Максім Багдановіч, 100-годдзе з дня смерці якога Беларусь удзячліва азначыла 25-га траўня, на ўвесь шырокі свет і на ўвесь прасцяг нашай гісторыі сцвердзіў неацэнную каштоўнасць кнігі. Каштоўнасць яе ў жыцці і перад абліччам наступалае смерці. Увекавечаная паэтам друкарня пана Марціна Кухты сталася ў прамільгнулым часе своеасаблівым сімвалам узыходу нацыянальнай літаратуры на вышыні Духу.
Менавіта пра гэта – пра магуту паэтавага Духу, пра феномен ягонага кароткага жыццёвага шляху і асягнення вяршынь красамоўства гаварылі-разважалі, спявалі і чыталі вершы 24-га траўня, напярэдадні Дня памяці найяркага з нашых паэтаў, у мінскай бібліятэцы №14 імя Францішка Багушэвіча Антаніна Хатэнка і Алесь Камоцкі.
На сустрэчу, зладжаную ў межах 500-годнасці кнігадруку і прысвечаную Максіму Багдановічу, сабраліся навучэнцы (не! адны навучэнкі – цыбатыя летуценныя дзяўчаткі) сталічнага Педагагічна-лінгвістычнага каледжу. Іх, нібы птушак на ўзлёце, выводзіць почасту на адмысловыя ўрокі пазнання культуры настаўнік і дарадца Алесь Віктаравіч. І яны насамрэч уваходзяць у культурнае поле Краіны звыкла разняволена, пачуваючыся тут сваімі, радзіннымі.
Як удалося Багдановічу, адарванаму ад Айчыны ў пяцігадовым узросце, гадаванаму на берагах Волгі і пазбаўленаму натуральнай мажлівасці слухаць беларускую мову, учуць-такі глыбінную патрэбу авалодаць ёю і ўзвесці сваёй творчасцю на п’едэстал усясветнай літаратуры – вось над якой загадкай задумаліся супольна прысутныя на вечарыне. Бо гэтая унікальная з’ява далучнасці да роднай мовы праз адлегласці і спасціжэння яе таямніц настолькі, каб ствараць шэдэўры, асабліва балюча люструе цяперашнюю няздатнасць бальшыні беларусаў размаўляць па-свойму.
Паэзія Багдановіча, наспяваная Алесем Камоцкім, а таксама рамансы на вершы Рыгора Барадуліна, вершы Антаніны Хатэнкі да Максіма-кніжніка… Такое квяцістае голаснае палатно разаслана было ў ясны веснавы дзень у бібліятэцы імя Багушэвіча, які папярэджваў у імглівую далеч: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай! Каб ня ўмёрлі”. І да гэтае памятлівай злучнасці-пераемнасці – Францыск Скарына – Францішак Багушэвіч – Максім Багдановіч – прымкнулі цёпла й сённяшнія птахі, што “ведаюць гнёзды свае”.
А зусім неспадзявана ў музычна-літаратурны дыялог улучылася кіраўніца паэтычнага тэатру “Жывое слова” бард Алеся Сівохіна, у выкананні якое надзвычай хораша і пранікнёна прагучалі шчымлівыя рамансы.
Так, сугрэтыя памяццю пра Максіма Багдановіча, госці бібліятэкі №14 усе разам перакінулі кладачку ў эпоху далёкую-паўзабытую, энергія якой дагэтуль і заўжды жывіць нашы карані і раскрыляе крону. Бо “ўсе ж мы разам ляцім да зор” – з не знаёмага нам часу вястуе праўдзіва-ўзнёсла вялікі творца Краіны-браначкі, якому адкрылася колісь даўно светлая-перасветлая надзея: “Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага яснага дня”.