага імені ў беларускай культуры як Янка Купала.
Варта адзначыць, што вучні і студэнты, якія прысутнічалі на вечарыне, прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Да прыкладу, вучань 7а класа дзіцячага садка-школы “Альтэрнатыва” г. Мінска выразна прачытаў вершы Я.Купалы “Я не паэта” і “Ворагам Беларушчыны”. А студэнт 2-га курса Мінскага медыцынскага ўніверсітэта Дзяніс Смірноў выканаў песню на верш Я. Купалы “Малітва”.
Чытальнікам вершаў, актыўным удзельнікам размовы ад кампаніі “Будзьма беларусамі” былі ўручаны падарункі: торбачкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, майкі і плакаты “500-годнасць беларускага кнігадрукавання”.